КАРНАЛІ́Т (ад імя ням. горнага інж. Р. фон Карналя),
мінерал падкласа хларыдаў, водны хларыд калію і магнію, KMgCl3·6H2O. Прымесі свінцу, цэзію, брому. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Звычайна суцэльныя або зярністыя агрэгаты, часам таблітчастыя, дыпірамідальныя крышталі. Колер малочна-белы, прымесямі жалеза можа быць афарбаваны ў чырвоны, буры, жоўты колеры. Бляск тлусты. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 2,5. Шчыльн. 1,6 г/см³. Вельмі гіграскапічны. Па паходжанні хемагенны, трапляецца разам згалітам, сільвінам і інш. галоідамі. Рудаўтваральны мінерал калійных солей. Сыравіна для вырабу калійных угнаенняў, метал. калію і магнію. На Беларусі выяўлена радовішча К. ў Прыпяцкай упадзіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПАЧО́Ў Яфрэм (Афроім) Майсеевіч (10.7.1914, г. Трубчэўск Бранскай вобл., Расія —18.8.1988),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (1970). Скончыў Варонежскі пед.ін-т (1937). У 1940—41 дырэктар Цэнтр.дзярж. архіва Літ. ССР. З 1946 дырэктар Цэнтр.дзярж. архіва Кастр. рэвалюцыі БССР, у 1953—85 у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Навук. працы пасац.-эканам. развіцці гарадоў Беларусі 17—18 ст.
Тв.:
Феодальные юридики в королевских городах Белоруссии XVII—XVIII вв. // Сов. славяноведение. 1968. № 6;
Узнікненне і развіццё Слуцкай вотчыннай мануфактуры шаўковых паясоў // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1982. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСІ́НСКІ Крыштоф (? — май 1593),
кіраўнік сял.-казацкага паўстання 1591—93 на Украіне. У 1580-я г. гетман рэестравых казакоў у Запарожскай Сечы. У снеж. 1591 узначаліў выступленне казакоў, якое перарасло ў нар. паўстанне (ахапіла Кіеўшчыну, Брацлаўшчыну, Валынь і ч. Падоліі). У 1592 паўстанцы захапілі гарады Белая Царква, Пераяслаў, Трыполле, але пасля паражэння каля мяст. Пяткі (Жытомірская вобл.) адступілі ў Запарожжа. К. ўступіў у перагаворы зрас. урадам, крымскімі татарамі і Турцыяй. У маі 1593 на чале двухтысячнага войска выступіў пад Чаркасы, дзе разбіты войскамі кн. А.Вішнявецкага. Загінуў у баі (паінш. звестках забіты паводле загаду Вішнявецкага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́ЧНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
перадача інфармацыі паміж наземнымі пунктамі і касм. лятальнымі апаратамі (КЛА), паміж наземнымі пунктамі праз КЛА, а таксама паміж КЛА. Важнейшыя віды К.с.: радыёсувязь, радыёвяшчанне, сістэмы выратавання тых, што церпяць бедства, і вызначэнне месцазнаходжання аб’ектаў.
Асн. асаблівасці сістэм К.с. — высокая якасць перадачы і вял. прапускная здольнасць каналаў сувязі ў спалучэнні звял. зонай абслугоўвання; дыяпазон частот ад соцень мегагерц да соцень гігагерц, а таксама аптычныя частоты (лазерная сувязь). Для К.с. паміж наземнымі пунктамі выкарыстоўваюцца ШСЗ, якія рухаюцца па эліптычных ці кругавых стацыянарных арбітах на малых, сярэдніх і вял. вышынях (гл.«Інтэлсат», Спадарожнікавая сувязь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮ́К Уладзімір Андрэевіч (н. 11.3.1952, Мінск),
бел. біяхімік. Д-рхім.н. (1994). Скончыў БДУ (1974) і працуе ў ім. Навук. працы па даследаванні свабоднарадыкальных механізмаў патагенезу пры ўздзеянні на арганізм хім. і фіз. фактараў навакольнага асяроддзя, малекулярнай фармакалогіі прыродных і сінт. антыаксідантаў.
Тв.:
Protective effect of natural flavonoids on rat peritoneal macrophages injury caused by asbestos fibers (у сааўт.) // Free Radical Biology and Medicine. 1996. Vol. 21, № 4;
Antiradical and chelating effects in flavonoid protection against silica-induced cell injury (разам з А.І.Патаповіч) // Archives of Biochemistry and Biophysics. 1998. Vol. 355, № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮ́ШКА Іван Іванавіч (н. 31.7.1919, в. Букарава Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),
гісторык. Д-ргіст.н. (1963), праф. (1980). Скончыў Маскоўскі гісторыка-архіўны ін-т (1947). З 1952 у Ін-це славяназнаўства і балканістыкі Рас.АН. Гал. рэдактар час. «Советское славяноведение» (1965—86), прэзідэнт Міжнар. камісіі па славяназнаўстве (1985—90). Даследуе агр. гісторыю сярэднеўсходняга еўрап. рэгіёна, новую і навейшую гісторыю Польшчы і сав.-польскія адносіны.
Тв.:
Крестьянская реформа 1864 г. в Царстве Польском. М., 1962;
Прусская аграрная реформа. М., 1989;
Аграрные реформы в Австрии, Пруссии и России в период перехода от феодализма к капитализму: (Сравнит. очерк). М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШТАЯ́НЦ Хачатур Седракавіч (26.9.1900, г. Гюмры, Арменія — 2.4.1961),
расійскі фізіёлаг. Чл.-кар.АНСССР (1939), акад.АН Арменіі (1943). Скончыў Маскоўскі ун-т (1926), працаваў у ім і адначасова ў Ін-це марфалогіі жывёл імя А.М.Северцава АНСССР (з 1936). У 1946—53 дырэктар Ін-та гісторыі прыродазнаўства АНСССР. Навук. працы па праблемах эвалюцыі функцый і тэарэт. асновах эвалюц. фізіялогіі. Распрацаваў энзіма-хім. гіпотэзу ўзбуджэння. Дзярж. прэмія СССР 1947.
Тв.:
Очерки по истории физиологии в России. М.; Л., 1946;
Основы сравнительной физиологии. Т. 1—2. 2 изд. М., 1950—57.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́КВЫ (Nycticorax),
род птушак сям. чаплевых атр. буслападобных. 6 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Аўстраліі і Антарктыды. Жывуць калоніямі ў забалочаных лясах або па берагах вадаёмаў. У залежнасці ад віду актыўныя днём, у прыцемках ці ўначы. Найб. шматлікая кваква звычайная (N. nycticorax). На Беларусі трапляецца як залётны від. Занесена ў Чырв. кнігу.
Невял. птушкі (даўж. кваквы звычайнай да 60 см) з кароткімі шыяй і нагамі. Дзюба прамая, доўгая. Кормяцца рыбай, земнаводнымі, дробнымі беспазваночнымі. Гнёзды на дрэвах ці высокім хмызняку, часам на заломах трыснягу. Нясуць 2—5 (дробныя віды да 8) яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕГЛЬ, кегель (ням. Kegel),
памер друкарскага шрыфту — вышыня літары звычайна з над- і падрадковымі элементамі, т.зв. заплечыкамі. Вымяраецца ў друкарскіх пунктах (роўны 0,376 мм) ці квадратах (48 пунктаў). Назвы шрыфтоў па К.: брыльянт (3 пункты), дыямант (4), перл (5), нанпарэль (6), міньён (7), петыт (8), боргес (9), корпус (10), цыцера (12), мітэль (14), тэрцыя (16), тэкст (20); ёсць таксама К. 24, 28, 36 пунктаў 1, 1 1/4, 1 1 1/2, 2, 2 1/2, 3, 4, 5, 6, 8, 10, 12, 15 квадратаў. Тэкст артыкулаў БелЭн набраны шрыфтам К. 8 і 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ЛЕРА ПЛАН,
сістэма індывідуалізаванага навучання ў ВНУ. Стваральнік — амер. псіхолаг і педагог Ф.С.Келер. Спачатку К.п. распрацоўваўся (1963—64) як сістэма выкладання псіхалогіі ў Бразільскім ун-це; у 1968 прапанаваны як агульнадыдактычная сістэма навучання ў ВНУ. Асн. рысы К.П.: арыентацыя на поўнае засваенне зместу навуч. матэрыялу; індывід. работа студэнтаў ва ўласным тэмпе; выкарыстанне лекцый (каля 6 за семестр) толькі з мэтай матывацыі і агульнай арыентацыі навучэнцаў; бягучая ацэнка засваення матэрыялу па раздзелах курса проктарамі (асістэнты выкладчыка) і інш. Паводле К.п. навучэнцы могуць свабодна выбіраць від навуч. дзейнасці і рэжым працы. Найбольшае пашырэнне атрымаў у вышэйшых навуч. ўстановах ЗША.