МАНАЛІ́ТНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

будаўнічыя канструкцыі (пераважна бетонныя і жалезабетонныя), асн. часткі якіх зроблены ў выглядзе адзінага цэлага (маналіту) на месцы ўзвядзення будынка ці збудавання.

Адрозніваюцца ад зборных канструкцый, элементы якіх вырабляюцца на з-дзе або палігоне. Выкарыстоўваюцца пераважна для нестандартных будынкаў, пры асабліва вял. нагрузках і ў збудаваннях, якія цяжка паддаюцца чляненню (напр., фундаменты пад пракатнае абсталяванне). Мэтазгодны пры выкананні іх індустрыяльнымі метадамі з выкарыстаннем інвентарнай апалубкі (слізгальнай, перастаўной, перасоўнай і інш.).

т. 10, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНА́МА,

горад, сталіца Бахрэйна, на Пн в-ва Бахрэйн у Персідскім зал. 152 тыс. ж. (1991). Гал. марскі порт краіны. Звязаны шашой (па дамбе) з востравам і г. Мухарак (міжнар. аэрапорт). Рэзідэнцыя шаха, адм. і гандл. ўстановы, банкі. На Пд ад М. — нафтаперапр. і нафтахім. з-ды (нафта паступае з нафтапромыслаў Бахрэйна і Саудаўскай Аравіі). Адзін з гал. цэнтраў саматужна-рамеснай вытв-сці краіны. Рыбалоўства. Здабыча жэмчугу і перламутру. Ун-т.

т. 10, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАПЛА́Н (ад мана... + лац. planum плоскасць),

самалёт або планёр з адной нясучай паверхняй (крылом), якая размешчана па абодва бакі фюзеляжа.

Адрозніваюць нізкаплан (з нізкім размяшчэннем крыла), сярэдне- і высакаплан. Крыло М. можа быць свабоднанясучым, падкосным ці расчалачным (замацаваным знізу і зверху падкосамі або расчалкамі). У параўнанні з біпланам М. мае лепшую абцякальнасць форм, меншае лабавое супраціўленне, большыя скорасці лёту. Свабоднанясучы М. — асн. тып сучасных самалётаў. Іл. гл. да арт. Авіяцыя.

т. 10, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАРЫ́ФМА (ад мана... + рыфма),

рыфма, якая спалучае ўсе радкі вершаванага твора:

Ці не бачылі вы фрыца,
Што ўсяго цяпер баіцца?
Ён баіцца ў лазні мыцца:
Вельмі лёгка абварыцца,
І ў цырульніка галіцца —
Можа з горла кроў паліцца.
А падыдзе да крыніцы,
Не адважыцца напіцца,
Каб насмерць не атруціцца...
Трэба, хлопцы, згаварыцца,
З акупантам разлічыцца
І зрабіць яму капут.
(П.​Панчанка. «Чаго баіцца немец?»).

Верш, напісаны М., наз. манарым.

В.​П.​Рагойша.

т. 10, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНДЗІ́БУЛЫ (лац. mandibula сківіца ад mando жую, грызу), жвалы, верхнія сківіцы,

першая пара сківіц, відазмененыя галаўныя канечнасці ў членістаногіх (ракападобныя, мнаганожкі, насякомыя). Найчасцей маюць выгляд вышчарбленых пласцінак. У форм з грызучым ротавым апаратам забяспечаны патаўшчэннямі і зубцамі, што дапамагае разгрызаць і раздрабняць корм. У форм з колюча-сысучым апаратам забяспечваюць праколванне здабычы і ўсмоктванне вадкага корму. У форм з грызуча-ліжучым апаратам (пчолы) маюць выгляд шыпікаў; у матылёў рэдукаваныя.

т. 10, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАНЬЁН (Marañón),

рака ў Перу, левы (галоўны) прыток р. Амазонка. Даўж. каля 2000 км, пл. басейна каля 350 тыс. км². Выцякае з горнага воз. Патакоча, якое размешчана на выш. каля 4000 м (Зах. Кардыльера Андаў), перасякае Цэнтр. і Усх. Кардыльеры ў глыбокіх цяснінах, цячэ па Амазонскай нізіне, дзе зліваецца з р. Укаялі. Сярэдні гадавы расход вады 15,6 тыс. м³/с. Суднаходная на 1000 км ад вусця (да парогаў).

т. 10, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАХО́ДНЫЯ Я́КАСЦІ судна,

сукупнасць характарыстык судна, якія вызначаюць яго плывучасць, астойлівасць, непатапляльнасць, ходкасць, кіравальнасць, узыходжанасць на хвалю і інш.

Вызначаюць магчымасць эксплуатацыі судна ў басейнах з рознымі гідраметэаралагічнымі ўмовамі (на рэках, вадасховішчах, партовых акваторыях, рэйдах, у пэўных марскіх раёнах) або без абмежавання раёна плавання. Залежаць ад памераў і суадносін гал. вымярэнняў судна (даўжыні, шырыні, вышыні борта, асадкі), формы абводаў (абрысу вонкавай паверхні корпуса), размеркавання мас па даўжыні і вышыні.

т. 10, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРС (Mars),

старажытнаіталійскае бажаство, першапачаткова бог палёў і ўраджаю, потым бог вайны. У Стараж. Рыме святы ў яго гонар наладжваліся ў сак. і кастрычніку. Лічыўся бацькам Рэма і Ромула, заснавальнікаў Рыма. Атаясамліваўся з грэч. богам Арэсам. У гонар М. рымляне назвалі першы месяц вясны (сакавік), з якога па іх календары пачынаўся год. Ад лац. Mars пайшлі назвы гэтага месяца ў большасці еўрап. моў (ням. März, рус. март і г.д.).

т. 10, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЫРАЛО́Г [ад грэч. martyr сведка; пазней пакутнік (у Новым запавеце — аб вучнях Хрыста) + logos слова, вучэнне],

1) у хрысціянскай царк. л-ры зборнік апавяданняў пра святых і пакутнікаў. Першапачаткова гэта быў каляндар, дзе пазначаліся імёны святых, месцы іх пакутніцтваў і дні іх памяці, пазней стаў дапаўняцца біяграфіяй. Найб. вядомыя «Усеагульны М.» (1536) у каталіцызме і «Менелогій» (9 ст.) у праваслаўі.

2) Спіс ахвяр, якія без віны загінулі, пакараныя смерцю.

т. 10, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКАРО́Н (франц. mascaron ад італьян. mascherone вялікая маска),

дэкаратыўны рэльеф у выглядзе чалавечага твару або галавы жывёлы. Размяшчаецца пераважна на замках арак, аконных і дзвярных праёмаў, на фантанах (з адтулінай для выпуску струменя вады), а таксама на мэблі, посудзе і інш. Былі пашыраны ў архітэктуры стыляў готыкі, рэнесансу, барока, неакласіцызму і мадэрн. У арх. дэкоры часам спалучаўся з антабамі.

Маскарон у аздабленні аконнага праёма інтэрната БПА у Мінску.

т. 10, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)