СЕЙВА́Л, сайдавы кіт (Balaenoptera borealis),

млекакормячае сям. паласацікавых падатр. бяззубых кітоў. Пашыраны ў морах ад Арктыкі да Антарктыкі.

Даўж. цела дарослых самцоў да 18,8 м, самак да 21 м, маса да 16 т, даўж. нованароджанага 4—5 м. Афарбоўка спіны ад сінявата-чорнай да чорна-шараватай, бруха — ад шэрай да белай. Паднябенне вузкае, белае ці ружовае; па яго баках 300—400 чорных пласцін кітовага вуса выш. да 80 см. Корміцца ракападобнымі, галаваногімі малюскамі, чароднымі рыбамі, напр. сайдай (адсюль другая назва). Нараджае 1 дзіцяня раз у 2 гады. Промысел забаронены з 1980.

Сейвал.

т. 14, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЙСМІ́ЧНАЯ СТА́НЦЫЯ,

установа для бесперапыннай рэгістрацыі ваганняў зямной паверхні пры землетрасеннях, выбухах і інш. з дапамогай сейсмографаў. Вылучаюць апорныя С.с. (рэгіструюць сейсм. сігналы на адлегласці да эпіцэнтра больш за 2 тыс. км) і рэгіянальныя С.с. (на адлегласці да 2 тыс. км). С.с. свету рэгіструюць землетрасенні па адзіным часе — сярэднім Грынвіцкім. У сусв. сетцы С.с. больш за 2 тыс. стацыянарных, у т. л. ў СНД — каля 350 станцый (адзіная сістэма назіранняў). На Беларусі — 1 апорная С.с. «Мінск» у Плешчаніцкай геафізічнай абсерваторыі і 3 рэгіянальныя: «Нарач», «Гомель» (в. Чонкі) і «Салігорск».

В.​Я.​Клюц.

т. 14, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМЯДО́ЛІ,

першае лісце раслін, што развіваецца ў семі на зародку, які яшчэ не дыферэнцыраваны. Па форме, анат. будове і функцыях часта адрозніваюцца ад сапраўднага лісця, што ўтвараецца на конусе нарастання парастка. У хваёвых некалькі С. (2—15), у двухдольных — 2, у аднадольных — 1. Пры надземным прарастанні С. зелянеюць і здольныя да фотасінтэзу (напр., фасоля), пры падземным з’яўляюцца сховішчам для пажыўных рэчываў (напр., дуб), у семі з эндаспермам падаюць пажыўныя рэчывы ў надземную ч. праростка (напр., злакі). Пасля прарастання С. захоўваюцца на расліне часам на працягу некалькіх месяцаў (віды мар’янніку, падалешніку, плюшчу).

В.​М.​Прохараў.

т. 14, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМЯНЕ́НЯ Ігар Мікалаевіч (н. 22.11.1960, Мінск),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі. Д-р мед. н. (2001). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1983), працаваў у ім. З 1995 вучоны сакратар Аддзялення медыка-біял. навук Нац. АН Беларусі. Навук. працы па праблемах касм. экалогіі чалавека, ролі псіхікі ў механізмах захворвання і выздараўлення, функцыян. рэзервах арганізма і шляхах іх мабілізацыі, карэкцыі парушэнняў жыццядзейнасці прыроднымі фактарамі.

Тв.:

Методологическое значение правила исходного состояния в физиологии и медицине // Здравоохранение Беларуси. 1994. № 11;

Системно-кибернетический подход к проблеме социогенеза // Организация и управление. 2000. № 1;

Проблема субфебрилитета: (фундаментальные аспекты). Мн., 2002.

т. 14, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛІКА́ТНЫ БЕТО́Н,

сумесь вапнава-крэменязёмістага вяжучага рэчыва, неарган. запаўняльнікаў і вады; тып бетону. Атрымліваюць тэрмаапрацоўкай у аўтаклаве пры т-ры 175—200 °C. Па ўласцівасцях набліжаны да бетону на партландцэменце (гідраўл. вяжучае рэчыва, найб. распаўсюджаны від цэменту).

У якасці вяжучага рэчыва ў С.б. выкарыстоўваюць танкамолатыя сумесі паветр. (гідраўл.) вапны з матэрыяламі, што маюць крэменязём; запаўняльнікі — прыродныя або штучныя пяскі. Адрозніваюць цяжкія С.б. (шчыльнасць 1800—2200 кг/м³) для вырабу сценавых панэлей і блокаў, элементаў перакрыццяў, лесвічных маршаў і лёгкія (шчыльнасць 300—1800 кг/м³) для буд-ва агараджальных канструкцый, у якасці ўцяпляльніка.

І.​І.​Леановіч.

т. 14, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́СТАЛА (ад грэч. systolē сцісканне, скарачэнне),

рытмічнае сцісканне (звужэнне) поласцей сэрца, якое выклікаецца скарачэннем мышцаў перадсэрдзяў ці жалудачкаў. Адначасова памяншаецца аб’ём крыві, што ў іх знаходзіцца. Пры С. перадсэрдзяў кроў паступае з іх у жалудачкі, пры С. жалудачкаў нагнятаецца ў артэрыяльную сістэму. У чалавека пры рытме 75 скарачэнняў за 1 мін С. перадсэрдзяў доўжыцца 0,1 с, жалудачкаў — 0,3 с, за адну С. сэрца выкідвае ў крывацёк 60—70 мл крыві (сісталічны, ці ўдарны, аб’ём), за суткі — 7,2 тыс. л (больш за 100 тыс. скарачэнняў). Па дзеянні С. процілеглая дыястале. Паслядоўныя С. і дыястала складаюць сардэчны цыкл.

С.​С.​Ермакова.

т. 14, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМАРЖО́К (Morchella),

род сумчатых грыбоў сям. смаржковых. 15 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я і ў Аўстраліі. На Беларусі найчасцей трапляюцца С. канічны (M. conica) і ядомы, або звычайны (M. esculenta). Веснавыя грыбы. Растуць на глебе ў лясах, на высечках, палянах, вогнішчах і інш. з крас. па май.

Пладовае цела — шапка на ножцы выш. 6—15 см. Шапка канічная, сеткава-ячэістая, прырослая да ножкі, унутры полая. Колер ячэек ад шэра-вохрыстага да шакаладна-карычневага. Ножка цыліндрычная, таўшчынёй 2—3 см, белая ці жаўтаватая. Сумкі ў ячэйках, споры эліпсоідныя, гладкія, бясколерныя. Ядомыя.

Смаржок: 1 — канічны; 2 — ядомы.

т. 15, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРАВО́ЙТАЎ Валерый Васілевіч (н. 6.9.1955, г. Магілёў),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Д-р тэхн. н. (2000). Скончыў БДУ (1977). З 1977 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па праблемах машыннай графікі, праграмнага забеспячэння выліч. комплексаў, лічбавай апрацоўкі відарысаў. Распрацаваў мадэлі, метады і алгарытмы для аўтаматызаваных сістэм стварэння лічбавых карт, апрацоўкі і аналізу відарысаў. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1990.

Тв.:

Обработка и отображение информации в растровых графических системах. Мн., 1989 (у сааўт.);

Локальные геометрические методы цифровой обработки и анализа изображений. Мн., 1997.

М.​П.​Савік.

т. 15, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРАДЗЕ́ТКА Яўген Аляксандравіч (н. 1.4.1933, г. Барысаў Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі. Д-р тэхн. н. (1976), праф. (1988). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1957). З 1977 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па тэорыі сістэм аўтаматызаванага праектавання, выліч. геаметрыі і машыннай графікі, тэорыі рухавікоў унутр. згарання (РУЗ). Распрацаваў метады сінтэзу аўтаматызаваных працэсаў праектавання і канструявання ў машынабудаванні, пабудовы нелінейных геам. мадэлей, матэм. апісання лекальных паверхняў, якасна новы прынцып работы РУЗ.

Тв.:

Математическое моделирование лекальных поверхностей Мн., 1984: Элементы вычислительной геометрии. Мн., 1986;

Супердвигатель. Мн., 1997 (у сааўт.).

М.​П.​Савік.

т. 15, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯМЕ́ЙКА Мікалай Іларыёнавіч (25.3.1923, г. Славянск Данецкай вобл., Украіна — 20.4.1945),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Двойчы Герой Сав. Саюза (19.4 і 29.6.1945). Скончыў Варашылаўградскую ваен. авіяц. школу пілотаў і курсы ўдасканалення начсаставу (1942). У Вял. Айч. вайну з 1943 камандзір экіпажа, звяна, эскадрыллі, штурман штурмавога авіяпалка на Паўд., 4-м Укр. і 3-м Бел. франтах. Удзельнік баёў пад Сталінградам, вызвалення Данбаса, Крыма, Украіны, Беларусі (летам 1944 наносіў удары па ням.-фаш. войсках на чыг. лініі Орша—Мінск, а таксама ў Мінскім «катле»). Здзейсніў 227 баявых вылетаў. Загінуў у баі.

М.І.Сямейка.

т. 15, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)