ЁДЗІСТАВАДАРО́ДНАЯ КІСЛАТА́,
раствор ёдзістага вадароду ў вадзе, моцная к-та, НІ. Бясколерная вадкасць з рэзкім пахам, у паветры пад уздзеяннем святла жаўцее (акісляецца з вылучэннем ёду). Найб. выкарыстоўваецца к-та, якая мае каля 47% (па масе) ёдзістага вадароду (шчыльн. 1500 кг/м³). Утварае солі — ёдыды. Пры пападанні на скуру выклікае сверб і запаленне.
т. 6, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЯЗНО́Ў (Мікалай Іванавіч) (28.10.1816, С.-Пецярбург — 27.1.1877),
рускі батанік і аграном. Акад. Пецярбургскай АН (1857). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1838). З 1847 праф. Маскоўскага ун-та, у 1861—69 арганізатар і дырэктар Пятроўскай земляробчай і лясной акадэміі ў Маскве. З 1858 першы прэзідэнт Рас. т-ва садоўніцтва. Навук. працы па раслінаводстве, эмбрыялогіі і фізіялогіі раслін.
т. 6, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГА́Р ПУСТЫ́ННЫ,
карычнева-буры бліскучы налёт (або скарынка таўшч. 0,5—5 см) на паверхні горных парод (скал, абломкаў, галькі і інш.) у пустынях. Утвараецца ў выніку адкладаў вокісных спалучэнняў марганцу і жалеза з дамешкам гліназёму і крэменязёму ва ўмовах рэзкай змены т-ры горных парод з пераменным увільгатненнем. Ахоўвае пароды ад хуткага выветрывання.
т. 6, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРО́ДКАВЫЯ ЛІСТКІ́, зародкавыя пласты,
слаі клетак зародка шматклетачных жывёл і чалавека, што ўтвараюцца ў працэсе гаструляцыі. Адрозніваюць тры З.л.: вонкавы — эктадэрма, сярэдні — мезадэрма, унутраны — энтадэрма. Кожны З.л. складаецца з маладыферэнцыраваных клетак з вял. магчымасцямі развіцця і дае пачатак пэўнай групе тканак і органаў. Тканкавая спецыфічнасць вытворных З.л. захоўваецца і ва ўмовах росту пухлін.
т. 6, с. 539
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЕ́КА,
загарода са ссечаных дрэў, паваленых крыж-накрыж верхавінамі ў бок праціўніка. На Русі вядома з 13 ст. Шырока выкарыстоўваліся на межах Рас. дзяржавы ў 16—17 ст. (т. зв. засечныя межы). У войнах 20 ст. З. рабілі як перашкоду супраць пяхоты і конніцы праціўніка, звычайна іх умацоўвалі калючым дротам, мінамі і прыкрывалі агнём.
т. 6, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́СІК (Анатоль Ільіч) (н. 15.11.1924, в. Горка Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл.),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце з сак. 1944. Удзельнік вызвалення Беларусі, Польшчы, баёў у Германіі. Камандзір стралк. аддзялення сяржант З. вызначыўся ў баях на тэр. Польшчы і Германіі. Да 1975 працаваў у органах МУС БССР.
т. 7, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАСЕ́МІЦКАЯ ДАЛІ́НА (Yosemite Valley),
даліна р. Іасеміты-Крык (прыток р. Мерсед), на зах. схілах хр. Сьера-Невада (ЗША, штат Каліфорнія). Даўж. каля 11 км, шыр. 800—1600 м, глыб. да 1500 м. Стромкія схілы складзены з гранітаў, з адбіткамі ледавіковай апрацоўкі. Густыя хваёвыя лясы. Шматлікія вадаспады, у т. л. Іасеміцкі. Частка Іасеміцкага нац. парку.
т. 7, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВЯНЕ́ЦКІ РАЁН,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940—62. Створаны 15.1.1940 у Баранавіцкай вобл. Цэнтр — г.п. Івянец. Падзяляўся на 15 сельсаветаў. У Вял. Айч. вайну на тэр. раёна ўтворана Івянецка-Налібоцкая партызанская зона. З 8.1.1954 раён у Маладзечанскай, з 20.10.1960 — у Мінскай абл. 17.4.1962 раён скасаваны, яго тэрыторыя перададзена Валожынскаму і Стаўбцоўскаму р-нам.
т. 7, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗЯСЛА́Ў,
князь навагрудскі ў 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе, калі ў 1236 (або 1237) галіцка-валынскі кн. Даніла Раманавіч на кн. Конрада Мазавецкага «наведе... Литву Миндога Изяслава Новогородьского». Верагодна, І. разам з Міндоўгам на той час быў у васальных або саюзных дачыненнях з Данілам. І. — адзіны навагрудскі князь, які ўпамінаецца ў летапісах.
т. 7, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛІНО́ЙСКІ ВО́ДНЫ ШЛЯХ (Illinois Waterway),
каналізаваны водны шлях у ЗША (штат Ілінойс), які злучае сістэму Вялікіх Азёр з р. Місісіпі. Пачынаецца каля г. Чыкага з воз. Мічыган, праходзіць па Чыкагскім канале, рэках Дэс-Плейнс, Ілінойс, канчаецца каля г. Графтан на р. Місісіпі. Адкрыты ў 1933. Даўж. 526 км, глыб. 3,7—5,7 м; 7 шлюзаў.
т. 7, с. 196
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)