НАДЗЕ́Я,
успрыманне будучыні, калі жаданае або неабходнае бачыцца як рэальнасць, якая павінна здзейсніцца. Фарміруецца ў выніку пазнання аб’ектыўных прычын, ад якіх залежаць чаканыя падзеі, або на аснове назапашанага суб’ектыўнага эмацыянальнага вопыту (перажыванне радасці, няпоспеху і да т.п.). У прадказанні магчымага развіцця падзей Н. адыгрывае ролю ўнутр. рэгулятара дзейнасці, які дапамагае чалавеку вызначаць яе вынікі і мэтазгоднасць, адлюстроўвае жыццёвыя спадзяванні асобы і грамадства. У этыцы хрысціянства Н. (асабліва на пасмяротную ўзнагароду) разам з верай і любоўю належыць да гал. дабрачыннасцей, выяўляе Ідэю перакананасці ў справядлівасці і міласэрнасці божай. Гарантам рэліг. Н. лічыцца Хрыстос, а сродкамі яе ажыццяўлення — малітва і прытрымліванне запаведзей аб шчасці.
В.В.Краснова.
т. 11, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1815,
мірны дагавор паміж удзельнікамі 7-й антыфранц. кааліцыі (Расіяй, Вялікабрытаніяй, Аўстрыяй і Прусіяй) і пераможанай Францыяй, падпісаны ў Парыжы 20 ліст. Завяршыў апошнюю з Напалеонаўскіх войнаў (крас.—чэрв. 1815), у выніку якой у Францыі ў другі раз быў скінуты з прастола Напалеон I і адноўлена ўлада Бурбонаў (гл. «Сто дзён»), Умовы П.м.д. 1815 былі больш суровымі, чым умовы Парыжскага мірнага дагавора 1814. Францыя, зведзеная да межаў 1790, страчвала важныя стратэг. раёны (Філіпвіль, Саарлуі і інш.), павінна была выплаціць кантрыбуцыю (700 млн. франкаў), утрымліваць войскі саюзнікаў, якія заставаліся на яе тэр. на працягу 3—5 гадоў (фактычна акупацыя спынена ў 1818).
т. 12, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА́ТА (Pareto) Вільфрэда (15.7.1848, Парыж — 20.8.1923),
італьянскі эканаміст і сацыёлаг; адзін з прадстаўнікоў матэматычнай школы ў паліт. эканоміі. Скончыў Турынскі ун-т. У 1893—1906 праф. Лазанскага ун-та. Асн. палажэнні яго вучэння выкладзены ў 4-томным «Трактаце ўсеагульнай сацыялогіі» (1915—19). Лічыў грамадства сістэмай, якая знаходзіцца ў «дынамічнай раўнавазе» ў выніку ўзаемадзеяння інтарэсаў асобных сац. груп і слаёў. Паводле яго тэорыі эліт, у паліт. працэсе вылучаюцца 2 тыпы: «эліта львоў», якой уласцівы агрэсіўнасць, аўтарытарнасць, схільнасць да насілля, і «эліта ліс», якой уласцівы лавіраванне, спекуляцыі, падман; грамадства развіваецца шляхам перыяд. змены, цыркуляцыі эліт. Не адмаўляў ролю ідэалогіі ў грамадстве, але лічыў яе лжывай формай грамадскай свядомасці.
т. 12, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎПРАВАДНІКО́ВЫ ДЭТЭ́КТАР у ядзернай фізіцы,
прылада для рэгістрацыі іанізавальных выпрамяненняў, асн. элемент якой — крышталь паўправадніка.
Адчувальны слой П.д. — вобласць паўправадніка паблізу p-n-пераходу, якая абеднена носьбітамі току і мае высокае эл. супраціўленне. Іанізавальная часціца, што пранікла ў крышталь, генерыруе дадатковыя (нераўнаважныя) носьбіты току (электроны і дзіркі), у выніку чаго ў знешнім ланцугу ўзнікае імпульс току, які ўзмацняецца і рэгіструецца. Зарад, сабраны на электродах П.д., прапарцыянальны энергіі, выдзеленай часціцай пры праходжанні праз адчувальны слой. Можа працаваць як спектрометр, калі часціца поўнасцю тармозіцца ў ім. Выкарыстоўваюцца ў ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц, а таксама ў хіміі, геалогіі, медыцыне і прам-сці.
т. 12, с. 231
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНЧУ́К Вячаслаў Рыгоравіч (н. 10.9.1936, в. Астрагляды Брагінскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне фізікі металаў. Д-р тэхн. н. (1995), праф. (1997). Скончыў Пермскі ун-т (1967), Харкаўскі фізіка-тэхн. ін-т (1972). З 1972 у Гомельскім ун-це. Навук. працы па даследаванні дыслакацыйнай структуры металаў, якая ўзнікае ў выніку пластычнай дэфармацыі пры нізкіх т-рах, па вывучэнні механізмаў умацавання і разбурэння паверхневых слаёў металаў у працэсе трэння.
Тв.:
Кинетика упрочнения поверхностного слоя металла при трении // Трение и износ. 1989. Т. 10, № 3;
Структурные особенности микропластической деформации поверхностных слоев металла при трении на этапе приработки поверхностей // Там жа. 1996. Т. 17, № 4.
т. 12, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫКА́ЗЫ ГРАМА́ДСКАЙ АПЕ́КІ (рус. приказы общественного призрения),
губернскія адм. ўстановы ў Рас. імперыі, створаныя паводле адм. рэформы 1775. Складаліся з 6 засядацеляў (па 2 ад кожнага з трох саслоўных судоў), узначальвалі іх губернатары. Загадвалі ўстановамі, якія ўтрымліваліся за кошт сродкаў урада і дабрачыннасці: шпіталямі, бальніцамі, багадзельнямі, сіроцкімі дамамі і некат. турэмнымі ўстановамі — «работнымі» і «ўціхамірвальнымі» дамамі. П.г.а. скасаваны ў большасці губерняў у выніку земскай рэформы 1864 і гарадской рэформы 1870—75 (функцыі перайшлі да земстваў і губ. праўленняў), але захаваліся ў тых губернях, дзе не ўводзіліся земствы: Архангельскай, Арэнбургскай, Астраханскай, беларускіх (у 1911 земствы ўведзены ў Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губ.), прыбалт., польскіх і некат. інш.
т. 13, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСПАРАДЖЭ́ННЕ ў праве,
1) адно з правамоцтваў уласніка рэчаў, якое дазваляе ўключаць яго ў эканам. абарачэнне праз ажыццяўленне такіх распараджальных здзелак, як купля-продаж, пастаўка, дарэнне і інш. У выніку актаў Р. маёмасцю ажыццяўляецца яе адчужэнне, перадача ў часовае валоданне ці карыстанне інш. асобе, у залог, здача на захоўванне і г.д. Р. вызначае юрыд. лёс рэчаў, г.зн. або спыняецца, або прыпыняецца на яе права ўласнасці.
2) Адзін з відаў падзаконных актаў: уладны акт органа кіравання ў рамках яго кампетэнцыі, што мае абавязковую сілу для фіз. і юрыд. асоб, якім Р. адрасавана. Можа быць агульнага, працяглага або разавага дзеяння для канкрэтнага выпадку.
т. 13, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАФІНАНСАВА́ННЕ,
сістэма гаспадарання, пры якой прадпрыемствы (аб’яднанні) пакрываюць свае бягучыя затраты і затраты на расшыранае ўзнаўленне з уласных крыніц. Ва ўмовах С. тэхн. пераўзбраенне, рэканструкцыя, матэрыяльнае стымуляванне і сац. развіццё ажыццяўляюцца за кошт заробленых сродкаў і банкаўскіх крэдытаў. Пры С. асноўны ацэначны паказчык работы — прыбытак. С. прадугледжвае шырокае развіццё гасп. самастойнасці і ініцыятывы прадпрыемстваў (аб’яднанняў), стварае ўмовы і стымулы для тэхн. абнаўлення і павышэння эфектыўнасці вытв-сці. С. — фінансаванне бізнесу без выкарыстання пазыковых сродкаў і сродкаў, атрыманых у выніку распаўсюджання выпуску акцый. Для арг-цыі бізнесу неабходна сума першапачатковага капіталу; далейшае яго развіццё можа ажыццяўляцца шляхам рэінвесціравання атрыманага прыбытку.
У.Р.Залатагораў.
т. 14, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УКРАІ́НСКАЕ КАЗА́ЦКАЕ ВО́ЙСКА,
зборная назва ўкр. казацтва ў 15—18 ст. (гл. Запарожская Сеч; Задунайская Сеч). Пасля далучэння Украіны да Рас. дзяржавы (гл. Пераяслаўская рада 1654) укр. казакі Левабярэжнай Украіны сталі наз. маларасійскімі; іх войска налічвала каля 60 тыс. чал. і падзялялася на 10 палкоў. На чале войска стаяў гетман. Казакі мелі права асабістай свабоды, уласнасці на зямлю і заняцця промысламі. Да 1730-х г. у выніку росту феад. земляробства войска скарацілася да 10 тыс. чал. Астатнія казакі («падпамочнікі») сталі феад. залежнымі ад старшын і манастыроў. У 1783 разам з ліквідацыяй аўтаноміі Украіны маларас. казакі пераведзены ў падатковае саслоўе, блізкае да дзяржаўных сялян.
т. 16, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧУ́ДЗІНСКІ БОЙ 1942,
бой партыз. атрада В.А.Васільева па разгроме ням. гарнізона ў в. Чудзін Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Гарнізон (каля 400 гітлераўцаў), узброены вінтоўкамі і 4 кулямётамі закрываў партызанам выхад цераз р. Морач у лясы Ганцавіцкага р-на. У ноч на 11 кастр. партызаны сканцэнтраваліся на Пн ад в. Чудзін, зрабілі засады на шляхах магчымага адступлення праціўніка. На досвітку ў выніку 1,5-гадзіннага бою часткова быў знішчаны ўзвод аховы гарнізона, але частка гітлераўцаў вырвалася і схавалася ў балотах. Партызаны захапілі 6 радыёпрыёмнікаў, вінтоўкі, запас патронаў, веласіпеды і інш. Гарнізон не адноўлены, што пашырыла партыз. зону.
М.Ф.Шумейка.
т. 17, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)