ГАЎРЫ́ЛЬЧЫК Аляксандр Пятровіч (н. 25.12.1935, в. Чырвонабярэжская Слабодка Жлобінскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне тэхналогіі вытворчасці і фізікахіміі торфу. Д-ртэхн.н. (1987). Акад.Міжнар.АН Еўразіі (1996). Скончыў Бел.політэхн.ін-т (1959). З 1962 у Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні фіз.-хім. уласцівасцей торфу і метадах яго рацыянальнага выкарыстання з атрыманнем новых прадуктаў.
Тв.:
Превращения торфа и его компонентов в процессе саморазогревания при хранении. Мн., 1972 (у сааўт.);
Повышение качества торфа как удобрения. Мн., 1978 (у сааўт.);
Превращения торфа при добыче и переработке. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎРЫЛЮ́К Вера Ільінічна (15.7.1904, в. Старасельцы Беластоцкага ваяв., Польшча — 5.12.1986),
майстар маст. саломапляцення; ініцыятар адраджэння традыцый саломкі мастацкай на Беларусі. Працавала на Брэсцкай ф-цы сувеніраў (з 1964). Заснавала там промысел па вырабе маст. і ўжытковых рэчаў з саломкі. Для масавай вытв-сці стварыла шэраг узораў-эталонаў утылітарна-дэкар. вырабаў у спалучэнні з чаротам, ніткамі, дрэвам, скурай (сурвэткі, сумкі, куфэркі і інш.), а таксама дробнай саламянай пластыкі сувенірнага і маст. характару (фігуркі людзей, птушак, жывёл, жанравыя сцэны і інш.). Прадаўжальнікі яе справы — дачка Т.Агафоненка і ўнучка Т.Паўлоўская. Творы захоўваюцца ў бел. і замежных музеях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРА́ФІЯ СУСВЕ́ТНАЙ ГАСПАДА́РКІ,
навука, якая вывучае сукупнасць узаемазвязаных нац. гаспадарак краін свету і іх развіццё ў працэсе міжнароднага падзелу працы. Падзяляецца на геаграфію сусв. прам-сці, сельскай гаспадаркі і знешнеэканам. сувязей. Даследуе асобныя рэгіёны, мацерыкі, блокі (напр., «Еўрапейскі Саюз»), тыпы краін (напр., краіны — экспарцёры нафты); спецыфічны раздзел — эканам. геаграфія Сусветнага ак. Існуюць таксама раздзелы па асобных геагр. аспектах развіцця сусв. эканомікі (напр., праблема ўздзеяння міжнар. падзелу працы на ўнутр. структуру гаспадаркі асобных краін). Галіновыя раздзелы геаграфіі сусветнай гаспадаркі цесна звязаны з комплексам глабальных праблем, напр., геаграфія энергетыкі — з энергасыравіннай праблемай, геаграфія сельскай гаспадаркі — з харч. праблемай, геаграфія знешнеэканам. сувязей — з праблемай адсталасці краін у эканам. развіцці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМАРФАЛАГІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,
карты, якія адлюстроўваюць рэльеф зямной паверхні, яго паходжанне, узрост, формы і іх памеры. Вылучаюць агульныя геамарфалагічныя карты шырокага (комплекснага) зместу і прыватныя, якія складаюцца па асобных (морфаметрычных, структурна-геамарфалагічных і інш.) прыкметах рэльефу, а таксама спецыяльныя, прызначаныя для вырашэння спец. навуковых ці гасп. задач (напр., пры пошуках асобных радовішчаў карысных выкапняў, пры дарожным будаўніцтве і інш.). Для характарыстыкі рэльефу дна акіянаў і мораў складаюць геамарфалагічныя карты падводнага рэльефу. Марфалогію, дынаміку і паходжанне рэльефу берагавой зоны адлюстроўваюць на геамарфалагічнай карце берагоў. На аснове геамарфалагічных картаў складаюць карты геамарфалагічнага раянавання з паслядоўным падзелам тэр. на геамарфалагічныя краіны, правінцыі, вобласці, раёны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ДЫКЕ Аляксандр Фёдаравіч (4.3.1877, Масква — 9.7.1957),
расійскі арганіст, кампазітар, піяніст, педагог. Нар.арт. Расіі (1946). Д-р мастацтвазнаўства (1940). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1898), выкладаў у ёй (праф. з 1909). З 1923 выступаў як арганіст. Аўтар опер на ўласныя лібрэта: «Вірынея» (1916), «Каля перавозу», «Жакерыя» (абедзве 1933), «Макбет» (1947), 3 кантат, 3 сімфоній, канцэртаў для інструмента з аркестрам, у т. л. для аргана (1927), камерна-інстр. ансамбляў, арганных транскрыпцый, рамансаў і песень. Зрабіў каштоўны ўклад у пед. л-ру для фп. Сярод яго вучняў М.Старакадамскі, М.Выгодскі, В.Мяржанаў, С.Дзіжур, Г.Гродберг, Л.Ройзман. Прэмія па кампазіцыі на Міжнар. конкурсе імя А.Рубінштэйна ў Вене (1900). Дзярж. прэмія СССР 1948.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНАГЕАГРА́ФІЯ,
кірунак даследаванняў у галіне біял. навукі, сумежнай паміж генетыкай і біягеаграфіяй. Сфармулявана сав. вучоным А.С.Сераброўскім у 1928—29. Вывучае генетычную гетэрагеннасць прыродных папуляцый і на гэтай аснове генетычную структуру папуляцыі, раскрыццё механізмаў фарміравання, падтрымання і змянення гэтай структуры, што стала пачаткам вывучэння генетыкі папуляцый у прасторы, а таксама выяўленне геагр. пашырэння і, па магчымасці, частот алеляў, адказных за асн. прыкметы і ўласцівасці пэўнага віду арганізмаў. Генагеаграфія высвятляе прычыны пашырэння алеляў. Мае практычнае і прыкладное значэнне пры вызначэнні генафондаў свойскіх жывёл і культ. раслін як адной з асноў пароднага і сартавога раянавання і селекцыі, а таксама ў генетыцы чалавека, асабліва ў мед. генетыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНАТЫПІ́ЧНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ, генетычны фон,
комплекс генаў, якія ўплываюць на праяўленне ў фенатыпе (структурах і функцыях арганізма) канкрэтнага гена або генаў. Тэрмін «генатыпічнае асяроддзе» ўведзены С.С.Чацверыковым (1926). Разам з уяўленнем аб плеятрапіі адлюстроўвае сістэмнасць і адзінства генатыпа, існаванне розных, часта складаных узаемадзеянняў паміж генамі, якія ўваходзяць у яго склад. Рэальна генатыпічнае асяроддзе ўяўляе сабой увесь генатып (за выключэннем генаў, што аналізуюцца), кожны ген можа праяўляцца па-рознаму ў залежнасці ад таго, у якім, генатыпічнае асяроддзе ён знаходзіцца. Паняцце генатыпічнае асяроддзе ўжываецца пры аналізе эвалюцыйнага працэсу, тлумачэнні існавання т.зв. генаў-мадыфікатараў і палігенаў, у селекцыі, асабліва пры вывучэнні колькасных прыкмет, для эфектыўнага адбору на працягу многіх пакаленняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕАЛО́ГІЯў генетыцы і селекцыі , сукупнасць звестак пра паходжанне пэўнай асобіны ці групы асобін жывёл або раслін. Дапамагае вызначыць бацькоў і больш аддаленых продкаў, ад якіх узніклі пэўныя сарты ці гібрыды раслін, пароды жывёл. Па генеалогіі сорту (гібрыда) каштоўных раслін вядзецца сістэматычны ўлік, дзе фіксуюцца ўсе бацькоўскія пары, што прымалі ўдзел пры стварэнні новага сорту, з указаннем года скрыжавання, асн. вартасцей зыходных асобін і атрыманых гібрыдаў. На аснове запісаў складаюцца генеалагічныя каталогі сорту (гібрыда). У жывёлагадоўлі існуе сістэма племянных кніг, заводскіх і селекцыйных запісаў. Метад складання генеалогіі выкарыстоўваюць і ў генетыцы чалавека для высвятлення характару спадчыннага наследавання нармальных або паталагічных прыкмет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛЬНЫ САКРАТА́Р ААН,
галоўная адм. асоба ў сістэме Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, узначальвае Сакратарыят ААН. Назначаецца Ген. Асамблеяй ААНпа рэкамендацыі Савета Бяспекі на 5 гадоў (можа быць назначаны паўторна). Удзельнічае ў пасяджэннях гал. органаў ААН (апрача Міжнар. суда), прадстаўляе Ген. Асамблеі штогоднія справаздачы аб рабоце ААН, даводзіць да ведама Савета Бяспекі любыя пытанні, звязаныя з пагрозай міжнар. міру і бяспецы, выступае пасрэднікам у вырашэнні міжнар. спрэчак і інш.
Генеральны сакратар ААН: Т.Х.Лі (Нарвегія, 1946—53), Д.Я.Хамаршэльд (Швецыя, 1953—61), У Тан (М’янма, 1961—71), Х.Вальдгайм (Аўстрыя, 1972—81), Х.Перэс дэ Куэльяр (Перу, 1982—91), Б.Бутрас-Галі (Егіпет, з 1992—96), К.Анан (Гана, з 1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́СІМАЎ Міхаіл Міхайлавіч (15.9.1907, г. С.-Пецярбург — 21.7.1970),
савецкі антраполаг, археолаг і скульптар. Д-ргіст.н. (1956). У 1950—70 у Ін-це этнаграфіі АНСССР. Адкрыў і даследаваў верхнепалеалітычную стаянку Мальта (за 85 км ад Іркуцка, Расія). Распрацаваў метад узнаўлення твару чалавека па чэрапе і зрабіў рэканструкцыі прадстаўнікоў пітэкантрапаў, сінантрапаў, неандэртальцаў і інш.стараж. людзей, партрэты гіст. дзеячаў Яраслава Мудрага, Андрэя Багалюбскага, Івана Грознага, Цімура, Улугбека, Рудакі і інш. Метад Герасімава шырока выкарыстоўваецца ў крыміналістыцы. Дзярж. прэмія СССР 1950.
Тв.:
Раскопки палеолитической стоянки в с. Мальте // Палеолит СССР. М.; Л., 1935;