ГЛІНТВЕ́ЙН
(ад ням. glühender Wein гарачае віно),
гарачы напітак з вінаграднага віна з цукрам і вострымі прыправамі.
т. 5, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІПТАТЭ́КА
(ад грэч. glyptos выразаны, вылеплены + thēkē сховішча),
збор твораў скульптуры або гліптыкі; музей скульптуры. Найб. вядомыя гліптатэкі ў Мюнхене і Новая Карлсбергская ў Капенгагене.
т. 5, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́ПТЫКА
(грэч. glyptikē ад glyphō выразаю),
мастацтва разьбы па каштоўных і паўкаштоўных каляровых камянях; адзін з відаў дэкар.-прыкладнога мастацтва. Разныя камяні (гемы) з глыбокай старажытнасці служылі пячаткамі, амулетамі і ўпрыгажэннямі. Гемы з паглыбленымі выявамі наз. інталіямі, з выпуклымі — камеямі. Вядома ў Месапатаміі, Пярэдняй Азіі, Стараж. Егіпце з 4-га тыс. да н.э., была развіта ў Стараж. Грэцыі і Рыме. У сярэднія вякі развівалася гал. чынам у краінах Усходу. Новы ўздым гліптыкі прыпадае на перыяды Адраджэння і класіцызму. У 19 ст. як від мастацтва заняпала, яе змяніў механічны выраб гем з танных матэрыялаў.
т. 5, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІСА́ДА
(франц. glissade літар. слізганне),
прамалінейная траекторыя зніжэння авіяц. лятальнага апарата (самалёта, верталёта, планёра) пры пасадцы. Задаецца з дапамогай радыётэхн. абсталявання (радыёлакацыйнай станцыі, глісаднага і курсавога радыёмаяка).
т. 5, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́СЕР
(франц. glisseur ад glisser слізгаць),
лёгкае быстраходнае судна. Мае днішча адмысловай формы (з папярочнымі ўступамі — рэданамі — для змяншэння плошчы сутыкнення з вадой). У час руху пры абцяканні такога днішча ўзнікае гідрадынамічная сіла, якая падымае насавую частку і выклікае агульнае ўсплыванне судна (яно быццам бы слізгае па паверхні вады — глісіруе).
Глісер прыводзіцца ў рух грабнымі (часам паветранымі) вінтамі ад рухавікоў унутр. згарання (скорасць больш за 200 км/гадз). Бываюць з рэактыўнымі рухавікамі (скорасць больш за 300 км/гадз). Пашыраны ў спорце (гоначныя глісеры, напр. скутэр), ваенна-марскім (тарпедныя і ракетныя катэры) і пасажырскім флоце (паштова-пасажырскія катэры, аварыйна-выратавальныя судны і інш.).
т. 5, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІФТА́ЛЕВЫЯ СМО́ЛЫ,
алкідныя смолы на аснове фталевага ангідрыду і гліцэрыны.
т. 5, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІЦЫ́Н,
амінавоцатная кіслата, глікакол, H2NCH2COOH, прасцейшая, заменная амінакіслата. Бясколерныя крышталі, tпл 232—236°C, у 100 мл вады пры 25°C раствараецца 25 г гліцыну, у абсалютным спірце і эфіры не раствараецца. Уваходзіць у састаў усіх бялкоў, глутатыёну, а таксама мурэіну клетачных сценак бактэрый, трапляецца ў жывых арганізмах у свабодным стане. Удзельнічае ў біясінтэзе парафінаў, крэаціну, пурынаў, крыніца аміячнага азоту ў рэакцыях пераамінавання. Вытворныя гліцыну — гіпуравая і глікафоліевая к-ты, бетаін і інш. Атрымліваюць гліцын гідролізам жэлаціну або сінтэзам з монахлорвоцатнай к-ты і аміяку. Выкарыстоўваюць для прыгатавання буферных раствораў, сінтэзу гіпуравай к-ты і інш.
т. 5, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІЦЫ́НІЯ,
традыцыйная назва некалькіх відаў буйных лістападных дравяністых ліян з роду вістэрыя (Wisteria) сям. бабовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і на У Паўн. Амерыкі. Звычайна гліцынію называюць вістэрыю кітайскую (W. sinensis), якая трапляецца ў лясах правінцый Хубэй і Сычуань у Кітаі, японскую (W. floribunda) з Японіі і інш. віды. Культывуюць у розных трапічных і субтрапічных краінах, таксама на Чарнаморскім узбярэжжы Крыма, Каўказа, у Сярэдняй Азіі і на Украіне. У Беларусі вырошчваюць у аранжарэях.
Расліны з трывалымі лазячымі сцёбламі даўж. да 20 м і паніклымі галінамі. Лісце няпарнаперыстае, даўж. да 30 см, з 7—13 лісцікамі. Кветкі духмяныя, блакітныя, сабраныя ў звіслыя гронкі. Плод — шматнасенны струк. Прыгожаквітучыя дэкар. расліны. Выкарыстоўваюць у дэкар. садоўніцтве. У культуры створаны садовыя формы гліцыніі з белымі, светла- і цёмна-фіялетавымі кветкамі.
Г.У.Вынаеў.
т. 5, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІЦЭРАЛЬДЭГІ́Д,
трохвугляродны цукар (альдоза), які мае асіметрычны (хіральны) атам вугляроду. Служыць у якасці эталона для выяўлення канфігурацыі аптычна актыўных злучэнняў. Стэрэаізамеры ўсіх хіральных злучэнняў, якія адпавядаюць па канфігурацыі L-гліцэральдэгіду, абазначаюцца літарай L, D-гліцэральдэгіду — літарай D незалежна ад напрамку вярчэння плоскасці палярызацыі плоскапалярызаванага святла. З’яўляецца прамежкавым прадуктам уцягвання фруктозы ў клетках печані ў гліколіз; пры фасфарыліраванні ператвараецца ў гліцэральдэгід 3-фасфат (ключавы метабаліт гліколізу).
т. 5, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)