бел.нар. гульня. Колькасць удзельнікаў не абмежаваная. Гульцы выбіраюць вядучага — адгадчыка, які выходзіць у суседні пакой або адыходзіць убок. Кожны выбірае назву горада, і калі вяртаецца адгадчык, яму гавораць: «Гарадоў прыгожых многа, ты знайдзі да іх дарогу, лепшы горад выбірай ды хутчэй называй!» Вядучы адгадвае да трох разоў. Калі адгадае, мяняецца месцам з гаспадаром правільна названага горада, калі не — яму кажуць: «Ну і ад’язджай у свой...» (назва горада, што сказаў адгадчык). Вядучы адыходзіць, гульцы выбіраюць назвы інш. гарадоў, і гульня паўтараецца. Выбіраюць гарады адной краіны ці вобласці, аб чым паведамляецца адгадчыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ТАРНАЯ ЛЯ́МПА,
электронная лямпа для пераўтварэння энергіі пастаяннага (радзей пераменнага) току ў энергію эл. ваганняў.
Генератарныя лямпы адрозніваюць паводле дыяпазону частот, колькасці электродаў (трыёд, тэтрод, пентод і інш.), магутнасці, што рассейваецца анодам (малой магутнасці — да 50 Вт, сярэдняй — да 5 кВт, вялікай — больш за 5 кВт), роду работы (неперарыўнага дзеяння і імпульсныя), канструкцыі балона (шкляныя, металашкляныя, металакерамічныя) і інш.; генератарная лямпа для дэцыметровага і больш высокачастотных дыяпазонаў хваль маюць уласную рэзанансную вагальную сістэму (клістрон, лямпа адваротнай хвалі, лямпа бягучай хвалі, магнетрон і інш.). Выкарыстоўваюцца ў радыёперадатчыках рознага прызначэння, вымяральнай тэхніцы, прамысл. устаноўках індукцыйнага нагрэву і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЎЛІ́ЧНАЯ ПЕРАДА́ЧА,
тып перадачы, у якой мех. энергія і рух з зададзенымі параметрамі перадаюцца ад вядучага звяна да вядзёнага з дапамогай вадкасці. Паводле прынцыпу дзеяння адрозніваюць гідрадынамічную перадачу і гідрастатычную перадачу.
Гідраўлічная перадача можа быць аб’яднана з зубчастай перадачай так, што рух перадаецца ад вядучага вала гідраперадачай, зубчастай або абедзвюма адначасова (гл.Гідрамеханічная перадача). Гідраўлічная перадача вызначаюцца гібкасцю і зносаўстойлівасцю, лёгка рэгулююцца, засцерагаюць механізмы ад перагрузак, добра кампануюцца ў канструкцыях трансп. машын, станкоў і інш. машын-прылад. Уваходзяць у склад гідрапрыводаў. Выкарыстоўваюцца ў аўтамабілях, цеплавозах, цеплаходах, самалётах, буд.-дарожных машынах, кампрэсарах і да т.п.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОХУА́ (кіт. — нац. жывапіс),
традыцыйная школа кіт. жывапісу вадзянымі фарбамі на шаўковых і каляровых скрутках. Тэрмін «гохуа» адрадзіўся ў пач. 20 ст. з аднаўленнем традыцый нац. жывапісу (існаваў з 3—2 ст.дан.э.), які меў тэхн. і жанравыя своеасаблівасці, спецыфічны метад адлюстравання прадмета пры дапамозе ліній і плям на нейтральным фоне, што надавала адчуванне бязмежнай прасторы. Спосабам гохуа малявалі кветкі, расліны, жывёл; у 1940—50-я г. яго сюжэты сталі больш разнастайныя, з’явіліся лірычныя і жанравыя кампазіцыі на сучасныя тэмы. Найб. вядомыя мастакі Цы Байшы і Сюй Бэйхун.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЗВУ́СІКАВЫЯ НАСЯКО́МЫЯ (Protura),
атрад насякомых падкл. першаснабяскрылых. У сусв. фауне каля 300 відаў, пашыраны амаль усюды. На Беларусі найб. вядомы бязвусечнік еўрапейскі (Eosentomon transitorum). Жывуць у глебе, лясным подсціле, гнілых ствалах дрэў і пнях.
Даўж. 0,5—2 мм, цела членістае, чэрвепадобнае, малочна-белае або жаўтаватае. Ротавы орган сысучы, уцягнуты ў галаўную капсулу (энтагнатызм). Пярэднія грудныя ногі даўжэйшыя за астатнія, накіраваны ўперад, функцыянальна замяняюць вусікі. У пярэдняй частцы брушка рудыментарныя 1—2-членікавыя канечнасці. Лічынкі падобныя да дарослых, пераўтварэнне зводзіцца да павелічэння колькасці брушных сегментаў. Мяркуюць, што бязвусікавыя насякомыя высмоктваюць сокі з ніжэйшых грыбоў, кормяцца расліннымі і жывёльнымі рэшткамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУ́ТАРКА ДВУХ СУСЕ́ДАЎ»,
цыкл ананімных твораў бел. л-ры сярэдзіны 19 ст. Выдаваўся асобнымі выпускамі Б.Шварцэ, А.Белакозам, Грынявіцкім у беластоцкай падп. друкарні напярэдадні паўстання 1863—64. У 1861—62 выйшлі 4 нумары. Напісана ў форме вершаванага дыялогу двух сялян — бывалага, спрактыкаванага Матэвуша і праставатага, наіўнага Юзафа. Зместам і ідэйнай накіраванасцю блізкая да«Гутаркі старога дзеда», некат. палажэннямі набліжаецца да публіцыстыкі «Мужыцкай праўды». Была каля вытокаў бел.дэмакр. прэсы. Выказвалася думка, што яе аўтары — У.Сыракомля і В.Каратынскі.
Літ.:
Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 21—24.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЮ́НЦКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,
старажытнаплейстацэнавае зледзяненне ў Альпах (каля 800—900 тыс. гадоў назад), якое папярэднічала Міндэльскаму зледзяненню. Датуецца часам заканчэння фарміравання альпійскай складкавасці і паступовага стварэння рэльефу зямной паверхні, блізкага да сучаснага, канцом неагенавага, або пачаткам антрапагенавага перыяду. Звязана з пашырэннем плошчы зледзянення Альпаў. Вылучаюць некалькі стадый гюнцкага зледзянення. На тэр. СНД адпавядае перыяду адкладу гурыйскіх або апшэронскіх пластоў (каля 1,8—0,7 млн.г.). Некат. даследчыкі параўноўваюць гюнцкае зледзяненне з нараўскім зледзяненнем, што было на тэр. Беларусі і доўжылася прыкладна 40 тыс.г. (600—500 тыс.г. назад) ад канца брэсцкага перадледавікоўядапач.белавежскага міжледавікоўя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВО́ДКА,
1) канчатковая апрацоўка дэталей або інструментаў пасля іх чыставой (звычайна абразіўнай) апрацоўкі для атрымання малой шурпатасці паверхні і дакладных памераў. Робіцца на даводачных станках або ўручную.
2) Ліквідацыя дэфектаў, паляпшэнне тэхналогіі вырабу і работы новай машыны (устаноўкі) перад запускам яе ў вытв-сць.
3) Перыяд мартэнаўскай плаўкі ад пачатку кіпення да раскіслення металу, на працягу якога састаў металу даводзяць да зададзенага (дабаўленнем адпаведных рэчываў).
4) Канчатковая стадыя абагачэння карысных выкапняў, у выніку якой атрымліваюць кандыцыйны канцэнтрат. Ажыццяўляецца паўторным выкарыстаннем тых самых метадаў, што і пры атрыманні чарнавых канцэнтратаў, або хім.-металургічнымі метадамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУСТАЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ ЭФЕ́КТ,
узнікненне пастаяннага току ці электрарухальнай сілы ў праводным асяроддзі (метал, паўправаднік) пад уздзеяннем бягучай ультрагукавой (УГ) хвалі. Адкрыты Г.Вайнрахам і Х.Дж.Уайтам (ЗША, 1957) у монакрышталях германію. Паяўленне эл. току звязана з перадачай імпульсу (і адпаведна энергіі) ад гукавой хвалі электронам праводнасці. Пад уздзеяннем УГ хвалі ў правадніку ўзнікаюць лакальныя эл. палі, якія распаўсюджваюцца разам з хваляй і захопліваюць носьбіты зараду, што прыводзіць да ўзнікнення акустаэл. току. Акустычны эфект адносіцца да нелінейных эфектаў (гл.Нелінейная акустыка). Выкарыстоўваецца для вымярэння магутнасці УГ сігналу, частотных характарыстык УГ пераўтваральнікаў, для даследавання эл. уласцівасцяў паўправаднікоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫВІТАМІ́НЫ (ад анты... + вітаміны),
рэчывы з ліку антыметабалітаў, якім уласціва біял. дзеянне, процілеглае дзеянню вітамінаў. Хім. будовай звычайна блізкія да вітамінаў або з’яўляюцца іх вытворнымі (напр., антывітамін вітаміну B1 — пірытыямін), таму канкурэнтна лёгка замяшчаюць вітаміны ў біяхім. рэакцыях і парушаюць працэсы абмену рэчываў. Да антывітамінаў належаць таксама інш. рэчывы, што ў жывых клетках звязваюць вітаміны, пераводзяць у неактыўную форму або разбураюць іх (напр., тыяміназа, авідзін, некаторыя лекавыя сродкі — антыбіётыкі, сульфаніламіды). Вынікам насычэння арганізма антывітамінамі можа быць вітамінная недастатковасць, якая развіваецца нават пры дастатковым паступленні вітамінаў з ежай або ўтварэнні іх у арганізме.