ГНЕ́ЙЗЕНАЎ (Gneisenau) Аўгуст Вільгельм Антон (27.10.1760, Шыльдаў, каля г. Торгаў, Германія — 23.8.1831),

прускі палкаводзец. Генерал-фельдмаршал (1825). Граф фон Нейдгарт (1814). Скончыў Эрфурцкі ун-т. Служыў у арміях Аўстрыі (1778—80), ням. княства Ансбах (1780—86) і Прусіі (з 1786). У 1807 камендант крэпасці Кольберг (цяпер г. Калобжэг, Польшча), кіраваў яе абаронай ад франц. войск да заключэння Тыльзіцкага міру 1807. Пасля паражэння Прусіі працаваў у камісіі па рэарганізацыі прускай арміі. З 1813 генерал-кватэрмайстар, нач. штаба Сілезскай арміі ген. Г.Блюхера. Здзейснены паводле задумы Гнейзенава манеўр прускай арміі садзейнічаў перамозе каля Ватэрлоо (1815). З 1818 губернатар Берліна і член Дзярж. савета Прусіі.

т. 5, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛАД Дзмітрый Сцяпанавіч (н. 17.9.1932, в. Перароўскі Млынок Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны-геабатанік. Д-р біял. н. (1995). Акад. Лясной акадэміі навук Украіны (1996). Скончыў Бел. тэхнал. ун-т (1957). З 1959 у Ін-це эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па геабат. картаграфаванні, фарміраванні аптымальнай сеткі ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў, тыпалагічным і эколагагеаграфічным аналізе размяшчэння, фарміравання і сучаснага стану расліннага покрыва Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.

Тв.:

Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979 (разам з І.​Д.​Юркевічам, У.​С.​Адзярыхам);

Рекреационные ресурсы бассейна Нарочи и их использование. Мн., 1989 (разам з І.​Д.​Юркевічам, Я.​Л.​Красоўскім).

т. 5, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛОС НИ́ЗА»,

рукапісны літаратурна-грамадскі часопіс. Выдаваўся ў 1911 у г. Капыль (Мінская вобл.) на рус. мове гуртком «Самаразвіццё і самаадукацыя». Захаваліся № 1, 2, 3, 10. У іх супрацоўнічалі З.​Жылуновіч (рэдактар першых нумароў, псеўд. Шулятнік, Капылянін), А.​Гурло (псеўд. Л.​Эхо), Х.​Чарнышэвіч (псеўд. Н.​Буржэнін), Дз.​Чарнушэвіч (псеўд. Ф.​Стрэмаў). Змешчаныя ў часопісе літ. творы маюць гісторыка-пазнавальнае значэнне, у іх перададзена імкненне нар. мас да свабоды і сац. справядлівасці. У публіцыст. артыкулах паказвалася сац.-эканам. і паліт. жыццё, крытыкавалася царскае самадзяржаўе. Да № 1—3 выдаваўся літ. дадатак на бел. мове «Вольная думка» (вядомы па ўрыўках).

А.​М.​Клачко.

т. 5, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛЬДШМІТ (Goldschmidt) Віктар Морыц (27.1.1888, г. Цюрых, Швейцарыя — 20.3.1947),

нарвежскі геахімік, адзін з заснавальнікаў геахіміі. Замежны чл.-кар. АН СССР (1924). Вучыўся ў ун-тах Вены, Мюнхена і Осла (1905—11). З 1914 праф. і дырэктар Мінералагічнага ін-та ў Осла. З 1928 у Гётынгенскім ун-це, у 1935—42 і з 1946 дырэктар Геал. музея ў Осла. Навук. працы па фіз. хіміі мінералагенезісу, крышталяхіміі і хіміі мінералаў, горных парод і зямной кары. Сфармуляваў «мінералагічнае правіла фаз» (1911), законы ўтварэння крышт. структур, асновы тэорыі геахім. пашырэння элементаў (1923). Распрацаваў геахім. класіфікацыю хім. элементаў, даследаваў распаўсюджанне рэдкіх элементаў у зямной кары.

А.​П.​Чарнякова.

т. 5, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАГА КАМЕРЦЫ́ЙНАГА БА́НКА БУДЫ́НАК,

помнік грамадзянскай архітэктуры гістарызму. Пабудаваны ў 1901 (арх. С.​Шабунеўскі) у стылі ампір. Рэканструяваны ў 1947. Мураваны 3-павярховы Г-падобны ў плане будынак. Фасады падзелены прафіляваным карнізным поясам на 2 ярусы: ніжні вырашаны ў выглядзе цокаля з руставанымі прасценкамі паміж прамавугольнымі аконнымі праёмамі, верхні — рытмічна завершаныя маскаронамі складаныя па форме картушы пілястраў, паміж якімі размешчаны нішы з 2 парамі прамавугольных праёмаў. Паміж 2-м і 3-м паверхамі скульпт. ўстаўкі з раслінным арнаментам. Балконы 3-га паверха ўпрыгожаны каванай агароджай. Цэнтр гал. фасада вылучаны рызалітам, гал. ўваход — паўкалонамі іанічнага ордэра.

В.​М.​Чарнатаў.

Гомельскага камерцыйнага банка будынак.

т. 5, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ КАМІТЭ́Т ДЭЛЕГА́ТАЎ, Камітэт саюза чыгуначнікаў Гомельскага раёна,

стачачны к-т, які кіраваў рэв. барацьбой працоўных Гомеля ў час Снежаньскага паўстання 1905. Дзейнічаў з 21.12.1905 па 1.1.1906. Утвораны на мітынгу рабочых і служачых Лібава-Роменскай чыг., дэпо і ст. Гомель-Палескі ў час усеаг. забастоўкі. Стварыў баявую дружыну, скінуў мясц. ўладу, кантраляваў працу чыг. тэлеграфа. Узяў на сябе ахову грамадскага парадку, абарону насельніцтва ад чарнасоценцаў. Устанавіў цесныя сувязі з забастовачным к-там ст. Жлобін. Заклікаў да забастоўкі ўсе чыг. станцыі, у выніку якой быў спынены рух на Палескай і Лібава-Роменскай чыг. 11 дзён трымаў пад кантролем горад і чыг. вузел. Спыніў дзейнасць пасля падаўлення забастоўкі.

т. 5, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЯ АБЛО́ГА 1651.

Праводзілася ўкр. Казакамі 3—9.6.1651 у час народна-вызваленчай вайны 1648—54. Палкоўнік М.Нябаба накіраваў да Гомеля каля 8 тыс. казакоў (сярод іх было шмат бел. сялян). 3 чэрв. казакі падышлі да Гомеля, пяхота (3 тыс. чал.) выкапала шанцы, конніца разгрупавалася па вёсках. На дапамогу абаронцам і для дастаўкі харчавання Я.​Радзівіл паслаў некалькі соцень чалавек. У ноч на 5 чэрв. пачаўся штурм горада, але абаронцы адкінулі казакоў ад агароджы. Няўдала для казакоў скончыліся і ўсе наступныя 15 штурмаў, праведзеных атрадамі Літвіненкі і Паповіча. 9 чэрв. казакі атрымалі загад Нябабы вяртацца і спешна адышлі ад Гомеля.

В.​І.​Мялешка.

т. 5, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РСКІ Канстанцін Канстанцінавіч (13.6.1859, г. Ліда Гродзенскай вобл. — 31.5.1924),

скрыпач, кампазітар, педагог. Ігры на скрыпцы вучыўся ў А.​Концкага ў Варшаве. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1881, клас Л.Аўэра), па кампазіцыі займаўся ў М.Рымскага-Корсакава. Выкладаў у муз. вучылішчах Саратава, Харкава, Тбілісі і інш. Канцэртаваў (у 1893 выканаў у Харкаве канцэрт для скрыпкі з аркестрам П.​Чайкоўскага пад кіраўніцтвам аўтара). З 1919 у Польшчы, канцэртмайстар аркестра опернага т-ра ў Познані. Аўтар оперы «Маргер» (паводле У.​Сыракомлі, клавір выд. 1905, паст. 1927), сімф. паэмы, п’ес для скрыпкі і фп., арганнай фантазіі, песень, духоўнай музыкі і інш.

Літ.:

Wrocki E. Konstanty Gorski: Życie i działalność. 1859—1924. Warszawa, 1924.

т. 5, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РЫН Вячаслаў Цімафеевіч (6.2.1931, г. Астрахань, Расія — 2.10.1994),

бел. вучоны ў галіне заатэхніі. Акад. УАСГНІЛ (1973), д-р с.-г. н. (1971), праф. (1972). Скончыў БСГА (1953). З 1964 дырэктар Бел. НДІ жывёлагадоўлі. У 1973—75 — віцэ-прэзідэнт УАСГНІЛ. З 1975 у Расіі. Навук. працы па метадах генетычнай экспертызы паходжання племянной жывёлы, прагназавання гетэрозісу пры міжпародным скрыжаванні свіней, пытаннях эканомікі і арганізацыі жывёлагадоўлі. Адзін са стваральнікаў бел. чорна-пярэстай пароды свіней, спосабаў генетычнай дыягностыкі аскарыдозу ў свіней, генетычнай экспертызы ў малочнай жывёлагадоўлі і інш.

Тв.:

Интенсивный откорм свиней. Мн., 1967;

Интенсификация и специализация животноводства. Мн., 1969 (разам з А.​А.​Гайко. К.​Ф.​Барысаўцом).

т. 5, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РЫНА Яўгенія Дзмітрыеўна (н. 14.7.1923, в. Беразіно Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне селекцыі с.-г. раслін. Д-р с.-г. н. (1982). Скончыла Ленінградскі с.-г. ін-т (1950). З 1956 у Бел. НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па хім. мутагенезе, метадах палікроса, самаплоднасці, біял. асаблівасцях і эфектыўнасці метадаў гетэрозіснай селекцыі і поліплаідыі грэчкі (аўтар сартоў Юбілейная 2, Чарнаплодная, Аніта Беларуская, сааўтар тэтраплоідных сартоў Іскра і Мінчанка).

Тв.:

Крупяные культуры. Мн., 1968 (разам з А.​Н.​Анохіным);

К вопросу о селекции скороспелых сортов гречихи (разам з Т.​А.​Анохінай) // Пути повышения урожайности полевых культур. Мн., 1981. Вып. 12.

т. 5, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)