Засн. ў 1974 як Мінскае авіяц.-тэхн. вучылішча грамадз. авіяцыі. З 1991 каледж. З 1994 Мінскі дзярж. авіяцыйны каледж. З 1995 сучасная назва. Рыхтуе спецыялістаў з вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыяй: інжынераў і дыспетчараў па кіраванні рухам напаветр. транспарце, інжынераў-механікаў, інжынераў-электрамеханікаў, радыёінжынераў, авіяц. тэхнікаў-электрыкаў, радыётэхнікаў, тэхнікаў-механікаў, тэхнікаў-электрыкаў. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч.г.): арганізацыя руху і кіраванне на транспарце; тэхн. эксплуатацыя лятальных апаратаў і рухавікоў, авіяц. прыбораў, сістэм і комплексаў, авіяц. радыёабсталявання, авіяц. электрыфікаваных і пілатажна-навігацыйных комплексаў; выліч. машыны, сістэмы і сеткі; кіраванне рухам напаветр. транспарце і інш. Прымаюцца асобы з.сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры 16—19 ст. ў г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана паміж 1533—50 як царква базыльянскага манастыра. Пасля пажару 1865 перабудавана ў рэтраспектыўна-рус. стылі. Мураваны 5-купальны храм падоўжна-восевай кампазіцыі ўключае амаль квадратны ў плане асн. аб’ём, паўкруглую апсіду з рызніцай і прамавугольны бабінец, да якога ў 1780-я г. прыбудавана 3-ярусная вежа-званіца (васьмярык на 2 чацверыках) з мураваным 1-м, драўлянымі 2-м і 3-м ярусамі, завершаная 8-гранным шатровым дахам з галоўкай на глухім барабане. Да пабудоў 1870-х г. адносяцца 5 несапраўдных купалаў над асн. аб’ёмам. Асн. аб’ём накрыты 4-схільным дахам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЯРЭЛАКСА́НТЫ (ад мія... + лац. relaxatio аслабленне),
група лекавых сродкаў, якія паніжаюць тонус шкілетнай мускулатуры і памяншаюць рухальную актыўнасць. У якасці М. выкарыстоўваюць прэпараты расл. і сінт. паходжання, што блакіруюць перадачу нерв. імпульсаў у нерв.-мышачных сінапсах. Паводле механізму ўздзеяння М. падзяляюць на антыдэпалярызуючыя (канкурэнтныя) і дэпалярызуючыя. Антыдэпалярызуючыя (дыплацын, панкуроній, піпекуроній і інш.) блакіруюць перадачу ўзбуджэння з нерва на шкілетную мышцу за кошт змяншэння адчувальнасці рэцэптара да дзеяння медыятара ацэтылхаліну. Дэпалярызуючыя М. (напр., суксаметоній) выклікаюць стойкую дэпалярызацыю клетачнай мембраны, што таксама парушае правядзенне ўзбуджэння з нерва на мышцу. М. выкарыстоўваюць для расслаблення мышцаў пры хірург. аперацыях, для ўпраўлення вывіхаў, як процісутаргавы сродак пры слупняку, атручэннях і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАНУКЛЕЁЗ ІНФЕКЦЫ́ЙНЫ, хвароба Філатава,
вострая вірусная інфекцыйная хвароба чалавека, якая характарызуецца ліхаманкай, танзілітам, павелічэннем усіх груп лімфатычных вузлоў, печані і селязёнкі. Апісаны Н.Ф.Філатавым у 1885. Узбуджальнік — вірус Эпстайна-Бар. Крыніца інфекцыі — хворыя людзі і носьбіты М.і. Заражэнне адбываецца пры непасрэдным кантакце (напр., пры пацалунках), паветрана-кропельным шляхам. Хварэюць пераважна дзеці. Пасля 40 гадоў большасць людзей імунныя да М.і. Прыкметы: агульная слабасць, павышэнне т-ры цела да 38—39 °C, боль у горле пры глытанні, цяжкае дыханне праз нос, павялічаныя лімфавузлы, асабліва задняшыйныя. У хворых на М.і. адутлаваты твар, з 3—4-га дня з’яўляецца танзіліт з налётамі на міндалінах, зрэдку высыпка на скуры і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЎСАН (Mawson) Дуглас (5.5.1882, г. Брадфард, Вялікабрытанія — 14.10.1958),
аўстралійскі геолаг, падарожнік, даследчык Антарктыкі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1923). Скончыў Сіднейскі ун-т (1904). З 1905 у Адэлаідскім ун-це, у 1920—54 праф., заг. кафедры. У 1907—09 удзельнічаў у англ. экспедыцыі пад кіраўніцтвам Э.Г.Шэклтана, якая дасягнула Паўд. магнітнага полюса. У 1911—14 кіраўнік аўстрал. экспедыцыі на караблі «Аўрора», у 1929—31 — англа-аўстрала-новазеландскай экспедыцыі на караблі «Дыскаверы». У Антарктыцы М. адкрыў і пазначыў на карце больш за 200 геагр. аб’ектаў. Навук. працы па вывучэнні геалогіі і гляцыялогіі Усх. Антарктыкі і Паўд. Аўстраліі (стратыграфія дакембрыю, геахімія, мінералогія). Імем М. ў Антарктыцы наз. палярная станцыя, паўвостраў, бераг, мора і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКАЯ ЦАРКВА́ АЛЯКСА́НДРА НЕ́ЎСКАГА,
помнік архітэктуры эклектыкі ў г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Пабудавана ў 1870 з цэглы на месцы мураванага храма (згарэў у 1858). Крыжова-купальны храм мае 3 закругленыя рознавял. апсіды, якія асвятляюцца высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. Над сяродкрыжжам — шлемападобны купал на 8-гранным светлавым барабане. Такі ж па форме, але меншых памераў купал на высокай 2-яруснай званіцы, размешчанай над бабінцам. Тарцы трансепта завершаны трохвугольнымі шчытамі.
Парталы і аконныя праёмы акаймаваны дэкар. валікам. Пад карнізам па перыметры будынка праходзіць аркатурны пояс. Перад царквой брама ў выглядзе паўцыркульнай аркі, над якой узвышаецца невял. назіральная вежа. Абапал яе размешчаны невысокія галоўкі. Вароты ажурныя, чыгуннае ліццё.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯРКІ́ТЭ (Merkyte, Меркіс),
Аляксандра (16.12.1901, в. Палевеняліс Панявежскага пав., Літва — 14.9.1938), літоўская пісьменніца. У 1921—24 вучылася ў Камуністычным ун-це народаў Захаду ў Маскве. Друкавалася з 1921. Пісала наліт. і бел. мовах. З 1925 жыла і працавала на Беларусі. Супрацоўнічала ў газ. «Raudonasis artojas» («Чырвоны араты»). У 1929—33 працавала ў газ. «Чырвоная Полаччына». У 1937 рэпрэсіравана. Рэабілітавана ў 1957. Аўтар зб. вершаў «Юнацтва на маршы» (1936, дапоўненае выд. 1961), незакончанага рамана «Барацьба працягваецца», шматлікіх вершаў, нарысаў, апавяданняў пра жыццё і лёс бел. і літ. народаў, прасякнутых тугой па бацькоўскім краі і ўдзячнасцю да бел. зямлі і народа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕГНІЮ́ЧНІК (Marasmius),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. радоўкавых. Каля 35 відаў. Пашыраны ў Амерыцы, Аўстраліі, Афрыцы, Еўразіі. На Беларусі 16 відаў. Найб. вядомыя Н.: Бульяра (M. bulliardii), галінкавы (M. ramealis), лістападны (M. epiphyllus), лугавы, ці апенька лугавая, або варушка (M. oreades), тычынкападобны (M. androsaceus), часночны, або часночнік (M. scorodonius). Трапляюцца на глебе, лясным подсціле, пнях, ламаччы. Здольныя раскладаць найб. стойкія кампаненты ападу лісця і хвоі — лігнін і цэлюлозу. Пладовыя целы паяўляюцца ў чэрв. — верасні.
Пладовае цела — шапка на ножцы — пераважна дробнае, пры адміранні высыхае. Шапка рознай формы, цёмнаафарбаваная, радзей светлая. Пласціны прырослыя, свабодныя, рэдкія. Ножка цыліндрычная, жорсткая, гнуткая. Мякаць тонкая, шчыльная. Споры эліпсападобныя, гладкія, бясколерныя. Ёсць ядомыя (напр.. апенька лугавая, часночнік).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ БЕЛАРУ́СЬ»,
грамадска-палітычная і літ. газета, орган Віленскага бел.нац.к-та. Выдавалася з 3.9 да 10.11.1919 у Вільні набел. мове. Выходзіла 3 разы на тыдзень. Рэдактары-выдаўцы А.Карабач, К.Мядзёлка (з 6-га нумара). Мела рубрыкі «Апошнія навіны», «З усяго свету», «З Беларусі», «З Вільні», «Беларуская школа». Акцэнтавала ўвагу на актуальных праблемах грамадска-паліт. і сац. жыцця Зах. Беларусі. Пісала пра геапаліт. становішча Беларусі і яго сувязь з будучым краіны, стварэнне бел. войска, школьнае і грамадска-культ. жыццё, у т. л. пра закрыццё ўладамі Будслаўскай гімназіі (А.Будзька). Друкавала творы Я.Бялькевіча, А.Пугі, Селяніна, Яцкевіча і інш. Выйшла 14 нумароў. Забаронена польскай ваен. цэнзурай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКІ́ФАР IIФока
(каля 912—11.12.969),
візантыйскі імператар [963—969]. Паходзіў са знатнага малаазійскага роду Фокаў. З 954 галоўнакамандуючы. Пасля смерці Рамана II (963) узведзены на прастол малаазійскай ваен. знаццю. Садзейнічаў росту свецкага буйнога землеўладання. Указам 964 забараніў заснаванне новых манастыроў (абмежаваў права завяшчання на карысць царквы). Правёў ваен. рэформу, гал. сілай арміі зрабіў цяжкую конніцу накшталт рыцарскай. Адваяваў у арабаў в-аў Крыт (961), Кілікію і Кіпр (965), Паўн. Сірыю (969, разам з Антыёхіяй), адстаяў Візантыю ад дамаганняў герм. імператара Атона I. У 966 пачаў вайну супраць Балгарыі, у 968 яму на дапамогу прыйшоў кіеўскі князь Святаслаў. Забіты ў выніку змовы Іаана I Цымісхія.