ПАЛІСПА́СТ (грэч. polyspaston ад polyspastos які нацягваецца многімі вяроўкамі),

грузападымальнае прыстасаванне з некалькіх рухомых і нерухомых блокаў, што агінаюцца канатам (тросам, вяроўкай). Дае значны выйгрыш у сіле. Выкарыстоўваецца як рабочы орган у грузападымальных машынах, а таксама самастойна на буд. і мантажных пляцоўках. Пры неабходнасці П. аб’ядноўваюць з лябёдкай.

Паліспасты: 1 — кратны; 2 — ступенны.

т. 12, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІТЫ́ЧНАЯ КА́РТА СВЕ́ТУ,

геаграфічная карта зямнога шара, на якой паказаны краіны свету, іх сталіцы, буйныя гарады і шляхі зносін. Могуць таксама адлюстроўваць граніцы аўт. утварэнняў у складзе дзяржаў з федэральным уладкаваннем. Сучасная П.к.с. налічвае больш за 200 краін, з іх 192 суверэнныя дзяржавы. У шырокім сэнсе П.к.с. — звод звестак па паліт. геаграфіі свету.

т. 12, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛЬМАВЫ АЛЕ́Й,

тлусты невысыхальны алей з мякаці пладоў алейнай пальмы. Чырвона-аранжавае цвёрдае рэчыва, шчыльн. 921—925 кг/м³ (15 °C), т-ра застывання 31—41 °C. Мае значную колькасць пальміцінавай кіслаты і караціноідаў. Выкарыстоўваюць пераважна для вырабу маргарыну, мыла, свечак, як кампанент змазачных матэрыялаў. З насення алейнай пальмы атрымліваюць пальмаядровы алей — харч. прадукт.

т. 12, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯ́РНЫ ДЗЕНЬ,

перыяд, калі Сонца многія суткі не апускаецца за гарызонт. Бывае на Пн ад Паўн. і на Пд ад Паўд. палярных кругоў. Доўжыцца на 68° паўн. ш. з 27 мая да 19 ліп., на 80° паўн. ш.з 15 крас. да 31 жніўня. На Паўн. полюсе Сонца бывае над гарызонтам 189 сут.

т. 12, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЭ́ЦКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940. Утвораны 15.1.1940 у складзе Беластоцкай вобласці. Цэнтр — в. Парэчча. Скасаваны 25.11.1940 у сувязі з перадачай часткі тэр. раёна з пераважна літоўскім насельніцтвам у Літоўскую ССР; 4 (Ліхачоўскі, Плябанішкаўскі, Парэцкі, Прывалкаўскі) сельсаветы перададзены ў Гродзенскі і 2 (Берштаўскі, Навагрудскі) сельсаветы ў Скідзельскі р-ны.

т. 12, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСІ́ЎНАЯ РАДЫЁЛАКА́ЦЫЯ назіранне (лакацыя) аб’екта па яго ўласным выпрамяненні. Характэрная асаблівасць — скрытнасць работы з-за адсутнасці сігналаў зандзіравання, што перашкаджае выяўленню пасіўных радыёлакацыйных станцый. Адрозніваюць П.р. аб’ектаў з штучным (напр., радыёперадатчыкаў) і натуральным (цеплавым) выпрамяненнем. Выкарыстоўваецца для атрымання радыёлакацыйных карт мясцовасці ў навігацыйных мэтах, выяўлення і вызначэння каардынат паветрана-касм. аб’ектаў і інш.

т. 12, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛАДА́Р,

горад у Казахстане, цэнтр Паўладарскай вобл., порт на р. Іртыш. Засн. ў 1720, горад з 1861. 331 тыс. ж. (1995). Чыг. станцыя. З-ды: нафтаперапр., алюмініевы, трактарны, ліцейна-кавальскі, суднабуд.-суднарамонтны, шынарамонтны і інш.; харч., лёгкая прам-сць. Каля П. канал Іртыш—Караганда. 2 ВНУ. Драм. тэатр. Музеі: краязнаўчы, выяўл. мастацтва.

т. 12, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАКА́Т,

мелкаводны ўчастак рэчышча ракі. Звычайна мае выгляд вала з пакатым схілам, звернутым супраць цячэння, і стромкім — па цячэнні. Утвараецца ў выніку нераўнамернага размыву рэчышча водным патокам і адкладам наносаў, узнікнення верхняй і ніжняй касы. Адрозніваюць П. алювіяльныя і камяністыя (шыверы). П. чаргуюцца з плёсамі, часцей трапляюцца каля вусцяў прытокаў. Перашкаджаюць суднаходству.

т. 12, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РЫ ((Peri) Якопа) (20.8.1561, Рым — 12.8.1633),

італьянскі кампазітар, спявак; адзін з заснавальнікаў жанру оперы. Прадстаўнік т.зв. фларэнційскай камераты (гуртка). Напісаў (з Я.​Корсі) музыку першай оперы «Дафна» (на тэкст паэта А.​Рынучыні; паст. 1597—98; фрагменты музыкі П. не зберагліся), оперы «Эўрыдыка» (паст. 1600; выканаў у ёй партыю Арфея). Аўтар духоўнай музыкі, камерна-вак. твораў.

т. 12, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫСПЕ́РМ (ад перы... + сперма),

назапашаная пажыўная тканка насення раслін, якая ўжываецца зародкам пры прарастанні. У адрозненне ад эндасперму развіваецца з нуцэлуса і мае клеткі з падвоеным (дыплоідным) наборам храмасом. Характэрны для шэрагу кветкавых раслін (напр., гваздзіковыя, лебядовыя, марэнавыя). Наяўнасць П., як і эндасперму, лічыцца прымітыўнай адзнакай, бо зародак у большай ступені залежыць ад навакольных тканак.

т. 12, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)