ПО́ЛЫМНАЯ ПЕЧ,
прамысловая печ, у якой цеплата атрымліваецца ад непасрэднага згарання паліва, перадаецца вырабам (матэрыялам) выпрамяненнем і канвекцыяй ад газападобных прадуктаў гарэння, а таксама выпрамяненнем ад распаленай муроўкі. Да П.п. адносяцца некаторыя награвальныя печы (напр., вярчальная печ, камерная печ), плавільныя печы і тэрмічныя печы. Цвёрдае, вадкае ці газападобнае паліва згарае ў топцы печы або ў яе рабочай прасторы.
т. 12, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РТЭР (Porter) Коўл (9.6.1891, г. Перу, штат Індыяна, ЗША — 15.10.1964),
амерыканскі кампазітар. Скончыў Іельскі ун-т (1913). Вучань В. д’Эндзі. Аўтар мюзіклаў «Цалуй мяне, Кэт» (паводле камедыі У.Шэкспіра «Утаймаванне свавольніцы», 1948), «Пастка» (1953) і інш., шматлікія з якіх экранізаваны. Пісаў музыку да кінафільмаў і тэлевізійных пастановак, музыку і тэксты папулярных песень. П. прысвечаны біягр. кінафільм «Ноч і дзень».
т. 12, с. 514
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГІ́Н у супраціўленні матэрыялаў,
вертыкальнае перамяшчэнне пункта, што ляжыць на восі бэлькі (аркі, рамы і да т.п.) або на сярэдзіннай паверхні абалонкі (пласціны), пад уздзеяннем сілавой нагрузкі, т-ры і інш. фактараў. Па лікавым значэнні найб. П. вызначаюць адно з гранічна дапушчальных станаў канструкцый. Макс. П. для розных збудаванняў звычайна нармуюцца. Пры выпрабаванні канструкцый П. вызначаюць спец. прагінамерамі.
т. 12, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́БАШЧ (польск. proboszcz ад чэш. probošt ад лац. propositus начальнік, загадчык), парох, плябан,
у каталіцкай царкве ксёндз — кіраўнік парафіі, настаяцель парафіяльнага касцёла. Да 19 20 ст. тытул П. мелі нешматлікія кіраўнікі парафій, напр., некат. члены капітула, астатнія наз. плябанамі. У 1-й трэці 19 ст. з 14 парафій Гродзенскага дэканата ўзначальваліся П. Гродзенская фарная і Вялікабераставіцкая.
І.Г.Ганчарук.
т. 13, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІСТАЯ́ННІ ПЛАНЕ́Т,
становішчы планет, у якіх яны відаць з Зямлі ў напрамках, процілеглых Сонцу. Маюць месца толькі для т.зв. верхніх планет, арбіты якіх знаходзяцца па-за арбітай Зямлі, — Марса, Юпітэра і інш. Пры П.п. назіраецца адваротны рух планет з прычыны іх меншай, чым у Зямлі, вуглавой скорасці ў адносінах да Сонца. Гл. таксама Канфігурацыі планет, Вялікае процістаянне Марса.
т. 13, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЛІ́СТКІ,
парныя прыдаткі ў аснове ліста, свабодныя або прырослыя да чаранка. Характэрныя для многіх двухдольных. Бываюць плевачныя і зялёныя. Зялёныя П. прымаюць удзел у фотасінтэзе (напр., у гароху), часам застаюцца адзінай фотасінтэзуючай ч. ліста, калі пласцінка рэдукуецца (напр., у чыны). Адыгрываюць важную ролю ва ўтварэнні пупышкавых лускавінак. У многіх дрэў пасля разгортвання пупышак ападаюць (напр., у ліпы).
т. 13, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСАМІ́ТЫ (ад грэч. psammos пясок),
пясчаныя пароды, якія складзены на 50% і больш з зерняў мінералаў і абломкаў парод памерамі ад 0,05(0,1) да 1 мм. Рыхлыя разнавіднасці П. — пяскі, сцэментаваныя — пясчанікі. Адрозніваюць П.: монамінеральныя (напр., кварцавыя), алігаміктавыя (кварц-палевашпатавыя) і полімінеральныя (аркозы і граўвакі). П. ўтвараюцца пераважна ў выніку фіз. выветрывання горных парод. Гл. таксама Абломкавыя горныя пароды.
т. 13, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЦІКНІ́ЖЖА,
першыя 5 кніг Бібліі (Быццё, Зыход, Левіт, Лікі і Другазаконне); вядомыя таксама пад назвай Закон, або Вучэнне (па-яўрэйску — Тора); гал. свяшчэнныя кнігі іудаізму. П. — раздзел Старога запавету, складзены ў 1-м тыс. да н.э. Стварэнне яго прыпісваюць біблейскаму герою Майсею. У 1519 Ф.Скарына выпусціў у Празе П. ў 5 асобных кнігах на старабел. мове.
т. 13, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЧО́РСКАЯ НІЗІ́НА.
На ПнУ Усх. Еўрап. раўніны, паміж Уралам і Ціманскім кражам, у бас. р. Пячора (Рэспубліка Комі і Ненецкая аўт. акр., Расія). Плоскія раўнінныя ўчасткі чаргуюцца з узгорыста-градавымі. Шмат азёр. Уздоўж марскога берага развіты тэрасы, да 30 км. На Пн — тундра (Вяліказямельская, Малазямельская, Ціманская); на Пд — хваёвыя лясы, на водападзелах — балоты. Радовішчы вугалю, нафты.
т. 13, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКУТУ́Н, Рэкут, Рокут,
ручай у Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., левы прыток р. Дняпро. Даўж. 20 км. Вадазбор раўнінны (пл. 112 км²). Пачынаецца за 2 км на У ад в. Ямнае, вусце за 1 км на З ад в. Свержань. Рэчышча на працягу 14 км (200 м ніжэй аўтадарогі Ямнае — Карма да аўтадарогі Рагачоў — Доўск) каналізаванае.
т. 13, с. 285
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)