ГЛОГ

(Crataegus),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 1000 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца 2 дзікарослыя віды: глог адагнутачашалісцікавы (C. curvisepala), глог аднапесцікавы (С. monogyna). Растуць на схілах у далінах рэк і катлавінах азёр, у хмызняках, мяшаных лясах і на ўзлесках. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукавана каля 140 відаў, 25 формаў і сартоў. На азеляненне выкарыстоўваюцца каля 20 відаў.

Лістападныя, рэдка шматгадовазялёныя кусты і невял. дрэвы выш. да 15 м, з парасткамі, укрытымі калючкамі даўж. 0,5—15 см. Лісце ад суцэльнага да перыста-лопасцевага і перыста-рассечанага. Кветкі двухполыя, пераважна белыя або ружова-белыя (у садовых формаў іншы раз ружовыя або чырвоныя), у паўпарасонікавых або шчыткападобных суквеццях. Цвітуць у канцы мая — пачатку чэрвеня. Плады яблыкападобныя, чырв., амаль чорныя, жоўтыя або зеленавата-жоўтыя, выспяваюць у вер. — кастрычніку. Дэкар., фітамеліярац., вітамінаносныя, харч., тэхн., меданосныя і лек. (экстракт з пладоў або настой з кветак выкарыстоўваюць пры сасудзістых захворваннях) расліны. Плады многіх відаў ядомыя, корм для птушак і звяроў. Размнажаюцца насеннем і атожылкамі. Выкарыстоўваецца як дэкар. ў адзіночных і групавых пасадках, для стварэння жывых агароджаў, узлескаў, падлеску, замацавання яроў і адхонаў.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛО́ГЕР (Gloger) Зыгмунт

(3.11.1845, в. Камёнка Ломжынскага пав. Аўгустоўскай губ., Польшча — 15.8.1910),

польскі археолаг, этнограф, гісторык, фалькларыст. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це. Скончыў Кракаўскі ун-т (1870). З 1870 у маёнтку Яжэва пад Тыкоцінам. Зрабіў шмат фалькл.-этнагр. і краязнаўчых экспедыцый па Польшчы, Беларусі, Літве. Асн. працы: «Вясельныя ўрачыстасці» (1869, пад псеўд. Прускі; змясціў бел. матэрыялы з Брэсцкага і Трокскага паветаў), «Кніга рэчаў польскіх» (1896), «Польскі год у жыцці, традыцыі і песні» (1900), «Гістарычная геаграфія зямель даўняй Польшчы» (1900, змешчаны матэрыялы пра ВКЛ, Беларусь), «Драўлянае будаўніцтва і вырабы з дрэва ў даўняй Польшчы» (т. 1—2, 1907—09) і інш. Выдаў зб. фальклору «Старадаўнія думы і песні», «573 кракавякі» (абодва ў 1877), «Гадавыя звычаі» (1882), «Песні люду» (1892) і інш. Пра жыццё, звычаі, абрады і вераванні бел. народа пісаў у арт. «Земляробчыя абрады» (1867), «Звычаі народа з ваколіц Тыкоціна і Бельска» (1868), «Забабоны і ўяўленні наднарвенскага люду пра птушак, паўзуноў і насякомых» (1877) і інш. Бел. матэрыялы і ў працах пра краязнаўчыя падарожжы (кн. «Далінамі рэк: Апісанні падарожжа ўздоўж Нёмана, Віслы, Буга і Бебжы», 1903; артыкулы «З-над Нёмана», 1872, «Падарожжа Нёманам», 1888, «На хвалях Буга», 1890; «У даліне Бебжы», 1892, і інш.). Даследаваў помнікі археалогіі каменнага і бронзавага вякоў на Гродзеншчыне, Брэстчыне. Сабраў у Яжэве багатую бібліятэку, вял. музейную калекцыю археал., этнагр., археаграфічных, нумізматычных і сфрагістычных матэрыялаў. Тут захоўваліся бел. матэрыялы са збораў М.Федароўскага, А.Кіркора, Я. і К.Тышкевічаў, А.Ельскага і інш. У яго «Старапольскай энцыклапедыі» (т. 1—4, 1900—03, 5-е выд. 1985) каля 1000 ілюстрацый, шматлікія бел. матэрыялы па гісторыі, геаграфіі, драўлянай і мураванай архітэктуры, кнігадрукаванні, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў, якія Глогер збіраў і даследаваў усё жыццё.

Тв.:

Notatki archeologiczne Michala Federowskiego z okolic Słonuma. Kurhany pod Wiszowem. Warszawa, 1882.

Літ.:

Саламевіч Я. Міхал Федароўскі. Мн., 1972;

Federowski М. Zygmunt Gloger. Warszawa, 1912;

Syska H. Zygmunt Gloger. Warszawa, 1963;

Zygmunt Gloger — badacz przeszłości ziemi ojczystej. Warszawa, 1978;

Komorowska T. Gloger: Opowieść biograficzna. Warszawa, 1985.

І.У.Саламевіч.

т. 5, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛО́ДАВА,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 6 км на Пд ад г. Паставы. Пл. 0,35 км², даўж. 1,6 км, найб. шыр. 450 м, найб. глыб. 6 м, даўж. берагавой лініі 4 км. Пл. вадазбору 13,6 км². Схілы катлавіны выш. 2—4 м, на Пд і У да 10 м, парослыя хмызняком, у верхняй ч. разараныя. Берагі нізкія, месцамі высокія, пад хмызняком. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, дно пераважна глеістае. Зарастае. На Пд упадае ручай з воз. Доўжа, на Пн выцякае ручай у воз. Задзеўскае.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛО́МА

(Glomma),

рака на Пд Нарвегіі, адна з самых вял. на Скандынаўскім п-ве. Даўж. 611 км, пл. бас. 41,8 тыс. км². Пачынаецца з азёр на У Сёр-Трэндэлага, цячэ па даліне Эстэрдаль, перасякае мноства азёр, утварае вадаспады. Упадае ў праліў Скагерак. Сярэдні расход вады 440 м³/с. Лесасплаў. ГЭС. Суднаходства на асобных участках.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛО́РЫЯ

(ад лац. gloria упрыгажэнне, арэол),

аптычная з’ява ў атмасферы ў выглядзе каляровых кольцаў вакол ценю назіральніка (ці прадмета, што знаходзіцца каля яго), калі цень падае на воблака або слой туману. Часта назіраецца ў гарах (калі воблака знаходзіцца ніжэй назіральніка) ці ў час палётаў над воблакамі. Абумоўлена дыфракцыяй святла на кроплях вады. Колеры ў глорыі: унутры блакітны, звонку чырвоны.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГЛОС З НАД НЕ́МНА»

(«Głos znad Niemna»),

газета. Выдаецца ў Гродне з снеж. 1989 на польскай мове Саюзам палякаў у Беларусі (СПБ). У 1990—91 выходзіла нерэгулярна, друкавалася ў Польшчы пры садзейнічанні т-ва «Польская супольнасць». У 1992 выходзіла 2 разы на тыдзень, з 1993 штотыднёва. Асвятляе жыццё палякаў у Беларусі, дзейнасць СПБ, змяшчае матэрыялы па гісторыі, краязнаўстве, літ. творы.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛО́СА

(ад грэч. glōssa мова, гаворка),

1) у антычнасці рэдкаўжывальнае, незразумелае слова ў пісьмовым помніку, якое патрабавала тлумачэння.

2) Тлумачэнне або пераклад незразумелага слова на палях ці паміж радкамі рукапісу, друкаванага выдання. Існавалі зборы глос з адпаведнымі каментарыямі да іх (гл. Гласарый). У сярэднія вякі глосы выкарыстоўвалі пры тлумачэнні біблейскіх і юрыд. тэкстаў. У бел. пісьменства глосы ўвёў Ф.Скарына. Рыхтуючы да друку Біблію, «Псалтыр», «Апостал» і «Малую падарожную кніжыцу», ён імкнуўся зрабіць іх зразумелымі для простых людзей, таму ў якасці глосы браў словы жывой нар. мовы («кивотъ — скриня», «Сионъ — гора»). Скарынінскую традыцыю прадоўжылі С.Будны ў «Катэхізісе», В.Цяпінскі ў «Евангеллі» і інш. 3) Цвёрдая форма верша ў ісп. паэзіі 14 — 17 ст. — верш з некалькіх строф (звычайна 4 дзесяцірадкоўяў з эпіграфам, які складаецца з апошніх радкоў кожнай страфы і тлумачыцца наступнымі строфамі. У бел. паэзіі класічную форму глос у аднайменным вершы выкарыстаў С.Кавалёў.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛОТАГЕНЕ́З

(ад грэч. glōtta мова + ...генез),

працэс станаўлення чалавечай натуральнай гукавой мовы. Праблема глотагенезу звязана з паходжаннем мовы і вывучаецца комплексна як мовазнаўствам (пераважна параўнальна-гістарычным мовазнаўствам і гіст. тыпалогіяй), так і інш. навукамі аб чалавеку. Супастаўляючы прамовы асобных макрасем’яў, параўнальна-гістарычны метад дазваляе акрэсліць формы верагоднай зыходнай мовы Homo sapiens (сучаснага чалавека); гіст. тыпалогія дапамагае выявіць найб. верагодныя шляхі фарміравання асн. моўных катэгорый.

Здольнасць падтрымліваць зносіны развівалася ў чалавека ў адпаведнасці з развіццём пэўных зон мозга: спачатку жэставыя зносіны (правае паўшар’е), потым аднаслоўныя абазначэнні прадметаў словамі (заднія зоны левага паўшар’я) і ўтварэнне звязных сказаў (скронева-лобныя зоны левага паўшар’я). Тэорыю глотагенезу на працягу 20 ст. распрацоўвалі лінгвісты А.Трамбеці, Б.Разенкранц, антраполагі В.В.Бунак, Г.У.Хьюз, А.Ліберман, палеанеўролаг В.І.Качаткова. У 1984 засн. Міжнар. т-ва па даследаванні глотагенезу з цэнтрам у Парыжы.

Літ.:

Якушин Б.В. Гипотезы о происхождении языка. М., 1984.

А.М.Рудэнка.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛОТАХРАНАЛО́ГІЯ

(ад грэч. glōtta мова + храналогія),

галіна параўнальна-гістарычнага мовазнаўства, якая займаецца выяўленнем хуткасці моўных змен, што служыць падставай для вызначэння часу аддзялення роднасных моў (гл. Роднасць моў) і ступені блізкасці паміж імі. Створана амер. лінгвістам М.Сводэшам у 1948—52. Грунтуецца на дапушчэнні, што ў мовах свету існуе універсальная ч. слоўніка (адлюстроўвае фундаментальныя паняцці), якая прыкладна ў аднолькавым тэмпе змяняецца ў розныя эпохі.

Літ.:

Сводеш М. Лексикостатистическое датирование доисторических этнических контактов: Пер. с англ. // Новое в лингвистике. М., 1960. Вып. 1.

А.М.Рудэнка.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛО́ТКА,

пярэдні аддзел стрававальнага тракту і дыхальных шляхоў чалавека і пазваночных жывёл, злучае поласць рота і носа з гартанню і страваводам. У чалавека размешчана на ўзроўні 6 верхніх шыйных пазванкоў. У глотцы адрозніваюць 3 аддзелы: насаглотку (злучаецца праз яўстахіеву трубу з барабаннай поласцю сярэдняга вуха), ротаглотку і гартанаглотку. Сценкі глоткі маюць 4 абалонкі: слізістую, фіброзную, мышачную, вонкавую, злучальнатканкавую. Лімфоідная тканка слізістай абалонкі ўтварае глотачнае лімфаэпітэліяльнае кольца з 6 міндалін. Асн. функцыя глоткі — правядзенне стравы ў стрававод. У беспазваночных жывёл глотка — пярэдні аддзел кішкі, якім яны захопліваюць ежу.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)