КА́РПАЎ (Анаталь Яўгенавіч) (н. 23.5.1951, г. Златауст, Расія),

расійскі шахматыст. Міжнар. гросмайстар (1970). Засл. майстар спорту СССР (1974). Чэмпіён свету сярод юнакоў (1969). Чэмпіён свету (1975—85, 1998) пад эгідай ФІДЭ. Чэмпіён свету і Еўропы па «хуткіх шахматах» (1988). Чэмпіён СССР (1976). Пераможца міжзанальнага турніру ў С.​Пецярбургу (1973), міжнар. турніраў (1967, 1971—72, 1974—79). Прыз «Шахматны Оскар» (1973—77, 1979—81, 1984).

т. 8, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РЫ,

старажытны горад на ПнЗ Месапатаміі (цяпер г. Харан, Турцыя), паблізу якога 9.5.53 да н.э. адбылася бітва паміж рым. войскам М.​Краса (больш за 40 тыс. чал.) і парфянскім войскам пад камандаваннем Сурэны. Перавага парфян у конніцы прывяла да разгрому рым. авангарда і адступлення рымлян у К. 10 мая Крас забіты ў час перагавораў, а рэшткі рым. арміі (12—14 тыс. чал.) адступілі за р. Еўфрат.

Кары.

т. 8, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВЕ́ЦІНА,

возера ў Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ракітаўка, за 34 км на ПдУ ад г. Чашнікі. Пл. 0,3 км², даўж. 920 м, найб. шыр. 410 м, даўж. берагавой лініі каля 2,4 км. Схілы катлавіны выш. 5—7 м, параслі лесам і хмызняком, на Пн разараныя. Берагі забалочаныя. Пойма шыр. 100—250 м, забалочаная, пад хмызняком. На Пд выцякае ручай у р. Ракітаўка.

т. 8, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́РМА,

фізічная велічыня, якая характарызуе меру энергіі, перададзенай іанізавальным выпрамяненнем зараджаным часціцам у дадзеным пункце аб’ёму апрамененага рэчыва. Тэрмін «К.» — абрэвіятура англ. выразу kinetic energy released in matter (кінетычныя энергія, вызваленая ў рэчыве). К. роўная адносінам сумы пачатковых кінетычных энергій зараджаных часціц, якія ўтвараюцца пад дзеяннем нейтронаў, рэнтгенаўскіх і γ-квантаў у элементарным аб’ёме рэчыва, да масы рэчыва ў гэтым аб’ёме. Адзінка К. ў СІ — грэй.

т. 8, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЙКО́ (Аляксей Іванавіч) (18.5.1911, в. Раўнаполле Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — сак. 1943),

Герой Сав. Саюза (1943). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Радавы К. вызначыўся пры адбіцці шматлікіх атак пяхоты ворага 2—6.3.1943 на Паўд.-Зах. фронце каля чыг. ст. Тараноўка Харкаўскай вобл. (Украіна) у складзе ўзвода пад камандаваннем лейт. П.​М.​Шыроніна. Загінуў у баі. Станцыя перайменавана ў ст. імя 25 герояў-шыронінцаў.

т. 8, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВЕ́Ц, Крывое возера,

у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 18 км на Пн ад г. Браслаў. Пл. 0,23 км², даўж. 820 м, найб. шыр. 300 м, найб. глыб. 4,8 м, даўж. берагавой лініі каля 3 км. Пл. вадазбору 3 км². Схілы катлавіны выш. 5—8 м, пад хмызняком, у верхняй ч. разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі, у залівах нізкія, забалочаныя.

т. 8, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВО́Е ВО́ЗЕРА,

у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ласіца (цячэ праз возера), за 32 км на У ад г. Паставы. Пл. 0,26 км², даўж. каля 1,3 км, найб. шыр. 300 м, даўж. берагавой лініі каля 3,4 км. Пл. вадазбору 31,5 км². Схілы катлавіны выш. да 10 м (на У да 15 м), у ніжняй ч. пад хмызняком, у верхняй — пераважна разараныя.

т. 8, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫШТАЛІ́ТЫ ў петралогіі,

найдрабнейшыя прымітыўныя формы (эмбрыёны) рэчыва, якое крышталізуецца. Цяжка вызначаюцца (пад мікраскопам не аказваюць прыкметнага ўздзеяння на палярызаванае святло). Часцей сустракаюцца ў вулканічным шкле. Паводле формы К. адрозніваюць: глабуліты (дробныя сферычныя кроплі або шарыкі), маргарыты (падобныя на выцягнутую нізку пацерак), лангуліты (цыліндрычныя брусочкі з закругленымі канцамі), трыхіты (воласападобныя К., якія часта выходзяць з агульнага цэнтра), скапуліты (тонкія сцяблінкі з галінкамі) і інш.

У.​Я.​Бардон.

т. 8, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЫЛЕ́НКА (Уладзімір Цімафеевіч) (25.12.1924, в. Бабінічы Віцебскага р-на — 13.5.1942),

Герой Сав. Саюза (1942). У Вял. Айч. вайну з 1941 партызан — падрыўнік атрада І.​Р.​Шлапакова ў Смаленскай вобл. За 10 месяцаў падарваў некалькі аўтамашын, 2 гарматы, пусціў пад адхон 4 эшалоны з жывой сілай і тэхнікай ворага. Вяртаючыся з баявога задання, трапіў у засаду, быў цяжка паранены, памёр ад ран. У Смаленску К. пастаўлены помнік.

У.Ц.Курыленка.

т. 9, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМБА́РД,

установа, якая выдае пазыкі пад заклад рухомай маёмасці, рэчаў, што перадаюцца ёй на захоўванне. Вартасць рэчаў ацэньваецца па ўзгадненні бакоў. Уладальніку рэчы выдаецца імянны ламбардны білет (распіска). У выпадку невяртання пазыкі, нявыкупу маёмасці яго ўладальнікам яна перадаецца ва ўласнасць Л. і можа быць прададзена. Часам Л. з’яўляецца надзейным сховішчам маёмасці. Упершыню заснаваны ў 15 ст. ў Францыі ліхвярамі з італьян. правінцыі Ламбардыя (адсюль назва).

т. 9, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)