ДЗЮВАЛЬЕ́ (Duvalier) Жан Клод (н. 3.7.1951, г. Порт-о-Прэнс, Гаіці),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Гаіці. У 1971—86 прэзідэнт Гаіці. Прэзідэнцкі пост паводле папраўкі да канстытуцыі (студз. 1971) атрымаў у спадчыну ад бацькі Ф.Дзювалье. Прадоўжыў умацаванне рэжыму жорсткай дыктатуры. Пры ім пагоршылася эканам. становішча Гаіці. Скінуты ў выніку нар. паўстання ў лют. 1986, эмігрыраваў у Францыю.

т. 6, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮРВІ́ЛЯ МО́РА (d’Urville Sea),

ускраіннае мора Індыйскага ак., каля берагоў Антарктыды. Абмывае Зямлю Адэлі. Паўд. ч. мора знаходзіцца ў межах мацерыковай водмелі (глыб. каля 500 м), паўночная — мацерыковага схілу (глыб. да 3610 м). Дрэйфучыя ільды; шмат айсбергаў. Салёнасць каля 34‰. Адкрыта ў 1914 аўстрал. антарктычнай экспедыцыяй пад кіраўніцтвам Д.​Моўсана. Названа ў гонар франц. мараплаўца Ж.Дзюмон-Дзюрвіля.

т. 6, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРНО́ВА, Дзярноўка,

рака ў Талачынскім і Аршанскім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток р. Адроў (бас. Дняпра). Даўж. 21 км. Пл. вадазбору 99 км². Пачынаецца за 1 км на ПдЗ ад в. Воўкавічы Талачынскага р-на. Цячэ па Аршанскім узв. Рэчышча ад вытоку да в. Вязьмічы (7 км) і каля в. Смаляны Аршанскага р-на (2,2 км) каналізавана.

т. 6, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЛЯ,

1) падатак з сялян ВКЛ у 15—18 ст. на карысць землеўладальніка, які забіраў чацвёртую частку (долю) ураджаю. У 16—18 ст. пашырана на Бел. Падзвінні. Выконвалі гэту павіннасць сяляне — дольнікі. У канцы 18 ст. Д. заменена чыншам або паншчынай.

2) Руская мера вагі да ўвядзення метрычнай сістэмы мер. Д. = ​1/96 залатніка = 0,0444 г.

т. 6, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРА́НІКІ, драчонікі, бульбянікі,

бліны з бульбы, традыцыйная бел. страва. Гатуюць з дранай (таркаванай) на тарцы бульбы, у якую часам дадаюць муку. Пякуць вялікімі (на ўсю патэльню) або невялікімі накшталт аладак. Да Д. смажаць сала, робяць мачанне з тварагу і смятаны. На Беларусі пашыраны ўсюды. На Віцебшчыне пад назвай драчоны вядомы бліны з пшанічнай, змешанай з жытняй, мукі.

т. 6, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫМАНО́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА, Даманоўскае возера,

у Віцебскім р-не, у бас. р. Лучоса, за 18 км на ПдУ ад г. Віцебск. Пл. 0,28 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 280 м, даўж. берагавой лініі 2,7 км. Пл. вадазбору 2,57 км². Схілы катлавіны выш. 2—5 м (на ПнУ да 15 м) параслі лесам і хмызняком. Злучана ручаём з Доўгім возерам.

т. 6, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯ́ЛА,

рака ў Іране і Іраку, левы прыток р. Тыгр. Даўж. (ад вытоку р. Сірван) 440 км, пл. бас. больш за 30 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Загрос, цячэ па Месапатамскай нізіне, утварае вял. дэльту. Сярэдні гадавы расход вады 130 м³/с. Веснавое разводдзе, летняя межань. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ў час разводдзя да г. Баакуба (Ірак).

т. 6, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗАДАРА́ЦЫЯ,

пазбаўленне ад непрыемнага паху цела чалавека, памяшканняў і хім. рэчываў з дапамогай спец. саставаў (дэзадарантаў). Дасягаецца вентыляцыяй памяшканняў, выкарыстаннем дэзадарантаў (у ветэрынарыі — торф, драўняны вугаль, марганцавакіслы калій, фармалін, хлорная вапна, азон і інш.), своечасовай фіз. і хім. апрацоўкай адходаў і нечыстот. Да дэзадарантаў цела часта дабаўляюць касметычныя сродкі — ласьёны, крэмы, пасты і інш. Д. папярэднічае гігіенічная апрацоўка.

т. 6, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛІМІТА́ЦЫЯ ГРАНІ́Ц,

вызначэнне становішча і напрамку дзярж. граніцы па дамоўленасці паміж сумежнымі дзяржавамі, зафіксаванае ў дагаворы і графічна выяўленае на картах, якія прыкладаюцца да яго. На падставе Д.г. праводзіцца дэмаркацыя граніц. Д. наз. таксама размежаванне марской тэр. сумежных дзяржаў (унутр. вод, тэр. мора, выключнай эканам. зоны, кантынент. шэльфа), якое ажыццяўляецца на падставе міждзярж. дагавора або судовага ці арбітражнага рашэння.

т. 6, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭСЕЛЕРО́МЕТР (ад дэ... + лац. celero паскараю + ...метр),

прылада для вымярэння запавольвання руху машын і інш. трансп. сродкаў. Дзеянне заснавана на вызначэнні сіл інерцыі маятніка, па адхіленні якога вызначаюць запавольванне (тармазную сілу). Бываюць маятнікавыя, гідраўлічныя і электронныя, індыкатарныя і самазапісвальныя. Маятнікавыя Д. (з маятнікам, падвешаным на восі ў празрыстым корпусе) прымацоўваюцца прысоскамі да ветравога шкла або пярэдняй панэлі аўтамабіля.

т. 6, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)