АСТРО́ЎСКІ Арсен Георгіевіч (21.5.1897, г. Шаўляй, Літва — 5.9.1989),
рускі перакладчык, літ.-знавец. Засл. работнік культуры Беларусі (1973). Скончыў Вышэйшыя курсы пры Дзярж. ін-це гісторыі мастацтваў у Ленінградзе (1927). Друкаваўся з 1927. Пераклаў нарус. мову паэму П.Труса «Дзесяты падмурак» (1947), аповесці Я.Брыля «У Забалоцці днее» (1951), «На Быстранцы» (1956), «Сірочы хлеб» (1957), «У сям’і» (1958), раман «Птушкі і гнёзды» (1964), раманы І.Шамякіна «У добры час» (1953), «Крыніцы» (1959), «Сэрца на далоні» (1964), «Снежныя зімы» (1970), «Атланты і карыятыды» (1974) і цыкл аповесцяў «Трывожнае шчасце» (1960—70, з П.Кабзарэўскім), апавяданні Я.Коласа, Ц.Гартнага, п’есы К.Крапівы, творы інш. бел.пісьменнікаў.
Літ.:
Лиокумович Т. Переводчик с белорусского // Неман. 1977. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЛУСЦЕ́ННЕ,
лішняе адкладанне тлушчу ў падскурнай клятчатцы і інш. тканках арганізма. Галоўны фактар атлусцення — парушэнне механізмаў рэгуляцыі тлушчавага абмену. Адрозніваюць атлусценне як самастойную хваробу і як сімптом пры хваробах нерв. і эндакрыннай сістэм. Развіццю спрыяюць празмернае харчаванне, абмежаванасць фіз. нагрузкі, спадчынная схільнасць і інш. Існуюць 4 ступені атлусцення ў залежнасці ад масы хворага: 1-я — маса перавышае нармальную масу на 30%; 2-я — на 30—50%; 3-я — на 50—100%; 4-я — болей за 100%. Пры 1-й і 2-й ступенях працаздольнасць і жыццёвая актыўнасць хворых не парушаны. Потым узнікаюць хваробы: лёгачная і сардэчная недастатковасць, атэрасклероз, дыябет і інш. Лечаць атлусценне дыетай, лячэбнай фізкультурай, воднымі працэдурамі, лякарствамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСЕ́Ц (Helictotrichon),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі, Паўн. і Паўд. Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 дзікарослыя віды: аўсец пушысты (Helictotrichon pubescens; нар. назва заечы авёс), трапляецца па ўсёй тэрыторыі, расце на сухіх лугах, лясных палянах і ўзлесках, на адхонах, асабліва ўздоўж дарог; аўсец лугавы (Helictotrichon pratense; рэдкі від, вядомы толькі па звестках навук. літаратуры). Лугавыя кармавыя травы.
Шматгадовыя травяністыя расліны звычайна з паўзучымі падземнымі парасткамі або пазбаўлены іх і тады ўтвараюць шчыльныя дзернавінкі. Сцябло круглаватае, прамастойнае, выш. да 120 см. Лісце лінейнае, часам уздоўж складзенае. Каласкі 2—5-кветныя. Ніжняя кветкавая лускавінка з доўгім асцюком. Мяцёлка сціснутая або раскідзістая, нярэдка гронкападобная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАГІСТРА́ЛЬ,
аўтамабільная дарога для высокаінтэнсіўнага і скораснага руху аўтамаб. транспарту без перасячэння трансп. патокаў на адным узроўні. Мае 2 праезныя часткі, кожная з якіх размяшчаецца на агульным або асобным земляным палатне. Шырыня раздзяляльнай паласы паміж праезнымі часткамі не менш за 5 м. Аўтамагістралі звычайна пракладваюць у абход гарадоў і прамысл. цэнтраў, сувязь з якімі ажыццяўляецца па спец. пад’язных дарогах. Аўтамагістралі могуць абсталёўвацца спец. ахоўнымі агароджамі, мець пад палатном папярочныя праходы для перамяшчэння наземных дзікіх жывёл. На Беларусі пабудаваны ўчасткі аўтамагістраляў Масква—Мінск—Брэст, Санкт-Пецярбург—Віцебск—Гомель—Адэса, Мінск—Вільнюс, Бранск—Гомель—Брэст, Брэст—Ковель. Высокаразвітую сетку аўтамагістраляў маюць краіны Зах. Еўропы, Канады, ЗША (асобныя з іх утвараюць панамерыканскую і трансеўрапейскія аўтамагістралі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТО́БУС (ням. Autobus),
аўтамабіль агульнага карыстання, разлічаны на 9 і больш пасажыраў. Паводле прызначэння бываюць гарадскія, прыгарадныя, міжгароднія, міжнародных зносін і інш.; паводле змяшчальнасці і габарытаў — асабліва малыя (даўж. да 5 м), малыя (да 7,5 м), сярэднія (да 9,5 м), вялікія (да 12 м) і асабліва вялікія, спалучаныя (16,5 м і больш). Канструкцыя бывае рамная і апорная, кузаў — капотнага або вагоннага тыпу. Рухавік устанаўліваюць спераду, ззаду або пад падлогай пасажырскага салона (пры гарызантальным размеркаванні цыліндраў). На Беларусі вытв-сць аўтобусаў распачата ў 1994—95 на Мінскім аўтазаводзе (МАЗ-101), Лідскім з-дзе «Нёман» (ЛіАЗ-5256) і Мінскім канцэрне «Амкадор» («Амкадор-Ікарус»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВЫ РАСЛІ́Н БЕЛАРУ́СКІ НДІМіністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь і Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1971 у пас. Прылукі Мінскага р-нана базе Мінскай н.-д. станцыі па каларадскім жуку, нематодах і раку бульбы, Усесаюзнага НДІ аховы раслін УАСГНІЛ, аддзела аховы раслін Бел.НДІ земляробства і лабараторыі біяметаду Бел.НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва. Асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка экалагічна бясшкодных прыёмаў, метадаў і сістэм аховы раслін ад шкоднікаў, хвароб і пустазелля ў розных глебава-кліматычных зонах Беларусі, удасканаленне метадаў фітасан. дыягностыкі і выкарыстанне камп’ютэрнай тэхнікі для аховы раслін, прагназаванне развіцця шкодных арганізмаў; імуналагічныя даследаванні і распрацоўка метадаў ацэнкі селекцыйнага матэрыялу на ўстойлівасць іх да патагенаў і шкоднікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ШКЕРЦ (Aškerc) Антон (9.1.1856, в. Глабока, Славенія — 10.6.1912),
славенскі паэт, драматург. У 1881—98 святар. Друкаваўся з 1880. Аўтар зб-каў «Балады і рамансы» (1890), «Лірычныя і эпічныя вершы» (1896) і інш., п’ес («Ізмайлаў», 1906, і інш.). Перавагу аддаваў баладам, паэмам, сатырам. Стварыў рэаліст. карціны сял. жыцця (балады «Вяселле ў Логах», 1887; «Камень на мяжы», 1888), увёў у славенскую паэзію вобраз рабочага. Нізка балад «Старая праўда» (1888) прысвечана сярэдневяковым сял. паўстанням. Адстойваў ідэю адзінства славян, асуджаў манархічны дэспатызм і захопніцкія войны («Новыя вершы», 1900). Папулярнасць набылі яго творы нагіст. тэмы (вершы «Прымаж Трубар», «Пакутнікі» і інш.). Набел. мову яго творы перакладаў Н.Гілевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАЗО́ЛЬНАЯ КАТАСТРО́ФА,
рэзкае павелічэнне колькасці аэразоляў у атмасферы, якое можа адбыцца ў выніку прыродных (напр., пры вывяржэнні вулканаў) або штучных (напр., пры буйных ядз. катастрофах) з’яў і суправаджаецца выключнымі па маштабах і адмоўных наступствах парушэннямі экалагічнай раўнавагі ў прыродных сістэмах. Паняцце «аэразольная катастрофа» ўведзена сав. вучоным-геафізікам М.І.Будыкам (1969). Утварэнне ў атмасферы вял. аэразольных зонаў вядзе да рэзкага зніжэння празрыстасці атмасферы і колькасці сонечнай радыяцыі, якая паступае на паверхню Зямлі. Гэта выклікае моцнае пахаладанне і вымярзанне расліннасці навял. тэрыторыях, масавую гібель жывёл, людзей. Мяркуюць, што аэразольныя катастрофы ўзнікалі на працягу многіх мінулых геал. перыядаў, лічаць, што яны патэнцыяльна магчымыя і ў выпадку ядз. вайны (гл.«Ядзерная зіма»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗА́ЛЬТ (лац. basaltes ад грэч. basanos пробны камень),
кайнатыпная асноўная горная парода, эфузіўны аналаг габра. Складаецца пераважна з плагіяклазу, манакліннага піраксену, алівіну, вулканічнага шкла і акцэсорных мінералаў — магнетыту, ільменіту, апатыту і інш. Цёмнага колеру, звычайна няпоўнакрышт., часта парфіравай структуры. Поўнакрышт. базальты — далерыты, са шклістай структурай — гіялабазальты і тахіліты. Трываласць на сцісканне да 400 МПа, шчыльн. 2520—2970 кг/м³, т-ра плаўлення 1100—1250 °C. Базальты займаюць агромністыя плошчы дна акіянаў і велізарныя (тыс.км²) тэрыторыі мацерыкоў (трапы), утвараюць лавы многіх вулканаў. На Беларусі ёсць наПдЗ у адкладах валынскай серыі верхняга дакембрыю (у Брэсцкай упадзіне). Выкарыстоўваецца ў каменналіцейнай прам-сці; каштоўны буд., абліцовачны, эл.-ізаляцыйны і кіслотатрывалы матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАЛА́ЙКА,
народны муз. струнна-шчыпковы інструмент. Мае драўляны корпус (даўж. 600—700 мм) трохвугольнай формы (у 18—19 ст. і авальны), доўгі грыф з крыху адагнутай назад галоўкай, 3 струны. На грыфе 16—24 метал. лады. Настройка — пераважна мажорнае трохгучча (т.зв. гітарная), радзей — 2 струны ва унісон, 1 на кварту ніжэй вышэй (балалаечная). Гук даволі слабы, але звонкі. Балалайка вядома ў многіх слав. народаў з пач. 18 ст., у 1880-я г. ўдасканалена пад кіраўніцтвам В.Андрэева майстрамі Ф.Пасербскім і С.Налімавым; створана сям’я мадэрнізаваных балалаек — прыма, секунда, альт, бас, кантрабас. Выкарыстоўваецца як сольны канцэртны, ансамблевы і аркестравы інструмент. Пашырана і на ўсёй тэр. Беларусі.