БАЛТЫ́ЙСКАЯ ГРАДА́,
паласа ўзгорыста-градавага рэльефу з азёрнымі катлавінамі ўздоўж паўд. і паўд.-ўсх. ўзбярэжжаў Балтыйскага м. ад Даніі на З да р. Зах. Дзвіна на У (у межах Германіі, Польшчы, краін Балтыі і часткова Беларусі). Даўж. каля 1500 км, шыр. 80—90 км, выш. да 329 м (г. Вяжыца недалёка ад г. Гданьск, Польшча). Пашыраны канцова-марэнны рэльеф, озы, друмліны, азёры (найб. Мюрыц, Снярдвы, Мамры).
Утварылася ў час апошняга зледзянення плейстацэну. На Пд да Балтыйскай грады прымыкаюць зандравыя раўніны, падзеленыя далінамі рэк на Мекленбургскае, Паморскае і Мазурскае паазер’і. У Беларусі да Балтыйскай грады адносяць Браслаўскую граду і ўсх. ч. Латгальскага ўзвышша. Расліннасць — мяшаныя і хваёвыя лясы.
т. 2, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАГАВЕ́ШЧАНСКІ Аляксей Сяргеевіч
(18.10.1909, г. Брэст — 25.5.1994),
савецкі ваенны дзеяч. Герой Сав. Саюза (1938), ген.-лейт. авіяцыі (1943). Скончыў Курскі прамысл.-эканам. тэхнікум, Ленінградскую ваенна-тэарэт. школу ВПС (1928), Барысаглебскую школу лётчыкаў (1929), курсы ўдасканалення камсаставу пры Ваен. акадэміі Генштаба (1939). У Сав. Арміі з 1927. Удзельнік нац.-вызв. барацьбы Кітая супраць японскіх захопнікаў у 1937, у час якой камандаваў авіяц. групай знішчальнікаў, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на Далёкаўсх., Ленінградскім, Калінінскім, 1-м Прыбалтыйскім, 1-м Укр., 3-м Бел. франтах: камандзір знішчальнага авіякорпуса. Удзельнічаў у вызваленні Оршы, Віцебска, Мінска, Маладзечна, Ліды. Да 1960 у Сав. Арміі.
т. 3, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЮМ (Blum) Леон
(9.4.1872, Парыж — 30.3.1950),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Францыі, пісьменнік, публіцыст. У 1919 абраны ў палату дэпутатаў. З 1920 кіраўнік Франц. сацыяліст. партыі (СФІА). У 1936—37 і ў 1938 кіраўнік урадаў Нар. фронту, якія ажыццявілі шэраг сац. рэформаў. Праводзіў палітыку няўмяшальніцтва ў час грамадз. вайны ў Іспаніі (1936—39). У 1940 арыштаваны калабарацыянісцкім урадам «Вішы», у 1943 выдадзены герм. уладам і вывезены ў канцлагер Бухенвальд, потым у Дахаў. Прэм’ер-міністр Францыі ў 1946—47. У сваіх працах («У чалавечым маштабе», 1945, і інш.) развіваў тэорыю «інтэгральнага сацыялізму», паводле якой перамогу сацыялізму павінна забяспечыць «маральная рэвалюцыя», а не ўзбр. барацьба за ўладу.
т. 3, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́КАЎ Віктар Фёдаравіч
(н. 19.9.1914, в. Язвіцы Загорскага р-на Маскоўскай вобл.),
рускі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя М.Горкага (1938). Аўтар зб-каў вершаў «Застругі» (1958), «Вецер у далонях» (1962), «Лета-мята» (1966), «Аляўціна» (1968), «Калі віднела...» (1972), «У трох кроках ад салаўя» (1977), «Ельнічакбярэзнічак» (1981), кнігі празаічных мініяцюр «Над ракой Істэрмай: Запіскі паэта» (1960), цыкла «Паэзіі сто першая вярста» (1987). Рус. прырода, каханне, жыццё вёскі і рабочага прыгарада — асн. тэмы яго лірыкі, у якой вельмі адчувальныя фалькл. матывы. Некаторыя вершы паэта сталі папулярнымі ў свой час песнямі («Арэнбургская пуховая хустка», «На пабыўку едзе», «На Мамаевым кургане»).
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—3. М., 1983—84.
т. 3, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т, Рэйнскі універсітэт імя Фрыдрыха Вільгельма ў Боне,
адзін з буйнейшых ун-таў Германіі. Засн. ў 1777 у Боне як акадэмія, якая павінна была стаць цэнтрам асветы на Рэйнскіх землях. У 1786 перайменавана ва ун-т. Праз 10 гадоў зачынены ў час акупацыі Рэйнскіх правінцый франц. войскамі. У 1818 аднавіў дзейнасць пасля перадачы Прусіі Рэйнскіх правінцый каралём Фрыдрыхам Вільгельмам III. У 19 ст. Бонскі універсітэт саступаў па сваёй значнасці ў Германіі толькі Берлінскаму ун-ту. Сярод выкладчыкаў ун-та буйнейшыя вучоныя Б.Нібур, Ф.Дзіц, А.Шлегель, Г.Гельмгольц, Ф.Паўльсен. Ф-ты: паліт. навук, права, матэм., прыродазнаўчых навук, мед., свабодных мастацтваў, 2 тэалагічныя.
т. 3, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́Н (Баранаў) Сяргей
(27.9.1892, в. Віцькі Гродзенскага р-на — 1937 ?),
бел. грамадскі і культ. дзеяч. Удзельнік 1-й сусв. вайны. Чл. Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Узначальваў гродзенскае т-ва дапамогі ахвярам 1-й сусв. вайны. У 1919 старшыня Бел. нац. к-та ў Гродне, заснавальнік і выкладчык Гродзенскай бел. гімназіі. Займаўся каап. дзейнасцю. У час выбараў у польскі сейм (1922) балаціраваўся ад блока нац. меншасцяў. Арыштаваны польскімі ўладамі і на суд. працэсе над удзельнікамі бел. эсэраўскага падполля ў Беластоку ў 1923 прыгавораны да 8 гадоў турэмнага зняволення. Пасля адбыцця пакарання ў канцы 1920-х г. эмігрыраваў у СССР, дзе ў 1930-я г. рэпрэсіраваны.
А.С.Ліс.
т. 2, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫЧЭ́ЎСКІ (Барычэўскі-Тарнава) Іван Пятровіч
(1810, Мінская губ. — 24.7.1887),
бел. гісторык, археограф, фалькларыст, этнограф. Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію (1833). З 1835 служыў у дзярж. установах. У час. «Санкт-Петербургские ведомости», «Журнал Министерства народного просвещения» і інш. апублікаваў артыкулы «Даследаванне пра паходжанне, назву і мову літоўскага народа», «Урывак з літоўска-рускай гісторыі», «Пра рускі летапіс у Літве, названы «Хроніка Быхаўца». Запісы фальклору паўд. і зах. славян надрукаваны ў яго кнігах «Аповесці і паданні народаў славянскага племя» (ч. 1—2, 1840—41) і «Народныя славянскія апавяданні» (1844). У 1851 асобнай кнігай выйшла яго праца «Праваслаўе і руская народнасць у Літве». Удзельнічаў у зборы матэрыялаў і падрыхтоўцы выданняў Археагр. Камісіі.
т. 2, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСУМА́ТРАВА Святлана Міхайлаўна
(н. 22.11.1946, г. Мазыр),
бел. паэтэса. Вучылася ў БДУ (1965—66), Літ. ін-це імя Горкага ў Маскве (1966—69), скончыла Маскоўскі літ. ін-т (1986). З 1972 у Бабруйску. Настаўнічала, працавала ў саўгасе, на радыё, у прэсе. Друкуецца з 1960. Аўтар зб-каў паэзіі «Белая Бярэзіна» (1981), «Кветкі палявыя» (1985), «Званы чалавечнасці» (1988), «Далеч-далячынь» (1991). Паэма «Незабудкі памяці» пра трагічны час культу асобы, рэпрэсіі супраць нявінных людзей навеяна лёсам дзеда. Любоў да роднай зямлі і яе людзей, памяць пра тых, хто аддаў жыццё за Радзіму, клопаты і трывогі сучасніка, вернасць высокім ідэалам, шчырасць і непасрэднасць пачуццяў — гал. ў лірыцы паэтэсы.
І.У.Саламевіч.
т. 2, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЗРАЗМЕ́РНАЯ ВЕЛІЧЫНЯ́,
вытворная фізічная велічыня, не залежная ад змены ў аднолькавую колькасць разоў велічыняў, выбраных за асноўныя. У сістэме велічыні, дзе за асн. выбраны даўжыня L, маса M і час T, размернасць некаторай безразмернай велічыні х роўная 1, г. зн. dim x = L°M°T° = 1 (усе паказчыкі размернасці такой велічыні роўныя нулю). Напрыклад, цэнтр. плоскі вугал, абмежаваны двума радыусамі акружнасці, не залежыць ад даўжыні радыуса і ў сістэме велічынь LMT будзе безразмернай велічынёй. Да безразмерных велічынь належаць усе адносныя велічыні: адносная шчыльнасць, адноснае падаўжэнне, адносныя дыэлектрычная і магн. пранікальнасці і інш. Безразмерная велічыня ў адной сістэме велічыняў можа быць размернай у іншай сістэме.
т. 2, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ПРАЛЕТА́РСКА-КАЛГА́СНЫХ ПІСЬМЕ́ННІКАЎ (БелАПКП). Існавала з 25.4.1931 да мая 1932. Створана ў складзе Усесаюзнага аб’яднання пралетарска-калгасных пісьменнікаў. Арганізац. бюро: Р.Шукевіч-Траццякоў, І.Барашка, П.Галавач, С.Баранавых. Чл.: М.Багун, П.Броўка, Ц.Гартны, С.Грахоўскі, С.Дарожны, А.Дудар, А.Жаўрук, М.Зарэцкі, В.Каваль, Т.Кляшторны, А.Куляшоў, Я.Купала, М.Лынькоў, В.Маракоў, Я.Скрыган, У.Хадыка, М.Чарот і інш. Існавалі Мінскае аддз. БелАПКП, філіі ў Клімавічах, Чэрвені, Полацку, літ. гурткі ў Клімавіцкім, Талачынскім, Чэрвеньскім, Смалявіцкім, Пухавіцкім, Заслаўскім, Касцюковіцкім, Клічаўскім р-нах. Ставіла задачу падтрымліваць маладых пісьменнікаў з сял. асяроддзя. Выдавала час. «Беларусь калгасная» (1932). Спыніла дзейнасць у адпаведнасці з пастановай ЦК КП(б)Б «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый БССР» (27.5.1932).
К.Р.Хромчанка.
т. 2, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)