ЛЮМІНЕСЦЭ́НЦЫЯ (ад лац. lumen святло + -escent суфікс, які абазначае слабае дзеянне),
выпрамяненне, якое з’яўляецца залішкавым над цеплавым выпрамяненнем цела і доўжыцца напрацягу часу, значна большага за перыяд светлавых ваганняў. Л. часта наз. халодным святлом (магчыма пры любой т-ры цела). У адрозненне ад раўнаважнага цеплавога выпрамянення, спектр якога не залежыць ад саставу рэчыва, а вызначаецца яго т-рай, Л. — нераўнаважнае выпрамяненне, спектр якога залежыць ад прыроды рэчыва (характэрны менавіта для дадзеных атамаў і малекул). Неабходная ўмова ўзнікнення Л. — папярэдняе паступленне энергіі ў рэчыва і паглынанне яе.
Паводле спосабу ўзбуджэння Л. адрозніваюць фоталюмінесцэнцыю (узбуджаецца святлом), катодалюмінесцэнцыю (паскоранымі электронамі), электралюмінесцэнцыю (эл. полем), хемілюмінесцэнцыю (хім. працэсамі), трыбалюмінесцэнцыю (мех. дэфармацыяй) і інш. Паводле прыроды працэсаў, што адбываюцца ў рэчыве, адрозніваюць Л. самастойную (працэсы адбываюцца ўнутры аднаго цэнтра і свячэнне настае адразу пасля ўзбуджэння), вымушаную (узбуджанае рэчыва пачынае свяціцца пасля вонкавага ўздзеяння — награвання, апрамянення) і рэкамбінацыйную (свячэнне выклікаецца рэкамбінацыяй, г.зн. злучэннем зараджаных часціц — іонаў і электронаў). Кароткачасовая Л. (10−8—10−10с) наз. флуарэсцэнцыяй, больш працяглае «паслясвячэнне» — фасфарасцэнцыяй. Асн. характарыстыкі Л.: працягласць жыцця часціц ва ўзбуджаным стане (ад ~10−10 да ~104с); квантавы выхад (адносіны колькасці вылучаных квантаў святла да колькасці паглынутых); энергетычны выхад (ккдз); палярызацыя; спектры выпрамянення і ўзбуджэння (залежнасць інтэнсіўнасці свячэння ад даўжыні хвалі выпрамянення і ўзбуджэння). Характарыстыкі Л. маюць важнае значэнне ў люмінесцэнтным аналізе. Л. ў прыродзе (палярнае ззянне, свячэнне некаторых насякомых. мінералаў, гнілякоў) назіралася даўно, сістэматычна вывучаецца з 17 ст. Уклад у вывучэнне Л. зрабілі А.С. і Ж.Бекерэлі, У.Крукс, Ф.Ленард і інш. Многія заканамернасці Л. вызначаны фізікамі школы С.І.Вавілава (гл.Вавілава закон) і А.М.Цярэніна.
На Беларусі даследаванні па Л. праводзяцца з 1950-х г. у Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац.АН, БДУ, НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ і інш. У 1960-я г. створаны навук. цэнтр па Л. (адзін з найбуйнейшых у СССР). Найб. значныя працы школы фізікаў па Л. на чале з Б.І.Сцяпанавым, А.Н.Сеўчанкам, М.А.Барысевічам. Распрацаваны тэорыі Л. складаных малекул і адмоўнай Л., выяўлена і вывучана з’ява стабілізацыі-лабілізацыі электронна-ўзбуджаных шмататамных малекул (гл.Стабілізацыі-лабілізацыі з’ява), даследавана Л. пары складаных малекул, Л. рэдкіх зямель, складаных малекул, уранілавых злучэнняў, малекул біял. важнасці, у т. л. хларафілу і яго аналагаў. На аснове даследаванняў па Л. створаны новыя тыпы лазераў — лазеры на растворах і на пары арган. злучэнняў.
Літ.:
Вавилов С.И. Собр. соч.Т. 1—4. М., 1952—56;
Степанов Б.И. Введение в современную оптику: Поглощение и испускание света квантовыми системами. Мн., 1991;
Борисевич Н.А. Возбужденные состояния сложных молекул в газовой фазе. М., 1967;
Саржевский А.М., Севченко А.Н. Анизотропия поглощения и испускания света молекулами. Мн., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРЭ́ЗМ,
старажытная дзяржава ў Сярэдняй Азіі з цэнтрам у нізоўі р. Амудар’я, вобласць развітага ірыгацыйнага земляробства, рамесніцтва і гандлю. высокай культуры. Упершыню згадваецца ў іран. крыніцах 6 ст. да н.э. У канцы 6 ст. да н.э. ў складзе Ахеменідаў дзяржавы. У 4—1 ст. да н.э. — незалежная дзяржава; у 1—2 ст.н.э. ў складзе Кушанскай дзяржавы, у 3 ст. зноў незалежны. У 712 заваяваны арабамі. У 995 аб’яднаны пад уладай эміра г. Ургенч. Найб. магутнасці Х. дасягнуў пры Вял.харэзмшахах [951—1220]. З 1220 у складзе Манг. імперыі, з 1224 — улуса хана Джучы, потым у Залатой Ардзе. У 1388 Х. падпарадкаваў Цімур. Напрацягу стагоддзя за валоданне ім змагаліся Цімурыды і ханы Залатой Арды. З пач. 16 ст. большасць тэр. Х. ўключана ў Хівінскае ханства, якое намясц.афіц. тэрміналогіі наз. Харэзмскай дзяржавай, што дало падставу так назваць створаную ў 1920 Харэзмскую народную савецкую рэспубліку.
У перыяд Ахеменідаў у мастацтве Х. захоўваліся асобныя рысы сакаў. У 4—3 ст. да н.э.на аснове сінтэзу мясц. і запазычаных элементаў сфарміравалася самаст.маст. культура. Навыяўл. мастацтва паўплывала эліністычнае мастацтва, успрынятае ад парфян (гл.Парфянскае царства) і кушан (гл.Кушанская дзяржава). Адметныя рысы архітэктуры — масіўнасць і лаканічнасць аб’ёму, стрыманасць вонкавага дэкору; буд. матэрыялы — пахса і сырцовая цэгла. Традыц. былі каменныя базы ў форме гаршка на 3-ступеньчатым квадратным падмурку. Гарады звычайна прамавугольныя ў плане, з рэгулярнай забудовай, умацаваны сценамі з галерэямі і вежамі (Кюзелі-Гыр). У асобных гар. кварталах ці палацавых комплексах узводзілі храмы і свяцілішчы з брукаванай пляцоўкай для свяшчэннага агню. Палацы ўключалі парадныя двары з айванамі, залы і шматлікія пакоі, злучаныя калідорамі (Калалы-Гыр, 5—4 ст. да н.э.; Тапрак-Кала, 2—6 ст.). Пахавальныя збудаванні ўяўлялі сабой вежападобныя пабудовы з крыжападобнай планіроўкай (на гарадзішчы Кюзелі-Гыр, 5 ст. да н.э.) або цыліндрычныя храмы-маўзалеі (Кой-Крылган-Кала, 4—3 ст. да н.э.). У сінтэзе з архітэктурай развіваліся жывапіс і скульптура (гліняныя расфарбаваныя статуі і барэльефы, шматкаляровыя размалёўкі мінер. фарбамі). Асаблівы від мастацтва — урны-асуарыі ў выглядзе пустацелых статуй (5 ст. да н.э.) ці ў форме куфэрка (7—8 ст.), часам з размалёўкай. Пашыраны тэракотавыя статуэткі. У 4—3 ст. да н.э. выраблялі керамічныя біклагі з барэльефамі міфічнага зместу. Сярэдневяковыя дойліды Х. распрацавалі арыгінальныя шатрова-купальныя канструкцыі (маўзалеі 12 ст. ў г. Ургенч), у арх. дэкоры выкарыстоўвалі ўзорыстую цагляную муроўку, разную тэракоту, ганч. Развіццё мастацтва познафеад. Х. звязана з узвышэннем Хівы (культавыя і палацавыя ансамблі, кераміка, чаканка па медзі, разьба па дрэве, мармуры, ганчы).
Да арт.Харэзм. Тапрак-Кала. Фрагмент манументальнай скульптуры з алебастру. 3 ст.
песні летняга цыкла каляндарна-земляробчага фальклору. Адносяцца да летняга сонцавароту («калі сонца паварочвае на зіму, а лета на жару»). Спяваюць іх перад Купаллем і на само свята. Найб. пашыраны ў славян, літоўцаў, латышоў. Паводле стараж. уяўленняў, заснаваных на язычніцкім адухаўленні прыроды (як і на вопыце практыка-земляроба), у гэты перыяд у найб. ступені разгортваюцца жыццёвыя сілы прыроды, якія могуць быць амбівалентна спрыяльнымі і варожымі. Адсюль важкасць у купальскай абраднасці катарсічнай («ачышчальныя» вогнішчы, рытуальнае купанне) і апатрапеічнай (абходы жыта і інш. засцярогі ад злых сіл) магіі, а таксама асаблівае ў земляробчым календары значэнне купальскага культу як пакланення сонцу (у сімвалічных агнях) і ўшанавання расліннага свету. Паэзія К.п. працягвае вобразна-эмацыянальную атмасферу цыкла веснавых песень, але мае і яскравую адметнасць, абумоўленую загадкавасцю самай таямнічай напрацягу года купальскай ночы і карнавалізаваным светаадчуваннем святкавання сонцаваротаў.
Тыповы купальскі сюжэт — нарматыўнае «скліканне на купалу» з асуджэннем (нярэдка ў карнавалізаваных фарбах) таго, «хто не выйшаў на купалу» («Параска, Аксіння, Наталка ... на купалах не была // То-то — ведзьма была // До Кіёва летала на Йвана»).
Для К.п. характэрна тэматыка чарадзейства са збіраннем цудадзейных траў (зёлак), з незвычайным усходам сонца («Будзем сонца пільнаваці // Да як будзе сонца граці»). Гэтым абумоўлены таямнічы флёр, які абвалаквае персаніфікаваную Купалку ў адрозненне ад вясёлай, адкрыта разухабістай Каляды, пышна маляўнічай Вясны або пазнейшых персаніфікацый хрысц. святых — пастаянных працаўнікоў Юр’я, Пятра, Ільі. Само з’яўленне Купалы некалькі загадкавае, маскіраванае («ішла Купалка сялом, сялом // Закрыўшы вочкі чабром, чабром»). Цудадзейна-таямнічы аспект інтэрпрэтацыі каляндарнай абраднасці ў К.п. садзейнічае замацаванню менавіта ў іх баладных сюжэтаў і матываў, сярод якіх выкрышталізаваліся і тыповыя купальскія, як балада аб сястрыцы і браціку, што ператварыліся ў кветку Іван-ды-Мар’я. Пашыраная ў К.п. (як і ў веснавых) шлюбна-любоўная тэматыка нярэдка карнавалізуецца («Ссохлі, здохлі дзецюкі // На дзевачак гледзючы»), Для К.п., як і для ўсіх традыц. абрадавых песень, характэрны тыповыя палітэкставыя напевы, якія ў пэўным арэале набываюць знакава-сімвалічнае значэнне. Бел. этнамузыказнаўцы вызначаюць 7—9 песенна-меладычных тыпаў такіх напеваў. Пры дастатковай стабільнасці рытма-структурных прымет напевы К.п. вызначае інтанацыйна-меладычная мабільнасць: ад падкрэслена «галасных» мелодый святочна-ўзнёслага характару («У нас сягоння Купалачка») і сціслай формульнасці прыглушаных прыпеваў-паўтораў («Ночка мала, купальная») да лірыкі паліжанравых вяснова-купальскіх мелодый з тыповымі зачынамі, дзе звароты да купалачкі, вясняначкі, русалачкі ўзаемазамяняльныя. К.п. найб. пашыраны ў Паазер’і і паўд.-зах. раёнах Беларусі. У інш. рэгіёнах іх прыметы выяўляюцца ў веснавых, траецкіх і русальных песнях.
Публ.:
Беларускія народныя песні / Запіс Р.Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;
Анталогія беларускай народнай песні / Уклад. Г.Цітовіч. 2 выд.Мн., 1975;
Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Купальскія і пятроўскія песні / Уклад. А.Ліс, Г.Таўлай. Мн., 1985.
Літ.:
Ліс А.С. Купальскія песні. Мн., 1974;
Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯСПЛО́ДНАСЦЬ, бясплоддзе,
няздольнасць дарослага арганізма даваць жыццяздольнае патомства. Пры адсутнасці цяжарнасці напрацягу года і болей пры рэгулярным палавым жыцці без засцярогі шлюб лічаць бясплодным. Пры відавочнай паталогіі мужа ці жонкі дыягназ бясплоднасць правамоцны і раней. Бясплодны шлюб (паводле даных многіх краін складае 10—30%, у сярэднім 15%; 1995) — медыка-дэмаграфічная праблема дзярж. значнасці. Рост бясплоднасці можа абумоўлівацца ўздзеяннем паталогіі экалагічных фактараў, некаторых кантрацэптываў, міграцыяй насельніцтва, нездаровым ладам жыцця, абортамі і інш. Яна выклікае больш хуткае старэнне арганізма, павышаную схільнасць да захворванняў (пухліны), скарачае працягласць жыцця.
Адрозніваюць бясплоднасць: першасную і другасную, абсалютную і адносную, прыроджаную і набытую, часовую і пастаянную, фізіял. і паталагічную, функцыян. і арган., добраахвотна ўсвядомленую і насільна вымушаную. Агульныя прычыны бясплоднасці: парушэнне сперматагенезу, аагенезу, працэсаў зачацця — апладнення і перамяшчэння аплодненай яйцаклеткі да імплантацыі. Першасная бясплоднасць (да 70—80%, дзетанараджэнне немагчыма з пачатку палавога жыцця) абумоўлена эндакрыннай паталогіяй, другасная (20—30%, былі цяжарнасці і роды, фактары бясплоднасці выявіліся пазней) — запаленчымі хваробамі. Прычыны бясплоднасці ў жанчын (да 70% ад усіх выпадкаў бясплоднасці) — трубныя, перытаніяльныя, эндакрынныя, матачныя і шыйкавыя фактары (няправільнае развіццё ўсяго арганізма, палавых органаў, парушэнні дзейнасці яечнікаў і інш. залоз унутр. сакрэцыі, недахоп у арганізме вітамінаў, хранічныя запаленчыя хваробы і пухліны, спайкавыя працэсы і інш.). Да 30% выпадкаў бясплоднасці ў мужчын звязаны з паталаг. зменамі семя або хваробамі і недахопамі развіцця семявывадных шляхоў (наяўнасць, жыццяздольнасць і рухомасць сперматазоідаў, марфалогія і характар семянной плазмы); бывае пасля ганарэі і туберкулёзу. Лячэнне накіравана на ліквідацыю прычыны бясплоднасці — тэрапеўтычнае і хірургічнае, а таксама штучнае апладненне спермай мужа (ШАМ) ці донара (ШАД), штучнае экстракарпаральнае апладненне (ЭКА).
У жывёл бясплоднасць бывае прыроджаная і набытая. Бясплоднай лічаць маладую самку, што не апладнілася праз месяц пасля дасягнення фізіял. спеласці (у цялушак пасля 18 месяцаў, у кабыл 3 гады, у ярак 12 месяцаў, у свінак 8—9 месяцаў), і самку, што праз месяц пасля родаў была асемянёна, але не апладнілася. Бясплоднымі могуць быць і самцы. Асн. прычынамі, што парушаюць палавую функцыю ў жывёл, лічаць недастатковае ці залішняе кармленне с.-г. жывёл, недахоп вітамінаў (A, E, D, B і інш.), мінер. рэчываў (кальцыю, фосфару) і мікраэлементаў (ёду, кобальту, медзі, марганцу, цынку), перакормліванне канцэнтраванымі кармамі, недастатковае кармленне цяжарнай жывёлы і той, што расце. Пры бясплоднасці, выкліканай парушэннямі правіл штучнага асемянення або злучкі, змен у палавых органах не ўстанаўліваюць. Прычынай бясплоднасці могуць быць захворванні палавых органаў, паталагічныя роды, затрымка паследу, субінвалюцыя маткі, захворванні на трыхаманоз, кампілабактэрыёз, бруцэлёз і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЦЕР,
рух паветра адносна зямной паверхні, звычайна гарызантальны. Утвараецца з-за неаднароднасці атмасфернага ціску ў барычным полі Зямлі, накіраваны ад высокага да нізкага ціску. Чым большае адрозненне ў ціску, тым вецер мацнейшы. Вецер — вынік сумеснага дзеяння некалькіх сіл: барычнага градыента (рухаючая сіла), трэння, асабліва ў прыземным слоі атмасферы, вярчэння Зямлі (Карыяліса сіла) і цэнтрабежнай.
Характарызуецца напрамкам, адкуль дзьме, і скорасцю, якія графічна адлюстроўваюцца ружай вятроў. Гэтыя паказчыкі вызначаюцца на метэаралагічных станцыях як сярэднія за пэўны час з дапамогай метэаралагічных прылад: флюгера, анемографа, анемометра, анемарумбографа і інш., на вышыні — шароў-пілотаў. Напрамак ветру вызначаецца па 16 румбах гарызонта (з Пн — паўн., з ПнЗ — паўн.-зах.і г.д.), на метэастанцыях, што абслугоўваюць авіяцыю, — у градусах азімута. Скорасць ветру вымяраецца ў метрах за секунду, кіламетрах за гадзіну, вузлах (марскія мілі за гадзіну), прыблізна ў балах па Бофарта шкале. Скорасць вагаецца ад поўнага штылю да ўрагану (больш за 33 м/с), а ў трапічных цыклонах дасягае 100 м/с. Слабыя вятры бываюць у антыцыклонах. Ва ўмераных шыротах Зямлі пераважаюць слабыя і ўмераныя вятры (каля 3—8 м/с). З вышынёй у трапасферы скорасць звычайна павялічваецца, у стратасферы спачатку змяншаецца, потым павялічваецца зноў. Навыш. 20—25 км у струменных плынях дасягае 100—150 м/с. Вецер звычайна дзьме штуршкамі, бываюць рэзкія кароткачасовыя ўзмацненні — шквалы. Гэта абумоўлена турбулентнасцю паветр. патоку. Вертыкальныя рухі бываюць нязначныя (сантыметры за секунду), толькі зрэдку дасягаюць 10—20 м/с пры апусканні паветра па схіле, пры моцнай атм.канвекцыі.
Над вял. тэрыторыямі вятры ўтвараюць паветраныя цячэнні (пасаты, мусоны, заходні перанос паветраных мас і інш.), якія складаюць агульную цыркуляцыю атмасферы. Пры пэўных геагр. умовах фарміруюцца мясц. вятры (афганец, брыз, бара, фён, містраль і інш.). Вецер — прычына многіх з’яў у прыродзе, ён уплывае прама ці ўскосна на жыццё людзей. Ад ветру залежыць развіццё ветраапыляльных (анемафільных) раслін, сярод якіх асн. збожжавыя культуры. Вецер уздзейнічае на рэльеф сушы (гл.Дэфляцыя, Дзюны, Барханы), выклікае хваляванне на моры, ветравыя цячэнні ў акіяне, абумоўлівае цеплаабмен паміж сушай і акіянам, зямной паверхняй і атмасферай, кругаварот вады на Зямлі. Вецер вялікай сілы — прычына многіх стыхійных бедстваў — штормаў, ураганаў, пылавых бур, самумаў і інш. Энергія ветру выкарыстоўваецца ў ветраэнергетыцы.
Ветравы рэжым тэр. Беларусі абумоўлены агульнай цыркуляцыяй атмасферы над кантынентам Еўразія і над Атлантычным ак. і вызначаецца існаваннем цэнтраў дзеяння атмасферы: Ісландскай дэпрэсіінапрацягу ўсяго года, Сібірскага антыцыклону зімой і Азорскага антыцыклону летам. Пад іх уплывам з ліст. да сак. пераважаюць паўд.-зах. вятры, з мая да вер. — паўн.-зах. Скорасць ветру зімой 4—5 м/с, летам 2—3 м/с. Моцны вецер бывае рэдка (5—10 дзён за год). Зімой пры праходжанні халоднага фронту, летам пры навальніцах бываюць буры, летам зрэдку адзначаюцца смерчы. На берагах вял. азёр існуе брызавая цыркуляцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДОВА І ГІСТОРЫЯ РАЗВІЦЦЯ ПЛАТФОРМАВАГА ЧАХЛА.
У познім пратэразоі пачаў фарміравацца чахол платформы. Першыя яго ўтварэнні, прымеркаваныя да асобных паніжэнняў фундаменту, датуюцца раннім рыфеем (пачатак — каля 1,65 млрд. гадоў назад). Гэта вулканагенныя пароды і моцна змененыя катагенезам кварцавыя пясчанікі, якія залягаюць пераважна ў паўд.-ўсх. частцы Беларусі. Пазней на асобных участках Бабруйскага пахаванага выступу, Палескай седлавіны і Прыпяцкага прагіну ва ўмовах субарыднага клімату камяністай пустыні намнажаліся эолавыя пяскі, пазней ператвораныя ў пясчанікі. У сярэднім рыфеі (пачатак — каля 1,35 млрд. гадоў назад) адбылося залажэнне Валына-Аршанскага прагіну, які шырокай паласой перасек усю тэр. Беларусі з ПдЗнаПнУ. Да прагіну быў прымеркаваны ўнутрыкантынентальны мелкаводны марскі басейн, у якім намножыліся чырванаколерныя сярэдне-, дробна- і тонкаабломкавыя асадкі магутнасцю больш за 400 м. НаПдУ і наПнЗ ад басейна асадканамнажэння размяшчаліся вобласці зносу абломкавага матэрыялу. Да канца сярэдняга — пачатку позняга рыфею (каля 1 млрд. гадоў назад) асадканамнажэнне працягвалася толькі ў паўн.-ўсх. частцы Валына-Аршанскага палеапрагіну. Тэр.на поўдзень ад лініі Слуцк—Старобін—Жлобін стала сушай. Напрацягу позняга рыфею ў цэнтр. і ўсх. частках Беларусі (Аршанская ўпадзіна) асадканамнажэнне адбывалася ў невялікім мелкаводным басейне з нармальна марской або некалькі павышанай салёнасці вадой. Намнажаліся тэрыгенныя, тэрыгенна-карбанатныя і карбанатныя адклады, у т. л. першыя арганагенныя ўтварэнні — водарасцевыя даламіты. Да канца рыфею ўся тэр. Беларусі стала сушай.
У раннім вендзе (пачатак — каля 650 млн.г. назад) большая частка тэр. Беларусі была ахоплена покрыўным зледзяненнем, у час якога ўтварыўся магутны комплекс ледавіковых, патокава-ледавіковых і азёрна-ледавіковых адкладаў. Найб. магутныя тоўшчы (больш за 300 м) ледавіковай фармацыі ўстаноўлены на поўдні Аршанскай упадзіны і напаўн. схіле Жлобінскай седлавіны. У разрэзах перыядычна чаргуюцца гарызонты тылітаў (стараж. марэн), патокава-ледавіковых пясчаных парод і азёрна-ледавіковых слаістых глін, што сведчыць пра некалькі фаз зледзянення. На пачатку позняга венду (каля 620 млн. гадоў назад) тэр. Беларусі ўяўляла сабой перасечаную раўнінную сушу, на якой фарміраваліся маламагутныя пралювіяльна-алювіяльныя комплексы дрэннасартаваных буйна- і грубазярністых чырванаколерных пясчаных адкладаў. Такія комплексы ўстаноўлены натэр. Падляска-Брэсцкай упадзіны і Палескай седлавіны. Позні венд адзначаны актыўным вулканізмам, гал. месцам яго дзеяння была Падляска-Брэсцкая ўпадзіна, дзе сфарміравалася трапавае плато, утворанае покрывамі базальтаў, дыябазаў, лавабрэкчый з праслоямі туфаў і туфітаў (магутнасць да 300 м). Вулканічныя вывяржэнні адбываліся ў кантынентальных і марскіх умовах. Вулканакластычны матэрыял быў вельмі пашыраны. Значныя тоўшчы туфаў, туфітаў, туфагенных асадкавых парод, прадуктаў гразевых вулканічных патокаў намножыліся натэр. Палескай седлавіны, Аршанскай упадзіны, Беларускай антэклізы, ПнЗ Прыпяцкага прагіну. Пасля заканчэння вулканічнай актыўнасці абломкавы вулканічны матэрыял у выніку размыву трапавага плато яшчэ доўга паступаў натэр. Падляска-Брэсцкай упадзіны, Палескай седлавіны, Аршанскай упадзіны і паўн.-ўсх. схілы Беларускай антэклізы, дзе ў марскіх умовах адбывалася намнажэнне пясчана-алеўрыта-гліністых асадкаў.
У кембрыйскі перыяд палеазойскай эры (пачатак — каля 570 млн. гадоў назад) неглыбокія марскія басейны, дзе намнажаліся пясчана-гліністыя асадкі, былі ў Падляска-Брэсцкай упадзіне (магутнасць адкладаў да 436 м) і на крайнім ПнЗ Беларусі (схілы Бел. антэклізы і Балтыйскай сінеклізы, адклады магутнасцю да 150 м). Гэтыя ж мелкаводныя басейны захоўваліся і ў ардовікскі (пачатак — каля 500 млн. гадоў назад) і сілурыйскі (пачатак — каля 440 млн. гадоў назад) перыяды. Але ў гэты час тут намнажаліся выключна карбанатныя адклады (вапнякі, мергелі, радзей даламіты). Магутнасць ардовікскіх утварэнняў наПнЗ краіны больш за 150 м, наПдЗ — да 40 м, сілурыйскіх адпаведна да 65 м і 650 м.
У дэвонскі перыяд (пачатак — каля 410 млн. гадоў назад) тоўшчы разнастайных горных парод намножыліся на большай частцы тэр. Беларусі. У Падляска-Брэсцкай упадзіне іх магутнасць 10—100 м, Аршанскай упадзіне да 450 м, у Прыпяцкім прагіне да 4500 м. У пачатку раннедэвонскай эпохі (лохкаўскі век) асадканамнажэнне адбывалася толькі ў Падляска-Брэсцкай упадзіне, дзе сфарміраваліся марскія карбанатныя адклады ва ўмовах, спрыяльных для існавання бентасу (імшанкі, брахіяподы, крынаідэі) і водарасцей. У канцы лохкаўскага веку мора поўнасцю адышло з тэр. Беларусі. У эмскі век раннедэвонскай эпохі Аршанская ўпадзіна, Латвійская і Жлобінская седлавіны, усх. схілы Беларускай антэклізы, асобныя ўчасткі Прыпяцкага прагіну былі заняты мелкаводным морам, дзе намнажаліся пясчанікі, гравеліты, мергелі, вапнякі, даламіты, у т. л. водарасцевыя і аалітавыя. Іх сучасная магутнасць больш за 20 м. Мора сярэднедэвонскай эпохі мела тыя ж межы, што і ў раннім дэвоне, а ў эйфельскім веку яно поўнасцю залівала Прыпяцкі прагін. Салёнасць вады ў ім мянялася ад некалькі паніжанай (акумуляваліся пясчаныя адклады) да вельмі высокай (утвараліся пласты гіпсу, ангідрыту, на асобных участках Прыпяцкага прагіну — каменнай солі). У месцах з нармальнай салёнасцю марской вады намнажаліся карбанатныя і глініста-карбанатныя пароды з рэшткамі фауны. Магутнасць эйфельскіх адкладаў ад 10 мна схілах Бел. антэклізы да 100 м у Аршанскай упадзіне і Прыпяцкім прагіне. У жывецкі век сярэдняга дэвону мора некалькі адступіла з усх. схілаў Бел. антэклізы, астатнія контуры захаваліся. Мора было мелкаводным; у 1-й палавіне веку ў ім намнажаліся пераважна пясчана-алеўрытавыя адклады, у 2-й — глініста-карбанатныя. Магутнасць жывецкай тоўшчы дасягае 185 м. У пачатку і сярэдзіне франскага веку познадэвонскай эпохі наПнУ і ПдУ Беларусі ў мелкаводных марскіх умовах намнажаліся напачатку пясчана-гліністыя, потым карбанатныя асадкі, часам — сульфатны матэрыял. На пэўных адрэзках часу ствараліся ўмовы, спрыяльныя для жыцця страматапараідэй, каралаў, і фарміраваліся арганагенныя пабудовы (рыфы). У канцы франскага веку наУ краіны сфарміраваліся 2 зоны (паўн. і паўд.), якія развіваліся да канца дэвону. Паўночная зона (усх. і паўд.-ўсх. раёны Аршанскай упадзіны) ахоплівала невялікую плошчу, занятую мелкаводным марскім басейнам, дзе ў тэктанічна спакойных умовах намножыліся маламагутныя карбанатныя і карбанатна-гліністыя адклады. У паўднёвай зоне ў гэты час фарміравалася тэктанічна актыўная структура — Прыпяцкі прагін (рыфтавы грабен), да якога прымеркаваны гал. карысныя выкапні Беларусі — каменная і калійныя солі, нафта, буры вугаль, гаручыя сланцы, прамысловыя расолы і інш. За перыяд з канца франскага веку па фаменскі век позняга дэвону ўключна ў Прыпяцкім прагіне сфарміраваліся верхняя частка падсалявой карбанатнай тоўшчы, ніжняя саляносная, міжсалявая, верхняя саляносная і надсалявая тоўшчы, а таксама звязаная з імі шчолачна-ультраасноўная — шчолачна-базальтоідная вулканагенная фармацыя. Гэты час характарызаваўся: найбольшым праяўленнем магматызму і галагенезу; максімальнымі магутнасцямі адкладаў (3000—3500 м) у сувязі з вельмі высокімі тэмпамі апускання тэрыторыі (да 780 м/млн. гадоў); фарміраваннем высокаамплітудных (сотні метраў) разломаў; утварэннем складанай плікатыўна-блокавай структуры; шырокім праяўленнем працэсаў саляной тэктонікі. Пароды, што намножыліся ў гэты перыяд, вельмі разнастайныя: пясчанікі, алеўраліты, гліны, аргіліты, вапнякі, даламіты, мергелі, ангідрыты, гіпсы, каменная соль, сільвініт, карналіт, гаручыя сланцы. Познадэвонскі вулканізм прывёў да ўтварэння ва ўсх. частцы Прыпяцкага прагіну і на Жлобінскай седлавіне пластоў туфаў, эфузіўных і субвулканічных парод і трубак выбуху. У канцы фаменскага веку завяршылася фарміраванне Прыпяцкага прагіну як рыфтавай структуры.
Пасля перарыву ў асадканамнажэнні на мяжы дэвону і каменнавугальнага перыяду (пачатак — каля 350 млн. гадоў назад) натэр. Беларусі ў пачатку турнейскага веку раннекаменнавугальнай эпохі намнажэнне асадкаў аднавілася (у Прыпяцкім прагіне — да 1000 м, на Брагінска-Лоеўскай седлавіне і Валынскай монакліналі). У каменнавугальны перыяд ва ўмовах гарачага і вільготнага клімату адзначаліся шматразовыя змены марскіх, прыбярэжна-марскіх, лагунна-прэснаводных і кантынентальных палеагеаграфічных абставін. У гэты час намножыліся пяскі, пясчанікі, вапнякі, гліны, у т. л. каалінавыя, з праслоямі баксітаў, бурага вугалю і даўсанітзмяшчальных парод. У адкладах візейскага веку ніжняга карбону натэр. Прыпяцкага прагіну сфарміравалася Заазернае радовішча даўсаніту.
Адклады пермскага перыяду (пачатак — каля 285 млн. гадоў назад) вядомы натэр. Прыпяцкага прагіну, Брагінска-Лоеўскай седлавіны, Падляска-Брэсцкай упадзіны і паўд. схілах Балтыйскай сінеклізы. Ва ўмовах сухога і гарачага клімату ў марскіх і кантынентальных абставінах ішло намнажэнне пераважна тэрыгенных адкладаў (пяскі, гліны); перыядычна фарміраваліся праслоі і гнёзды гіпсу і ангідрыту. У раннепермскую эпоху ў цэнтр. частцы Прыпяцкага прагіну намножылася магутная (да 760 м) саляносная тоўшча, у якой прадстаўлены каменная соль, сільвініт, кізерыт і бішафіт.
Адклады трыясавага перыяду (пачатак — каля 230 млн. гадоў назад) пашыраны наПдУ Беларусі (Прыпяцкі прагін, Брагінска-Лоеўская седлавіна) і наПдЗ (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна). Седыментацыя адбывалася ў прэснаводных вадаёмах, дзе намножыліся чырвана- і стракатаколерныя тэрыгенныя адклады (пяскі, алеўраліты, кангламераты, гліны). Іх магутнасць наПдУ дасягае 300—500 м, часам 700—1000 м, наПдЗ — 8—50 м.
Напрацягу большай часткі позняга трыясу і ўсёй ранняюрскай эпохі (пачатак — каля 195 млн. гадоў назад) тэр. Беларусі была сушай і падвяргалася размыву. У сярэдняюрскую эпоху асадканамнажэнне аднавілася. Адклады юрскай сістэмы (максімальная магутнасць сотні метраў) залягаюць у Прыпяцкім прагіне, на Брагінска-Лоеўскай і Жлобінскай седлавінах, у паўд. частцы Аршанскай упадзіны, у Падляска-Брэсцкай упадзіне і наБел. антэклізе. У сярэдня- і познаюрскую эпохі часта чаргаваліся фазы адступання і наступання мора; паступова моцна апрэснены басейн шляхам асадканамнажэння ператварыўся ў тыповы марскі. У юрскі час намножыліся гліны, алеўраліты і пяскі з праслоямі бурага вугалю, вапнякі, мергелі.
Мелавы перыяд (пачатак — каля 137 млн. гадоў назад) — час шматразовых марскіх трансгрэсій з 3 і Унатэр. краіны. Адклады мелавой сістэмы (магутнасць да 336 м) пашыраны па ўсёй паўд. палавіне Беларусі. У раннемелавую эпоху намнажаліся пераважна тэрыгенныя асадкі (пяскі, у т. л. з глаўканітам і фасфарытавымі жаўлакамі, гліны, алеўрыты); у познамелавую — выключна пісчы мел і мергельна-мелавыя пароды з канкрэцыямі і жаўлакамі крэменю. У другой палавіне каньякскага веку позняга мелу на крайнім У Беларусі ўтварыліся пласты трэпелаў і апок.
У адкладах палеагену (пачатак — каля 67 млн. гадоў назад), пашыраных у межах паўд. палавіны Беларусі, пераважаюць тэрыгенныя асадкі: кварцава-глаўканітавыя пяскі, алеўрыты з галькай фасфарытаў і крэменю. Іх магутнасць дасягае 220 м. Напрацягу палеацэнавай і эацэнавай эпох асадканамнажэнне адбывалася ў марскіх умовах. Клімат у палеагене быў цёплы і вільготны. Перыядычна ўзнікалі ўмовы, спрыяльныя для жыцця арганізмаў з крамянёвымі шкілетамі, у выніку чаго фарміраваліся апокі, апокападобныя гліны, алеўрыты. У першай палавіне алігацэнавай эпохі марскі басейн пачаў мялець, скарачацца, а ў канцы ранняга — пачатку позняга алігацэну мора назаўсёды пакінула тэр. Беларусі. У познім алігацэне адклады намножыліся ў далінах рэк, азёрах, катлавінах, звязаных з карставаннем пісчага мелу і салявых адкладаў у скляпеннях саляных купалаў. У замкнутых забалочаных азёрных катлавінах і западзінах утварыліся буравугальныя паклады.
У неагенавы перыяд (пачатак — каля 25 млн. гадоў назад) у паўд. палавіне Беларусі, якая ўяўляла сабой нізінную алювіяльную раўніну з забалочанымі плоскімі (плакорнымі) водападзеламі, працягвалася кантынентальнае асадканамнажэнне (пяскі, алеўрыты, гліны, у т. л. мантмарыланітавыя, тарфянікі). Працэсы торфаўтварэння спрыялі фарміраванню буравугальных радовішчаў наЗ Прыпяцкага прагіну. Магутнасць неагенавых адкладаў месцамі перавышае 100 м. Клімат напрацягу большай часткі неагену быў цёплы і вільготны, у канцы перыяду пачалося пахаладанне, зменшылася колькасць атмасферных ападкаў; клімат стаў падобны да сучаснага.
Чацвярцічны (антрапагенавы) перыяд (пачатак — каля 1,65 млн. гадоў назад) натэр. Беларусі падзяляюць на 3 этапы: перадледавіковы, ледавіковы і пасляледавіковы. Першыя 2 адпавядаюць плейстацэнавай эпосе, апошні — галацэнавай. Магутнасць адкладаў чацвярцічнага перыяду дасягае 300 м. У перадледавіковы этап плейстацэнавай эпохі ў Скандынавіі ўзнікалі ледавіковыя покрывы. Яны не дасягалі тэр. нашай краіны, але ўплывалі на яе клімат і абумовілі чаргаванне фаз пацяплення і пахаладання. Ледавіковы этап плейстацэнавай эпохі адзначаўся чаргаваннем зледзяненняў і міжледавікоўяў. Натэр. Беларусі вылучаюць 6 ледавіковых і 5 міжледавіковых перыядаў. Рух покрыўных ледавікоў моцна мяняў рэльеф тэрыторыі. Узнікалі працяглыя (дзесяткі кіламетраў) лагчыны ледавіковага выворвання і размыву. Акумуляцыя марэн пры раставанні ледавікоў утварала новыя формы рэльефу. Чацвярцічная тоўшча амаль напалавіну складзена з марэнных адкладаў. Масы рухомага лёду часта зрывалі і пераносілі на розныя адлегласці вялікія масівы карэнных парод, т.зв. адорвені. Пра геалагічную «моц» ледавікоў сведчаць валуны і глыбы крышталічных і трывалых асадкавых парод, прынесеныя натэр. Беларусі ледавікамі са Скандынавіі. Пры раставанні ледавікоў узнікалі водныя патокі, якія неслі рыхлы абломкавы матэрыял (пясок, радзей гравій і гальку). Гэты флювіягляцыяльны матэрыял адкладаўся на паверхні ледавікоў, у іх тоўшчы або каля краёў. Часам водныя патокі сустракалі на сваім шляху перашкоды ў выглядзе марэнных утварэнняў (краявыя ледавіковыя грады, озы, друмліны і інш.). У выніку падпруджвання ўзнікалі азёры, у якіх намнажаліся азёрна-ледавіковыя (лімнагляцыяльныя) адклады, пераважна стужачныя гліны (чаргаванне тонкіх пясчаных і гліністых слаёў). Каля краю ледавіка фарміраваліся эолавыя ўзгоркі, грады, дзюны, намнажаліся тоўшчы лёсаў. У час міжледавікоўяў, калі ледавікі поўнасцю адступалі, асадканамнажэнне канцэнтравалася ў далінах рэк, шматлікіх азёрных і балотных катлавінах. Намнажаліся пяскі, гліны, сапрапелі, мергелі, торф, гіціі. Апошняе (паазерскае) зледзяненне пакінула тэр. Беларусі каля 15 тыс. гадоў назад. Яшчэ некалькі тысячагоддзяў працягваўся халодны пасляледавіковы перыяд і каля 10 тыс. гадоў назад пачаўся галацэнавы (сучасны) перыяд, у час якога намножылася тоўшча рыхлых асадкавых алювіяльных, азёрных, балотных і інш. адкладаў магутнасцю да 20—25 м. Апошнія стагоддзі галацэнавага этапу адметныя актыўным уплывам антрапагеннага фактару. З развіццём цывілізацыі гэты ўплыў становіцца ўсё больш значным і набывае характар пашыранага геалагічнага фактару. Разнастайныя сучасныя геалагічныя працэсы правакуюцца здабычай карысных выкапняў, прамысловым, жыллёвым, меліярацыйным і гідратэхнічным будаўніцтвам, звядзеннем лясоў, разворваннем зямель, складаваннем і пахаваннем прамысл. адходаў, забруджваннем атмасферы парніковымі газамі і інш. формамі ўплыву чалавека на прыроднае асяроддзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦТВА,
духоўна-творчае адлюстраванне і пераўтварэнне быцця ў вобразах і сімвалах, якія ацэньваюцца паводле эстэт. катэгорый прыгожага і агіднага, узнёслага і нізкага, трагічнага і камічнага, этычных катэгорый дабра і зла, сінтэтычных паняццяў пазнання (маст. праўда, фальш, амбівалентнасць). Ў сістэме мастацкай культуры займае цэнтр. месца, у культуры як універсальнай дзейнасці грамадства з’яўляецца сярэднім, злучальным звяном паміж вытв-сцю і пазнаннем, навукай і мараллю, філасофіяй і верай. У шырокім навук. сэнсе паняцце М. ахоплівае ўсе віды і жанры маст. творчасці — ад літаратуры і музыкі да архітэктуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; у вузкім сэнсе гэтым паняццем часта абазначаюць толькі выяўл. віды творчасці або з агульнай сістэмы М. вылучаюць л-ру ў вызначэннях тыпу «літаратура і мастацтва». М. даследуецца эстэтыкай, мастацтвазнаўствам.
Паводле шырокай гіст. тыпалогіі вылучаюцца тры стадыі развіцця сусв. М.: шматвяковы перыяд першапачатковага сінкрэтызму (мастацтва ў сістэме этн. культуры), эпоха класічнага росквіту (маст. класіка), позні перыяд разгалінаванай спецыялізацыі, у рамках якога ўзнікаюць тэндэнцыі да рэдукцыі і спрашчэння класічных тыпаў творчасці, выцяснення іх масавымі і электронна-тэхн. відамі маст. культуры. Гэтыя працэсы, як правіла, асінхронныя ў розных рэгіёнах і нац. культурах. Як і інш. формы культуры, М. здольнае ў спрыяльных гіст. і этнакульт. умовах адраджаць сваю класічную спадчыну, уключаць яе ў кантэкст сучаснасці.
Марфалогія М., г.зн. яго разгалінаванне на віды. роды і жанры, складвалася паступова напрацягугіст. развіцця. Вобразная сістэма ўсіх відаў і жанраў М. двухмерная, існуе ў часе і прасторы. Пры вызначэнні суадносін маст. часу і маст. прасторы ўлічваюць падзел усіх М. на аднародныя і неаднародныя (сінкрэтычныя на ранніх і сінтэзаваныя на позніх стадыях развіцця). З улікам перавагі прасторы або часу аднародныя М. падзяляюцца на прасторавыя (архітэктура, выяўл., дэкар.прыкладное, садова-паркавае М.), ча́савыя (л-ра, музыка, красамоўства) і комплексныя, прасторава-часавыя (акцёрскае і харэаграфічнае М.). Маст. сінкрэтызм фальклору, інш. ранніх форм маст. культуры — гэта першаснае адзінства яшчэ не вылучаных у самастойныя віды М. (наяўнасць паэзіі, музыкі, элементаў тэатра і харэаграфіі ў абрадавым фальклоры), а маст. сінтэз — вынік узаемадзеяння і спалучэння развітых аднародных М, напр., драматургіі, акцёрскага, выяўл., муз. і дэкар.-прыкладнога М. ў драм. тэатры, оперы, балеце, кінематографе, тэлебачанні. Усе неаднародныя М. адносяцца да тыпу прасторава-часавых. Спецыфічнае для кожнага віду М. і гіст. тыпу маст. культуры адзінства часу і прасторы стварае іх хранатопы: пластычная дамінанта і слабая канкрэтызацыя часу, характэрныя для стараж., асабліва ант. тыпаў культуры. Арыентацыя на архетыпы і спрадвечнасць — прыкметы сярэдневяковага М.; аднак тады ж у хрысц. свядомасці спасцігаліся духоўная каштоўнасць асобы і непаўторнасць кожнай падзеі, гэта адкрыццё выявілася ў летапіснасці хрысц. л-ры, інш. відаў М. Рамантычнае і рэалістычнае М. арыентуецца на канкрэтна-гіст. хранатоп, разам з тым дазваляе творцу спалучаць рэальныя і сімвалічныя прасторы, мінулыя і сучасныя падзеі.
У фундаментальных «Лекцыях па эстэтыцы» Г.Гегель даказаў, што ўсе вядомыя сусв. цывілізацыі і культ.-гіст. тыпы маюць свае эстэт. дамінанты і адпаведныя ім дамінуючыя віды М., якія вызначаюць агульную інтанацыю і змястоўную структуру маст. культуры пэўнай эпохі — арх. сімвалізм Стараж. Усходу, скульпт. пластычнасць ант.М., муз.-паэт. рамантызм хрысц. цывілізацыі. Неадназначнае М. розных эпох і маст. кірункаў паводле сваіх мэт і грамадскіх функцый. Ант.маст. культура адкрыла пластычную прыгажосць быцця і чалавека як вяршыні яго, арыентавалася на гармонію, меру і адпаведную ім сістэму маральна-эстэт. выхавання, пазначаную паняццямі калакагатыя і катарсіс. Сярэдневяковае хрысц. М. перанесла акцэнты на ўзнёслую красу духоўных сутнасцей. Эпоха гуманіст. Адраджэння здолела сінтэзаваць ант. гармонію і меру з хрысц. духоўнасцю, арыентавалася на эстэтыка-пазнавальную функцыю М. Для культуры барока характэрна перавага маст. штучнасці і дасціпнасці над класічнай натуральнасцю. Сацыяльна-выхаваўчая функцыя. прыярытэт грамадз. абавязку над асабістымі пачуццямі — эстэт. імператывы класіцызму і асветніцкага М. Рамантызм адкрыў каштоўнасць індывідуальнасці, непаўторнасць душэўнага жыцця асобы, духоўную самабытнасць народаў. Крытычны рэалізм арыентуецца на сацыяльна-пераўтваральную) функцыю М. Нарматыўная эстэтыка сацыяліст. рэалізму стала пралетарска-класавай трансфармацыяй класіцызму, сцвярджала прыярытэт партыйна-дзярж. дыктатуры. Урэшце, мадэрнізм парадаксальна спалучае эстэтызм і адмову ад сац. функцый М. з арыентацыяй натэхн. утылітарызм (творчасць і эстэтыка К.С.Малевіча). Постмадэрнізм адмаўляецца ад класічнай маст. традыцыі. хрысц.гуманіст. маралі, арыентуецца на геданізм, анархізм і абездухоўлены гратэск.
Бел. маст. традыцыя складвалася напрацягу тысячагадовай хрысц. цывілізацыі на прасторы ўсх.-слав. і цэнтральнаеўрап. макрарэгіёнаў. У рамках этн. культуры тут сфарміраваліся нар.-паэт. міфалогія, абрады і фальклор, інш. віды маст. творчасці. У эпоху сярэднявечча развіваліся прафес. М. — архітэктура (полацкая і гродзенская школы дойлідства), л-ра і красамоўства (творчасць Кірылы Тураўскага, Клімента Смаляціча, Грыгорыя Цамблака і інш.), ствараліся летапісы і хронікі, захаваліся шэдэўры царк. жывапісу (фрэскі Полацкага Сафійскага сабора, інш. храмаў), графікі (рукапісныя кнігі), помнікі замкавай архітэктуры. Эпоха гуманіст. Адраджэння дала Беларусі кнігадрукаванне (асветніцкая дзейнасць Ф.Скарыны і яго паслядоўнікаў), стымулявала развіццё свецкай л-ры (шматстылявая старабел. мова, юрыд. і навук.л-ра, новалац. паэзія М.Гусоўскага, Я.Вісліцкага, сілабічная паэзія і аратарская проза Сімяона Полацкага), публіцыстыкі (палемічная і мемуарная л-ра). Захаваліся шматлікія помнікі царк. і палацава-замкавай архітэктуры ў стылі готыкі і рэнесансу. У 2-й пал. 17—18 ст. склалася школа бел. барока і класіцызму ў архітэктуры, садова-паркавым М., школьным і прыватных тэатрах, свецкай музыцы і харэаграфіі. Пасля страты бел. мовай дзярж. статуса (канец 17 ст.) і падзелаў Рэчы Паспалітай (1772—95) л-ра, навука, тэатр. М. развіваліся пераважна на польскай, лац. і рус. мовах, якія паўплывалі на станаўленне новай бел. л-ры ў 19 ст. (творчасць П.Багрыма, ананімная л-ра, Я.Чачот, Я.Баршчэўскі і інш.). Станаўленне бел. класічнай л-ры, тэатра, інш. відаў прафес. М. адбывалася ў перыяд Адраджэння нацыянальнага.
Літ.:
Гегель Г. Эстетика: Пер. с нем. Т. 1—4. М., 1968—73;
Каган М.С. Морфология искусства. Л., 1972;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Яго ж. Славянская міфалогія ў кантэксце беларускай культуры // Мастацтва. 1998. № 4, 6—8, 10—12;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁВА АБАРО́НА 1941,
абарончыя баі сав. войск і апалчэнцаў горада супраць ням.-фаш. захопнікаў 3—26 ліп. ў Вял.Айч. вайну. Праводзілася часцямі 61-га стралк. корпуса (ген.-маёр Ф.А.Бакунін) 13-й арміі Зах. фронту і апалчэнцамі згодна з планам абароны, які абмеркаваны і ўдакладнены 1 ліп.на нарадзе з удзелам прадстаўнікоў Стаўкі Вярх. Галоўнакамандавання Маршалаў Сав. Саюза К.Я.Варашылава і Б.М.Шапашнікава. Жыхары горада і навакольных вёсак разам з вайскоўцамі за кароткі тэрмін (штодзённа працавалі 30—40 тыс.чал.) выкапалі процітанкавы роў больш як на 25 км, будавалі траншэі, бліндажы і эскарпы; сапёры паставілі мінныя палі, на некат. вуліцах былі ўзведзены барыкады. Фарміравалася Магілёўскае народнае апалчэнне 1941. Абарона горада ўскладалася непасрэдна на 172-ю стралк. дывізію (ген.-маёр М.Ц.Раманаў) і прыдадзеныя ёй часці і падраздзяленні. На правым беразе Дняпра абарону трымалі 388-ы (палк. С.Ф.Куцепаў) і 514-ы (падпалк. С.А.Боніч) стралк. палкі, на левым — 747-ы полк (падпалк. А.В.Шчаглоў); потым 514-ы полк быў пераведзены ў рэзерв камандзіра корпуса, а на яго месца стаў 394-ы полк 110-й стралк. дывізіі. На паз шыях бліжэйшых да горада вёсак — Казіміраўка, Пашкава, Гаі, Мікалаеўка, Палыкавічы — стаяў зводны полк у складзе знішчальнага батальёна і батальёна супрацоўнікаў міліцыі. Развед. падраздзяленні дывізіі ў міжрэччы Бярэзіны і Дняпра (за 35—50 км ад Магілёва) 3 ліп. ўступілі ў бой з перадавымі часцямі ням. 46-га танк. корпуса 2-й танк. групы ген. Г.В.Гудэрыяна, а 6 ліп. пад націскам намнога большых сіл праціўніка адышлі ў глыб сваёй абароны.
На Магілёў наступалі 4 пяхотныя і танк. дывізіі са складу 2-й танк. групы ням.-фаш. войск: на Бабруйска-Магілёўскім напрамку палкі 23-й і 7-й пяхотных дывізій, на Мінска-Магілёўскім — 263-й і 15-й пяхотных дывізій, якія падтрымлівала 3-я танк. дывізія. Пазней, калі вораг фарсіраваў Дняпро, у тыл 172-й дывізіі сав. войск выйшлі 258-я і 78-я пяхотныя, а з 17 ліп.на штурм горада накіраваны часці 34-й і 10-й пяхотных ням. дывізій. Асабліва жорсткія баі адбыліся наБуйніцкім полі. Паводле звестак штаба 172-й дывізіі за 10 дзён баёў адбіта 27 атак, падбіта і спалена 179 танкаў і бронетранспарцёраў, захоплены 2 танкі, 12 мінамётаў, 25 кулямётаў. Аднак 14 ліп. дывізія апынулася ў акружэнні: спыніўся падвоз боепрыпасаў, харчоў, медыкаментаў. Немцы захапілі бліжэйшыя да горада вёскі. 24 ліп. праціўнік прарваўся на ўскраіны Магілёва. Камандаванне сав. войск адхіліла ультыматум захопнікаў аб капітуляцыі і вырашыла з баямі выходзіць з акружэння. У ноч на 26 ліп. 388-ы полк з прыдадзенымі часцямі і падраздзяленнямі прарваўся з горада на 3, 747-ы, 394-ы і зводны палкі — наУ і за р. Сож злучыліся з часцямі 13-й арміі. Сав. воіны і апалчэнцы напрацягу 23 дзён скоўвалі буйныя сілы ворага ў перыяд Смаленскай бітвы 1941, нанеслі адчувальныя страты ўдарным сілам групы армій «Цэнтр». На Буйніцкім полі пастаўлены помнік у гонар воінаў 388-га стралк. палка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭРЫЯЛІ́ЗМ (ад лац. materialis рэчыўны),
філасофскі кірунак, прадстаўнікі якога сцвярджаюць першаснасць матэрыі, прыроды, грамадства, аб’ектыўнай рэчаіснасці і другаснасць чалавечай свядомасці (духу). Свядомасць чалавека незалежна ад сваёй канкрэтнай формы прызнаецца ўласцівасцю высокаарганізаванай матэрыі. Прынцыповая супрацьлегласць пунктаў гледжання на рэчаіснасць, законы і рухаючыя сілы яе развіцця абумовілі барацьбу М. і ідэалізму па найб. істотных праблемах філасофіі (пабудова свету, пазнавальнасць рэчаў і з’яў, сутнасць чалавека, грамадства і інш.). Гал. ідэі філас. М.: прызнанне нестваральнасці свету, яго існавання і развіцця незалежна ад чыёй-н. волі; асэнсаванне прасторы і часу, руху ў якасці аб’ектыўных форм быцця матэрыі; адмаўленне самастойнасці свядомасці адносна матэрыі; тлумачэнне адзінства свету яго матэрыяльнасцю. У падыходзе да разумення грамадства і грамадскага жыцця для М. характэрна цікавасць да эканомікі і яе выключнай ролі ў функцыянаванні ўсіх грамадскіх сістэм (дзяржавы, права і інш.), навукі і асветы. Стаўленне прыхільнікаў М. да прыроды і грамадства абумоўлена ўпэўненасцю ў пазнавальнасці прадметаў і з’яў, што стварае магчымасць атрымання дакладных ведаў пра аб’ектыўную рэчаіснасць і іх выкарыстанне ў грамадскім жыцці. Паняцце М. зыходзіць з філас. разумення матэрыі і не датычыць якіх-н. канкрэтна-гіст. уяўленняў аб яе структуры. Таму нельга атаясамліваць з навук.матэрыяліст. ведамі выпадковыя прымітыўныя высновы, дзе, напр., агульны змест чалавечага мыслення дэтэрмінуецца непасрэдна фізіял. працэсамі ў арганізме, духоўнае жыццё і формы культуры тлумачацца ўзроўнем эканомікі і матэрыяльнага дабрабыту людзей, арганізацыяй эканам. дзейнасці і г.д.
Матэрыяліст. погляды на свет і змены ў ім узніклі ў глыбокай старажытнасці і складаюць значную частку духоўнай і культ. спадчыны чалавецтва. Першай даволі стройнай сістэмай матэрыяліст. поглядаў на свет быў стыхійны, наіўны М. стараж. грэкаў і рымлян, у якім у зародкавай форме праявіліся ўсе пазнейшыя кірункі М.: механістычны, вульгарны, дыялектычны і інш. Для стараж. М. характэрна разуменне свету як адзінага, непадзельнага цэлага, якое знаходзіцца ў стане сталага руху згодна са сваімі законамі. У новыя часы значны ўплыў атрымаў механістычны (метафізічны) М. (Ф.Бэкан, Т.Гобс, М.Ламаносаў і інш.). Гал. ўвагу яны скіроўвалі на вывучэнне мех. (знешніх) уласцівасцей рэчаў і адносін паміж імі. Сцвярджаючы наяўнасць матэрыі, філосафы-механіцысты трактавалі дадзеную катэгорыю ў абстрактна-метафіз. сэнсе і адрывалі матэрыю ад атрыбуту яе існавання — руху, які зводзіўся да мех. перамяшчэння цел у прасторы і часе. У тлумачэнні ўнутр. структуры рэчаў значную ролю адыгрывалі атамістычныя ідэі. У 19 ст. развіццё філас. М. адбывалася шляхам перапрацоўкі дыялектычнага вучэння Г.Гегеля, што залажыла асновы сучаснага М. Абагульненне развіцця матэрыяліст. ідэй напрацягу гісторыі даецца ў філас. вучэнні К.Маркса, Ф.Энгельса, У.І.Леніна і іх паслядоўнікаў. Гл.Дыялектычны матэрыялізм, Гістарычны матэрыялізм, Дыялектыка, Філасофія і л-ру да гэтых артыкулаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАФІ́ЗІКА (ад грэч. «Meta ta phisica» пасля фізікі),
1) частка, галіна філасофіі, прысвечаная гал. абстрактным праблемам чалавечага быцця і пазнання. Тэрмін «М.» паходзіць ад назвы зборніка філас. прац Арыстоцеля, якія складалі «першую філасофію», г.зн. лічыліся ўласна філас. працамі і паводле свайго прадмета адрозніваліся ад «фізікі» як навукі аб свеце канкрэтных рэчаў і з’яў. У працэсе эвалюцыі М. паступова траціла сувязь з рэчаіснасцю і накіроўвала намаганні на абстрактны пошук нейкай агульнай першаснай асновы ўсяго існага незалежна ад акрэсленых форм яго існавання ў прасторы і часе. Панаванне метафіз. поглядаў характэрна для сярэдневяковай філас. думкі, калі М. прэтэндавала на месца асобай «навукі» аб звышпачуццёвай сутнасці свету і абгрунтоўвала думку пра яго боскае паходжанне. Адыход ад элементаў аб’ектыўных ведаў аб чалавеку і яго прыродным і сац. асяроддзі, а таксама канструяванне штучных уяўленняў аб свеце прывялі да ператварэння М. ў схаластыку. Зацікаўленасць грамадства ў навук.філас. асэнсаванні рэчаіснасці і дасягненнях прыродазнаўчых навук суправаджалася вызваленнем філасофіі ад метафіз. падыходаў. Аб’ект метафіз. разважанняў быў абмежаваны выключна з’явамі, якія былі недаступныя чалавечаму вопыту і атаясамліваліся з звышпрыродным пачаткам. Элементы М. ёсць у некат. кірунках сучаснай філасофіі, у сцвярджэннях пра існаванне «вышэйшай», г.зн. звышпачуццёвай рэчаіснасці, пра немэтазгоднасць і немагчымасць навук. пазнання сутнасці прыродных і грамадскіх працэсаў.
2) Метад мыслення, які супрацьстаіць дыялектыцы. У гэтым сэнсе паняцце М. ўпершыню выступае ў філасофіі Г.Гегеля, дзе метафіз. падыход да рэчаў і з’яў у адрозненне ад дыялектычнага лічыцца абмежаваным і не дазваляе раскрыць іх супярэчнасці, а таксама паказаць працэс развіцця паняццяў, таму што абапіраецца на канчатковыя адназначныя высновы. Паводле Гегеля. М. з’яўляецца недастатковай, але ў той жа час неабходнай умовай працэсу пазнання. Выкарыстанне ў навуцы метафіз. метаду з гіст. пункту гледжання было апраўданым у 17—18 ст., калі навука займалася збіраннем фактаў і расшчапляла прыроду на асобныя часткі. У 2-й пал. 19—20 ст. назіраецца негатыўнае стаўленне вучоных да М., што тлумачыцца пераходам навукі да абагульнення набытых навук. звестак, пранікненнем у глыбіню аб’ектаў пазнання і даследаваннем заканамерных сувязей паміж імі. Метафіз. метад абсалютызуе знешняе ўзаемадзеянне паміж аб’ектамі і ў той жа час недаацэньвае ўнутр. вытокі развіцця, у першую чаргу супярэчлівасць саміх аб’ектаў. Напрацягу 20 ст. М. як метад пазнання выступае ў некаторых кірунках сучаснай філасофіі (фенаменалогія, экзістэнцыялізм, рэалізм), а таксама ў тэалогіі.
Літ.:
Аристотель. Метафизика // Соч.М., 1976. Т. 1;
Ленін У.І. Філасофскія сшыткі // Тв. Т. 38 (Полн. собр. соч. Т. 29);
Вартофский М. Эвристическая роль метафизики в науке: Пер. с англ. // Структура и развитие науки М., 1978;
Исторические типы философии. М., 1991;
Мир философии. Ч. 1—2. М., 1991;
Boeder H. Topologie der Metaphysik. Freiburg-München, 1980.