БЕЛЯШЭ́ЎСКІ Мікалай Фядотавіч (12.10.1867, г. Умань Чаркаскай вобл., Украіна — 21.4.1926),

украінскі археолаг, этнограф, мастацтвазнавец. Акад. АН УССР (1919). Скончыў Кіеўскі ун-т. У 1902—23 дырэктар Кіеўскага гіст. музея. Рэдактар зб. «Археологическая летопись Южной России» (т. 1—3, 1899—1901) і час. з той жа назвай (1903—05). У 1890-я г. даследаваў паселішчы на Зах. Бугу, на Гомельшчыне, у Сярэднім Падняпроўі. Аўтар прац па археалогіі і ўкр. арнаментыцы.

Тв.:

Несколько новых стоянок каменного века по Днепру и его притокам // Киевская старина. 1891. Т. 32, № 3;

Дюнные стоянки неолитической эпохи на берегах р. Западного Буга в среднем его течении // Тр. одиннадцатого Археологического съезда в Киеве, 1899. М., 1901. Т. 1.

т. 3, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРГЕЛЬСО́Н Давыд Рафаілавіч (12.8.1884, с. Сарны Чаркаскай вобл., Украіна — 12.8.1952),

яўрэйскі пісьменнік. Дэбютаваў аповесцю «Вакол вакзала» (1909). Вытанчаны псіхалагізм Бергельсона выявіўся ў раманах «Пасля ўсяго» (1913), «Адыход» (1920), дзе аўтар даў шырокі малюнак жыцця розных пластоў яўр. буржуазіі, паказаў розныя лёсы яўр. інтэлігенцыі. У 1921 выехаў за мяжу, жыў у Берліне. Тэма правамернасці Кастр. рэв. і грамадз. вайны — у рамане «Мера строгасці» (1926—27) і зб. апавяданняў «Бурныя дні» (1927). У 1929 вярнуўся ў СССР. Раман «На Дняпры» (кн. 1—2, 1932—40) — эпапея пра жыццё і барацьбу нар. мас на пач. 20 ст. Рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1957;

На Днепре. Т. 1—2. М., 1960.

т. 3, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРУЛА́ВА Хута Міхайлавіч (н. 10.12.1924, г. Зугдыды, Грузія),

грузінскі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1952). Друкуецца з 1941. Піша на груз. і рус. мовах. Аўтар зб-каў вершаў «Дні» (1950), «Гэтыя дваццаць гадоў...» (1963), «Эпітафія дойліду Светыцхавелі» (1974), «Родныя імёны: Успаміны» (1979), паэм «Рускае сэрца» (1950), «Калхецкая легенда» (1943—55), «Бурная цішыня» (1981) і інш. У творах каларытныя карціны прыроды, жыцця і побыту грузінскай вёскі. Піша для дзяцей. На груз. мову пераклаў творы Г.​Бураўкіна, А.​Грачанікава. Беларусі прысвяціў паэму «Хвалі Нёмана. Дванаццаць песень пра Беларусь» (1973). На бел. мову творы Берулавы перакладалі Р.​Барадулін, А.​Вольскі, Грачанікаў, Х.​Жычка, В.​Зуёнак, В.​Лукша, У.​Паўлаў, Я.​Семяжон і інш.

т. 3, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЗО́Н (Bison bison) млекакормячае роду зуброў сям. пустарогіх. 2 падвіды. Быў пашыраны ад паўн.-зах. і цэнтр. Канады на Пд да цэнтр. Мексікі. У 19 ст. амаль знішчаны. Колькасць часткова адноўлена, пераважна на ахоўных тэр. ЗША і Канады (некалькі дзесяткаў тыс. галоў). Акліматызаваны ў цэнтр. Алясцы, завезены ў запаведнік Асканія-Нова.

Даўж. да 3 м, выш. ў карку да 1,9 м, маса да 1 т. Выглядам і біялогіяй падобны да зубра. Тулава моцнае, масіўнае, з высокім «гарбом». Ногі кароткія, тоўстыя. Рогі круглыя, гладкія, чорнага колеру. Поўсць густая, цёмна-бурая, на галаве, шыі і плячах значна даўжэйшая. Палаваспеласць у 2—3 гады. У прыплодзе звычайна адно цяля. Корміцца расліннасцю. Ахоўваецца.

Бізон.

т. 3, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЧ Іван Андрэевіч (падп. псеўд. Таёжны; 1881; в. Ясьманаўцы Валожынскага р-на Мінскай вобл. — кастр., удзельнік грамадз. вайны. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. Хаваючыся ад паліцыі, выехаў у Сібір. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 чл. Краснаярскага губрэўкома. Для барацьбы з Калчаком у лют. 1919 стварыў у с. Шытка Канскага пав. Енісейскай губ. партыз. атрад, з ім удзельнічаў у паўстанні, якое ахапіла 13 валасцей. Больш за 1000 партызанаў бесперапыннымі дыверсіямі на ўчастку Тайшэт-Тулун Сібірскай чыг. зрывалі забеспячэнне белагвардзейцаў на Усх. фронце, стварылі т.зв. «тайшэцкую затычку». Біч быў камісарам шыткінскіх партызанаў, узначальваў лятучы лыжны атрад. У вер. 1919 трапіў у палон, пасля катаванняў павешаны. У Тайшэце помнік Бічу.

т. 3, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНАЯ АЧЫ́СТКА сцёкавых водаў,

метад ачысткі быт. і прамысл. сцёкавых водаў, заснаваны на выкарыстанні здольнасці арганізмаў (пераважна бактэрый) разбураць (мінералізаваць) забруджвальнікі арган. паходжання. Ажыццяўляецца на ачышчальных збудаваннях самастойна ці ў комплексе з мех., фіз.-хім. і інш. метадамі. Аэробная (з удзелам кіслароду паветра) мінералізацыя адбываецца на палях фільтрацыі, палях арашэння, у біялагічных сажалках, каналах, біяфільтрах, аэратэнках. Анаэробная (без прысутнасці кіслароду) — у двух’ярусных адстойніках і метантэнках. Ступень ачысткі сцёкавых водаў пры выкарыстанні метадаў біялагічнай ачысткі дасягае 98% (арган. рэчываў у вадзе практычна няма, вада не гніе, колькасць шкодных мікраарганізмаў зніжаецца). Для разбурэння і дэтаксікацыі «незгнівальных» сінт. рэчываў выкарыстоўваюць спец. штамы мікраарганізмаў, якія атрымліваюць у выніку штучнага мутагенезу.

Літ.:

Очистка производственных сточных вод. 2 изд. М., 1985.

т. 3, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЙЛЯ ПУНКТ,

пункт мінімуму на ізатэрме рэальнага газу, адлюстраванай у каардынатах p — pV, дзе p — ціск газу, V — аб’ём, які займае газ. Названы ў гонар Р.​Бойля. У наваколлі Бойля пункта невял. ўчасткі ізатэрмаў рэальнага газу можна разглядаць як адрэзкі гарыз. прамых — ізатэрмы ідэальнага газу. Лінія, што злучае Бойля пункты на асобных ізатэрмах, наз. крывой Бойля. Пункт гэтай крывой, што ляжыць на восі pV (p = 0), вызначае т-ру Бойля TB = 3,375TK, дзе TK — крытычная тэмпература. Пры т-рах T < TK магчыма поўнае звадкаванне газу, пры T < TB — частковае.

Да арт. Бойля пункт: 1 — ізатэрмы рэальнага газу ў каардынатах p—pV; 2 — ізатэрма ідэальнага газу; 3 — пункты Бойля; 4 — крывая Бойля.

т. 3, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́КАЎ Віктар Фёдаравіч (н. 19.9.1914, в. Язвіцы Загорскага р-на Маскоўскай вобл.),

рускі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага (1938). Аўтар зб-каў вершаў «Застругі» (1958), «Вецер у далонях» (1962), «Лета-мята» (1966), «Аляўціна» (1968), «Калі віднела...» (1972), «У трох кроках ад салаўя» (1977), «Ельнічакбярэзнічак» (1981), кнігі празаічных мініяцюр «Над ракой Істэрмай: Запіскі паэта» (1960), цыкла «Паэзіі сто першая вярста» (1987). Рус. прырода, каханне, жыццё вёскі і рабочага прыгарада — асн. тэмы яго лірыкі, у якой вельмі адчувальныя фалькл. матывы. Некаторыя вершы паэта сталі папулярнымі ў свой час песнямі («Арэнбургская пуховая хустка», «На пабыўку едзе», «На Мамаевым кургане»).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1983—84.

В.Ф.Бокаў.

т. 3, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНЬКО́ВІЧ Ян (Ян Эдвард) Валенцьевіч (23.10.1834, маёнтак Слянянка, цяпер у межах г. Мінска — 2.8.1899),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі. З роду Ваньковічаў. Сын В.М.Ваньковіча. Скончыў лясны ін-т у Пецярбургу (1856). Прыхільнік «чырвоных». З 1861 чл. Гродзенскай рэв.-дэмакр. арг-цыі. У час паўстання пад псеўд. Ляліва змагаўся ў атрадах на Падляшшы, быў паранены. У маі 1863 узначаліў Брэсцкі паўстанцкі атрад і з Кобрынскім атрадам Р.Траўгута зрабіў рэйд на Піншчыну. У ліп. 1863 выехаў у Польшчу, працаваў у паўстанцкай арг-цыі ў Галіцыі. У сак. 1864 арыштаваны аўстр. ўладамі. Пасля жыў у Парыжы, Кракаве.

Г.​В.​Кісялёў, Я.​Я.​Янушкевіч.

Я.В.Ваньковіч. Фотаздымак пач. 1860-х г.

т. 3, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ЎСКІ Пятро (Пётр Савельевіч; н. 15.5.1922, в. Сямёнаўка Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік, кінарэжысёр. Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1953). У 1953—88 на кінастудыі «Беларусьфільм». Друкуецца з 1942. Піша на рус. і бел. мовах. Аўтар аповесцей «Новы дзень» (1956), «Першапутак» (1959), «Вечныя маладажоны» (1987), п’ес «Год дзевяцьсот семнаццаты» (паст. 1957), «Чалавек вярнуўся» (паст. 1959), «Любоў, Надзея, Вера...» (паст. 1960) і інш., п’есы для тэлебачання «Руслан плюс Людміла» (1984). Пісьменніка цікавяць пераважна маральна-этычныя праблемы. Рэжысёр фільмаў «Палеская легенда» (1957, з М.​Фігуроўскім), «Рагаты бастыён» (1965) і інш.

Тв.:

Твой заўтрашні дзень: П’есы. Мн., 1968;

Красота человеческая: Повесть и рассказы. Мн., 1980;

Образ жизни: Пьесы. Мн., 1984.

І.​У.​Саламевіч.

т. 4, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)