РАЗНАЧЫ́НЦЫ,
міжсаслоўная катэгорыя насельніцтва ў Рас. імперыі 18—19 ст., «людзі рознага чыну і звання», выхадцы з духавенства, купецтва, мяшчан, сялян, дробных чыноўнікаў і збяднелых дваран, якія атрымалі адукацыю і адарваліся ад свайго былога сац. асяроддзя. Рост іх колькасці, асабліва ў 19 ст., абумоўлены развіццём капіталіст. эканомікі, якое выклікала попыт на адукаваных спецыялістаў. З 1840-х г. Р. аказвалі значны ўплыў на развіццё грамадскага жыцця і культуры, з ліквідацыяй прыгоннага права (1861) сталі асн. сац. пластом, з якога фарміравалася бурж. інтэлігенцыя. У 1840—90-я г. Р. складалі пераважную большасць удзельнікаў рэв. і ліберальнага руху ў Расіі. Да рэв. Р. належалі петрашэўцы, В.Р.Бялінскі, М.Г.Чарнышэўскі, М.А.Дабралюбаў, Т.Р.Шаўчэнка, К.С.Каліноўскі, народнікі (гл. Народніцтва).
т. 13, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАТШТЭ́ЙН (Фёдар Аронавіч) (26.2.1871, г. Каўнас, Літва — 30.8.1953),
савецкі гісторык, дыпламат. Акад. АН СССР (1939). У 1890—1920 у эміграцыі ў Вялікабрытаніі. З 1895 чл. англ. С.-д. федэрацыі, з 1911 адзін з лідэраў левага крыла Брыт. сацыяліст. партыі. Удзельнічаў у стварэнні кампартыі Вялікабрытаніі (1920). У 1920—23 паўнамоцны прадстаўнік РСФСР у Іране. У 1922—26 правадз. чл. Сацыялістычнай (з 1924 — Камуніст.) акадэміі. У 1923—30 адказны рэд. час. «Международная жизнь». У 1924—25 дырэктар Ін-та сусв. гаспадаркі і сусв. палітыкі. У 1927—45 чл. гал. рэдакцыі Вял. Сав. Энцыклапедыі. Працы па гісторыі рабочага руху, каланіяльнай палітыкі і міжнар. адносін: «З гісторыі пруска-германскай імперыі» (1948), «Захоп і закабаленне Егіпта» (2-е выд. 1959).
т. 13, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЗЕНШЭЙН (Давід Іосіфавіч) (май 1903, г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. — пасля 1960),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, журналіст. У 1920—29 сакратар Віленскіх гаркомаў КСМ Літвы і КПЗБ, 2-і сакратар Віленскага, сакратар Гродзенскага акр. к-таў КПЗБ. Кіраваў цэнтр. краёвай рэдакцыяй КПЗБ. З 1934 рэдактар газ. «Чырвоны сцяг» і інш. выданняў КПЗБ і КСМЗБ на мовах насельніцтва Зах. Беларусі. Тройчы (1921, 1929, 1936) арыштаваны польск. ўладамі і асуджаны на розныя тэрміны зняволення. З кастр. 1939 супрацоўнік абл. газ. «Вольная праца» ў Беластоку, у Вял. Айч. вайну — падп. газ. «Белостокская правда», пасля вайны — газ. «Wolna Polska» («Свабодная Польшча») і «Wolność» («Свабода»). У 1953—59 на журналісцкай рабоце ў Мінску.
Э.Р.Іофе.
т. 13, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ТБЛАТ ((Rotblat) Джозеф) (н. 4.11.1908, Варшава),
англійскі і польскі вучоны і грамадскі дзеяч. Скончыў Польскі свабодны ун-т (1932) і Варшаўскі ун-т са ступенню д-ра фіз. н. (1938). У 1933—39 працаваў у радыелагічнай лабараторыі Варшаўскага навук. т-ва, пам. дырэктара Ін-та атамнай фізікі (1937—39). У 1939—49 вёў навук. даследаванні ў галіне ядз. фізікі ў Ліверпулскім ун-це, супрацоўнічаў з лабараторыяй у Лос-Аламасе (ЗША), дзе вялася распрацоўка канструкцыі амер. атамнай бомбы. У 1950—73 праф. фізікі Лонданскага ун-та. Адзін з арганізатараў і актывістаў Пагуашскага руху, у 1957—73 яго ген. сакратар. З 1988 прэзідэнт Пагуашскага к-та. Нобелеўская прэмія міру 1998 (разам з Пагуашскім к-там).
т. 13, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОЎНАРАСНІ́ЧНЫЯ ІНФУЗО́РЫІ (Holotricha),
падклас прасцейшых тыпу інфузорый. 5 атр., каля 4 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна ў марскіх і прэсных водах. На Беларусі найб. трапляюцца адны з класічных аб’ектаў інфузорый — туфелькі, галафрыя чарнаватая (Holophrya nigricans), дыдыніум насаты (Didinium nasutum), колепс шчаціністы (Coleps hirtus), прарадон яйцападобны (Prorodon ovum) і інш. Удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў. Некат. віды — паразіты (балантыдый колі, іхтыяфтырыус і інш.), узбуджальнікі хвароб жывёл і чалавека.
Даўж. да 0,6 мм. Цела бясколернае, зрэдку зялёнае, сіняе або інш. афарбоўкі. Раснічкі (пераважна органы руху) размешчаны раўнамерна або развіты пераважна на брушным баку, у некат. утвараюць венчыкі. Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Размнажаюцца простым дзяленнем і шляхам кан’югацыі. Іл. гл. да арт. Інфузорыі.
т. 13, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САВЕ́Т АБ’ЯДНА́НАГА ДВАРА́НСТВА»,
пастаянны орган з’ездаў упаўнаважаных дваранскіх таварыстваў — агульнарас. дваранскай арг-цыі. Існаваў з мая 1906 да пач. 1917. Быў выканаўчым органам з’ездаў. Выбіраўся на 3 гады, дзейнічаў паміж з’ездамі, складаўся са старшыні, 2 таварышаў і 12 членаў. Меў актыўную падтрымку пры двары, сярод правых фракцый Дзярж. думы, у Дзярж. савеце. Часта выступаў у якасці паліт. саветніка імператара Мікалая II і ўрада. Адстойваў непарушнасць самадзяржаўя і памешчыцкага землеўладання, выступаў за актывізацыю барацьбы супраць рэв. руху, за ўзмацненне цэнзуры і інш. Вырашэнне агр. пытання бачыў у разбурэнні сял. абшчыны і пераходзе да хутарской сістэмы, рашучым правядзенні перасяленчай палітыкі. У час 1-й сусв. вайны страціў ранейшыя пазіцыі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 спыніў існаванне.
т. 14, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНДЗІ́НА ((Sandino) Аўгуста Сесар) (18.5.1895, Нікінаома, каля г. Масая, Нікарагуа — 21.2.1934),
дзеяч нац.-вызв. руху Нікарагуа. Рабочы на шахтах і рудніках у Нікарагуа, Гандурасе, Гватэмале і Мексіцы. У кастр. 1926 арганізаваў паўстанне рабочых залатых прыіскаў Сан-Альбіна супраць акупацыі Нікарагуа войскамі ЗША. Узначаліў паўстанцкую армію, якая да 1931—32 налічвала 6 тыс. чал. і кантралявала значную ч. тэр. Нікарагуа. Запрошаны на мірныя перагаворы з новым урадам краіны, арыштаваны па загадзе камандуючага нац. гвардыяй А.Самосы Гарсія і расстраляны. У яго гонар названы Сандзінісцкі фронт нацыянальнага вызвалення ў Нікарагуа.
Літ.:
Гонионский С.А. Сандино. М., 1965;
Идейное наследие Сандино: Пер. с исп. М., 1982;
Гутьеррес Дуарте М.А. Аугусто С.Сандино. М., 1991.
т. 14, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦУНКЕ́ВІЧ (Іван Лявонавіч) (28.10.1904, в. Маконь Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 18.4.1989),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў падполля і партыз. руху на Міншчыне ў Вял. Айч. вайну. Скончыў БДУ (1931). З 1932 на кіруючай і выкладчыцкай рабоце ў Мінску, 1-ы сакратар Заслаўскага райкома, сакратар Мінскага абкома КП(б)Б. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 у тыле ворага на падп. рабоце: арганізатар і камісар партыз. атрада, сакратар Мінскага падп. міжрайкома, чл. Мінскага падп. абкома КП(б)Б. У 1946—53, нарком. міністр лёгкай прам-сці БССР, да 1965 на адказнай гасп. рабоце. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—51. Аўтар кн. «Суровая быль» (2-е выд. 1979).
т. 14, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З БЕЛАРУ́СКАГА ПРАВАСЛА́ЎНАГА ДУХАВЕ́НСТВА (СБПД),
арганізацыя нацыянальна арыентаванай часткі бел. правасл. святароў Віленскай і Гродзенскай губ., якія знаходзіліся ў эвакуацыі. Створаны напярэдадні Лют. рэвалюцыі 1917 у Маскве. У СБПД уваходзілі протаіерэі І.У.Карчынскі, С.І.Кульчыцкі, святары Л.С.Паеўскі, Рапнін, Усякоўскі і інш. Саюз далучыўся да бел. нац. руху з цэнтрам у Маскве. Летам 1917 правёў з’езд правасл. святароў-беларусаў, на якім прынята рэзалюцыя ў нац. духу. Члены саюза супрацоўнічалі з арг-цыяй бел. каталіцкага духавенства «Хрысціянская дэмакратычная злучнасць» (пазней — Беларуская хрысціянская дэмакратыя), імкнуліся да беларусізацыі царк. жыцця, праводзілі пропаведзі на бел. мове. Спыніў дзейнасць у пач. 1918. Актыўныя члены СБПД былі арыштаваны.
А.І.Валахановіч.
т. 14, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САЮ́З СПРАВЯДЛІ́ВЫХ»,
тайная паліт. арг-цыя ў эміграцыі перыяду ранняга ням. рабочага руху. Засн. ў 1836—37 у Парыжы. Ідэалогія — утапічны сацыялізм, пераважна ідэі В.Вейтлінга (гал. тэарэтык саюза). Супрацоўнічаў з франц. тайнымі т-вамі: у 1839 у Парыжы ўдзельнічаў у паўстанні бланкістаў (гл. Л.А.Бланкі). Пасля яго паражэння цэнтр саюза перамясціўся ў Швейцарыю, потым у Лондан, інтэрнацыяналізаваўся, пад уплывам К.Маркса і Ф.Энгельса члены арг-цыі адышлі ад рэв.-змоўніцкіх поглядаў і засвоілі марксісцкае вучэнне. У 1847 Маркс і Энгельс уступілі ў арг-цыю і рэарганізавалі яе ў Саюз камуністаў.
Літ.:
Союз коммунистов, 1836—1849: Сб. док. М., 1977;
Павленко Г.В. Вильгельм Вейтлинг. М., 1985.
т. 14, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)