ГАНЕ́ША, Ганапаці,

у індуісцкай міфалогіі «ўладар ганы» (групы) ніжэйшых божастваў, якія складаюць світу Шывы. Паводле эпасу, малююць з тулавам чалавека чырв. ці жоўтага колеру, вял. шарападобным жыватом, чатырма рукамі і галавой слана, з пашчы якой тарчыць толькі адзін бівень. Ганеша належыць да найб. папулярных інд. багоў, яго выявы і храмы вельмі пашыраны ў Індыі.

Ганеша. Камень. 8—9 ст.

т. 5, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАПЛАФА́ЗА (ад грэч. haploos адзіночны + фаза),

фаза жыццёвага цыкла асобіны, якая характарызуецца адзінарным (гаплоідным) наборам храмасом у ядрах клетак. У большасці жывёл гаплафаза моцна рэдукавана і практычна зведзена да палавых клетак; у многіх зялёных водарасцей увесь цыкл, за выключэннем зіготы, адбываецца ў гаплазе. У пакрытанасенных раслін гаплафаза прадстаўлена зародкавым мяшком (жаночы гаметафіт) і пылковым зернем (мужчынскі гаметафіт).

т. 5, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́НТЫЯ (ад франц. garantie забеспячэнне) у цывільным праве, прадугледжанае законам або дагаворам абавязацельства, паводле якога асоба (фізічная ці юрыдычная) адказвае перад крэдыторам (поўнасцю або часткова) за невыкананне або неналежнае выкананне абавязацельства даўжніком. Гарантыя ў многім супадае з паручыцельствам: як і паручыцель, гарант — дадатковы даўжнік, а само гарантыйнае абавязацельства — дадатковае ў адносінах да асноўнага, якое звязвае крэдытора з даўжніком.

т. 5, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРДЭМАРЫ́Н (франц. garde-marine літар. марская гвардыя),

званне ў ВМФ Расіі ў 1716—1917. Уведзена Пятром I для выпускнікоў Марской акадэміі пры накіраванні іх на флоцкую практыку (пасля практыкі атрымлівалі афіцэрскі чын). Напачатку прыраўноўваліся да салдат гвардыі і насілі форму Праабражэнскага палка. З 1752 гардэмарынамі наз. выпускнікі Марскога кадэцкага корпуса. У 1906 уведзена званне «карабельны гардэмарын».

т. 5, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЦ (Harz),

горны масіў у Германіі. Працягласць каля 90 км. Выш. да 1142 м (г. Брокен). Складзены з гранітаў, кварцытаў, сланцаў. У рэльефе — платопадобная вяршыня, стромкія схілы, моцна расчлянёныя прытокамі рэк Везер і Эльба. Радовішчы медзі, серабра, свінцу, цынку. Піхтавыя і шыракалістыя лясы, лугі. Перадгор’і ўзараныя. Прыродны парк. Рэзерваты Обергарц, Бодэталь. Кліматычныя курорты: Бланкенбург, Вернігеродэ, Гернродэ і інш. Турызм.

т. 5, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РМА (грэч. hermēs),

чатырохгранны слуп, завершаны скульпт. выявай галавы першапачаткова бога Гермеса (адсюль назва), потым стараж. багоў, з 5 ст. да н.э. і партрэтнымі выявамі дзярж. дзеячаў, філосафаў і інш. У ант. эпоху герма — пераважна межавы знак, паказальнік дарог, з 16 ст. — від дэкар. і садова-паркавай скульптуры.

Гермы на фасадзе палаца ў вёсцы Паланэчка Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобл.

т. 5, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РНІ́КА (Guernica), Герніка-і-Луна,

горад на Пн Іспаніі ў Баскаў краіне (правінцыя Біская). Знаходзіцца ў Кантабрыйскіх гарах у даліне Мундака. Стараж. цэнтр баскскай культуры. У час грамадз. вайны і італа-герм. інтэрвенцыі 1936—39 26.4.1937 падверглася бамбардзіроўцы герм. авіяцыяй. Пад уражаннем гэтай падзеі створана карціна П.​Пікаса «Герніка» (1937).

Да арт. Герніка. П.​Пікаса. Герніка. 1937.

т. 5, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАБАРАЦЫ́Т (ад гідра... + позналац. borax буракс),

мінерал, водны барат кальцыю і магнію CaMg[B3O4(OH)2]2∙3H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі падоўжаныя, агрэгаты пласцінкава-валакністыя, шчыльныя і тонказярністыя масы. Бясколерны, белы. Бляск шкляны да шаўкавістага. Цв. 2—3. Шчыльн. 2,167 г/см³. Пашыраны мінерал галагенна- і вулканагенна-асадкавых радовішчаў борных руд. Радовішчы ў Казахстане, Германіі і інш.

Ю.​Р.​Копысаў.

Гідрабарацыт.

т. 5, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАФІЛІ́Я (ад гідра... + ...філія),

1) прыстасаванасць вышэйшых раслін да пераносу пылку вадой і апыленні кветак на паверхні вады або ў вадзе (гідрагамія). Уласціва відам узморніку, наяды, рагалісніку і інш. На Беларусі з гідрафільных раслін пашыраны рагаліснік апушчаны, наяда гнуткая, валіснерыя спіральная і інш. 2) У фізіялогіі — здольнасць тканак арганізма звязваць і ўтрымліваць ваду, перашкаджаючы яе выдаленню.

т. 5, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАМАРФО́З (ад гіпа... + марф... + ...оз),

1) спрашчэнне арганізацыі (страта спецыялізацыі) арганізмаў у працэсе эвалюцыі. Звычайна абумоўлівае захаванне тых адносін арганізма з асяроддзем, якія характэрны для лічынкі ці маладой асобіны (напр., неатэнія хвастатых амфібій).

2) Рэдукцыя органа або яго часткі ў працэсе эвалюцыі, што прыводзіць да прагрэсіўных змен арганізма (напр., страта продкам сучаснага каня 2-га і 4-га пальцаў).

т. 5, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)