АЛЬФО́НС V, Афонсу (Affonso) Афрыканскі (15.1.1432, г. Сінтра — 28.8.1481),
кароль Партугаліі [1438—81]. З Авіскай дынастыі. Да 1448 правіў пад рэгенцтвам маці Леаноры дэ Арагон. За захоп у 1458—71 шэрагу паўн.-афр. тэрыторый (Алькасар, Касабланка, Арсіла, Танжэр) атрымаў мянушку Афрыканскі. У 1474—79 беспаспяхова змагаўся за кастыльскі прастол. Працягваў даследчыя экспедыцыі свайго дзядзькі Генрыха Мараплаўца ў Афрыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬФО́НС XIII (Alfonso; 17.5.1886, Мадрыд — 28.2.1941),
кароль Іспаніі [1886—1941]. З дынастыі Бурбонаў. Сын Альфонса XII. Да 1902 правіў пры рэгенцтве сваёй маці Марыі Крысціны Аўстрыйскай. У 1-ю сусв. вайну захоўваў нейтралітэт краіны. Пасля перамогі на выбарах рэспубліканцаў эмігрыраваў (крас. 1931). У 1936 падтрымаў паўстанне нацыянал-фаш. сіл супраць рэспублікі. Адрокся ад прастола на карысць свайго сына Хуана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСЕ́Й ПЯТРО́ВІЧ (18.2.1690 — 16.6.1718),
рускі царэвіч. Старэйшы сын Пятра I. Выхоўваўся ў варожым да Пятра I асяроддзі, быў уцягнуты ў змову духавенства і баярства супраць цара. У 1716 уцёк у Вену, спадзеючыся на падтрымку аўстр. імператара Карла VI. У 1718 вернуты ў Расію і асуджаны на пакаранне смерцю. Верагодна, па загадзе Пятра I быў задушаны ў Петрапаўлаўскай крэпасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯ́СКА (Alaska),
паўвостраў на ПнЗПаўн. Амерыкі (ЗША, штат Аляска), паміж Брыстольскім зал. Берынгава м. і Ціхім акіянам. Даўж. каля 700 км, шыр.да 170 км. Найб.выш. 2507 м (вулкан Веніямінава). Гарысты Алеуцкі хр. з дзеючым (Катмай, 2047 м) і патухлымі вулканамі. Горныя тундры, невял. ледавікі. Уздоўж паўн.-зах. ўзбярэжжа нізіны са шматлікімі азёрамі, субарктычныя лугі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́МІЯ, глейная рыба (Amia calva),
рыба атрада аміяпадобных. Адзіны сучасны рэліктавы прадстаўнік атрада Amiiformes. Жыве ў неглыбокіх стаячых забалочаных вадаёмах Паўн. Амерыкі на Пд ад Вялікіх азёр.
Даўж.да 90 см. Цела акруглае, рыла кароткае. Восевы шкілет акасцянелы, на галаве скурныя косці (адзнака прымітыўных рыб). Луска цыклоідная; спінны плаўнік доўгі, хваставы — сіметрычны, круглаваты. Можа дыхаць атм. паветрам. Драпежнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАТАЛІ́ЙСКІ БУРАВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,
у Зах. і Цэнтр. Анатоліі ў Турцыі. Геал. запасы 3,8 млрд.т (1978). Больш за 40 радовішчаў. Вугляноснасць басейна вядома са старажытнасці, інтэнсіўнае прамысл. асваенне з 2-й пал. 20 ст. Магутнасць пластоў вугалю ад 0,6—2,5 мда 80 м. Цеплыня згарання 11,73—19,56 МДж/кг. Каля 85% вугалю здабываецца адкрытым спосабам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТО́НАЎ Міхаіл Майсеевіч (11.3.1923, г.п. Краснаполле Магілёўскай вобл. — 4.8.1943),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў танк. вучылішча (1941). У Вял.Айч. вайну з ліп. 1941 на фронце. Камандзір танк. ўзвода ст. лейтэнант Антонаў вызначыўся ў ліп.—жн. 1943 пры вызваленні г. Арла: танкісты яго ўзвода 7 разоў атакавалі ворага на падыходзе да горада, першыя ўварваліся ў яго. Загінуў у баі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫАЗАНА́НТЫ,
хімічныя рэчывы, якія павышаюць устойлівасць гумы да разбурэння (растрэсквання) пад уздзеяннем атм. азону. Падзяляюцца на хімічнаактыўныя (рэагуюць з азонам з большай скорасцю, чым макрамалекулы каўчуку) і інертныя (утвараюць на паверхні вырабу эластычную ахоўную плёнку, напр., парафін, воск і інш.). Уваходзяць у гумавую сумесь пры яе вытв-сці (1—3% ад масы каўчуку) ці іх наносяць на паверхню вырабу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫМАНІ́Т (ад позналац. antimonium сурма), сурмяны блішчак, стыбніт,
мінерал класа сульфідаў Sb2S3. Мае 71,4—71,8% сурмы. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Утварае прызматычныя, ігольчастыя крышталі, суцэльныя, зярністыя, радыяльна-прамяністыя агрэгаты. Колер свінцова-шэры да чорнага. Бляск металічны. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 4,5—4,6 г/см³. Паходжанне гідратэрмальнае, радзей у свінцова-цынкавых радовішчах і інш. Галоўная руда сурмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АНТЭ́Й», Ан-22,
транспартны (грузавы) самалёт. Створаны ў 1964 у КБсав. авіяканструктара А.К.Антонава. Мае 4 турбавінтавыя рухавікі магутнасцю 11 МВт кожны. Узлётная маса 250 т, скорасць 740 км/гадз, далёкасць палётаў 5—11 тыс.км. Перавозіць груз да 80 т на адлегласць 5 тыс.км. На «Антэі» ўстаноўлена 15 сусв. рэкордаў.