ГУ́СЕВА Ларыса Нічыпараўна (н. 8.8.1933, Мінск),

бел. літ.-знавец і крытык. Канд. філал. н. (1966), дац. (1979). Скончыла БДУ (1955). У 1956—68 у Ін-це л-ры АН Беларусі, у 1973—82 у БДУ (1968—72 у Нью-Йорку, 1982—88 у Аўстрыі). Друкуецца з 1964. Даследуе творчасць М.​Багдановіча, Я.​Коласа, К.​Чорнага, Я.​Брыля, сучасную прозу, традыцыі стараж. рус. і бел. л-р, пытанні тэксталогіі. Аўтар манаграфіі «Янка Брыль — мастак» (1968). Складальнік хрэстаматыі «Старажытная руская літаратура ў даследаваннях» (1979, з Л.​Кароткай), метадычнага дапаможніка «Гісторыя старажытнай рускай літаратуры і літаратуры XVIII ст.» (1982, з Кароткай).

т. 5, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛГІ́Х Уладзімір Віталевіч (н. 26.2.1969, г. Гродна),

бел. артыст балета. Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1987, педагог Л.Чахоўскі). З 1989 саліст Нац. акад. т-ра балета Беларусі. Творчасці Д. ўласцівы пластычная выразнасць, сэнсавая напоўненасць, тонкая псіхал. распрацоўка партый, высакародства і рамант. ўзнёсласць светаўспрымання яго герояў.

Сярод партый: Яраполк («Страсці» А.​Мдывані, Дзярж. прэмія Рэспублікі Беларусь 1996), Прынц, Зігфрыд («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.​Адана), Джэймс («Сільфіда» Х.​Левенскольда), Палемон («Ундзіна» Г.​Генцэ), Паэт («Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа), Рамэо («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Адам («Стварэнне свету» А.​Пятрова), Спартак («Спартак» А.​Хачатурана).

Т.​М.​Мушынская.

т. 6, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́РВАШ (Darvas) Іожэф (8.2.1912, г. Орашхаза, Венгрыя — 3.12.1973),

венгерскі пісьменнік. Належаў да дэмакр. плыні літ.-грамадскага руху «народных пісьменнікаў». У раманах «Чорны хлеб» (1934), «Ад хрышчэння да св. Сільвестра» (1935) адлюстраваў сац. барацьбу венг. сялянства. У гіст. рамане пра палкаводца Янаша Хуньядзі «Пераможца турак» (1938) падкрэсліў ролю народа ў супраціўленні іншаземным захопнікам.

Раман «У верасні ён выйшаў у дарогу» (1940) і п’еса «Бездань» (1941) пра ўзаемаадносіны народа і інтэлігенцыі, драма «Неба ў куродыме» (1959) і раман «П’яны дождж» (1963; бел. пер. К.​Кірэенкі, 1975) пра адказнасць чалавека за будучае сваёй краіны. Прэмія імя Кошута 1956 і 1960.

т. 6, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАШКО́ЛЬНАЯ ПЕДАГО́ГІКА,

галіна педагогікі, якая вывучае заканамернасці развіцця, выхавання і элементарных формаў навучання дзяцей дашкольнага ўзросту. Цесна звязана з практыкай выхавання дзяцей, а таксама з гісторыяй педагогікі, агульнай педагогікай, дзіцячай псіхалогіяй, узроставай анатоміяй і фізіялогіяй, педыятрыяй, эстэтыкай, этыкай, методыкамі дашкольнага выхавання. Асноўныя задачы Д.п.: улік асаблівасцей псіхічнага развіцця дзіцяці ў працэсе выхавання і навучання, распрацоўка зместу, формаў і метадаў работы з дзецьмі ранняга і дашкольнага ўзросту, адукацыі дашкольнікаў, распрацоўка зместу фіз., інтэлектуальна-пазнаваўчага, маральнага, працоўнага, эстэт. выхавання, пошук аптымальных метадаў арг-цыі работы дашкольных устаноў, формаў работы з бацькамі, вывучэнне і кіраванне рознабаковай дзейнасцю дашкольнікаў.

К.​А.​Архіпава.

т. 6, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЁЕВА Вера Паўлаўна (н. 10.8.1926. в. Горкі Цвярской вобл., Расія),

бел. фізіёлаг раслін. Д-р біял. н. (1974), праф. (1990). Скончыла Маскоўскую с.-г. акадэмію (1949). З 1961 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні фізіёлага-біяхім. асноў накіраванай рэгуляцыі росту і развіцця раслін з дапамогай фізіялагічна актыўных рэчываў (гербіцыдаў, рэтардантаў, стымулятараў).

Тв.:

Физиология устойчивости сортов растений к гербицидам и ретардантам. Мн., 1976 (разам з З.​І.​Шэлег);

Ретарданты — регуляторы роста растений. Мн., 1980;

Избирательное действие химических регуляторов роста на растения: Физиол. основы. МН., 1988 (разам з З.​І.​Шэлег і Н.​В.​Санько).

т. 6, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗМІТРУ́К Аляксей Данілавіч (24.4.1907, в. Сцяброва Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 23.8.1942),

удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі і партыз. руху ў Вял. Айч. вайну. Вучыўся ў школе парт. работнікаў Прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б у Мінску (1932—33). З 1926 сакратар Жабінкаўскага падп. райкома, інспектар ЦК КПЗБ па Пінскім акр. к-це КПЗБ. Двойчы (1927, 1934) быў арыштаваны польск. ўладамі і зняволены ў турму. З 1939 у БССР, працаваў у міліцыі. У Вял. Айч. вайну партызан атрада імя М.​М.​Чарнака партыз. брыгады імя Сталіна Брэсцкай вобл. Загінуў пры выкананні баявога задання.

т. 6, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТУ́ЖАЎ (сапр. Пажараў) Аляксандр Аляксеевіч

(28.4.1874, Варонеж — 1.3.1953),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1937). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1895. З 1898 у Малым т-ры. Прадстаўнік героіка-рамант. школы, трагік. У 1910, страціўшы слых, распрацаваў сістэму прыёмаў, якія далі магчымасць выступаць на сцэне. У мастацтве Астужава гуманістычны пафас і тэмперамент спалучаліся са шчырасцю і ўзнёсласцю выканання. Вяршыня творчасці — вобразы Атэла і Урыэля Акосты (аднайм. п’есы У.​Шэкспіра і К.​Гуцкава). Сярод інш. роляў: Рамэо («Рамэо і Джульета» Шэкспіра), Нязнамаў («Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага), Освальд («Здані» Г.​Ібсена). Дзярж. прэмія СССР 1943.

А.А.Астужаў.

т. 2, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРО́ЎСКІ Павел Восіпавіч (2.4.1832, б. маёнтак Вака каля Вільні — 16.2.1905),

ваенны дзеяч, гісторык і этнограф. Генерал ад інфантэрыі. Пляменнік М.К.Баброўскага. Скончыў Канстанцінаўскае ваен. вучылішча (Дваранскі полк, 1851) і Мікалаеўскую акадэмію Генштаба (1857). У 1875—97 нач. Ваенна-юрыд. акадэміі. З 1859 кіраваў групай афіцэраў Генштаба, якая падрыхтавала і выдала «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба. Гродзенская губерня» (ч. 1—2 і дадаткі ў 2 т., 1863). У працы прыведзены звесткі па гаспадарцы, этнаграфіі, асвеце, пра гарады і найб. значныя мястэчкі губерні. Вывучаў гісторыю летапісаў, уніяцкай царквы, жыццё і навук. дзейнасць М.​К.​Баброўскага.

т. 2, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДАНО́ВІЧА М. ЛІТАРАТУ́РНЫ МУЗЕ́Й.

Заснаваны ў 1981 у Мінску, адкрыты ў 1991 у будынку паблізу месца, дзе нарадзіўся паэт. Пл. экспазіцыі 244 м². У экспазіцыйных залах і фондах каля 15 тыс. адзінак захавання, у т. л. каля 8 тыс. асн. фонду (1996). Зберагае прадметы духоўнай і матэрыяльнай культуры, звязаныя з жыццём і дзейнасцю М.​Багдановіча. Аўтар арх.-маст. афармлення экспазіцыі Э.​К.​Агуновіч (Дзярж. прэмія Беларусі 1993). Філіялы — музей «Беларуская хатка» ў Мінску, «Фальварак Ракуцёўшчына» ў Маладзечанскім раёне. Матэрыялы музея выкарыстаны пры стварэнні экспазіцыі «Беларускі паэт з берагоў Волгі» ў Яраслаўлі (1992).

т. 2, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЕРО́ (ісп. bolero),

1) іспанскі нар. парны танец. Вядомы з 18 ст. Тэмп умерана хуткі, муз. памер ​3/4. Выконваецца пад акампанемент гітары, барабана і кастаньетаў. Вельмі пашыраны ў Еўропе. У характары балеро напісаны інстр. п’есы для фп. (Ф.​Шапэн, І.​Альбеніс), для сімф. аркестра (М.​Равель), нумары ў операх (Э.​Мегюль, К.​М.​Вебер, Г.​Берліёз, Дж.​Вердзі), балетах (П.​Чайкоўскі, Л.​Дэліб), рамансы (М.​Глінка, А.​Даргамыжскі) і інш. 2) Кубінскае балеро — лірычны песенны жанр. Склаўся на Кубе ў канцы 19 ст. Тэмп умераны, муз. памер 24. Спалучае крэольскі мелас з афра-кубінскай сінкапіраванай рытмікай.

т. 2, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)