ФРЫШ (Frisch) Рагнар Антон Кітыль (3.3.1895, Осла — 31.1.1973),

нарвежскі эканаміст. Чл. Нарвежскай АН, ганаровы чл. Нац. АН ЗША, Вялікабрытаніі, Швецыі і інш. Скончыў ун-т у Осла (1919). У 1926—65 выкладчык, з 1931 дырэктар Ін-та эканомікі ун-та ў Осла. У 1930 выкладаў у Іельскім ун-це, у 1933 у Сарбоне. Распрацаваў дынамічную мадэль эканам. цыкла, сістэму нац. рахункаў, мадэлі прыняцця рашэння для эканам. планавання, увёў тэрмін «эканаметрыка» (выкарыстанне матэматыкі ў эканам. тэорыі і даследаваннях).

Навук. працы па аналізу стат. канфлюэнцыі з дапамогай поўных рэгрэсіўных сістэм, тэорыі вытв-сці і інш. Нобелеўская прэмія 1969 (з Я.Тынбергенам).

Р.А.К.Фрыш.

т. 16, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЭ́ДЭРЫК IX (Frederik; 11.3.1899, замак Зоргенфры каля Лінгбі, Данія — 14.1.1972),

кароль Даніі [1947—72]; контр-адмірал (1945). З дынастыі Глюксбургаў. Шмат разоў быў рэгентам у час хваробы свайго бацькі караля Крысціяна X [1912—47], у т. л. ў час крызісу 1942—43 у адносінах Даніі з ням.-фаш. акупантамі. Пры Ф. IX самакіраванне атрымалі Фарэрскія а-вы (1947), пачаўся працэс інтэграцыі Даніі ў зах. еўрап. рэгіянальныя арг-цыі (Савет Еўропы, Еўрап. эканам. супольніцтва, НАТО і інш.). Падпісаў новую канстытуцыю, паводле якой уведзены аднапалатны парламент (фолькетынг) і пераемнасць манархіі па жаночай лініі. Пасля смерці Ф. IX дацкі прастол заняла яго дачка Маргрэтэ II.

т. 16, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУР’Е́ ІНТЭГРА́Л,

формула раскладання неперыядычных функцый на гарманічныя кампаненты, частоты якіх прабягаюць неперарыўную сукупнасць значэнняў. Прыведзена ў працах Ж.Б.​Ж.​Фур’е па цеплаправоднасці (1811; пазней даказана інш. матэматыкамі). У камплекснай форме для інтэгравальнай функцыі 𝑓(x) мае выгляд: 𝑓(x) = 1 2π ∫ −∞ ∞ F(u) e iux du , дзе функцыя F(u) = 1 2π ∫ −∞ ∞ 𝑓(x) e −iux du наз. Фур’е пераўтварэннем, частотнай характарыстыкай ці фур’е-спектрам функцыі 𝑓(x). Ф.і. можна разглядаць таксама як лімітную форму Фур’е шэрагу для функцый з перыядам 2T, калі T→∞. Для неінтэгравальных функцый Ф.і. не існуе.

т. 16, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУРУНЖЫ́ЕЎ Рыза Ібраімавіч (н. 5.3.1941, г. Сімферопаль, Украіна),

бел. вучоны ў галіне інфарматыкі і тэхн. кібернетыкі. Канд. тэхн. н. (1970), праф. (1995). Брат Рэшата Фурунжыева. Скончыў Ленінградскі ун-т інжынераў чыг. транспарту (1962). З 1966 у Ін-це буд-ва і архітэктуры Дзяржбуда Беларусі. З 1983 у Бел. аграрным тэхн. ун-це. Навук. працы па матэм. мадэліраванні, аптымальным праектаванні і выліч. тэхніцы. Распрацаваў алгарытмы і праграмныя комплексы аўтаматызаванага праектавання аптымальных канструкцый на аснове метаду канечных элементаў.

Тв.:

Рекомендации по расчету конструкций методом конечных элементов. Мн., 1981;

Микропроцессорная техника в автоматике. Мн., 1991 (разам з М.​І.​Боханам).

т. 16, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЮСТЭ́ЛЬ ДЭ КУЛА́НЖ (Fustel de Coulanges) Нюма Дэні (18.3.1830, Парыж — 12.9.1889),

французскі гісторык. Чл. Акадэміі маральных і паліт. навук (1875). Скончыў Вышэйшую нармальную школу (Парыж, 1853). Праф. Страсбурскага ун-та (1861—70), Вышэйшай нармальнай школы (1870—75, у 1880—83 рэктар), Сарбоны (1875—80, 1883—88). Працы па гісторыі антычнасці і генезісе феадалізму ў Еўропе. Асн. твор: «Гісторыя грамадскага ладу старажытнай Францыі» (т. 1—6, 1875—92). Выступіў з т.зв. раманістычнай канцэпцыяй, паводле якой у аснове еўрап. цывілізацыі ляжаць толькі рым. грамадскія інстытуты: буйное землеўладанне, залежнасць ад яго непасрэдных вытворцаў, манархічная ўлада.

т. 16, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАГАНІ́ ШЫРВАНІ́ Афзаладдзін Ібрагім Алі аглы (каля 1120, г. Шэмаха, Азербайджан — 1199),

азербайджанскі паэт, мысліцель. Вывучаў тэалогію, астраномію, філасофію, логіку, юрыспрудэнцыю, араб. і перс. мовы. Служыў пры двары шырваншаха Манучэхра II. Вандраваў па краінах Б. Усходу. Развіў і ўдасканаліў жанры газелі і касыды, у якіх услаўляў прыгажосць і розум чалавека. Жыццю народаў Б. Усходу прысвечана адна з лепшых яго паэм «Падарунак двух Іракаў». Твор у многім аўтабіяграфічны, адлюстроўвае некат. сац.-паліт. абставіны эпохі. Аўтар цыкла філас. элегій «Турэмныя», панегірычных касыд.

Тв.:

Рус. пер. — Лирика. Баку, 1982.

Літ.:

Рзакулизаде С.Д. Общественно-политические и философские взгляды Хагани Ширвани. Баку, 1962.

т. 16, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАДЖЫ́-МУРА́Т (1790-я г., Хунзах, Дагестан, Расія — 5.5.1852),

адзін з кіраўнікоў каўказскіх горцаў у час Каўказскай вайны 1817—64. У 1834 захапіў уладу ў васальным Расіі Аварскім ханстве. У 1836 арыштаваны рас. ўладамі па абвінавачанні ў сувязях з Шамілем, уцёк з турмы і стаў адным з яго бліжэйшых паплечнікаў. Пасля далучэння ў 1843 Аварыі да імамата Шаміля, прызначаны яе намеснікам (наібам). У снеж. 1851 Х.-М. парваў з Шамілем і перайшоў на бок Расіі. У крас. 1852 уцёк у горы, загінуў у сутычцы з рас. войскамі. Папулярны герой горскага фальклору. Яму прысвечана аповесць Л.​М.​Талстога «Хаджы-Мурат».

т. 16, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЛМЕ́ЦКІ Аляксандр Леанідавіч (н. 18.2.1956, г. Новакузнецк Кемераўскай вобл., Расія),

бел. фізік. Д-р тэхн. н. (1992). Скончыў Маскоўскі інжынерна-фіз. ін-т (1979). З 1979 у БДУ. Навук. працы па выкарыстанні Мёсбаўэра эфекту ў фундаментальных і прыкладных даследаваннях. Прапанаваў прынцып рэгістрацыі мёсбаўэраўскіх спектраў, які павялічвае дакладнасць гамарэзанансных вымярэнняў. Распрацаваў метад рэгістрацыі нізкаэнергет. электронаў для мёсбаўэраўскай спектраскапіі другасных выпрамяненняў, фізіка-тэхн. прынцыпы прамысл. мёсбаўэраўскай спектраскапіі.

Тв.:

Мессбауэровские концентратомеры. Мн., 1992 (разам з А.​В.​Місевічам);

Proposal for a test of the relativity principle by using Mössbauer synchrotron radiation // Hiperfine interactions. 2000. Vol. 126.

т. 16, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАМІ́НСКІ Францішак Ксаверы (? — 9.6.1809),

бел. грамадскі дзеяч, польскі пісьменнік. З 1788 староста пінскі. ваявода мсціслаўскі, у 1793—1807 маршалак мінскі. Як прыбліжаны гетмана М.​К.​Агінскага ездзіў у Зах. Еўропу з дыпламат. даручэннямі. У 1797 арыштаваны па падазрэнні ў антыцарскай змове. Пісаў на польскай мове. Аўтар класіцыстычных вершаў, публіцыст. «Адказу» (1792). Ёсць меркаванні, што Х. напісаў за Агінскага большасць асветніцкіх паэт. твораў, апублікаваных пад псеўд. «Слонімскі грамадзянін» у зб-ках «Гістарычныя і маральныя аповесці» (1782) і «Байкі і не-байкі» (1788). Перакладаў на польскую мову Гарацыя, Ж.​Расіна, Ж.​Дэліля, П.​Карнеля.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 16, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАМУРА́ПІ ЗАКО́НЫ,

збор законаў рабаўладальніцкай дзяржавы Вавілоніі, названы па імю яе цара Хамурапі. Складзены каля 1760 да н.э. Налічваюць 282 арт., у якіх разглядаюцца пытанні працэсуальнага характару, адносіны ўласнасці, царскай службы, шлюбу і сям’і, абавязацельстваў і інш. У аснову зборніка пакладзены старое звычаёвае права, шумерскія судзебнікі і новае заканадаўства. Нормы законаў недасканалыя з пункту гледжання іх паўнаты, вызначаюцца катэгарычнасцю, няма сістэмы ў іх выкладанні, хаця пэўная логіка прысутнічае. Тэксты складзены ў асноўным у казуістычнай форме. У адрозненне ад інш. усх. кадыфікацый не маюць рэліг. і маралізуючага элементаў. Каштоўны помнік стараж. ўсх. права.

т. 16, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)