філасофскае вучэнне, згодна з якім чалавечаму пазнанню лічыцца даступнай толькі сукупнасць элементарных пачуццёвых кампанентаў (адчуванняў), а не аб’екты матэрыяльнага свету, што існуюць незалежна ад свядомасці. Адзінай даступнай чалавеку рэальнасцю прызнае пачуццёвыя ўспрыманні, якія складаюць змест яго пазнання. Гранічны Ф. адлюстраваны ў поглядах Дж.Берклі, які разглядаў рэчы як збор ідэй у выглядзе камбінацыі адчуванняў. Д.Юм лічыў рэчы прадуктамі ўяўлення, Дж.С.Міль — сукупнасцю актуальных і патэнцыяльных адчуванняў. Махісты (Э.Мах, Р.Авенарыус і інш.) пад рэчамі разумелі комплекс адчуванняў — элементаў «чыстага вопыту». Т. зв. аб’ектыўныя фенаменалісты прызнавалі існаванне аб’ектыўнага свету, але лічылі яго сукупнасцю непазнавальных «рэчаў у сабе», сцвярджалі, што пазнанне звязана толькі з фактамі свядомасці і не можа выйсці за яе межы (І.Кант, А.Шапенгаўэр, І.Ф.Гербарт, Р.Г.Лотцэ, Э.Гаргман і інш.). Элементы Ф. характэрны для англа-амер. неарэалізму, прадстаўнікі якога атаясамлівалі матэрыяльныя аб’екты з пачуццёвымі звесткамі, адначасова прызнавалі і залежнасць аб’ектыўнага свету ад суб’екта пазнання, і яго існаванне па-за межамі свядомасці індывіда. Прадстаўнікі неапазітывізму лічылі, што пазнанне павінна абмяжоўвацца непасрэдна дадзеным вопытам ці мовай. Лінгвістычны Ф. прызнае выказванні пра матэрыяльныя аб’екты эквівалентнымі выказванням пра пачуццёвыя звесткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОТАЭЛЕМЕ́НТ,
фотаэлектронная прылада, у якой пры паглынанні аптычнага выпрамянення ўзнікае электрарухальная сіла (фотаэрс) ці эл. ток (фотаток).
Адрозніваюць вакуумныя і газанапоўненыя Ф., дзеянне якіх заснавана на знешнім фотаэфекце, і паўправадніковыя — на ўнутр. фотаэфекце. У вакуумных Ф. светлавы паток выклікае фотаэлектронную эмісію з паверхні фотакатода, у выніку пры замыканні ланцуга Ф. ў ім узнікае фотаток, прапарцыянальны светлавому патоку. Для газанапоўненых Ф. (у адрозненне ад вакуумных) характэрна нелінейная залежнасць фотатоку ад інтэнсіўнасці святла. У паўправадніковых Ф. (на аснове селену, крэмнію, арсеніду галію і інш.) пры паглынанні аптычнага выпрамянення павялічваецца колькасць рухомых носьбітаў зараду — электронаў і дзірак, якія прасторава раздзяляюцца эл. полем p-n-пераходу ці кантакту метал-паўправаднік, што прыводзіць да ўзнікнення фотаэрс. Выкарыстоўваюцца як прыёмнікі аптычнага выпрамянення (у т. л. бачнага святла) у аўтам. кантрольнай і вымяральнай апаратуры, у фота- і кінатэхніцы, факсімільнай сувязі і інш.; паўправадніковыя Ф. — таксама для прамога пераўтварэння энергіі сонечнага выпрамянення ў электрычную (у сонечных батарэях, фотаэл. генератарах).
Р.М.Шахлевіч.
Схемы фотаэлементаў са знешнім (1) і ўнутраным (2) фотаэфектам: K — фотакатод; Φ — светлавы паток; A — анод; RH — нагрузка; E — крыніца пастаяннага току; n і p — вобласці паўправадніка з донарнай і акцэптарнай дамешкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОТАЭФЕ́КТ,
змена энергіі электронаў рэчыва пры паглынанні эл.-магн. выпрамянення (фатонаў). Адкрыў Г.Р.Герц (1887), тэарэтычна абгрунтаваў А.Эйнштэйн (1905).
Адрозніваюць Ф. знешні і ўнутраны. Знешні Ф. — вылучэнне электронаў рэчывам пры паглынанні фатонаў; у кандэнсаваных асяроддзях наз.фотаэлектроннай эмісіяй, у газах — фотаіанізацыяй. Законы Ф.: незалежнасць макс. кінетычнай энергіі вылучаных рэчывам электронаў ад інтэнсіўнасці святла (колькасці фатонаў) і яе лінейная залежнасць ад частаты эл.-магн. ваганняў паглынутага выпрамянення, існаванне гранічнай частаты, ніжэй за якую Ф. немагчымы, — тлумачацца на аснове гіпотэзы аб квантаванні энергіі эл.-магн. выпрамянення. Парогавая (гранічная) энергія для Ф. з металу знаходзіцца ў аптычным дыяпазоне эл.-магн. хваль. У паўправадніках і дыэлектрыках дадаткова мае месца ўнутраны Ф. — узнікненне (квазі)свабодных электронаў і/ці дзірак пры паглынанні фатонаў, што выклікае фотаправоднасць. Парогавая энергія ўнутр. Ф. ў крышталях роўная шырыні забароненай энергет. шчыліны (зоны) паміж запоўненай электронамі валентнай зонай і свабоднай зонай праводнасці. На з’яве Ф. заснавана дзеянне фотаэлементаў, фотаэлектронных памнажальнікаў, фотаэл. генератараў, фотарэзістараў, фотадыёдаў, сонечных элементаў і інш.
Літ.:
Фридрихов С.А., Мовнин С.М. Физические основы электронной техники. М., 1982;
Белл Р.Л. Эмиттеры с отрицательным электронным сродством: Пер. с англ.М., 1978;
Васильев А.Н., Михайлин В.В. Введение в спектроскопию твердого тела. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛАДЗІ́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
машына для адводу цеплаты ад цела, якое ахаладжаецца, і перадачы яе ахаладжальнаму асяроддзю (вадзе, навакольнаму паветру). Дзеянне грунтуецца на розных халадзільных цыклах. Найб. пашыраны кампрэсійныя і абсарбцыйныя Х.м., у якіх ахаладжэнне дасягаецца кіпеннем холадагенту. У халадзільнай тэхніцы выкарыстоўваюць таксама параэжэктарныя і тэрмаэл. Х.м.
У кампрэсійных Х.м. холадагент кіпіць (выпараецца) у выпарніку і аднімае цеплату ў цела, што ахаладжаецца. Утвораная пара адпампоўваецца кампрэсарам, сціскаецца ім і падаецца ў кандэнсатар, дзе ахаладжаецца вадой або паветрам (кандэнсуецца). Потым холадагент зноў паступае ў выпарнік. У абсарбцыйных Х.м. рабочае рэчыва — растворы 2 кампанентаў з рознымі т-рамі кіпення. Кампанент з больш нізкай т-рай кіпення выконвае функцыю холадагенту, другі — абсарбенту. У выпарніку за кошт цеплаты, што аднімаецца ад ахаладжальнага цела, холадагент выпараецца, а ўтвораная пара паглынаецца абсорберам. У параэжэктарных Х.м. сціснутая вадзяная пара расшыраецца ў эжэктары, стварае разрэджванне ў выпарніку, што даводзіць т-ру кіпення вады да ≈5 °C (выкарыстоўваецца як холадагент); тэрмаэлектрычныя заснаваны Пельцье з’яве, складаюцца з электрычна звязаных тэрмаэлементаў. Выкарыстоўваюцца Х.м. ў розных галінах прам-сці (харч., буд., хім., медыцыне) і побыце (гл.Халадзільнік).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫН (кіт., літар. — чыстая),
імператарская дынастыя ў Кітаі ў 1644—1912 з маньчжурскага роду Айсінь Гіёра. Прыйшла да ўлады ў выніку заваявання значнай ч. Кітая войскамі Маньчжурыі ў час падаўлення сялянскай вайны 1628—45, якая прывяла да падзення дынастыі Мін; пры першых імператарах Шуньчжы [1644—61] і Кансі [1662—1722] да 1683 авалодала ўсёй тэр.б. імперыі Мін. У 1680—1790-я г. цынскія імператары далучылі да Кітая землі Прыамур’я, Усх. Туркестана, Тыбета і інш.); найвыш. росквіту дасягнула кіт. сярэдневяковая культура. З канца 18 ст. імперыя Ц. паступова прыходзіла ў заняпад. У сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. ў выніку шэрагу няўдалых войнаў і нераўнапраўных дагавораў Кітай трапіў у залежнасць ад вядучых зах.-еўрап. дзяржаў, Расіі і Японіі; аўтарытэт дынастыі Ц. у кіт. грамадстве быў падарваны. Пры імператару Гуансюю [1875—1908] y 1898 здзейснена спроба рэфармавання Кітая (гл.«Сто дзён рэформ»), але задушана імператрыцай Цысі (фактычная правіцельніца краіны ў 1861—1908). Дынастыя Ц. скінута Сіньхайскай рэвалюцыяй 1911—13. 12.2.1912 ад прастола адрокся апошні цынскі імператар малалетні Пу I (у 1934—35 імператар Маньчжоў-Го), у Кітаі быў усталяваны рэспубліканскі лад.
Літ.:
Маньчжурское владычество в Китае: [Сб. статей]. М., 1966;
Сидихменов В.Я. Маньчжурские правители Китая. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫРКУЛЯ́ЦЫЯ АТМАСФЕ́РЫ, агульная цыркуляцыя атмасферы,
планетарная сістэма паветраных плыняў над зямным шарам, у выніку якой ажыццяўляецца абмен паветраных мас у гарыз. і верт. напрамках, найб. важны кліматаўтваральны працэс, які забяспечвае цепла- і вільгацезварот на Зямлі, вызначае характар надвор’я. Ц.а. абумоўлена нераўнамерным размеркаваннем т-ры паветра і атм. ціску, адхіляючай сілай вярчэння Зямлі (Карыяліса сіла) і трэннем. У трапасферы да ўстойлівых паветр. плыней належаць пасаты, мусоны, паветраныя плыні, звязаныя з цыклонамі і антыцыклонамі, мясцовыя вятры; у верхняй трапасферы і ніжняй стратасферы — струменныя плыні. Над зямным шарам сфарміраваліся 3 цыркуляцыйныя сістэмы ўсх. плыняў (трапічная і 2 палярныя) і 2 сістэмы зах. плыняў умераных шырот. Для ўмераных і палярных шырот характэрна актыўная цыкланічная дзейнасць, якая развіваецца на арктычным і ўмераным франтах. Трапічныя шыроты ахоплены ўстойлівымі ўсх. плынямі — пасатамі, што рухаюцца ад тропікаў з высокім атм. ціскам да экватара з нізкім атм. ціскам. На ўсх. узбярэжжы мацерыкоў і ўнутры тропікаў узнікае мусонная цыркуляцыя — сезонныя плыні, якія змяняюць напрамак на супрацьлеглы — ад зімы да лета і наадварот. У межах агульнай Ц.а. ўзнікаюць мясц. вятры: брызы, горна-далінныя, бара, фён і інш.Тэр. Беларусі знаходзіцца пад пераважным уплывам заходняга пераносу паветраных мас умераных шырот.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНАМО́РСКАЕ ЎЗБЯРЭ́ЖЖА КАЎКАЗА,
частка ўсх. ўзбярэжжа Чорнага м., што працягваецца на 600 кмадг. Анапа (Расія) да мяжы Грузіі з Турцыяй. На Пн абмежавана адгор’ямі Вял. Каўказа, на Пд — Калхідскай нізінай і адгор’ямі М. Каўказа. Клімат субтрапічны, у паўн.-зах. частцы (да г. Туапсэ) міжземнаморскага тыпу, з сухім летам (сярэднія т-ры ліп. 23 °C, студз. 3 °C), у паўд.-ўсх. — субтрапічны вільготны (сярэднія т-ры ліп. 24 °C, студз. 5 °C). Ападкаў за год ад 500 мм на Пн да 2800 мм на Пд. На Пн лясы і ксерафітныя хмызнякі тыпу шыбляку. На Пд шыракалістыя лясы з каштану, грабу, буку і інш. з ліянамі і вечназялёнымі хмызнякамі ў падлеску. Шматлікія насаджэнні цытрусавых, плантацыі чаю, тытуню, вінаграднікі. Адзін з найб. папулярных турысцкіх і курортных рэгіёнаў Расіі і Грузіі (з прычыны грузіна-абхазскага канфлікту 1990-х г. курорты Грузіі ў заняпадзе); курортны сезон 140 дзён. Уключае клімат. і бальнеалагічныя курорты Анапа, Геленджык, Сочы, Гагра, Гудаута, Сухумі, Кабулеці, Батумі і інш., воз.Рыца, Каўказскі запаведнік, Піцунда-Мюсерскі запаведнік і інш., шматлікія літ.-мемарыяльныя і гісторыка-культ. мясціны і музеі.
Літ.:
Пачулиа В.П. Черноморское побережье Кавказа. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЧО́БАТЫ»,
бел. старадаўні нар. танец. Муз. памер 2/4. Тэмп ад умеранага да хуткага. Выконваўся пад музыку або пад прыпеўкі, часам адначасова пад музыку і прыпеўкі. Існавала некалькі тыпаў танца — ад абрадавага да сольнага. Выканаўца сольнага танца напачатку імітуе працэсы пашыву чобатаў, потым прытупвае то адной, то другой нагой, робіць скокі на дзвюх нагах у павароце і, стоячы на месцы, рухаецца па крузе бягом або павольна. Часта танец выконваецца на месцы, тады ён больш эмацыянальны і рухі больш складаныя. Існавалі варыянты, калі выканаўца дэманстраваў спрыт і фантазію, часам разам з дзяўчынай (Лельчыцкі, Жыткавіцкі р-ны Гомельскай вобл.). Танец насіў гумарыстычны характар. Абрадавы тып «Ч.» — частка традыц. вясельнага абраду (пашыраны на Прыпяцкім Палессі). Выконваўся бацькамі маладой пасля таго, як зяць. абдорваў цешчу і цесця (некалі абуткам). Пад воклічы гасцей бацькі пераабуваліся, потым іх на ўслоне падымалі ўверх і абносілі вакол сталоў. Бацькі ў гэты час махалі нагамі, стукалі нагой аб нагу і інш. Пасля завяршэння круга ўслон ставілі на падлогу, а бацькі працягвалі імправізаваць свой танец. Падчас яго выканання госці спявалі прыпеўкі. Кожнай мясцовасці ўласцівы свой варыянт танца. Яго сцэн. варыянт уваходзіць у рэпертуары некат. прафес. і аматарскіх калектываў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫГІРЫ́НСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.
Размешчана на мяжы Кіраўскага і Быхаўскага р-наў Магілёўскай вобл., каля в. Чыгірынка, за 30 км на Уадг. Кіраўск. Створана ў 1960 плацінай на р. Друць (78 кмад вусця). Пл. 21,1 км², даўж. 17 км, найб.шыр. 2,4 км, найб.глыб. 8,1 м. Аб’ём вады 55,9 млн.м³. Катлавіна выцягнутая з Пн на Пд. Берагавая лінія даўж. 70 км нязначна парэзана дробнымі залівамі. Берагі ў прыплаціннай ч. абразійныя (37%), правы — высокі і месцамі стромкі, левы — нізкі і спадзісты. Дно — забалочаная пойма р. Друць — пераважна выслана торфам і заіленым пяском. 3 астравы (найб.пл. 0,37 км²). Сярэдні шматгадовы сцёк 817 млн.м³. Рэгуляванне сцёку сутачнае. Ч.в. моцнапраточнае, аб’ём воднай масы аднаўляецца на працягу 27 сут. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню вады 80—85 см. Замярзае ў пач.снеж., лёд (таўшчыня да 55 см) трымаецца да пач. красавіка. Зарастае пераважна ў паўн.ч. (трыснёг звычайны, чарот азёрны, маннік вадзяны, драсён земнаводны і інш.). Водзяцца лешч, шчупак, плотка, акунь. Выкарыстоўваецца для энергет. мэт (Чыгірынская ГЭС), рэкрэацыі, заняткаў воднымі відамі спорту. Зона адпачынку Чыгірынка, лодачная станцыя, паляўніча-рыбалоўная база.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫРВО́НАЯ СЛАБАДА́, Красная Слабада,
гарадскі пасёлак у Салігорскім р-не Мінскай вобл., на р. Вызенка; аўтадарогамі злучаны з Лунінцом, Слуцкам, Салігорскам. За 30 км на ПнЗад горада і чыг. ст. Салігорск, 163 кмад Мінска. 4985 ж. (2002). Прадпрыемствы харч., дрэваапр., лесанарыхтоўчай прам-сці. 2 сярэднія і санаторная школы, Дом культуры, б-ка, 2 бальніцы, аптэка, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, ахвяр фашызму.
У ВКЛ вядома з 16 ст. як вёска, потым мястэчка Вызна ў Слуцкім княстве; уласнасць Алелькавічаў, з 1612 Радзівілаў, з 1793 Вітгенштэйнаў, потым Гогенлоэ. З 1793 у Рас. імперыі. З 1870 цэнтр воласці Слуцкага пав. У 1877 згарэла Свята-Мікалаеўская царква (у 1897 адбудавана, у 1937 зруйнавана). У 1897 у мястэчку 1593 ж., пач. школа, нар. вучылішча, бальніца, царква, капліца, 2 малітоўныя яўр. дамы. 3.1.1923 перайменавана ў мяст. Чырвоная Слабада. З 17.7.1924 да 8.8.1959 цэнтр Чырвонаслабодскага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак У Вял.Айч. вайну з 27.6.1941 да 30.6.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія восенню 1941 знішчылі тут 420 ж. У ноч на 31.10.1942 партызаны разграмілі ў Ч.С. ням. гарнізон (гл.Чырвонаслабодскі бой 1942). З 8.9.1959 у Старобінскім, з 25.12.1962 Любанскім, з 6.1.1965 Салігорскім р-нах.