ХАН (ад цюрк. хаган, хакан, каган — уладар, манарх),

цюркскі і мангольскі тытул. Першапачаткова абазначаў правадыра племя (напр., у качэўнікаў Ірана і Афганістана). Пры Сельджукідах і харэзмшахах — княжацкі тытул. У манг. імперыі 13—14 ст. правіцель улуса, а пасля яе распаду — тытул гасудара ў татарскіх дзяржавах (ханствах); у Асманскай імперыі Х. — тытул султана. У Іране пры Сефевідах Х. — правіцель вобласці, а таксама адзін з тытулаў ваен.-феад. знаці.

т. 16, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІРА́ЛЬНАСЦЬ у хіміі,

здольнасць аб’екта (малекулы ці яе фрагмента) быць несумяшчальным са сваім адлюстраваннем у ідэальным плоскім люстэрку; адно з асн. паняццяў стэрэахіміі. Хіральныя малекулы існуюць у выглядзе пар энантыямераў, якія адрозніваюцца толькі знакам аптычнага вярчэння (гл. Аптычная актыўнасць). Малекула з некалькімі хіральнымі фрагментамі існуе ў выглядзе дыястэрэамераў, якія адрозніваюцца фіз. і хім. ўласцівасцямі. Усе біямалекулы хіральныя, што ўлічваецца ў біяхім., фармакалагічным і інш. сінтэзах.

т. 17, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫТА́ТА (ад лац. citatum ад citare заклікаць, прыводзіць),

даслоўная вытрымка з якога-н. тэксту, прамовы. Выкарыстоўваецца для падмацавання пэўнай думкі аўтарытэтным выказваннем, як найб. дакладная паводле сэнсу яе фармулёўка, як фактычны ілюстрацыйны матэрыял, для крытыкі цытуемай думкі. У пісьмовай, пераважна навук. і афіц.-дзелавой, мове Ц. бяруць у двукоссі ці вылучаюць шрыфтам і даюць спасылку на крыніцу. Прапушчаныя словы ці сказы ў Ц. абазначаюць шматкроп’ем.

т. 17, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРАМЕ́РА (ад цэнтр + грэч. meros частка, доля), кінетахор,

участак храмасомы, які кантралюе яе рух да розных полюсаў клеткі на працягу дзялення — мітозу ці меёзу, месца, дзе прымацоўваюцца да храмасомы ніці (мікратрубачкі) верацяна дзялення. Мае выгляд ахраматычнай дэспіралізаванай перацяжкі. Адрозніваюць храмасомы з лакалізаванай Ц. і дыфузнай. Змена становішча Ц. ў пэўнай храмасоме — крытэрый выяўлення храмасомных перабудоў. Храмасомы без Ц. не здольныя ўдзельнічаць у мітозе.

А.​С.​Леанцюк.

т. 17, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРМІ́СЦА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Палата, за 3 км на Пн ад в. Дрэтунь, сярод забалочанага лесу, за 36 км на ПнУ ад Полацка. Пл. 0,22 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 180 м, даўж. берагавой лініі 2,5 км. Пл. вадазбору 25,2 км². Катлавіна выцягнута з Пн на Пд, яе схілы невыразныя, берагі забалочаныя. Выцякае ручай у воз. Дрэтунь.

т. 17, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫСТАПАРО́ДНАЕ РАЗВЯДЗЕ́ННЕ, чыстае развядзенне,

метад развядзення с.-г. жывёл, пры якім для атрымання патомства спароўваюць жывёл адной пароды. Асн. мэта — захаванне і паляпшэнне якасці пароды, павелічэнне яе гомазіготнасці і фенатыпічнай аднароднасці. Умовы Ч.р.: няспынны адбор і падбор жывёл, наяўнасць у пародзе некалькіх несваяцкіх груп, дастатковая колькасць і шырокі арэал пароды, правільны догляд жывёл. Выкарыстоўваюць пры гадоўлі высокапрадукцыйных заводскіх парод, каб атрымаць племянную жывёлу для масавай жывёлагадоўлі.

т. 17, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАГАМЕ́Р,

1) прылада для вымярэння шагу разьбы (адлегласці паміж суседнімі аднайм. бакавымі старанамі яе профілю) або шагу цыліндрычных зубчастых колаў (адлегласці паміж аднайм. профілямі іх суседніх зубцоў).

2) Прылада ў выглядзе кішэннага гадзінніка, якая аўтаматычна адлічвае колькасць крокаў чалавека для прыблізнай ацэнкі пройдзенай ім адлегласці.

Накладны шагамер для кантролю шагу зубчастых колаў: 1 — кола, шаг якога вымяраецца; 2—4 — вымяральныя наканечнікі; 5 — двухбаковае вымяральнае прыстасаванне.

т. 17, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАЎМЯ́Н Сцяпан Георгіевіч (13.10.1878, Тбілісі — 20.9.1918),

палітычны дзеяч. Скончыў Берлінскі ун-т (1905). Чл. РСДРП з 1900, яе ЦК з 1912. У 1917 старшыня Бакінскага савета, з крас. 1918 — Бакінскага СНК. Адначасова са снеж. 1917 надзвычайны камісар РСФСР па справах Каўказа. Расстраляны ў ліку 26 бакінскіх камісараў. Аўтар прац па пытаннях філасофіі, мастацтва і л-ры. У яго гонар названы гарады Сцепанаван (Арменія) і Сцепанакерт (Азербайджан).

т. 17, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУ́ТАВА Вольга Паўлаўна (15.2.1944, в. Загародная Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 26.11.1999),

бел. спявачка (альт). Засл. арт. Беларусі (1973). Скончыла Усерас. творчую майстэрню эстр. мастацтва ў Маскве (1972). Творчы шлях пачала ў маст. самадзейнасці. У 1968—96 салістка Бел. філармоніі. Яе творчасці ўласцівы задушэўнасць у перадачы эмацыянальнага зместу песень, у т. л. народных. У рэпертуары пераважалі творы бел. і рас. кампазітараў, бел. нар. песні.

Л.​С.​Мітаковіч.

т. 17, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКВА́ТАР НЯБЕ́СНЫ,

акружнасць, па якой нябесную сферу перасякае плоскасць, што праходзіць праз яе цэнтр перпендыкулярна да восі свету. Падзяляе нябесную сферу на 2 паўшар’і — паўночнае і паўднёвае. Перасякаецца з матэм. гарызонтам у пунктах усходу і захаду. Плоскасць Э.н. паралельная плоскасці экватара зямнога і нахілена да плоскасці гарызонта пад вуглом 90°−φ, дзе φ — шырата месца назірання. Іл. гл. да арт. Нябесная сфера.

т. 18, кн. 1, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)