А́РНАЛЬДСАН ((Arnoldson) Клас) (27.10.1844, г. Гётэбарг — 20.2.1916),
грамадскі дзеяч Швецыі, публіцыст. У 1881—87 дэпутат швед. парламента. Выступаў за нейтралітэт Швецыі і аб’яднанне сканд. краін. Адзін з заснавальнікаў Швед. саюза міру і арбітражу (1883). Удзельнічаў у вырашэнні нарв. канфлікту (1895—1905) як прыхільнік аддзялення Нарвегіі ад Швецыі. Нобелеўская прэмія міру (1908, разам з Ф.Баерам).
т. 1, с. 497
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРСЕНІ́ДЫ,
хімічныя злучэнні металаў з мыш’яком. Вядомыя для ўсіх металаў (і паўметалаў), акрамя сурмы, вісмуту, свінцу і талію. Крышт. рэчывы з метал. бляскам, маюць высокія т-ры плаўлення (напр., для арсенідаў серабра tпл 1740 °C). Арсеніды галію (GaAs) і індыю (InAs) — паўправадніковыя матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца ў лазерах, выпрамніках і інш. Гл. таксама Мыш’яку злучэнні.
т. 1, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТАКСЕ́РКС II Мнемон,
персідскі цар [404—358 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў. На пач. праўлення вёў барацьбу за трон з малодшым братам Кірам, правіцелем М.Азіі. Нягледзячы на поспехі ў знешняй палітыцы (разграміў спартанскі флот каля Кніда ў 394 да н.э., заключыў Анталкідаў мір 387 да н.э.), праўленне Артаксеркса II — перыяд аслаблення Ахеменідаў дзяржавы.
т. 1, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЭЗІЯ́НСКІ КАЛО́ДЗЕЖ,
калодзеж або свідравіна, з якіх атрымліваюць артэзіянскія воды. Артэзіянскі калодзеж звычайна замацоўваюць трубамі, выкарыстоўваюць помпы, у зоне ваданоснага пласта абсталёўваюць фільтрамі. Многія нас. пункты Беларусі бяруць ваду з артэзіянскага калодзежа. Водазабеспячэнне Мінска часткова грунтуецца на сістэмах артэзіянскіх свідравін глыб. у некалькі дзесяткаў метраў, часам больш за 100 м (дэбіт 50—100 м³/гадз).
т. 1, с. 513
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́ХАВАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці, у басейне ракі Усыса (працякае праз яго), за 1 км на Паўднёвы Захад ад горада Гарадок. Плошча 0,3 км², даўжыня 1 км, найбольшая шырыня 0,4 км. Катлавіна выцягнутая з Захаду на Усход, акаймаваная лесам. Берагі нізкія, паўднёвыя забалочаны. Злучана Усысай з азёрамі Лугавое і Шчарбакоўскае.
т. 2, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІПО́ЎКА,
рака ў Беларусі, у Маларыцкім і Жабінкаўскім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Мухавец (бас. Зах. Буга). Даўж. 38 км. Пл. вадазбору 534 км². Пачынаецца ў Маларыцкім раёне з канала, вада падаецца з Лукаўскага вадасх. праз калектар. Даліна невыразная, рэчышча каналізаванае. Ніжэй в. Чарняны Маларыцкага р-на выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм.
т. 2, с. 33
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ТАМНАЯ МА́СА,
маса атама хімічнага элемента, выражаная ў атамных адзінках масы. Як асн. характарыстыка элементаў выкарыстана ў перыядычнай сістэме элементаў Мендзялеева. Прыродныя элементы ўтвараюцца з сумесі ізатопаў, таму за атамную масу элемента прымаецца сярэдняе значэнне атамных мас яго ізатопаў, а атамная маса з’яўляецца дробавай велічынёй. Адзін з метадаў вызначэння атамнай масы — мас-спектраметрыя.
т. 2, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАЗАПРА́ВАЧНАЯ СТА́НЦЫЯ (АЭС),
комплекс збудаванняў для запраўкі аўтамабіляў, матацыклаў і інш. самаходных машын гаруча-змазачнымі матэрыяламі, вадой і паветрам. АЭС уключае: тэхн. абслугоўванне машын, заправачныя ўчасткі, участкі з падземнымі рэзервуарамі, кампрэсарнае і проціпажарнае абсталяванне, тэрыторыю для тэхн. абслугоўвання машын і інш. службовыя памяшканні. Размяшчаюць пераважна на аўтадарогах з інтэнсіўным рухам транспарту, у населеных пунктах.
т. 2, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАШЫНІ́СТ,
сістэма аўтаматычнага кіравання рухам паяздоў. Грунтуецца на параўнанні сапраўднага часу перамяшчэння поезда з праграмным, які абмежаваны дапушчальнымі скарасцямі, інтэнсіўнасцю тармажэння і інш. Асн. частка аўтамашыніста — ЭВМ, якая па паказаннях датчыкаў скорасці поезда і шляху, што ён прайшоў, выбірае аптымальны рэжым руху. Выкарыстоўваецца пераважна на чыгунках з невял. інтэрваламі часу паміж паяздамі і на метрапалітэне.
т. 2, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛФАКСВЫДАТГРУ́П,
недзяржаўнае выдавецтва. Засн. ў 1990 у Мінску. Выдавала календары-альбомы, тэматычныя календары, маст., мед., тэхн. л-ру. З 1993 у супрацоўніцтве з выд-вамі Еўропы і Амерыкі выдае замежную л-ру для дзяцей у перакладзе на рус. мову (у т. л. серыі «Энцыклапедыя залатых казак», «Міфалогія», «Свет жывёл», «Як стаць дарослым» і інш.).
т. 3, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)