БАБРУ́ЙСКІ РАЁН ДРУГІ́,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—27. Утвораны 17.7.1924 у складзе Бабруйскай акругі. Цэнтр — г. Бабруйск. Пл. 1072 км², нас. 42,3 тыс. чал. (без г. Бабруйск), 311 нас. пунктаў (1925). Падзяляўся на 14 сельсаветаў. У сувязі з узбуйненнем раёнаў 4.8.1927 аб’яднаны з Бабруйскім раёнам першым у адзіны Бабруйскі раён.
т. 2, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБ-ЭЛЬ-МАНДЭ́БСКІ ПРАЛІ́Ў,
паміж Аравійскім п-вам і Афрыкай. Злучае Чырвонае м. з Аравійскім. Шыр. да 26,5 км. Глыб. на фарватэры 182 м. Востраў Перым падзяляе праліў на Вялікі і Малы рукавы. Праз праліў і Суэцкі канал пралягае самы кароткі водны шлях з Еўропы ва Усх. і Паўд. Азію і Аўстралію.
т. 2, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАШЭ́ВІЧ Іван, арганізатар і кіраўнік аднаго з найбольш буйных на Беларусі Давыд-Гарадоцкага паўстання 1648—50 у час антыфеадальнай вайны 1648—51. Быў войтам Давыд-Гарадка. У час паўстання выбраны палкоўнікам войска, якое складалася з некалькіх тысяч чалавек. Пад яго кіраўніцтвам паўстанцы больш як 2 гады кантралявалі ўсю тэр. Давыд-Гарадоцкай вол.
т. 2, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗАФІ́ЛЫ,
1) клеткі, якія маюць у пратаплазме зярністыя структуры, што афарбоўваюцца асн. фарбавальнікамі (адсюль назва). Тэрмінам «базафілы» абазначаюць адзін з відаў зярністых лейкацытаў (базафільныя гранулацыты) крыві (у норме базафілаў у чалавека 0,5 — 1% ад усіх лейкацытаў), таксама адзін з відаў клетак пярэдняй долі гіпофіза.
2) Арганізмы, што аддаюць перавагу шчолачным субстратам і шчолачнаму асяроддзю.
т. 2, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАЙРА́М»
(«Свята»),
штоквартальны гісторыка-этнаграфічны часопіс. Выходзіць у Мінску з 1991 на бел. мове. Выдаецца Бел. згуртаваннем татараў-мусульман «Аль-Кітаб». Друкуе матэрыялы па гісторыі татараў з часу іх пасялення на бел. землях у канцы 14 ст., пра жыццё татараў Паволжа і Крыма, мусульманскіх і цюркскіх краін свету, асновы мусульманскай веры і этыкі і інш.
т. 2, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНАЯ РУДА́,
руда, якая ўтварылася ў выніку адкладання на дне балотаў вокіслаў і гідравокіслаў жалеза ў выглядзе канкрэцый, цвёрдых скарынак і слаёў. Пашырана пераважна ў зоне ўмеранага клімату. У Беларусі найб. на Бел. Палессі, мае ў сабе 30—40% жалеза. Пачынаючы з жал. веку і да сярэдзіны 19 ст. з яе здабывалі жалеза.
т. 2, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНЬКО́ЎСКІ (Фелікс) (1873, в. Андропава Кобрынскага р-на Брэсцкай вобласці — 1922),
інжынер-тэхнолаг. Скончыў Харкаўскі тэхнал. ін-т, Львоўскую політэхн. акадэмію (1899). Займаўся пытаннямі газіфікацыі прамысл, аб’ектаў. З 1901 працаваў упраўляючым газавай станцыі ў г. Яраслаўль, потым — у г. Люблін. З 1919 узначальваў дэпартамент Мін-ва буд-ва Польшчы.
В.А.Гапоненка.
т. 2, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ЛЬНЫЯ ЗАЛО́ЗЫ,
скурныя апакрынныя залозы млекакормячых, якія адкрываюцца каля анальнай адтуліны або ў поласць задняй кішкі; вытворныя потавых і тлушчавых залозаў. Асн. функцыя — выдзяленне пахучых рэчываў, з дапамогай якіх жывёлы пазначаюць сваю тэрыторыю. Выдзяленні некаторых драпежнікаў (скунса, норкі) маюць сакрэт з рэзкім, непрыемным, устойлівым пахам, які адпужвае ворага або прываблівае асобін процілеглага полу.
т. 1, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫКАДО́Н (ад анты... + кадон),
участак малекулы транспартнай рыбануклеінавай кіслаты (тРНК). Складаецца з трох нуклеатыдаў, якія маюць незамешчаныя вадародныя сувязі. Антыкадон камплементарны адпаведнаму кадону матрычнай рыбануклеінавай кіслаты (мРНК) і таму спецыфічна звязваецца з ім. Узаемадзеянне кадон — антыкадон, што адбываецца на рыбасомах у працэсе трансляцыі, забяспечвае правільнае размяшчэнне кожнай амінакіслаты ў поліпептыдным ланцугу пры біясінтэзе бялку.
т. 1, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́КА,
лёгкая, цвёрдая, танкапорыстая крамяністая асадкавая горная парода, складзеная з аморфнага крэменязёму (апалу да 98%) з прымесямі гліністых часцінак, шкілетных ч. арганізмаў (дыятамей, радыялярый і інш.) і пяску. Колер ад шэрагу розных адценняў да амаль чорнага. Трапляецца пераважна сярод мелавых і ніжнепалеагенавых адкладаў. Выкарыстоўваецца ў будаўніцтве (для цеплаізаляцыі). Чыстыя гатункі апокі — моцныя адсарбенты.
т. 1, с. 431
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)