ГЛУТАТЫЁН, γ-L-глутаміл-L-цыстэінгліцын,

C10H17O6N3S, унутрыклетачны трыпептыд, складзены з астаткаў трох амінакіслот — глутамінавай, цыстэіну і гліцыну. Ёсць у высокіх канцэнтрацыях практычна ва ўсіх жывых клетках. Мае важнае значэнне для акісляльна-аднаўленчых рэакцый у сувязі са здольнасцю сульфгідрыльнай групы (-SH) цыстэіну акісляцца з утварэннем дысульфіднага мастка. Асн. функцыя глутатыёну — захаванне SH-групы бялкоў у адноўленым стане. Выконвае спецыфічную ролю пры разбурэнні таксічнага перакісу вадароду, аднаўленні акісленай формы аскарбінавай к-ты. Служыць кафактарам асобных ферментаў, асабліва пратэінаў, адыгрывае пэўную ролю ў транспарце амінакіслот праз клетачныя мембраны. Глутатыён атрымліваюць з дражджэй і сінтэтычна; выкарыстоўваюць пры біяхім. даследаваннях, кансерваванні крыві.

т. 5, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́МЕЛЬСКАЯ ЖИЗНЬ»,

інфармацыйна-асветная беспарт. газета. Выдавалася з 7(20).6.1911 да 17.1.1919 у Гомелі на рус. мове. Да 10(23).10.1917 (№ 1407) наз. «Гомельская копейка». Напачатку выходзіла 3 разы на тыдзень, з 1(14).9.1914 штодзённа. Арыентавалася пераважна на сярэднія слаі гараджан яўр. нацыянальнасці. Друкавала інфармацыю пра дзейнасць гар. думы, рыначную кан’юнктуру, асвятляла праблемы гандлю, прам-сці, гар. гаспадаркі. Амаль палавіна газетнай плошчы запаўнялася камерцыйнай рэкламай, аб’явамі пра тэатр. гастролі, канцэрты, цырк. Крытыкавала антысемітызм, вітала Лют. рэвалюцыю 1917, друкавала звароты Часовага ўрада. Пасля кастр. 1917 выступала супраць бальшавікоў. Закрыта Гомельскім рэв. к-там за антысав. прапаганду.

т. 5, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РЛЕНКА Соф’я Уладзіміраўна (н. 17.7.1924, г. Варонеж, Расія),

бел. вучоны ў галіне фітапаталогіі, мікалогіі і аховы раслін. Д-р біял. н. (1975), праф. (1991). Скончыла Варонежскі ун-т (1947). У 1960—96 у Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні хвароб інтрадукаваных раслін, рэгуляцыі фітапаталагічнай сітуацыі ў штучных фітацэнозах, біятэхналагічных праблемах.

Тв.:

Указатель возбудителей болезней цветочно-декоративных растений. Вып. 7. Л., 1980 (разам з Г.​А.​Дзьякавай);

Устойчивость древесных интродуцентов к биотическим факторам. Мн., 1988 (разам з А.​І.​Блінцовым, Н.​А.​Панько);

Болезни и вредители клюквы крупноплодной. Мн., 1996 (разам з С.​У.​Бугам).

т. 5, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОТ (Gott) Карэл (н. 14.7.1939, г. Пльзень, Чэхія),

чэшскі эстрадны спявак (тэнар). Нар. арт. ЧССР (1985). Скончыў Пражскую кансерваторыю (1965, клас К.​Карэніна). Дэбютаваў у 1959. У 1960-я г. саліст т-раў «Семафор», «Апола». Валодае моцным прыгожым голасам. У рэпертуары класічныя арыі, нар. песні, джазавыя балады, сучасныя эстр. песні. Здымаецца ў кіно. Лаўрэат прэмій «Залаты салавей» (7 разоў, з 1963), «Залаты голас Прагі», 1-ы прыз на міжнар. конкурсе эстр. спевакоў у (Сопаце (Польшча, 1964), 1-я прэмія на міжнар. конкурсах песні ў Сан-Рэма (Італія) і Кане (Францыя; абодва (1966).

т. 5, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРОМ Уладзімір Мікалаевіч (н. 20.12.1951, в. Сямурадцы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. дзеяч самадзейнага мастацтва. Засл. работнік культ. Беларусі (1986). Скончыў Гомельскае муз. вучылішча (1971), Мінскі ін-т культуры (1986). З 1982 арганізатар і маст. кіраўнік фалькл. ансамбля «Крупіцкія музыкі». Збірае для патрэб калектыву бел. нар. муз. інструменты (валодае ігрой на гармоніку, дудцы, жалейцы, дудзе, акарыне і інш.), робіць фаназапісы ўзораў фалькл. песеннай і інстр. творчасці, аранжыроўкі найгрышаў, папаўняе рэпертуар творамі кампазітараў 18—19 ст. (М.​К.​Агінскі, М.​Ельскі, В.​Казлоўскі, А.​Абрамовіч і інш.). Прэмія 1996 у галіне нар. творчасці.

І.​Дз.​Назіна.

т. 5, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРОСМА́ЙСТАР (ням. Großmeister літар. вял. майстар),

вышэйшае ганаровае спарт. званне па шахматах і шашках. У 1949 Міжнар. шахматнай федэрацыяй (ФІДЕ) устаноўлена званне гросмайстра па шахматах. На Беларусі яго атрымалі Б.​Гельфанд, В.​Дыдышка, А.​Заяц, К.​Зварыкіна, А.​Кавалёў, В.​Купрэйчык, Ю.​Шульман, Р.​Эйдэльсон. З 1958 прысвойваецца званне гросмайстра Міжнар. федэрацыі гульні ў шахматы па перапісцы (ІКЧФ). Званне гросмайстра па шашках устаноўлена ў 1948 Сусв. федэрацыяй шашак. У Беларусі яго атрымалі А.​Альтшуль, А.​Балякін, Я.​Ватуцін, А.​Гантварг, В.​Камышлеева, М.​Кац, І.​Пашкевіч, А.​Плакхін, А.​Прэсман, З.​Садоўская, Л.​Сахненка.

т. 5, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЎРАЧО́Ў.

Існавала ў Брэсце ў 1903—15. Аб’ядноўвала ўрачоў горада (у 1903 — 28 чал., 1907 — 21). Старшыня Л.​І.​Ястражамбецкі-Дзем’яновіч, віцэ-старшыня К.​І.​Штарк. Мела статут, які прадугледжваў вывучэнне сан. стану Гродзенскай губ., збор і вывучэнне мед. статыстыкі, публічныя чытанні, выданне папулярных твораў для пашырэння ведаў па агульнай і асабістай гігіене і інш., садзейнічанне мясц. адміністрацыі ў стварэнні сельскіх урачэбных пунктаў і ўладкаванні клінік, узаемны абмен практычнымі назіраннямі за развіццём хвароб і найб. паспяховымі спосабамі іх лячэння і інш. Спыніла дзейнасць у сувязі з 1-й сусв. вайной.

т. 3, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́СЕЛЬНІК, грабелькі,

журавельнік (Erodium),

род кветкавых раслін сям. гераніевых. Каля 90 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я і ў Міжземнамор’і. На Беларусі трапляецца бусельнік цыкутавы (E. cicutarium) як пустазелле, а таксама на пустках і сметніках.

Адна-, двух- ці шматгадовыя травяністыя расліны з апушаным распасцёртым або ўзнятым сцяблом. Лісце супраціўнае, перыстае ці лопасцевае, ніжняе звычайна сабранае ў разетку. Кветкі пераважна пурпуровыя, ружовыя ці ліловыя з цёмнымі жылкамі, у шматкветкавых паўпарасоніках, радзей адзіночныя. Плод — зборны арэшак (стэрыгма). Лек. (вяжучы, кроваспыняльны, процісутаргавы сродак) і дэкар. расліны, маюць дубільныя рэчывы, вітамін C, карацін, арган. к-ты, смолы.

Бусельнік цыкутавы.

т. 3, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́МУС (ад лац. humus зямля, глеба), перагной,

высокамалекулярныя цёмнаафарбаваныя арган. рэчывы глебы. Складаецца з гумусавых к-т (гумінавых і фульвакіслот), гуміну і інш. Утвараецца ў выніку гуміфікацыі прадуктаў распаду арган. рэшткаў. Мае элементы жыўлення раслін, якія пасля раскладання гумусу пераходзяць у даступную для іх форму. Глебы, багатыя гумусам, урадлівыя. З колькасцю гумусу ў глебе звязаны яе водны і цеплавы рэжым, біял. актыўнасць, міграцыя ў глебавым профілі прадуктаў глебаўтварэння і інш. Колькасць гумусу ў глебе — характэрная прыкмета пры вызначэнні яе тыпаў (напр., у чарназёмах назапашваецца да 15% гумусу, у падзолістых глебах — да 6%, у шэра-бурых пустынных — менш за 1%).

т. 5, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́РСКАЯ Алена Сяргееўна (н. 21.2.1950, пас. Цялякава Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),

бел. літ.-знавец і крытык. Канд. філал. н. (1982), дац. (1992). Скончыла БДУ (1972). У 1974 — 92 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1992 у Бел. дзярж. пед. ун-це. Друкуецца з 1967. Даследуе праблемы маст. пошукаў у сучаснай бел. паэзіі, пытанні паэтыкі (манаграфія «Адказнасць перад часам: Нарыс творчасці К.​Кірэенкі», 1986; арт. «Свабодны верш і сучасная беларуская паэзія», 1975; «Мастацкія пошукі лірыкі», 1980, і інш.). Аўтар кн. «Праблемы сучаснай беларускай крытыкі» (1996, з Л.​Гарэлік і Т.​Грамадчанка).

т. 5, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)