ГЛА́ЎБЕР (Glauber) Іаган Рудольф

(1604, г. Карлштат, Германія — 10.3.1670),

нямецкі хімік і ўрач. З 1648 працаваў у Галандыі. Асн. працы па алхіміі і хім. тэхналогіі. Прыгатаваў шэраг солей, якія выкарыстоўваліся ў якасці лек. сродкаў, у прыватнасці сульфат натрыю (Na2SO4·10H2O; наз. яго імем — глаўберава соль). Атрымаў чыстыя азотную і серную к-ты, вадкае шкло.

Літ.:

Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.

т. 5, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛА́ЎБЕРАВА СОЛЬ

(ад імя ням. вучонага І.Р.Глаўбера),

тое, што мірабіліт.

т. 5, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛА́ЎБІЦ (Glaubitz, Hlaubicz) Іаган (Ян) Крыштоф (1700 ?, Сілезія — 3.3.767 3.3.1767), бел. і літоўскі архітэктар. Прадстаўнік віленскага барока і ракако. У 1737—67 працаваў у Вільні, аднаўляў храмы, што згарэлі ў час пажару ў Вільні ў 1737, і будаваў новыя: касцёлы Ёнаса (1737), евангелістаў (1737—38), Казіміра (1741—57), Катрыны (1741 — 73), візітак, Рафала (абодва 1751), дамініканцаў на кальварыі; капліцу Барбары; браму кляштара базыльян (1761); ратушу; палац езуітаў і інш. Пабудаваў на Беларусі: Сталовіцкую царкву Іаана Хрысціцеля, царкву Магілёўскага Спаскага манастыра, Беразвецкі кляштар базыльян, Глыбоцкі касцёл і кляштар кармелітаў, Магілёўскі архірэйскі палац, касцёл базыльян і палац мітрапаліта Ф.Грабніцкага ў в. Струнь каля Полацка (1748—49), амбон, спавядальню і алтары Слонімскага касцёла бернардзінак (1751—65), касцёл дамініканцаў у в. Валынец Верхнядзвінскага р-на (1756; разбураны ў канцы 1940-х г.), інтэр’ер Лідскага Крыжаўзвіжанскага касцёла; перабудаваў Полацкі Сафійскі сабор. Мяркуюць, што Глаўбіц удзельнічаў у буд-ве Віцебскай ратушы, Дзятлаўскага касцёла Успення Багародзіцы, Быстрыцкага Крыжаўзвіжанскага касцёла, вежы Гродзенскага касцёла бернардзінцаў, палаца ў в. Лявонпаль Міёрскага р-на (1750), плябаніі (1757) пры Гайцюнішскай капліцы і інш.

т. 5, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАЎКАНІ́Т

(ад грэч. glaukos блакітнавата-зялёны),

мінерал класа сілікатаў, групы гідраслюд, водны алюмасілікат жалеза, магнію і калію (K, H2O) (Fe, Mg, Al)2[(Al, Si)Si3O10](OH)2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Характэрны тонкакрышт. агрэгаты, круглаватыя зерні. Колер зялёны, розных адценняў. Бляск зямлісты, цьмяны. Цв. 2—3. Шчыльн. 2,2—2,9 г/см³. Утвараецца пры дыягенезе асадкаў, а таксама ў глебах і корах выветрывання. На Беларусі ёсць у адкладах кембрыйскай, ардовікскай, мелавой і палеагенавай сістэм. Выкарыстоўваецца для змякчэння жорсткасці вады, угнаення глеб, як зялёная фарба, а таксама для вызначэння абсалютнага ўзросту горных парод ізатопнымі метадамі.

т. 5, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАЎКАФА́Н

(ад грэч. glaukos блакітнавата-зялёны),

пародаўтваральны мінерал класа сілікатаў, групы амфіболаў, водны алюмасілікат натрыю і магнію, Na2Mg3Al2[Si4O11]2(OH)2. Прымесі жалеза, кальцыю, калію. Крышталізуецца ў манатоннай сінганіі. Крышталі прызматычныя, агрэгаты слупкаватыя, прамянёвыя, валакністыя. Колер цёмна-сіні, бясколерны. Бляск шкляны. Цв. 5,5—6,5. Шчыльн. 3,1—3,3 г/см³. Трапляецца пераважна ў метамарфізаваных сланцах, алеўралітах, пясчаніках.

т. 5, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАЎКО́МА

(ад грэч. glaukos блакітнавата-зялёны + ...ома),

хранічная хвароба вачэй, пры якой павышаецца ўнутрывочны ціск і зніжаецца зрок. У аснове глаукомы — парушэнне цыркуляцыі вочнай вадкасці (найчасцей адтоку).

Бывае глаукома першасная (самастойная хвароба; хварэюць у асн. людзі пасля 40 гадоў), другасная (ад інш. хвароб вачэй — рубцы рагавіцы, пухліны) і прыроджаная (ад дэфектаў развіцця вока). Пры першаснай глаукоме пашкоджваюцца абодва вокі; нялечаная хвароба прагрэсіруе і прыводзіць да слепаты. Прыкметы: унутрывочны ціск да 70—80 мм рт. ст. (у норме 18—27), боль вока і вакол яго, пачырваненне вока, ацёк рагавіцы, расшырэнне зрэнак, пагаршэнне зроку, моташнасць, ірвота. Пры любой форме глаукомы звужаецца поле зроку, пагаршаецца зрок, атрафіруецца зрокавы нерв. Лячэнне: медыкаментознае, лазернае і хірургічнае.

Л.М.Марчанка.

т. 5, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАХІ́ДЫЙ

(ад грэч. glōchis наканечнік стралы, шып),

паразітычная лічынка прэснаводных двухстворкавых малюскаў сям. перлавак.

Мае двухстворкавую трохвугольную ракавіну з шыпам на брушным баку кожнай створкі, моцны мускул-замыкальнік, чуллівыя шчацінкі (у пучках) і доўгую ніць, якую выдзяляе асаблівая залоза. Глахідый развіваецца з яец (некалькі соцень тысяч) у мантыйнай поласці мацярынскай асобіны восенню і зімой. Вясной глахідый выкідваецца ў ваду і прымацоўваецца да скуры, шчэлепаў і плаўнікоў рыб, абрастае эпітэліем гаспадара. Корміцца асматычна. Праз некалькі тыдняў малады малюск пакідае гаспадара і падае на дно. Прыкметнай шкоды рыбам глахідый не прыносіць.

т. 5, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБ,

князь ваўкавыскі ў сярэдзіне 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1256, калі ён удзельнічаў у паходзе на яцвягаў разам з князямі навагрудскім Раманам Данілавічам (зяць Глеба), свіслацкім Ізяславам, а таксама галіцка-валынскімі і польск. князямі. У час паходу галіцка-валынскага кн. Данілы Раманавіча ў 1258 на Ваўкавыск Глеб узяты ў палон (трымалі яго «во чести»). Верагодна, князем удзельнага Ваўкавыскага княства Глеб заставаўся і пасля ўтварэння ВКЛ.

Я.Г.Звяруга.

т. 5, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБ РАГВАЛО́ДАВІЧ,

друцкі князь у канцы 12 ст., сын кн. Рагвалода Рагвалодавіча. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1180, калі ў саюзе са смаленскім кн. Давыдам Расціславічам аказаў супраціўленне аб’яднаным сілам палачан, чарнігаўцаў і наўгародцаў у іх паходзе на Друцк, але беспаспяхова, таму вымушаны быў пакінуць Друцк.

М.І.Ермаловіч.

т. 5, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБ РАСЦІСЛА́ВІЧ,

друцкі князь у сярэдзіне 12 ст., сын кн. Расціслава Глебавіча. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1159 (у інш. крыніцах пад 1158), калі друцкае веча выгнала яго з Друцка, дзе ён княжыў, верагодна, з 1151, калі яго бацька стаў полацкім князем.

М.І.Ермаловіч.

т. 5, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)