А́ЛЬБРЭХТ БРАНДЭНБУ́РГСКІ
(Albrecht von Brandenburg; 17.5.1490—20.3.1568),
апошні гросмайстар (з 1510) Тэўтонскага ордэна, першы герцаг Прусіі (з 1525). З роду Гогенцолернаў, сын маркграфа Фрыдрыха Брандэнбург-Ансбахскага і Соф’і — дачкі польск. караля і вял. кн. ВКЛ Казіміра IV Ягелончыка. Імкнуўся вызваліць Тэўтонскі ордэн ад васальнай залежнасці ад польск. караля і вял. кн. ВКЛ Жыгімонта І Старога (свайго дзядзькі). У 1519—21 вёў вайну з Польшчай, але пацярпеў паражэнне. Прыхільна ставіўся да ідэй лідэраў Рэфармацыі М.Лютэра і Ф.Меланхтана. Каб правесці Рэфармацыю на землях ордэна, заручыўся падтрымкай польск. караля, 8.4.1525 заключыў у Кракаве дагавор, паводле якога Прусія ператваралася ў васальнае герцагства. Абвясціў секулярызацыю Тэўтонскага ордэна і ўвядзенне ў Прусіі лютэранства. Клапаціўся аб адкрыцці ў гарадах лац. школ, гімназіі і універсітэта (1544, у Кёнігсбергу), дзе набывалі адукацыю многія бел. і літ. пратэстанты. У сувязі са сваімі выдавецкімі планамі ў 1530 (?) запрасіў у Кёнігсберг «выдатнага і многавучонага мужа» Ф.Скарыну. Час праўлення Альбрэхта характарызаваўся няўстойлівай паліт. сітуацыяй у Прусіі.
А.П.Грыцкевіч.
т. 1, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯХНО́ВІЧ (Olechnowicz) Мсціслаў Антонавіч
(22.2.1905, Гродна — 24.7.1982),
польскі лінгвіст. Д-р гуманіт. (1963) і пед. (1966) навук, праф. (1974). Скончыў Віленскі ун-т (1938). З 1949 выкладчык, з 1954 заг. кафедры замежных моў, з 1966 кафедры рус. філалогіі Лодзінскага ун-та. Даследаваў рус. і бел. мовы, бел. фальклор, рус.-бел.-польска-літоўскія фалькл. і моўныя сувязі. Аўтар манаграфіі «Польскія даследчыкі беларускага фальклору і мовы ў XIX ст.» (1986), прац «Польскія зацікаўленні беларускай мовай (ад паловы XVI стагоддзя да 1863 г.)» (1964), «Даследчыкі палескага фальклору ў першай палове XIX стагоддзя» (1965), «Беларускія элементы ў польскай песні першай паловы XIX стагоддзя» (1966), «Беларусь—Палессе» Оскара Кольберга» (1968), «Сістэма націску назоўнікаў з вытворнай асновай у беларускай мове» (1972), «Тэндэнцыі развіцця беларускага націску (на параўнальным фоне націску рускага)» (1978) і інш.
Літ.:
Саламевіч І. Польскі даследчык Беларусі // ЛІМ. 1975. 21 лют.;
Bibliografia publikacji naukowych i dydaktycznych prof. dra habil. Mścisława Olechnowicza // Acta Universitatis Lodziensis. Zeszyty Naukowe Uniwersytetu Lódzkiego. Ser. 1. 1979. № 33.
І.У.Саламевіч.
т. 1, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУМУЛЯ́ЦЫЯ ЗАБРУ́ДЖВАЛЬНЫХ РЭ́ЧЫВАЎ у арганізмах,
назапашванне ў жывых істотах хім. рэчываў, якія забруджваюць навакольнае асяроддзе. Месцам акумуляцыі могуць быць розныя органы і тканкі, пры гэтым многія з забруджвальнікаў (асабліва біягеннага паходжання) здольныя паступова часткова ці цалкам утылізавацца праз уключэнне ў біяхім. цыклы арганізма; у такім выпадку шкоднасць іх (напр., нітратаў) выяўляецца не абавязкова ў самім арганізме-назапашвальніку. Стойкія забруджвальнікі дрэнна ўключаюцца ў цыкл натуральнага кругавароту рэчываў і працяглы час захоўваюцца і ў навакольным асяроддзі і ў арганізмах, якія іх акумулююць. У працэсе руху па трафічных ланцугах яны могуць ствараць значна большыя канцэнтрацыі — аж да асабліва небяспечных для існавання асобных відаў жывёл і раслін, а таксама для здароўя чалавека. Прыкладам такой акумуляцыі забруджвальных рэчываў з’яўляецца назапашванне ядахімікатаў (ДДТ і некат. інш. пестыцыдаў), многіх радыенуклідаў (стронцый-90), цяжкіх металаў і інш. Для Беларусі праблема акумуляцыі забруджвальных рэчываў вельмі абвастрылася пасля стварэння на яе тэр. буйных комплексаў хім. прам-сці і асабліва ў сувязі з яе радыеактыўным забруджваннем у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
т. 1, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛАСНЫ́ ВЫКАНА́ЎЧЫ КАМІТЭ́Т САВЕ́ТАЎ РАБО́ЧЫХ, САЛДА́ЦКІХ І СЯЛЯ́НСКІХ ДЭПУТА́ТАЎ ЗАХО́ДНЯЙ ВО́БЛАСЦІ І ФРО́НТУ, Аблвыкамзах,
першы вышэйшы заканадаўчы (паміж з’ездамі Саветаў) орган сав. улады ў Заходняй вобласці і на Зах. фронце. Дзейнічаў з 26.11(9.12).1917 да 2.1.1919 у Мінску (з 19.2.1918 — у Смаленску). Створаны ў выніку зліцця выканкомаў абласнога Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, Савета сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ. і Франтавога к-та Зах. фронту; уключаны і 17 прадстаўнікоў прафсаюзаў. Узначальваў ваенна-паліт. і гасп. жыццё Зах. вобласці і фронту. Складаўся з 15 камісарыятаў (аддзелаў). Прэзідыум: старшыня М.У.Рагазінскі, з 30.1.1918 А.Ф.Мяснікоў; таварышы старшыні М.І.Крывашэін, П.Казлоў; сакратары І.Я.Алібегаў, Гарашчук, П.Осіпаў. Для каардынацыі дзейнасці камісарыятаў і вырашэння найб. важных пытанняў створаны Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту. Друк. органы — газ. «Советская правда», «Западная коммуна». Ліквідаваны ў сувязі са стварэннем Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі.
Літ.:
Нестеренко Е.Н., Осмоловский В.П. Советы Белоруссии, окт. 1917 — янв. 1919 г. Мн., 1989.
т. 1, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЯДНА́НАЕ ДЗЯРЖА́ЎНАЕ ПАЛІТЫ́ЧНАЕ ЎПРАЎЛЕ́ННЕ пры СНК СССР
(АДПУ),
орган па ахове дзярж. бяспекі ў СССР у 1923—34. Створана 2.11.1923 у выніку рэарганізацыі Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення РСФСР і ДПУ саюзных рэспублік у сувязі з утварэннем СССР. Паводле Палажэння аб АДПУ ад 15.11.1923 яно стваралася «з мэтай аб’яднання рэв. намаганняў рэспублікі па барацьбе з паліт. і эканам. контррэвалюцыяй, шпіянажам і бандытызмам». Узначальвалі АДПУ Ф.Э.Дзяржынскі, з 1926 В.Р.Мянжынскі. АДПУ кіравала ДПУ саюзных рэспублік і асобымі аддзеламі, а таксама трансп. органамі, аховай граніц СССР, аператыўнай работай у агульнасаюзным маштабе, мела ў распараджэнні асобыя войскі. У 1923 паводле пастановы ЦВК СССР пры АДПУ створана Калегія, або асобая нарада, якая без суда разглядала справы і выносіла рашэнні аб накіраванні ў канцлагеры або расстрэле асоб, прызнаных вінаватымі. Загадам старшыні АДПУ ад 2.2.1930 пры паўнамоцных прадстаўніцтвах АДПУ у рэспубліках і абласцях былі сфарміраваны «тройкі» з такімі ж паўнамоцтвамі. АДПУ скасавана ў выніку рэарганізацыі дзярж. апарату СССР. Замест яго ў сістэме НКУС створана Гал. ўпраўленне дзяржбяспекі.
І.М.Кузняцоў.
т. 1, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЯДНА́ННЕ БЕЛАРУ́СКІХ СТУДЭ́НЦКІХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ Заходняй Беларусі і эміграцыі ў Празе
(АБСА). Дзейнічала ў жн. 1924 — вер. 1939. Заснавана на канферэнцыі бел. студэнцкіх арг-цый. Устаноўчы з’езд адбыўся 29.6.1926. Мэта — «аб’яднанне ўсяго бел. студэнцтва на грунце акадэмічнай самапомачы», прапаганда ідэі незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. У 1924 прынята ў склад Аб’яднання студэнцкіх эмігранцкіх арг-цый Усх. Еўропы, 27.8.1926 — у Міжнар. студэнцкую канфедэрацыю (СІЕ). Выпускала бюлетэнь на франц. мове (з 1924) пра дзейнасць арг-цый бел. студэнтаў, становішча на Беларусі, супрацоўнічала ў перыяд. выданнях СІЕ. У 1930-я г. наладзіла сувязь з арг-цыямі бел. студэнтаў у Амерыцы, Германіі, Латвіі, Літве, шэрагу гарадоў Еўропы, у АБСА увайшлі Т-ва беларусазнаўства пры Віленскім ун-це імя С.Баторыя (у Вільні працаваў аддзел прэзідыума АБСА на чале з С.Станкевічам),
гурток бел. студэнтаў у Бруселі, Саюз бел. студэнтаў у Германіі. Старшыні: В.Жук-Грышкевіч, з 1926 М.Гузоўскі, з 1932 А.Вітушка. Спыніла дзейнасць у сувязі з пачаткам 2-й сусв. вайны.
Ю.Р.Васілеўскі.
т. 1, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМА́НАВІЧЫ,
вёска ў Шаркаўшчынскім р-не Віцебскай вобл., на р. Дзісна, на аўтадарозе Шаркаўшчына — Дзісна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на У ад г.п. і чыг. ст. Шаркаўшчына, 238 км ад Віцебска. 742 ж., 293 двары (1996).
Упершыню ўпамінаецца ў 1563 пад назвай Ерманавічы як сяло ВКЛ на мяжы з Полацкім ваяв. З 1565 у Браслаўскім пав. Віленскага ваяв. Належала Сапегам, Гілзенам, Шырыным. З 1793 у Рас. імперыі, у Дзісенскім пав. У канцы 19 ст. ў Германавічах 300 ж., вінакурны з-д, млын, крама, карчма. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Шаркаўшчынскага р-на. У 1970 — 649 ж., 209 двароў.
Лясніцтва. Сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Музей Я.Драздовіча Малітоўны дом хрысціян старога абраду. Помнікі архітэктуры — Германавіцкі Благавешчанскі касцёл, царква (пач. 20 ст.), сядзіба (канец 18 ст.).
т. 5, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ МАЖЭ́ЙКАВА,
вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл. на аўтадарозе Жалудок-Васілішкі. Цэнтр Мажэйкаўскага с/с і саўгаса. За 25 км на ПнУ ад г. Шчучын, 93 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы. 812 ж., 340 двароў (1996).
Вядома з пач. 16 ст. як дварэц (фальварак) у складзе велікакняжацкай Жалудоцкай вол. Трокскага ваяв. У 16 — пач. 20 ст. належала Палубенскім, Скуміным-Тышкевічам, Нарушэвічам, Хадкевічам, Грабоўскім і інш. З 1795 у Рас. імперыі. Да 1886 цэнтр воласці, каталіцкая капліца, бровар, піцейны дом. У 1885 мела 67 рэвізскіх душ. З 1921 у Польшчы, у Шчучынскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Жалудоцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 1962 у Шчучынскім р-не, з 1966 цэнтр сельсавета. У 1970 — 1008 жыхароў.
Шчучынскі з-д сельгасінвентару. Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік сядзібна-паркавага мастацтва — сядзіба (канец 18 — пач. 19 ст.) з паркам (1787).
т. 4, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙШЫ́Н, Гейшын,
вёска ў Васькавіцкім с/с Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Сож. Цэнтр калгаса. За 12 км на Пд ад Слаўгарада, 80 км ад Магілёва, 52 км ад чыг. ст. Быхаў. 96 ж., 44 двары (1996).
У канцы 1830-х г. належаў Сапегам. У 2-й пал. 19 ст. мястэчка ў Старабыхаўскім пав. Магілёўскай губ. У 1897 Г. у Прапойскай вол. Быхаўскага пав.; 1060 ж., 161 двор, 3 млыны, 3 крупадзёркі, 3 кузні, нар. вучылішча, 12 крам, карчма, царква, 2 сінагогі, двойчы на год праводзіліся кірмашы. З 1924 цэнтр сельсавета Прапойскага (з 1945 Слаўгарадскі) р-на. У Вял. Айч. вайну ў 1943 Гайшын часткова спалілі ням.-фаш. акупанты. З 1961 у Васькавіцкім с/с. У 1970 337 ж., 132 двары.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Каля Гайшына брацкая магіла сав. воінаў. У выніку Чарнобыльскай катастрофы 1986 вёска апынулася ў зоне моцнага радыяцыйнага забруджання і падлягае адсяленню.
А.М.Філатава.
т. 4, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬЕ́ГАС (Gallegos) Ромула
(2.8.1884, Каракас — 5.4.1969),
венесуэльскі пісьменнік, дзярж. і паліт. дзеяч. У 1936 міністр нар. асветы Венесуэлы. З 1941 адзін з лідэраў партыі Дэмакр. дзеянне. У 1947—48 прэзідэнт Венесуэлы. У 1931—36 і 1948—58 у эміграцыі. У рэалістычных раманах «Рэйнальда Салар» (1920), «Павітуха» (1925), «Донна Барбара» (1929), «Кантаклара» (1934), «Канайма» (1935), «Бедны негр» (1937), «Іншаземец» (1942), «На той жа зямлі» (1943), шэрагу апавяданняў спроба асэнсаваць мінуўшчыну, сучаснасць і будучыню Венесуэлы і яе народа. Аўтар раманаў «Саломінка на ветры» (1952), «Зямля пад нагамі» (1971). У аснове яго творчасці — цэласная вобразна-філас. сістэма, заснаваная на антытэзе «варварства — цывілізацыя», адлюстраванні сувязі з’яў прыроды і грамадства, імкненні ў вобразах прыроды ўбачыць сутнасць жыцця людзей і сац. падзей. Шлях да перабудовы грамадства паводле Гальегаса ляжыць праз эканам. рэформы і маральнае самаўдасканаленне чалавека (уплыў ідэй Л.Талстога). Проза Гальегаса насычана кантрастамі, яркімі сімвалічнымі вобразамі і фалькл. матывамі.
Тв.:
Рус. пер. — Канайма. М., 1959;
Бедный негр. М., 1964;
Кантакларо. М., 1966.
т. 4, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)