ДО́НАР (ад лац. dono дару),

чалавек, які добраахвотна дае кроў ці тканкі для лячэння хворых. Адрозніваюць Д. крыві, плазмы, стандартных эрытрацытаў, імуннай плазмы, касцявога мозгу і інш. Д. могуць быць здаровыя, фізічна развітыя людзі пасля 18 гадоў. Пры цяжарнасці, лактацыі, менструацыі, прафілакт. прышчэпках кроў не бяруць. Здаровым людзям донарства не шкодзіць. Паказчык па Беларусі: 45—48 Д. на 1 тыс. чалавек.

т. 6, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМАДЭКО́З, залозніца,

інвазійная хвароба чалавека і жывёлы з генералізаваным ці мясц. пашкоджаннем скуры. Выклікаецца кляшчом залозніца, які паразітуе ў валасяных фалікулах, сальных і потавых залозах. Лакалізацыя — найчасцей скура твару. Прыкметы: дробныя вузельчыкі і гнайнічкі на пачырванелым фоне, іншы раз лушчэнне. Цячэнне хваробы хранічнае, абвастрэнні ў вяснова-летні перыяд. Д. мае цяжкую форму ў буйн. раг. жывёлы, свіней, сабак.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 6, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ТНЯЯ БА́БА,

у бел. нар. дэманалогіі маці жыта; жаночая паралель «гаспадара» поля — жыценя. Яе ўяўлялі ў выглядзе фантаст. жанчыны з каласамі на галаве і зоркамі па баках. У некаторых мясцінах «бабаю» называлі апошні сноп зжатага жыта, які апраналі ў жаночую кашулю, завязвалі на ім хустку, урачыста неслі ў хату і спявалі «спарышовыя» песні з пажаданнем добрага ўраджаю ў наступным годзе.

т. 6, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАВІТО́К АНЬЕ́ЗІ,

плоская алгебраічная крывая 3-га парадку. Ураўненне ў прамавугольных каардынатах y = a3 x2 + a2 , дзе a — дыяметр утваральнай акружнасці з цэнтрам у пункце (0; a/2). Мае асімптоту — вось Ox; максімум дасягаецца ў пункце (0; a); плошча паміж крывой і асімптотай S = Πa​2. Назва ад прозвішча італьян. матэматыка М.​Аньезі, які вывучаў яе (1748).

т. 6, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКРУ́ТАЧНАЯ МАШЫ́НА,

машына для герметычнага закрывання кансервавых бляшанак і слоікаў. Асн. частка З.м. — закрутачны механізм, які абкочвае закрутачныя ролікі вакол слоіка (бляшанкі). Пры абкочванні ролікі дэфармуюць накрыўку і ўтвараюць падвойнае шво ў бляшанцы ці шчыльнае злучэнне са слоікам. Адрозніваюць З.м. вакуумныя і бязвакуумныя, адна- і шматшпіндэльныя, аўтам. і паўаўтаматычныя. Аўтам. З.м. за мінуту апрацоўваюць да 500 бляшанак або да 200 слоікаў.

т. 6, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́П ЭЛЕКТРО́ННЫ,

працэс, пры якім ядро спантанна захоплівае электрон з адной з унутраных абалонак атама з адначасовым выпрамяненнем электроннага нейтрына; від бэта-распаду. Абумоўлены слабымі ўзаемадзеяннямі. Адбываецца, калі маса «старога» ядра большая за масу «новага» на велічыню энергіі сувязі электрона, які захопліваецца. Прадказаны яп. фізікамі Х.​Юкава і С.​Саката у 1936 і выяўлены амер. фізікам Л.​Альварэсам у 1938.

т. 7, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТРУ́КЦЫЯ (ад лац. instructio настаўленне),

1) юрыдычны падзаконны акт, які выдаецца з мэтай растлумачэння і вызначэння парадку ўжывання закону або інш. нарматыўнага акта. У Рэспубліцы Беларусь выдаюцца мін-вамі, дзярж. к-тамі, ведамствамі. Найважнейшыя з іх зацвярджаюцца ўрадам, некаторыя — мін-вамі і ведамствамі разам з кіраўніцтвам прафсаюзаў.

2) Указанні тэхн. парадку (правілы карыстання якім-н. механізмам, спосабы выканання тэхнал. аперацый і інш.).

т. 7, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСЛА́МСКІ БАНК РАЗВІЦЦЯ́ (Islamic Development Bank),

рэгіянальны банк развіцця. Створаны ў 1974 Арганізацыяй Ісламская канферэнцыя для садзейнічання эканам. развіццю мусульм. краін і рэгіёнаў. Банк прытрымліваецца прынцыпаў Карана, які адмаўляе ліхвярства, таму не дае працэнтных пазык і крэдытаў. Банк фінансуе праекты прамысл. развіцця, набывае акцыі і дае пазыкі за намінальныя «камісійныя». Апрача Taro, банк дае крэдыты, якія дапамагаюць краінам-удзельніцам фінансаваць неабходны ім імпарт.

т. 7, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КААЛІ́ЦЫЯ (лац. coalitio ад coalitus аб’яднаны),

1) саюз, аб’яднанне для дасягнення агульнай мэты.

2) Палітычны і ваен. саюз дзвюх і больш дзяржаў супраць агульнага праціўніка (напр., антыгітлераўская К. дзяржаў у 2-й сусв. вайне).

3) Пагадненне, выпрацаванае некалькімі партыямі, рухамі або грамадскімі дзеячамі, для ажыццяўлення сумесных дзеянняў, напр., з мэтай стварэння т.зв. кааліцыйнага ўрада, які складаецца з прадстаўнікоў гэтых партый.

т. 7, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМАЛА́,

антыгельмінтны сродак, які здабываецца з залозістых валаскоў, сцёртых з паверхні пладоў вечназялёнага дрэва Rottlera tinctoria ці Mallotus philippensis. Пашыраны ў Індыі і Кітаі. Дробны рыхлы парашок цагляна-чырв. колеру, без паху, растваральны ў эфіры і шчолачы. Мае смалу (80%), ратлерын (10%), дзеючы пачатак К. і інш. Паралізуе круглых чарвей (странгілід і анкіластамід) і стужачных; выклікае раздражненне кішэчніка, адначасова дзейнічае як слабільны сродак.

т. 7, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)