ЭЛЕКТРО́ННА-ПРАМЯНЁВАЕ НАНЯСЕ́ННЕ ПАКРЫ́ЦЦЯЎ,

выпарное асаджэнне ў вакууме на дэталі адна- і шматкампанентных пакрыццяў у выніку нагрэву і расплаўлення матэрыялаў патокам паскораных электронаў. Распыляюць металы, сплавы, аксіды, карбіды, селеніды, сульфіды, тэлурыды, хларыды, палімеры, шкло. Таўшчыня пакрыццяў — ад некалькіх мікраметраў да некалькіх міліметраў, скорасць іх нанясення (да 50—100 мм/мін) больш высокая ў параўнанні з інш. тэхналогіямі. Выкарыстоўваецца ў электроніцы, для нанясення пакрыццяў на рулонныя і ліставыя матэрыялы з паперы, пластыку, шкла, металаў і інш.

Літ.:

Шиллер З., Гайзиг У., Панцер З. Электронно-лучевая технология: Пер. с нем. М., 1980;

Мовчан Б.А., Малашенко И.С. Жаростойкие покрытия, осаждаемые в вакууме. Киев, 1983.

І.​Л.​Побаль.

т. 18, кн. 1, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕДАВІКІ́,

рухомыя скопішчы лёду атмасфернага паходжання на зямной паверхні. Утвараюцца ў тых раёнах, дзе цвёрдых атм. ападкаў намнажаецца больш, чым растае і выпараецца. Займаюць пл. 16,3 млн. км² (10,9% пл. сушы), сумарны аб’ём лёду каля 30 млн. км³ (98,5% прэснага лёду на Зямлі). Магутнасць сучасных Л. ад 20 м да 4600 м. Асн. раёны скопішча Л.: Антарктыда, Грэнландыя, арктычныя астравы, некаторыя горныя раёны па-за межамі Арктыкі і Антарктыкі. У Л. вылучаюць вобласці жыўлення, дзе адбываецца намнажэнне снегу і ператварэнне яго ў фірн і лёд, і абляцыі, якія падзелены мяжой жыўлення. Л. падзяляюцца на покрыўныя, або расцякання, і горныя, або сцёку. Покрыўныя распасціраюцца на шмат млн. км², маюць пукатую форму паверхні, лёд у іх расцякаецца ад цэнтра да перыферыі Працягам наземных ледавіковых покрываў служаць шэльфавыя ледавікі. Горныя Л. займаюць пераважна адмоўныя элементы рэльефу, утвараюць каравыя (гл. Кар), вісячыя, далінныя і інш. тыпы Л. Пераходнымі ад горнага да покрыўнага з’яўляюцца сеткавыя і перадгорныя тыпы зледзяненняў. Рух Л. адбываецца ў выніку дэфармацый, што ўзнікаюць пад дзеяннем сілы цяжару. Звычайна скорасць руху Л. дзесяткі і першыя сотні метраў за год, асобных Л. Грэнландыі — 20—40 м за суткі, пры катастрафічных зрухах — да 100 м за суткі (ледавік Мядзведжы на Паміры, 1953). Найбуйнейшы горны Л. — ледавік Берынга на Алясцы (даўж. 170 км), шэльфавы Л. — ледавік Роса ў Антарктыдзе (пл. 538 тыс. км²). У выніку дзейнасці Л. фарміруюцца ледавіковыя адклады. Разам з расталымі водамі Л. ўдзельнічаюць ва ўтварэнні розных форм ледавіковага рэльефу. Вывучае Л. Гляцыялогія. Гл. таксама Зледзяненні.

Да арт. Ледавікі. Далінны ледавік на Паміры.

т. 9, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭАКТЫ́ЎНЫ РУХАВІ́К,

рухавік унутранага згарання, які стварае рэактыўную цягу ў выніку выцякання з яго струменя рабочага цела. Кінетычная энергія струменя ствараецца выкідам праз сапло распаленых газаў у выніку гарэння рабочага цела (рэактыўнага і ракетнага паліва). У энергію рэактыўнага струменя можа пераўтварацца таксама ядз., эл. і сонечная энергія. Р.р. спалучае ў сабе ўласна рухавік і рухач, г. зн. з’яўляецца рухавіком прамой рэакцыі: сіла цягі прыкладзена непасрэдна да корпуса і забяспечвае перамяшчэнне яго ў бок, процілеглы напрамку выцякання струменя. Адрозніваюць рэактыўныя ракетныя рухавікі (сілкуюцца толькі палівам і акісляльнікам, што знаходзіцца на лятальным апараце) і паветрана-рэактыўныя рухавікі (выкарыстоўваюць таксама кампаненты навакольнага асяроддзя — кісларод атм. паветра). Бываюць і камбінаваныя Р.р. — ракетна-праматочныя, ракетна-турбінныя і інш.

Прынцып рэактыўнага руху вынайдзены Геронам Александрыйскім (1 ст. н.э.), першыя цвердапаліўныя Р.р. (парахавыя ракеты) з’явіліся ў Кітаі (каля 10 ст.). Ідэю шматступеньчатай ракеты, ракетных батарэй, тэхналогію вырабу порахаў і інш. пытанні рэактыўнай артылерыі абгрунтаваў бел. інжынер і вучоны К.Семяновіч (17 ст.). Схему лятальнага апарата з парахавым Р.р. склаў М.І.Кібальчыч (1881), Р.р. на вадкім паліве прапанаваў К.Э.Цыялкоўскі (1903). Стварэнню Р.р. спрыялі навук, працы М.Я.Жукоўскага, І.У.Мяшчэрскага, Б.С.Сцечкіна, франц. вучонага Р.​Эно-Пельтры і інш. Р.р. розных канструкцый распрацавалі Ф.А.Цандэр, А.М.Люлька, С.П.Каралёў, В.П.Глушко, Г.Оберт, Р.Годард, Ф.​Уітл (Вялікабрытанія) і інш.

Рэактыўны рухавік: а — паравы шар Герона Александрыйскага (1 — трубкі для падводу пары, 2 — выхлапныя трубкі, З — полы шар, які круціцца ад рэактыўных струменяў); б — парахавы рухавік на кітайскай вогненнай страле (1 — порах, 2 — папяровая гільза, З — запальны састаў), в — прынцыповая схема турбарэактыўнага рухавіка (у параўнанні з 4-тактавым поршневым рухавіком).

т. 13, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНАЕ САМААЧЫШЧЭ́ННЕ,

здольнасць біяцэнозаў нейтралізаваць шкоднае ўздзеянне тэхнагенных, быт. і інш. антрапагенных рэчываў, якія забруджваюць навакольнае асяроддзе. Адбываецца бесперапынна з удзелам жывых арганізмаў у цеснай сувязі з кругаваротам рэчываў у прыродзе. Засн. пераважна на паглынанні і раскладанні забруджвальнікаў мікраарганізмамі-рэдуцэнтамі і залежыць ад іх колькасці і фізіял. актыўнасці. Поўнае ачышчэнне навакольнага прыроднага асяроддзя ад арган. забруджвальнікаў настае пасля іх мінералізацыі, ад шэрагу неарган. рэчываў — у выніку хім. рэакцый. Здольнасць асяроддзя да біялагічнага самаачышчэння залежыць ад колькасці ультрафіялетавай радыяцыі, сумы актыўных т-р паветра і глебы, наяўнасці ў асяроддзі акісляльнікаў. У адносінах да стойкіх забруджвальнікаў біялагічнае самаачышчэнне блізкае да нуля. З’ява біялагічнага самаачышчэння шырока выкарыстоўваецца пры ачыстцы сцёкавых і пітных водаў.

т. 3, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНАЯ АЧЫ́СТКА сцёкавых водаў,

метад ачысткі быт. і прамысл. сцёкавых водаў, заснаваны на выкарыстанні здольнасці арганізмаў (пераважна бактэрый) разбураць (мінералізаваць) забруджвальнікі арган. паходжання. Ажыццяўляецца на ачышчальных збудаваннях самастойна ці ў комплексе з мех., фіз.-хім. і інш. метадамі. Аэробная (з удзелам кіслароду паветра) мінералізацыя адбываецца на палях фільтрацыі, палях арашэння, у біялагічных сажалках, каналах, біяфільтрах, аэратэнках. Анаэробная (без прысутнасці кіслароду) — у двух’ярусных адстойніках і метантэнках. Ступень ачысткі сцёкавых водаў пры выкарыстанні метадаў біялагічнай ачысткі дасягае 98% (арган. рэчываў у вадзе практычна няма, вада не гніе, колькасць шкодных мікраарганізмаў зніжаецца). Для разбурэння і дэтаксікацыі «незгнівальных» сінт. рэчываў выкарыстоўваюць спец. штамы мікраарганізмаў, якія атрымліваюць у выніку штучнага мутагенезу.

Літ.:

Очистка производственных сточных вод. 2 изд. М., 1985.

т. 3, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСТРУЛЯ́ЦЫЯ,

стадыя зародкавага развіцця жывёльных арганізмаў, калі адбываецца пераўтварэнне аднаслойнай бластулы ў мнагаслойную гаструлу. Настае пасля заключнай фазы драбнення аплодненага яйца (бластуляцыі) і папярэднічае інтэнсіўнаму зародкаваму арганагенезу. У працэсе гаструляцыі дэтэрмінацыя і дыферэнцыроўка бластамераў прыводзяць да ўтварэння двух-, а потым трохслойнай сценкі зародка. Залежна ад тыпу яйцаклеткі, спосабу драбнення і віду бластулы гаструляцыя адбываецца шляхам інвагінацыі (выгінанне вегетатыўнага полюса бластулы ўнутр), эпібаліі (нарастанне анімальнай часткі бластулы на вегетатыўную), іміграцыі (высяленне клетак бластадэрмы ў поласць бластулы), дэламінацыі (расшчапленне бластадэрмы на 2 слоі). Трэці зародкавы лісток (мезадэрма) утвараецца з бакавых губ першаснай ротавай адтуліны ці іх аналагаў. У большасці жывёл працэс гаструляцыі камбінаваны; у хордавых у выніку яго фарміруецца восевы комплекс зачаткаў хорды, нерв. і кішачнай трубак.

т. 5, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́ХАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці, у басейне ракі Маларыта, за 17 км на Паўднёвы Захад ад горада Маларыта. Плошча 4,6 км², даўжыня 5,2 км, найбольшая шырыня 2,1 км, найбольшая глыбіня 2,1 м. Плошча вадазбору 291 км².

Катлавіна плоская, сподкападобная, выцягнутая з Паўднёвага Захаду на Паўночны Усход. Берагі нізкія, забалочаныя, на Поўнач і Паўночны Захад сплавінныя. На Усходзе марэнныя ўзгоркі вышынёй 3—4 м. Прыбярэжныя ўчасткі дна высланы пяском, глыбей — сапрапелем. Моцна зарастае. Расліннасць уздоўж берагоў утварае паласу шырынёй 150—200 м, каля заходняга і паўночна-заходнягя берагоў развіваецца сплавіна. Каналамі злучана з ракой Маларыта і возерам Олтушскае. У выніку меліярацыі ўзровень возера знізіўся на 1,5 м.

т. 2, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ (БНА) у Канадзе, бел. грамадская культ.-асв. арг-цыя. Узнікла ў 1952 у выніку расколу Згуртавання беларусаў Канады. У 1953 з царквой імя св. Ефрасінні Полацкай стварыла ў Таронта рэліг. і грамадскі асяродак. Працавала нядзельная школа (1953), Бел. страхавое т-ва «Пагоня» (1954), танц. група. БНА — арганізатар і ўдзельнік сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі (Таронта, 1956 і 1960; Саўт-Рывер, 1958; Нью-Йорк, 1966), удзельнічае ў міжнар. і этнічных фестывалях і канцэртах. У 1960 было адным з заснавальнікаў Каардынацыйнага к-та беларусаў Канады. З 1969 саўладальнік бел. Цэнтра адпачынку «Слуцак». Выдае газ. «Беларускі голас».

Літ.:

Sadouski I.A. A history of the Byelorussians in Canada. Belleville, 1981.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ЛІТАРАТУ́РНА-МАСТА́ЦКАЯ КАМУ́НА»,

літаратурнае аб’яднанне бел. пісьменнікаў. Існавала з вер. 1927 да крас. 1928. Створана ў выніку выхаду з «Маладняка» групы маладых пісьменнікаў. Ініцыятар стварэння П.​Шукайла. Чл.: А.​Атава (Канановіч), П.​Броўка, У.​Варава, Я.​Відук (Я.​Скрыган), Ю.​Лявонны (Л.​Юркевіч), У.​Прыбыткоўскі, Я.​Сукала, М.​Шалай і інш. Існавалі літ. гурткі камуны пры Полацкім і Магілёўскім педтэхнікумах, у вёсках Случчыны і Полаччыны. Захапляліся футурызмам, арыентаваліся на ЛЕФ і творчую практыку У.​Маякоўскага ў форме вонкавага пераймання. Выдала 2 нумары час. «Росквіт» (1927—28). Самаліквідавалася, члены яе зноў увайшлі ў «Маладняк».

Літ.:

Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця: Літ. ўспаміны, сустрэчы, шляхі. Мн., 1979. С. 10—18.

К.​Р.​Хромчанка.

т. 2, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДАВЫ́Я СЛАІ́,

1) у раслін — слаі прыросту драўніны, утвораныя камбіем у выніку сезоннай перыядычнасці яго дзейнасці. Найб. выяўлены ў дрэвавых раслін умераных і халодных паясоў, дзе яны адпавядаюць прыросту драўніны за адзін вегетац. перыяд. Нарастаюць ад цэнтра да перыферыі і складаюцца з дзвюх частак — ранняй (больш светлая, размешчана бліжэй да цэнтра, адкладаецца вясной) і позняй (больш цёмная, адкладаецца летам) драўніны. Бачныя на папярочным зрэзе ствала дрэва ў выглядзе канцэнтрычных гадавых кольцаў.

2) У жывёл — утварэнні ў некаторых тканках (напр., у лусцэ рыб, ракавінах малюскаў, кіпцюрах млекакормячых, хрусталіку іх вока), якія штогод адкладаюцца і працягла (часам усё жыццё) захоўваюцца. Адлюстроўваюць сезонныя змены тэмпу росту тканкі, што дазваляе вызначаць узрост асобін.

т. 4, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)