РЫЛО́Ў Генадзь Пятровіч (н. 7.8.1936, в. Куцаўшчына Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне пладаводства. Д-р с.-г. н. (1996). Ганаровы садавод Украіны (1990). Скончыў Усесаюзны с.-г. ін-т завочнай адукацыі (1965) і Ціміразеўскую с.-г. акадэмію (1987). З 1962 у Гродзенскай абласной с.-г. станцыі, у 1976—2001 у Шчучынскім ПТВ-198. Навук. працы па пытаннях памалогіі і крытэрыях біял. ацэнкі сартоў, селекцыі і інтрадукцыі пладовых і ягадных культур, тэхналогіі стварэння і догляду прамысл. і прысядзібных садоў. Стварыў буйнейшы на Беларусі памалагічны сад (в. Руткевічы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.).

Тв.:

Путешествие за сортом. М., 1987 (разам з І.​В.​Сцеркіным);

Груша в Белоруссии. Мн., 1991;

Яблоня в вашем саду. Мн., 1998.

т. 13, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭДАКЦЫ́ЙНЫЯ КАМІ́СІІ ў Расійскай імперыі,

часовая ўстанова, створаная рас. ўрадам пры Галоўным камітэце па сялянскай справе ў сак. 1859 для абагульнення матэрыялаў дваранскіх губ. к-таў і складання агульнага праекта палажэння аб адмене прыгоннага права. Складаліся (усяго 31 чал.) з чыноўнікаў розных ведамстваў і членаў-экспертаў — прадстаўнікоў памеснага дваранства. Р.к. фармальна вырашылі захаваць за сялянамі існуючы надзел, аднак пры пэўных абставінах планавалася адразаць частку сял. надзельнай зямлі на карысць памешчыка. Выкуп ставіўся ў залежнасць ад добраахвотнай згоды землеўласнікаў. Р.к. працавалі да 22.10.1860. На заключным этапе іх дзейнасці праект адмены прыгону істотна зменены на карысць памеснага дваранства (памеры сял. надзелаў паменшаны, а павіннасцей — павялічаны з пераацэнкай іх праз 20 гадоў). Р.к. адыгралі важную ролю ў падрыхтоўцы сялянскай рэформы 1861.

В.​П.​Панюціч.

т. 13, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЙД (ад англ. raid налёт, набег, нападзенне),

форма тактычных (аператыўна-тактычных) дзеянняў вайск. і партыз. фарміраванняў; імклівы рух і вядзенне баёў (аперацый) у тыле праціўніка. У 2-ю сусв. вайну Р. праводзіліся з мэтай знішчэння жывой сілы і тэхнікі праціўніка, дэзарганізацыі кіравання войскамі і работы тылу, парушэння камунікацый і інш. (напр., рэйд кав. корпуса Л.​М.​Даватара па тылах ням. войск у жн. — вер. 1941). З канца 1942 па май 1945 звыш 100 буйных сав. партыз. фарміраванняў зрабілі больш за 40 Р., у т. л. бел. партызаны з усх. у зах. Беларусь, а таксама ў Літву, Польшчу і інш. У сучасных умовах Р. выкарыстоўваюцца ў ходзе лакальных войнаў і інш. узбр. канфліктаў; іх асаблівасць — масіраваная падтрымка дзеянняў наземных войск авіяцыяй.

С.​М.​Абрамаў.

т. 13, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЙКАЎСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва ў в. Савейкі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Закладзены ў 1850 на пл. каля 10 га як сядзіба ў маёнтку Т.​Навіцкага. Пейзажнага тыпу. Цэнтр паркавай кампазіцыі — палац (зруйнаваны ў Вял. Айч. вайну, адноўлены ў 1950-я г. ў стылі неакласіцызму, цяпер — будынак санаторыя «Савейкі»), перад ім — партэр, абсаджаны масівамі з мясц. лісцевых парод. На ПнЗ ад палаца вял. паляна з ахоўнымі масівамі па перыметры. З паўн. боку — вял. штучны вадаём, пратокай звязаны з сістэмай вадаёмаў уздоўж узлеску. Дэндрасклад уключае больш за 25 відаў дрэў і кустоў, у т. л. елка, таполя белая, вольха, ліпа галандская, бэз венгерскі, ірга каласацветная, каліна канадская і інш.

А.​М.​Кулагін.

Савейкаўскі парк. Схема планіроўкі.

т. 14, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САК Аляксандр (14.8.1890, Навагрудчына — пасля 1937),

удзельнік бел. нац.-рэліг. руху пач. 20 ст. Вучыўся ў Пецярбургскім ін-це лясной гаспадаркі, з 1913 у Магілёўскай духоўнай каталіцкай семінарыі. У 1917 пасвячоны ў святара. Душпастырскую дзейнасць вёў у Магілёўскай губ., на Міншчыне, Мазыршчыне, у Койданаве, Хойніках. Удзельнік з’езда бел. каталіцкіх святароў у Мінску (24.—25.5.1917), чл. саюза ксяндзоў-беларусаў. Прыхільнік беларусізацыі рэліг. жыцця беларусаў-каталікоў. З-за праследаванняў сав. улад у 1929 вымушаны быў адмовіцца ад святарскага сану. Працаваў у Бел. дзярж. выд-ве, займаўся літ. творчасцю. 24.6.1930 арыштаваны па справе т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», у 1930—34 на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала. У 1937 зноў арыштаваны, прыгавораны да вышэйшай меры пакарання.

Літ.:

Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Мн.;

Мюнхен, 1999.

т. 14, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКАЛО́Ў Слава Макаравіч (н. 21.2.1937, Ерэван),

бел. мастак манум.-дэкар. мастацтва. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967), у 1968—79 выкладаў у ім. Працуе ў мазаіцы, габелене, маст. афармленні інтэр’ераў. Сярод лепшых работ: мазаікі на ўнутр. паверхні Кальца Славы Кургана Славы Сав. Арміі—вызваліцельніцы Беларусі (1969), «Беларусь партызанская» на тарцы гасцініцы «Турыст» у Мінску (1973, з А.​Кішчанкам), «Мір» на будынку абутковай ф-кі (1985), маст. афармленне (1975) і габелен «Квітней, Беларусь» (1981, з З.​Літвінавай) у Палацы культуры аб’яднання «Хімвалакно» (усе ў Магілёве), сграфіта «Радзіма», «Космас», «Мы за мір» на жылых будынках у Мазыры (1976—78, з В.​Мігалем), дэкар. рэльеф у інтэр’еры Нац. акад. т-ра імя Я.​Коласа ў Віцебску (1985, з Г.​Несцеравым). Працуе таксама ў станковым жывапісе.

т. 14, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАМО́НАВЫ АСТРАВЫ́ (Solomon Islands),

вулканічны архіпелаг у паўд.-зах. ч. Ціхага ак., у Меланезіі, на У ад в-ва Новая Гвінея. Пл. 40,4 тыс. км². Найб. а-вы: Бугенвіль, Гуадалканал, Санта-Ісабель, Малаіта, Сан-Крыстобаль, Нью-Джорджыя, Шуазёль. Выш. да 2743 м (на в-ве Бугенвіль), ёсць дзеючыя вулканы (Балбі, Багана). Клімат субэкватарыяльны, вельмі вільготны. Сярэднямесячныя т-ры ад 26 °C да 28 °C. Ападкаў ад 2300 да 7500 мм за год. Кароткія мнагаводныя рэкі. Вечназялёныя лясы, у найб. сухіх месцах — саванны, па берагах — мангры. Вырошчванне трапічных культур. Рыбалоўства. Адкрыты ў 1568 ісп. мараплаўцам А. Менданья дэ Нейра. Паўн.-зах. ч. (а-вы Бука і Бугенвіль) уваходзіць у склад тэр. дзяржавы Папуа—Новая Гвінея, астатнія — тэр. дзяржавы Саламонавы Астравы.

т. 14, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛО́НЕЦ,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 11 км на ПнЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,73 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 5,9 м, даўж. берагавой лініі 4,4 км. Пл. вадазбору 18,5 км². Катлавіна падпруднага тыпу. Схілы выш. 5—7 м, на ПдУ і Пд 1,5—4 м, разараныя, на Пн і У параслі лесам. Пойма на Пн і ПнЗ шыр. да 200 м, забалочаная, укрыта хмызняком. Берагі нізкія, тарфяністыя, на ПдУ пясчаныя, у залівах сплавінныя. 4 залівы. Востраў пл. 0,5 га. Дно карытападобнае, да глыб. 1,7 м пясчанае, да 2,5 м укрыта апясчаненым ілам, глыбей сапрапелістае. Прыбярэжная ч. возера зарастае. Упадае ручай з воз. Расна, сцёк у р. Ушача.

т. 14, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНІТА́РНА-ЭПІДЭМІЯЛАГІ́ЧНАЯ СЛУ́ЖБА,

спецыялізаваная сістэма дзярж. устаноў аховы здароўя. Ажыццяўляе санітарны нагляд, распрацоўку і правядзенне санітарна-прафілакт. і проціэпідэмічных мерапрыемстваў з мэтай забеспячэння аховы здароўя насельніцтва. На Беларусі дзейнасць С.-э.с. рэгламентуецца Законам «Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва» (2000). Асн. кірункі дзейнасці: гігіенічная ацэнка новых тэхналогій і інш. у нар. гаспадарцы, нарміраванне гранічна дапушчальных канцэнтрацый шкодных рэчываў і метадаў кантролю за імі, аздараўленне ўмоў працы, быту і адпачынку насельніцтва. Задачы службы: прадухіленне і ліквідацыя забруджвання навакольнага асяроддзя, зніжэнне і ліквідацыя інфекц. і паразітарных хвароб і інш. У сістэму ўстаноў С.-э.с. ўваходзяць: аддзел гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Мін-ва аховы здароўя, рэсп., абл., гар., раённыя цэнтры «Здароўе», рэсп. і абл. цэнтры па прафілактыцы СНІДу, цэнтры дэзінфекцыі і стэрылізацыі і інш.

Э.​А.​Вальчук.

т. 14, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САПРАПЕ́ЛЬ (ад грэч. sapros гнілы + pēlos глей, гразь),

глеістыя адклады прэсных вадаёмаў, якія маюць у сабе больш за 15% арган. рэчыва. Фарміруецца з рэшткаў раслін, жывёл, мінер. і арган. дамешкаў. Верхняя тоўшча С. (пелаген) паўвадкая, ніжэй масляністая. Багатыя арганікай С. студзінападобныя. Мае гумінавыя к-ты, фульвакіслоты, геміцэлюлозу, бітумы, попел (у сярэднім 20—60%). Асн. кампаненты попелу — аксіды крэмнію, магнію, жалеза, алюмінію, марганцу, фосфару, натрыю, вуглякіслы кальцый, некат. мікраэлементы. Колер попельна-шэры да цёмна-карычневага, ад мінер. дамешкаў светла-шэры. Выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы (як угнаенне і дамешак у корм жывёле), медыцыне (гразелячэнне), буд-ве, хім. прам-сці. На Беларусі магутнасць адкладаў С. у азёрах 2—12 м, найб. 30 м (воз. Судабле Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.); агульныя запасы каля 3,8 млрд. м³.

т. 14, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)