МАТУСЕ́ВІЧ (Яўген Вячаслававіч) (н. 1.9.1949, в. Ратамка Мінскага р-на),

бел. філосаф і палітолаг. Канд. філас. н. (1989). Скончыў БДУ (1973), працаваў у Бел. тэхнал. ін-це. З 1990 у Мінскім дзярж. лінгвістычным ун-це (у 1990—94 заг. кафедры). З 1997 дырэктар Ін-та сац.-паліт. даследаванняў пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па праблемах сац.-паліт. развіцця грамадства, функцыянавання паліт. ін-таў, ажыццяўлення паліт. улады і інш. Адзін з аўтараў падручніка для ВНУ па паліталогіі.

т. 10, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЧНІКАЎ (Леў Ільіч) (30.5.1838, С.-Пецярбург — 30.6.1888),

расійскі географ і сацыёлаг. Брат І.І.Мечнікава. Адзін з аўтараў працы «Землеапісанне для народу» (Жэнева, 1868). У 1874—76 чытаў лекцыі па рус. мове ў Такійскім ун-це і вывучаў Японію. З 1876 быў памочнікам Э.Рэклю па стварэнні працы «Усеагульная геаграфія. Зямля і людзі». У 1881 апублікаваў даследаванне пра Японію, у 1889 — працу «Цывілізацыя і вялікія гістарычныя рэкі» (абодва на франц. мове), дзе выказаў тэорыю развіцця цывілізацый пад уплывам спрыяльных прыродных фактараў.

т. 10, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЛІВА́ЙКА (Аляксандр Міхайлавіч) (н. 20.10.1922, в. Вязычын Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. літаратуразнавец, крытык. Канд. філал. н. (1954). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1951). У 1954—99 працаваў у Бел. дзярж. пед. ун-це імя М.​Танка. Аўтар манаграфіі «Аповесць Якуба Коласа «Дрыгва» (1959), вучэбнага дапаможніка «Беларуская савецкая літаратура» (1979), адзін з аўтараў падручніка «Беларуская літаратура» (1971, з Т.​Бурэйка). Складальнік «Хрэстаматыі па беларускай дзіцячай літаратуры» (1966, у сааўт.), «Хрэстаматыі па беларускай савецкай літаратуры» (ч. 1—2, 1984).

т. 11, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМА́ДА, Нарбада,

рака ў Індыі. Даўж. 1250 км (па інш. звестках каля 1400 км), пл. басейна каля 102 тыс. км². Пачынаецца на схілах хр. Майкал, цячэ ў глыбокай даліне па паўн.-зах. частцы Дэканскага пласкагор’я. Упадае ў Камбейскі зал. Аравійскага м., утварае эстуарый. Сярэдні расход вады 1260 м³/с, макс. ў час летніх мусонных дажджоў. У ніжнім цячэнні выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ў эстуарыі. У даліне Н. — г. Джабалпур. Н. — «свяшчэнная» рака індусаў, прываблівае шмат паломнікаў.

т. 11, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАРА́ГУА (Nicaragua),

возера на тэр. дзяржавы Нікарагуа, буйнейшае ў Цэнтр. Амерыцы. Пл. 8430 км², даўж. да 160 км, шыр. да 70 км, глыб. да 70 м, узровень вагаецца па сезонах года. Размешчана ў тэктанічнай упадзіне — грабене на выш. 32 м. Злучана р. Тыпітапа з воз. Манагуа, сцёк па р. Сан-Хуан у Карыбскае м. (магчыма, у старажытнасці Н. было яго залівам, бо захавалася марская фауна). Берагі нізкія, на в-ве Аметэпе аднайм. вулкан (выш. 1556 м). Суднаходства, рыбалоўства.

т. 11, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАВО́Е АЦЯПЛЕ́ННЕ,

від цэнтральнага ацяплення памяшканняў сухой насычанай парай, якая падаецца па параправодах ад паравога катла ў ацяпляльныя прылады. Адрозніваюць вакуум-паравыя (ціск пары ніжэйшы за атмасферны), нізкага (ціск да 0,17 МПа) і высокага (больш за 0,17 МПа) ціску сістэмы П.а., якія бываюць 1- і 2-трубныя. П.а. забяспечвае хуткае награванне памяшканняў, але па сан.-гігіенічных якасцях саступае вадзяному. Асн. недахоп — высокая т-ра пары (100 °C і вышэй). Выкарыстоўваецца ў грамадскіх, камунальна-быт. і прамысл. памяшканнях.

т. 12, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РКЕР ((Parker) Роберт) (н. 24.5.1934, г. Шросберн, штат Масачусетс, ЗША),

касманаўт ЗША. Д-р навук па астраноміі (1962). Скончыў Каліфарнійскі тэхнал. ін-т (1962). З 1967 у групе касманаўтаў НАСА. Дырэктар офіса НАСА у Лабараторыі рэактыўнага руху. Удзельнічаў у забеспячэнні палётаў па праграмах «Апалон» і «Скайлэб». 28.11—8.12.1983 і 2—11.12.1990 здзейсніў палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў «Спейс шатл» («Калумбія»). Правёў у космасе 19,5 сут. Залатыя медалі НАСА «За выключныя навуковыя дасягненні», «За выдатнае кіраўніцтва».

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 12, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТА́ЎСКАЯ МІКАЛА́ЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры псеўдарус. стылю ў г. Паставы Віцебскай вобл. Пабудавана ў 1894 з цэглы на цэнтр. плошчы горада. Асн. прамавугольны ў плане аб’ём храма выцягнуты па папярочнай восі. Да яго прымыкаюць закругленая апсіда, дадатковы аб’ём і бабінец з ганкам. Па баках апсіды і бабінца размешчаны дапаможныя памяшканні. Асн. аб’ём завершаны 5-купаллем, бабінец — шатровай званіцай з галоўкай. У дэкоры фасадаў выкарыстаны какошнікі, арнаментальныя паяскі, ліштвы, паўцыркульныя нішы.

Т.​В.​Габрусь.

Пастаўская Мікалаеўская царква.

т. 12, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ХТА,

1) старадаўняе ўкраінскае жаночае паясное адзенне. Адзявалася паверх больш доўгай кашулі ў выглядзе спадніцы. Складалася з 2 сшытых па даўжыні да палавіны полак. П. перагіналася і насілася так, каб сшытая ч. ляжала ззаду, а нясшытая свабодна звісала па абодвух баках (або падгортвалася). Шылі з рознакаляровай, пераважна ваўнянай, тканіны. Спераду П. закрывалася фартухом.

2) У зах. абласцях Украіны — верхняя адзежына з палатна.

3) У зах. і ўсх. славян — кавалак тканіны, прасцірадла.

4) У палякаў, лужычан, славакаў — плашчападобная адзежына.

т. 12, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАНІ ((Polanyi) Джон Чарлз) (н. 23.1.1929, Берлін),

канадскі фізікахімік. Чл. Канадскага каралеўскага т-ва (1966), Лонданскага каралеўскага т-ва (1971). Скончыў Манчэстэрскі ун-т (1949, д-р філасофіі 1952). З 1956 ва ун-це Таронта (з 1962 праф.). Навук. працы па хім. кінетыцы. Развіў новы кірунак у галіне дынамікі элементарных хім. працэсаў (1960—70-я г.). Распрацаваў метад вызначэння энергет. стану прадуктаў рэакцыі па вельмі слабым інфрачырвоным выпрамяненні асобных малекул. Нобелеўская прэмія 1986 (разам Лі Янам і Д.Р.Хершбахам).

т. 12, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)