КУРС у эканоміцы,

фактычны (у адрозненне ад намінальнага) кошт, па якім на фондавых біржах ажыццяўляюцца здзелкі па куплі-продажы каштоўных папер. К. аблігацый — кошт, па якім прадаюцца і купляюцца аблігацыі дзярж. пазык. Намінальны кошт аблігацый вызначаецца пры іх выпуску. Ён уключаецца ў дзярж. доўг і выплачваецца трымальнікам аблігацый у момант пагашэння. Для продажу аблігацый банкам дзяржава вызначае эмісійны (гл. Эмісія) кошт, які звычайна ніжэйшы за намінальны. Рыначны курс (кошт) аблігацый вызначаецца шляхам каціроўкі на рынку крэдытных капіталаў і друкуецца ў біржавых бюлетэнях. К. акцый — прадажны кошт акцый. Вызначаецца на фондавай біржы. Ва ўмовах свабоднага рынку ён не з’яўляецца пастаяннай велічынёй, а залежыць ад попыту і прапановы на дадзены від акцый. У перыяды крызісаў К.а. падаюць, у перыяды эканам. уздымаў павышаюцца. Гл. таксама Валютны курс.

т. 9, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ САБО́РНАЯ ПЛО́ШЧА,

горадабудаўнічы ансамбль канца 18—1-й пал. 19 ст. ў Магілёве (цяпер плошча перад гасцініцай «Дняпро» па вул. Першамайскай). Створана паводле праекта арх. М.​Львова і В.​Стасава. Плошча ў плане мела форму эліпса. Кампазіцыйным цэнтрам яе быў Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, па баках яго знаходзіліся 1-павярховыя флігелі з вежамі-ратондамі, злучаныя з саборам мураванай сцяной з металічнымі ажурнымі кратамі. Насупраць сабора ў 1780 пабудавана манум. брама з 2 невял. флігелямі па баках (звязаны з брамай такой жа агароджай). У 1820—30-я г. ансамбль плошчы завершаны будынкам манежа, за ім разбіты гар. сквер (паводле праекта Стасава). Плошча атрымала замкнёную кампазіцыю і стала гал. кампазіцыйным цэнтрам горада. Ансамбль плошчы не захаваўся.

Т.​І.​Чарняўская.

Магілёўская Саборная плошча. З акварэлі 18 ст.

т. 9, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХА́ЙЛАЎ Аляксандр Аляксандравіч (26.4.1888, г. Маршанск Тамбоўскай вобл., Расія — 29.9.1983),

расійскі астраном і гравіметрыст. Акад. АН СССР (1964; чл.-кар. 1943). Герой Сац. Працы (1978). Скончыў Маскоўскі ун-т (1911), дзе і працаваў з 1914 (у 1918—48 праф.). З 1947 у Гал. астр. абсерваторыі АН СССР (да 1964 дырэктар). У 1939—62 старшыня Астр. савета АН СССР, у 1934—60 прэзідэнт Усесаюзнага астранома-геад. т-ва. Навук. працы па тэорыі зацьменняў, тэорыі фігуры Зямлі, складанні зорных карт і каталогаў. Распрацаваў тэорыю зацьменняў Сонца, перадвылічыў абставіны 8 зацьменняў, праходжання планет па дыску Сонца, пакрыцця зорак Месяцам і інш. Удзельнік многіх гравіметрычных даследаванняў і экспедыцый па назіранні сонечных зацьменняў.

Тв.:

Теория затмений. 2 изд. М., 1954;

Звездный атлас, содержащий звезды до 8,25 величины. 3 изд. Л., 1969.

Аляксандр Аляксандравіч Міхайлаў.

т. 10, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОВАЧАРКА́СКІЯ ПАДЗЕ́І 1962, Новачаркаскі расстрэл,

узброенае задушэнне 2 чэрв. стыхійных мітынгаў і дэманстрацый (1—3 чэрв.) рабочых г. Новачаркаск Растоўскай вобл. (Расія). Рабочыя пратэставалі супраць павышэння цэн на прадукты харчавання (мяса, малако, масла і інш.) на 25—30%, абвешчанага 31.5.1962 пры амаль адначасовым зніжэнні расцэнак аплаты працы. У ходзе аперацыі па «навядзенні парадку» з удзелам войск Паўн.-Каўк. ваен. акругі забіты 23 чал., 39 паранены. Потым адбыліся масавыя арышты. Па Н.п. было ўзбуджана 57 крымін. спраў, па якіх асуджана 114 чал. Вярх. суд РСФСР 14 чал. прызнаў арганізатарамі хваляванняў; 7 чал. прыгавораны да расстрэлу, астатнія да пазбаўлення волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў. Выступленні супраць павышэння цэн адбыліся ў шэрагу інш. прамысл. цэнтраў СССР.

Літ.:

Мардарь И. Хроника необъявленного убийства. Новочеркасск, 1992.

т. 11, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́РХНЕВЫЯ ХВА́ЛІ,

хвалі, якія ўзнікаюць і распаўсюджваюцца па свабоднай паверхні вадкасці або па паверхні падзелу дзвюх вадкасцей, што не змешваюцца.

Узнікаюць з прычыны знешняга ўздзеяння, якое выводзіць паверхню вадкасці са стану раўнавагі. Пры гэтым узнікаюць сілы, дзеянне якіх прыводзіць да ўзнаўлення раўнавагі паверхні вадкасці. У залежнасці ад прыроды гэтых сіл адрозніваюць П.х.: капілярныя (абумоўлены сіламі паверхневага нацяжэння, уздзеянне якіх найб. істотнае пры малых даўжынях хваль), гравітацыйныя (абумоўлены сіламі цяжару; істотныя для вял. даўжынь хваль), гравітацыйна-капілярныя. У П.х. адначасова маюць месца падоўжныя і папярочныя ваганні часцінак вадкасці, якія рухаюцца па эліптычных ці больш складаных траекторыях. Прычыны ўзнікнення гравітацыйных П.х.: прыцяжэнне валкасці Сонцам і Месяцам (гл. Прылівы і адлівы), рух цел паблізу ці на паверхні вады (карабельныя хвалі) і інш. Найб. пашыраны ў прыродзе ветравыя хвалі.

т. 11, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖА́РНЫ НАГЛЯ́Д,

сістэма мерапрыемстваў па нагляду за выкананнем правіл і норм пажарнай бяспекі. Ажыццяўляюць дзярж. органы П.н., якія праводзяць пажарна-тэхн. абследаванне прадпрыемстваў, устаноў і арг-цый, робяць заключэнне аб наяўнасці парушэнняў і даюць рэкамендацыі па іх ліквідацыі і ўзмацненні проціпажарнай аховы аб’ектаў, распрацоўваюць і зацвярджаюць правілы пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі збудаванняў і правядзенні буд. работ; таксама накладаюць спагнанні за парушэнні правіл і патрабаванняў пажарнай бяспекі: часова прыпыняюць ці забараняюць эксплуатацыю прамысл. аб’ектаў (асобных памяшканняў, абсталявання), што працуюць з парушэннямі, выпуск і рэалізацыю прадукцыі, якая не адпавядае проціпажарным патрабаванням. На Беларусі П.н. ажыццяўляе Мін-ва па надзвычайных сітуацыях (створана ў 1999), якому падпарадкаваныя тэр. (абл.) і мясц. органы (пажарныя аварыйна-выратавальныя атрады, часці і пасты ў гарадах, раёнах, на асобных аб’ектах).

А.​С.​Гардзяюк, А.​П.​Герасімчык, В.​Ф.​Трапашка.

т. 11, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕЦЮХО́Ў Уладзімір Анесціевіч (н. 17.12.1944, с. Ендавішча Сямілуцкага р-на Варонежскай вобл., Расія),

бел. фізік і дзярж. дзеяч. Д-р фіз.-матэм. н. (1993), праф. (1994). Скончыў БДУ (1966). З 1970 у Брэсцкім пед. ін-це (з 1985 заг. кафедры, з 1991 прарэктар). У 1996—99 старшыня пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы Вярх. Савета (з 1996 Палаты прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь). З 1999 рэктар Брэсцкага ун-та. Навук. працы па класічнай і квантавай тэорыі поля, тэорыі рэлятывісцкіх хвалевых ураўненняў. Аўтар навуч. дапаможнікаў па фізіцы.

Тв.:

Геометриэованная SU(3)-калибровочная теория в решеточном пространстве (разам з В.​І.​Стражавым) // Теорет. и мат. физика. 1991. Т. 87, № 2;

К описанию дираковских частиц посредством тензорных полей // Докл. АН Беларуси. 1993. Т. 37, № 5.

М.​П.​Савік.

т. 12, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУСВЕ́ТНЫ ФОНД ДЗІ́КАЙ ПРЫРО́ДЫ (World Wildlife Fund; ВВФ),

міжнародная грамадская арганізацыя, асн. мэта якой — збор сродкаў для здзяйснення канкрэтных праектаў па ахове дзікіх жывёл і прыродных згуртаванняў. Засн. ў 1961. Штаб-кватэра ў г. Глан (Швейцарыя). Аддзяленні ў 27 краінах. Арганізуе мерапрыемствы (пераважна ў краінах, якія развіваюцца), фінансуе навук. экспедыцыі, арэнду зямель для стварэння ахоўных тэр. і інш. Напр., на сродкі і пры садзейнічанні фонду створаны нац. парк Ману ў вярхоўях р. Амазонка (Перу), Біял. станцыя імя Ч.​Дарвіна на в-ве Санта-Крус (архіпелаг Галапагас), марскія запаведнікі, праведзены мерапрыемствы па ратаванні дажджавых лясоў в-ва Суматра (Інданезія). Фонд вядзе агітац. і асв. дзейнасць, выдае штогоднік «World Wildlife» і газ. «WWF-news», кнігі, плакаты і інш. Для ўзнагароды дзеячаў па ахове прыроды засн. «Залаты медаль».

Эмблема Сусветнага фонду дзікай прыроды.

т. 15, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫ́ПЛІН (Tripplin) Тэадор (1813, г. Каліш, Польшча — 25.1.1881),

польскі пісьменнік, падарожнік, лекар; удзельнік паўстання 1830—31. У 1831—40 вывучаў медыцыну ва універсітэтах у Кёнігсбергу і Манпелье. Д-р медыцыны (1840). Падарожнічаў па Еўропе і Паўн. Афрыцы. У 1849—56 жыў у Варшаве. Атрымаў вядомасць як аўтар аповесці «Пан Зыгмунт у Іспаніі» (т. 1—4, 1852) і «Успамінаў аб падарожжы ў Данію, Нарвегію, Англію, Партугалію і ў дзяржаву мараканскую» (1844) і інш. У 1856 наведаў Беларусь. Па дарозе з Беластока ў Вільню спыняўся ў Гродне; жыў у доме кн. Чацвяртынскага, наведваў прыватны музей у горадзе, у якім захоўваліся карціны, малюнкі, стараж. зброя. У 1858 у Вільні выйшаў яго дзённік падарожжа па Беларусі і Жамойці.

Літ.:

Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980.

В.​В.​Грынявецкі.

т. 16, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛЁРАЎ Іван Андрэевіч (24.3.1905, в. Двурэчкі Ліпецкай вобл., Расія — 7.10.1941),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Ваен. акадэмію імя Дзяржынскага (1941). У Чырв. Арміі з 1932. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну капітан Ф. камандзір асобнага мінамётнага дывізіёна рэактыўнай артылерыі на чале першай у Чырв. Арміі эксперыментальнай батарэі, якая 14.7.1941 упершыню нанесла ўдары па ворагу з рэактыўных установак БМ-13 («кацюш») на чыг. ст. Орша і па пераправах цераз Дняпро і Аршыцу. Трапіўшы ў акружэнне, дывізіён з баямі прайшоў больш за 200 км па тылах ворага, але ў ноч на 7 кастр. ў час няроўнага бою на Смаленшчыне сав. воіны, расстраляўшы ўвесь боезапас, падарвалі сакрэтную зброю. У г. Орша створаны мемар. комплекс «Кацюша», у в. Пішчалава Аршанскага р-на пастаўлены помнік.

т. 16, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)