КАРНАЛІ́Т (ад імя ням. горнага інж. Р. фон Карналя),
мінерал падкласа хларыдаў, водны хларыд калію і магнію, KMgCl3·6H2O. Прымесі свінцу, цэзію, брому. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Звычайна суцэльныя або зярністыя агрэгаты, часам таблітчастыя, дыпірамідальныя крышталі. Колер малочна-белы, прымесямі жалеза можа быць афарбаваны ў чырвоны, буры, жоўты колеры. Бляск тлусты. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 2,5. Шчыльн. 1,6 г/см³. Вельмі гіграскапічны. Па паходжанні хемагенны, трапляецца разам з галітам, сільвінам і інш. галоідамі. Рудаўтваральны мінерал калійных солей. Сыравіна для вырабу калійных угнаенняў, метал. калію і магнію. На Беларусі выяўлена радовішча К. ў Прыпяцкай упадзіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНЕ́ЕНКА Уладзімір Якаўлевіч (15.7.1924, в. Губіншчына Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 10.5.1996),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял.Айч. вайну на фронце з 1943. Камандзір кулямётнага разліку ст. сяржант К. 28.2.1944 каля в. Янава Быхаўскага р-на знішчыў кулямёт і каля 20 гітлераўцаў, паранены, працягваў бой; у ліп. 1944 у баі на тэр. Смалявіцкага р-на прабраўся з разлікам у тыл праціўніка, агнём пасеяў паніку, што дапамагло сав. падраздзяленням прарваць варожыя пазіцыі; у студз. 1945 на тэр. Польшчы ўдзельнічаў у адбіцці 5 варожых контратак. У 1945—79 на сав. рабоце на Магілёўшчыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНІЛО́ВІЧ Сяргей (4.11.1929, в. Таргуны Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 29 10.1993),
бел. грамадскі дзеяч у эміграцыі. У 1944 вывезены на прымусовую працу ў Германію. Вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы. З канца 1940-х г. у ЗША (штат Агайо). Чл. Згуртавання бел. моладзі, Кліўлендскага аддзела Беларуска-амерыканскага задзіночання. Адзін з ініцыятараў стварэння ў 1951 прыхода Жыровіцкай Божай Маці Бел. аўтакефальнай правасл. царквы (БАПЦ) у Кліўлендзе. Ініцыятар стварэння бел. грамадска-культ. цэнтра «Полацак», к-та па аказанні дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі пры прыходзе БАПЦ у Кліўлендзе. Удзельнік 1-га з’езда беларусаў свету (Мінск, ліп. 1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНІ́ЦКАЯ (па мужу Дырэнталь) Магдалена
(каля 1764, г. Паставы Віцебскай вобл. — ?),
танцоўшчыца. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза. Вучылася ў яго балетнай школе ў Паставах. У 1785—94 (з перапынкам) у складзе трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве. Выступала (з 1790 як Дырэнталь) на каралеўскай сцэне і ў Нац. т-ры, другая салістка (сярод партый Пастушка ў балеце «Лукас і Калінета»). Пасля 1794, відаць, працавала ў Варшаве ў трупе «Нацыянальныя танцоры» і антрэпрызе С.Гальніцкага і К.Аўсінскага, у 1795 выступала ў Гродне і Львове, з 1797 — у Варшаве ў антрэпрызе Т.Трускаляскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́БСКІ БАНК РАЗВІЦЦЯ́,
спецыялізаваны орган супрацоўніцтва краін Карыбскага басейна. Створаны ў 1969. Яго ўдзельнікамі з’яўляюцца 12 краін-членаў Карыбскага супольніцтва (Барбадас, Беліз, Гаяна, Гранада і інш.), а таксама Багамскія а-вы, Канада, Вялікабрытанія і яе ўладанні на Карыбскіх а-вах. З 1972 членамі К.б.р. сталі Венесуэла і Калумбія. Афіц. мэта банка — садзейнічаць эканам. і сац. развіццю краін-членаў, аказваць ім тэхн. дапамогу і інш.Асн. крэдытнай крыніцай у рамках К.б.р. выступае Спец. фонд развіцця, створаны ЗША, Вялікабрытаніяй, Канадай і Венесуэлай. Кіруючыя органы — Савет кіруючых і Выканаўчы к-т. Месцазнаходжанне — г. Брыджтаўн (Барбадас).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСА́І (Kasai),
рака ў Анголе і Дэмакр. Рэспубліцы Конга (часткова — мяжа паміж імі), буйнейшы левы прыток р. Конга. Даўж. каля 2000 км, пл. басейна 880,2 тыс.км². Пачынаецца на плато Лунда, спускаецца з яго паўн. схілаў ва ўпадзіну Конга, утварае парогі і вадаспады. У ніжнім цячэнні наз. Ква. Гал. прытокі: Лулуа, Санкуру (справа), Кванга (злева). Жыўленне пераважна дажджавое. Паводка з вер.—кастр. да красавіка. Сярэдні гадавы расход вады ў нізоўі каля 10 тыс.м³/с. Суднаходная на 790 км ад вусця. Рыбалоўства. У бас.К. — буйная здабыча алмазаў. 3 ГЭС. Буйная прыстань — Ілеба (Дэмакр. Рэспубліка Конга).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСІ́НСКІ Крыштоф (? — май 1593),
кіраўнік сял.-казацкага паўстання 1591—93 на Украіне. У 1580-я г. гетман рэестравых казакоў у Запарожскай Сечы. У снеж. 1591 узначаліў выступленне казакоў, якое перарасло ў нар. паўстанне (ахапіла Кіеўшчыну, Брацлаўшчыну, Валынь і ч. Падоліі). У 1592 паўстанцы захапілі гарады Белая Царква, Пераяслаў, Трыполле, але пасля паражэння каля мяст. Пяткі (Жытомірская вобл.) адступілі ў Запарожжа. К. ўступіў у перагаворы з рас. урадам, крымскімі татарамі і Турцыяй. У маі 1593 на чале двухтысячнага войска выступіў пад Чаркасы, дзе разбіты войскамі кн. А.Вішнявецкага. Загінуў у баі (па інш. звестках забіты паводле загаду Вішнявецкага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМА́Ч (Kosmać) Цырыл (28.9.1910, г. Слап, Славенія — 28.1.1980),
славенскі пісьменнік. З 1938 жыў у Францыі, Англіі, з 1944 у Югаславіі. Удзельнік антыфаш. супраціўлення. Дэбютаваў аповесцю «Дзяк Марцін» (1933). Аўтар раманаў «Вясновы дзень» (1953; аўтабіягр.), «Балада пра трубу і воблака» (1956—57), аповесці «Тантандруй» (1959). Майстар псіхал. навелы: зб-кі «Шчасце і хлеб» (1946), «З маёй даліны» (1958). Для твораў К. характэрна нац.-грамадская і сац. праблематыка, спалучэнне лірызму і сатыры, рэаліст. сімволікі з фалькл. матывамі, пазней — з авангардысцкімі прыёмамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮ́ШКА Іван Іванавіч (н. 31.7.1919, в. Букарава Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),
гісторык. Д-ргіст.н. (1963), праф. (1980). Скончыў Маскоўскі гісторыка-архіўны ін-т (1947). З 1952 у Ін-це славяназнаўства і балканістыкі Рас.АН. Гал. рэдактар час. «Советское славяноведение» (1965—86), прэзідэнт Міжнар. камісіі па славяназнаўстве (1985—90). Даследуе агр. гісторыю сярэднеўсходняга еўрап. рэгіёна, новую і навейшую гісторыю Польшчы і сав.-польскія адносіны.
Тв.:
Крестьянская реформа 1864 г. в Царстве Польском. М., 1962;
Прусская аграрная реформа. М., 1989;
Аграрные реформы в Австрии, Пруссии и России в период перехода от феодализма к капитализму: (Сравнит. очерк). М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАМАРА́Н (тамільскае, літар. звязаныя бярвёны),
1) плыт для кароткіх зносін і рыбнай лоўлі ў народаў азіяцкага ўзбярэжжа Інд.ак. і прылеглых астравоў, а таксама астравоў Ціхага ак. і Паўд. Амерыкі. Перамяшчаецца з дапамогай вёслаў або ветразяў.
2) Невял. грабное або ветразевае судна з некалькіх выдзеўбаных і завостраных з канцоў бярвён, злучаных масткамі.
3) Сучаснае марское або рачное судна (грузавое, рыбалоўнае, пасажырскае, буксірнае, спартыўнае) з двума злучанымі (палубай або фермамі) у верх. ч. паралельнымі карпусамі. Мае добрую астойлівасць і мараходныя якасці, вял. палубу. К. наз. таксама аднакорпуснае судна з паплаўкамі-балансірамі па баках.