ГЛУ́ШАК Тамара Сцяпанаўна

(н. 3.1.1927, г. Луганск, Украіна),

бел. мовазнавец-германіст. Д-р філал. н. (1991), праф. (1992). Скончыла 1-ы Маскоўскі пед. ін-т замежных моў (1954). З 1961 у Арэнбургскім пед. ін-це, з 1965 у Мінскім лінгвістычным ун-це (у 1965—77 заг. кафедры). Даследаванні ў галіне параўнальнай граматыкі германскіх моў, распрацоўвае праблемы функцыянальнага плана ням. і часткова англ. моў. Аўтар працы: «Функцыянальная стылістыка нямецкай мовы» (1981), а таксама арт. «Стан і асноўныя напрамкі лінгвастылістычнай праблематыкі ў мовазнаўстве Беларусі» (1979), «Моўная намінацыя і грамадска-культурны працэс» (1991) і інш.

т. 5, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУШАКО́Ў Валерый Ігнатавіч

(н. 1.9.1926, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),

бел. спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. Беларусі (1964). Скончыў Бел. кансерваторыю (1956, клас Я.Віцінга). У 1954—56 саліст Бел. філармоніі, у 1956—78 — Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодае гібкім голасам цёплага тэмбру, майстэрствам стварэння псіхалагічна выразных вобразаў, асабліва лірычнага плана. Сярод роляў у нац. операх: Андрэй, Супонька, Пётр («Калючая ружа», «Калі ападае лісце», «Зорка Венера» Ю.Семянякі), Уронак («Яснае світанне» А.Туранкова), Марцін («Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага); у класічных — Уладзімір Ігаравіч («Князь Ігар» А.Барадзіна), Звездачот, Індыйскі госць («Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава), Юродзівы («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Андрэй («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Фауст («Фауст» Ш.Гуно), Надзір («Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ), дэ Грые, Вертэр («Манон», «Вертэр» Ж.Маснэ), Герцаг, Альфрэд («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), Энца («Джаконда» А.Панк’елі), Рудольф («Багема» Дж.Пучыні).

Літ.:

Загародні Г. Валерый Глушакоў // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967.

А.Я.Ракава.

т. 5, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУШАКО́Ў Васіль Сяргеевіч

(н. 27.7.1924, в. Дзерабуж Смаленскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне аўтамабілетрактарабудавання. Д-р тэхн. н. (1990), праф. (1992). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1957). З 1957 на Мінскім трактарным з-дзе, з 1978 у Бел. аграрным тэхн. ун-це. Навук. працы па ўдасканаленні энергет. установак аўтатрактарнага тыпу і распрацоўцы аптымальных тэмпературных рэжымаў іх эксплуатацыі.

Тв.:

Тракторы и автомобили. М., 1985 (у сааўт.).

т. 5, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУШАКО́Ў Ігар Валер’евіч

(н. 29.12.1953, Мінск),

бел. музыказнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1989). Сын В.І.Глушакова. Скончыў Бел. кансерваторыю (1978). З 1978 рэдактар муз. перадач Бел. тэлебачання, з 1981 супрацоўнік ІМЭФ АН Беларусі, з 1989 выкладае ў Бел. пед. ун-це (з 1991 заг. кафедры). Аўтар манаграфіі «Класічная драма на беларускай опернай сцэне» (1990), рэцэнзій, артыкулаў пра нац. опернае мастацтва, творчых партрэтаў дзеячаў бел. муз. культуры, адзін з аўтараў кн. «Музычны тэатр Беларусі, 1917—1959» (1993).

Н.А.Юўчанка.

т. 5, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУШАКО́Ў Уладзімір Сцяпанавіч

(н. 7.4.1952, г.п. Давыд-Гарадок Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў БДУ (1976—78). Скончыў Літ. ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1982). Працаваў у час. «Нёман» (1979—88). З 1991 у час. «Беларуская думка». Друкуецца з 1974. Піша на рус. і бел. мовах. Аўтар аповесці «Насенне» (1979), раманаў «Цвіценне каліны» (1987), «На кругі свае» (1990), «Расплата» (1993). Яго проза адметная грамадз. адказнасцю, публіцыстычнасцю, уменнем паказаць жыццё ў самых істотных праявах. Вядомы як публіцыст (кн. «Цёплае лісце таполяў», 1984).

т. 5, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУШАНКО́Ў Нічыпар Эмануілавіч

(14.3.1902, в. Зубры Горацкага р-на Магілёўскай вобл. — 20.12.1959),

генерал-лейтэнант авіяцыі (1944). Скончыў пях. школу (1921), школу лётчыкаў (1929), курсы ўдасканалення камсаставу ВПС (1939). У Чырв. Арміі з 1921. Удзельнік вайны ў Іспаніі 1936—39. У Вял. Айч. вайну на Крымскім і Закаўказскім франтах: нам. камандуючага, камандуючы ВПС. Да 1954 камандуючы ВПС ваен. акругі, да 1958 у ваен.-навуч. установах.

т. 5, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУ́ШКАВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА БУДАЎНІ́ЧАГА КА́МЕНЮ,

за 0,7 км на ПдПдЗ ад в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл. — адзіны пункт на Беларусі, дзе крышт. фундамент выходзіць на паверхню. Паклад належыць да верхняга архею — ніжняга пратэразою і прымеркаваны да паўн. ч. Украінскага крышталічнага шчыта. Карысныя выкапні: дробна-, сярэдне-, і буйназярністыя граніты і гранадыярыты, біятытавыя і біятытава-плагіяклазавыя гнейсы. Разведаныя запасы 10.3 млн. м³, перспектыўныя 5,6 млн. м³. Ускрышныя пароды — пяскі, супескі, кара выветрывання і выветраныя крышт. пароды магутнасцю 1,4—9 м. Карысная тоўшча і ўскрышныя пароды абводненыя. Граніты, гранадыярыты і гнейсы прыдатныя на выраб друзу і як напаўняльнікі бетону. Радовішча распрацоўваецца друзавым з-дам (в. Глушкавічы).

А.П.Шчураў.

т. 5, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУ́ШКАВІЧЫ,

вёска ў Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 50 км на ПдЗ ад Лельчыц, 257 км ад Гомеля, 110 км ад чыг. ст. Жыткавічы. 2367 ж., 715 двароў (1996). Друзавы з-д, кар’ер «Граніт» (гл. Глушкавіцкае радовішча будаўнічага каменю). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Царква. Магіла ахвяр фашызму.

т. 5, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУШКО́ Валянцін Пятровіч

(2.9.1908, г. Адэса, Украіна — 1989),

савецкі вучоны; адзін з заснавальнікаў ракетнай тэхнікі і касманаўтыкі. Акад. АН СССР (1958, чл.-кар. 1953). Двойчы Герой Сац. Працы (1856, 1961). Сапраўдны чл. Міжнар. акадэміі астранаўтыкі (1976). Скончыў Ленінградскі ун-т (1929). З 1929 у Газадынамічнай лабараторыі і інш. установах АН СССР. Навук. працы па стварэнні вадкасных ракетных рухавікоў (ВРР) і касм. апаратаў. Канструктар першага ў свеце электратэрмічнага ракетнага рухавіка (1929—33) і першых сав. ВРР (1930—31). Кіраваў распрацоўкай ВРР, што выкарыстоўваліся на сав. ракетах-носьбітах. Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэмія СССР 1967, 1984. Залаты медаль імя К.Э.Цыялкоўскага АН СССР (1958).

Тв.:

Ракеты, их устройство и применение. М.; Л., 1935 (разам з Г.Э.Лангемакам);

Путь к ракетной технике: Избр. тр., 1924—1946. М., 1977.

т. 5, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУШКО́Ў Віктар Міхайлавіч

(24.8.1923, г. Растоў-на-Доне, Расія — 30.1.1982),

украінскі вучоны ў галіне матэматыкі, кібернетыкі і выліч. тэхнікі. Акад. АН Украіны (1961), АН СССР (1964). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Новачаркаскі політэхн. ін-т і Растоўскі ун-т (1948). З 1957 дырэктар Выліч. цэнтра, з 1962 — Ін-та кібернетыкі АН Украіны, якому ў 1982 прысвоена імя Глушкова; віцэ-прэзідэнт АН Украіны (з 1962). Асн. навук. працы па алгебры, эканам. кібернетыцы, тэорыі аўтаматызаваных сістэм кіравання і сістэм штучнага інтэлекту. На аснове створанай ім тэорыі лакальна бікампактных груп рашыў абагульненую 5-ю праблему Гільберта. Пад яго кіраўніцтвам створаны першая ў СССР кіроўная ЭВМ «Днепр», серыя ЭВМ «Мір». Шматпрацэсарныя выліч. комплексы ЕС-2701, ЕС-1766 і інш. Ленінская прэмія 1964. Дзярж. прэмія СССР 1968, 1977. Дзярж. прэмія Украіны 1970. У 1982 у АН Украіны засн. Прэмія імя Глушкова.

Тв.:

Кибернетика, вычислительная техника, информатика: Избр. тр. Т. 1—3. Киев, 1990.

М.П.Савік.

т. 5, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)