від народнай творчасці. Бытуе ў формах, створаных самім народам, арганічна звязаны з усім комплексам яго культуры. Для Н.т. характэрна пераемнасць і ўстойлівасць маст. традыцый, якія складваліся ў працэсе гіст. развіцця нар.эстэт. прынцыпаў, творчых навыкаў і прыёмаў выканання і перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Н.т. не меў спец. сцэны і дэкарацый, яго паказы вызначаліся адкрытай умоўнасцю ўсіх маст.-выяўл. кампанентаў, даходлівасцю і непасрэднасцю кантакту з гледачамі. Гэта адпавядала асаблівасцям выканальніцтва нар. артыстаў (імправізацыйнасць, падкрэсленыя рухі і жэсты, фарсіраваны гук, прыёмы буфанады і гратэску і інш.). У Н.т. вылучаюцца т-р жывога акцёра і лялечны.
Вытокі Н.т. ў стараж.-егіп.рэліг. рытуальных прадстаўленнях, у стараж.-грэч. абрадавых гульнях у гонар бога Дыяніса, культавых рытуалах, у якіх прысутнічалі элементы ігравога дзеяння і тэатр. пераўвасаблення. З прыходам хрысціянства язычніцкія абрады страцілі свой магічны сэнс і садзейнічалі развіццю Н.т. У розныя часы вылучыліся спецыялісты тэатр. справы — мімы (Стараж. Грэцыя), жанглёры, шпільманы (Зах. Еўропа), скамарохі (у некат. слав. народаў). Выступленні акцёраў найчасцей мелі вандроўны характар, яны будаваліся на аснове сцэнарыяў, якія давалі вял. магчымасці для імправізацыі. Акцёры Н.т. часта звярталіся да пантамімы. Майстэрства акцёра спалучала гімнастыку, спевы, танец, музыку, цырк. мастацтва (фокусы і дрэсіроўка), мастацтва лялечнага т-ра, які часта наз. па імю героя прадстаўлення; Пятрушка (Расія), Панч (Англія), Пульчынела (Італія), Кашпарак (Чэхія). Да Н.т. адносяць таксама балаганныя прадстаўленні і т.зв. раёк (паказ рухомых карцінак у суправаджэнні драматызаванага тэксту). Традыцыйнасць выканання вызначыла ўзнікненне ў многіх краінах асаблівага тыпу тэатр. прадстаўленняў — т. зв. традыцыйны тэатр. У краінах Азіі са стараж. часоў былі пашыраны нар. танцавальна-пантамімічныя муз. прадстаўленні. На іх аснове сфарміраваўся традыц.т-р Інданезіі (ваянг, тапенг і інш.), Шры-Ланкі (калам), Індыі (катхакалі і інш.), Японіі (кабукі, но) і інш. У Еўропе нар. акцёры значна паўплывалі на рэліг.-драм. прадстаўленні (сярэдневяковую містэрыю). Пранікненне камед.-быт. элементаў у паказы містэрый садзейнічала фарміраванню фарса. Традыцыі фарса і карнавала падрыхтавалі з’яўленне камедыі дэль артэ. Традыцыі Н.т. распрацоўвалі буйнейшыя драматургі і акцёры.
Вытокі бел. Н.т. ў стараж. паляўнічых і земляробчых абрадавых гульнях, культавых рытуалах, дзе зараджаліся элементы гульнявога дзеяння і тэатр. пераўвасаблення. Абрады, што ўзніклі ў часы язычніцтва, паступова страчвалі сваю магічную аснову. Працэс абміршчэння абрадаў і павелічэнне іх драм.-ігравога пачатку прывёў да адносна самаст. развіцця драм.тэатр. момантаў, якія набылі выразную эстэт. функцыю. Элементы тэатралізаванага дзеяння ёсць у многіх каляндарных (Каляды, Купалле і інш.), сямейна-бытавых (вяселле і інш.) абрадах, карагодах, карагодных танцах і гульнях. Сцэнарый вяселля меў кампазіцыйна-структурную будову, аналагічную драме: завязку, кульмінацыю і развязку, падзел на асобныя сцэны і эпізоды, пэўныя ролі, выпрацаваныя і замацаваныя абрадавай традыцыяй. Каляды мелі характар своеасаблівага карнавалу: хадзілі гурты калядоўшчыкаў са звяздой, вадзілі «казу», «кабылу», «мядзведзя», «жорава», пазней адбываліся паказы батлейкі, народнай драмы. Выканаўцы пераапраналіся, карысталіся маскамі, своеасаблівым грымам, рэквізітам. Персанажы з калядных гульняў і прынцыпы іх абмалёўкі, кампазіцыйныя і выканальніцкія прыёмы, асобныя сцэны развіліся ў больш складаныя формы Н.т. У карагодах арганічна спалучаліся песня, танец і драматызаванае дзеянне, тэатралізацыя ў іх узнікла на аснове песеннага сюжэту. Паступова з карагода вылучаліся выканаўцы роляў, паміж імі і карагодным хорам вёўся песенны дыялог. Эвалюцыя абрадавай сістэмы, куды ўваходзілі раней і розныя формы творчасці, стварыла перадумовы гіст.-ранняга вылучэння з яго нар. ігрышчаў, якія спалучалі ў сабе песеннае, харэаграфічнае і тэатр. мастацтвы і тэатралізаваныя паказы: хаджэнні пераапранутых, гульнявы паказ вяселля («Жаніцьба Цярэшкі», «Жаніцьба бахара»), гульні («Яшчур», «Халімон» і інш.). Развітую сюжэтную аснову мелі таксама шматлікія пазаабрадавыя гульні («Старыца», «Кавалі», «Злыдні» і інш.). Значную ролю ў развіцці разнастайных форм Н.т. адыгралі аселыя скамарохі — нязменныя ўдзельнікі нар. свят і ігрышчаў. Іх мастацтва садзейнічала далейшай тэатралізацыі абрадаў і гульняў, прыкметна ўплывала на характар дзейнасці нар. музыкантаў, казачнікаў і інш. выканаўцаў. У станаўленні нар. форм тэатр. прадстаўленняў значны ўклад зрабілі вандроўныя прафес. скамарохі, сярод якіх асаблівай папулярнасцю на Беларусі карысталіся павадыры мядзведзяў (гл.«Мядзведжыя пацехі», «Смаргонская акадэмія»), музыкі, лірнікі, выканаўцы драм. сцэнак. Н.т. развіваўся як т-р жывога акцёра і т-р лялек (батлейка). Найб. яскрава і пераканаўча ў батлейкавым т-ры нац.маст. традыцыя выявілася ў малых формах нар. драмы, у невял. камедыйных сцэнах (інтэрмедыях). Некаторыя сцэны з рэпертуару батлейкі ў канцы 19 — пач. 20 ст. выконвалі жывыя акцёры, такія паказы наз.жывой батлейкай. У батлейцы канчаткова аформілася нар. драма. У паказах батлейкі і нар. драмы знайшлі сваё ўвасабленне найб. развітыя формы нар.тэатр. творчасці. Элементы Н.т. ў пач. 20 ст. выкарыстоўваліся аматарскімі гурткамі, якія наладжвалі беларускія вечарынкі, і прафес. т-рамі І.Буйніцкага, У.Галубка. Спектаклі трупы Буйніцкага захоўвалі сувязь з нар. ігрышчамі: разам з пастаноўкамі драм. твораў уключалі выкананне нар. песень і танцаў, дэкламацыю. Традыцыі батлейкі і нар. драмы адраджаюцца ў асобных пастаноўках студэнтаў Бел.АМ, Мінскага нар.т-раБДУ і інш.нар. тэатраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРА́Л,
тэрыторыя паміж Усх.-Еўрапейскай і Зах.-Сібірскай раўнінамі, у Расіі. У складзе У. — Уральская горная сістэма, якая цягнецца ад Карскага м. на Пн да р. Урал на Пд больш як на 2 тыс.км, шыр. ад 40 да 150 км. Уздоўж усх. падножжа У. звычайна праводзяць мяжу паміж Еўропай і Азіяй. Складаецца з нізкагорных і сярэднягорных хрыбтоў, большасць якіх мае мерыдыянальны напрамак, часта парэзана шырокімі падоўжнымі далінамі і катлавінамі. Вылучаюць У. Палярны, Прыпалярны, Паўночны, Сярэдні і Паўднёвы.
Палярны У. мае моцна расчлянёны рэльеф з выш. 1000—1300 м (г. Паер, 1499 м). Найб. высокі Прыпалярны У. (г. Нарадная, 1895 м). На Палярным і Прыпалярным У. ёсць сляды плейстацэнавых горнадалінных зледзяненняў (кары, трогі, марэна), развіта сучаснае зледзяненне (больш за 140 невял. ледавікоў, пл. 25 км²), шматгадовая мерзлата. Паўночны У. мае сярэднія вышыні хрыбтоў (800—1000 м) з плоскімі вяршынямі; верхнія ч.найб. высокіх гор (г. Тэльпасіз, 1617 м) расчлянёныя. Сярэдні У. — самая нізкая ч. горнай сістэмы (300—500 м, г. Сярэдні Басег, 994 м (са згладжаным рэльефам). Паўднёвы У. — сярэднягорны раён (макс.выш. 1640 м, г. Ямантау) са шматлікімі хрыбтамі і глыбокімі міжгорнымі катлавінамі. Уздоўж зах. схілаў У. і ў Перадураллі пашыраны карст. Шмат пячор (Дзівава пячора, Капава пячора, Кунгурская пячора, Сумганская пячора), карставых варонак, правалаў, падземных рэчак. У. — эпіплатформавыя адроджаныя горы герцынскай складкавасці Урала-Мангольскага геасінклінальнага пояса (гл. таксама Урала-Мангольскі геасінклінальны пояс). Складзены з дакембрыйскіх крышт. (гнейсы, амфібаліты, кварцыты), палеазойскіх асадкавых (пясчанікі, сланцы, вапнякі, кангламераты) і разнастайных паводле ўзросту магматычных (граніты, дыябазы, габра, розныя эфузівы) парод.
У. багаты карыснымі выкапнямі: медныя, нікелевыя, хромавыя, жал. руды, каменны і буры вугаль, нафта, газ, калійная і каменная солі, азбест, золата, плаціна, каштоўныя і вырабныя камяні. Сярэдняя т-растудз. ад -22 °C на Пн да -15 °C на Пд, ліп. адпаведна 9 °C і 20 °C. Ападкаў на зах. схілах 600—800 мм (на Прыпалярным У. да 1000 мм), на ўсх. 300—500 мм за год. Рэкі бас.Паўн. Ледавітага ак. (Пячора, прытокі р. Об — Табол, Ісець, Тура, Сосьва) і Каспійскага м. (Кама з Чусавой і Белай; р. Урал). Шмат азёр, пераважна на ўсх. схілах (Таватуй, Увільды, Аргазі і інш.). Большая ч. У. пад лясамі на горна-падзолістых і шэрых лясных глебах (верхняя мяжа лесу ад 300 м на Пн да 1200 м на Пд). Зах. схілы ўкрыты цемнахвойнымі (елка, піхта, кедр), усходнія — хваёвымі, месцамі лістоўнічнымі і бярозавымі лясамі. У перадгор’ях Паўд. У. лесастэп з астраўнымі шыракалістымі лясамі (на З) і бярозавымі гаямі (на У) на чарназёмных і шэрых лясных глебах. На крайнім ПдУ кавыльнаразнатраўныя стэпы на чарназёмах і каштанавых глебах. На Палярным, Прыпалярным, часткова Паўн. і на вяршынях Паўд. У. мохава-лішайнікавая тундра і каменныя россыпы. Жывёльны свет: у тундры — паўн. алень, пясец, лемінгі, белая і тундравая курапаткі; у лясной — лось, буры мядзведзь, расамаха, лясная куніца; у стэпах — суслікі, хамякі, тушканчыкі і інш. У межах У. — Пячора-Ілыцкі запаведнік, Ільменскі, Башкірскі, Вісімскі запаведнікі. Пра гаспадарку і насельніцтва У. гл. ў арт.Арэнбургская вобласць, Башкортастан, Курганская вобласць, Пермская вобласць, Свярдлоўская вобласць, Удмурція, Чэлябінская вобласць.
Тэр. У. заселена чалавекам у палеаліце. У пісьмовых крыніцах продкі башкіраў, удмуртаў, комі, хантаў, мансі, інш. народаў У. і Перадуралля згадваюцца з 9—12 ст. У 14 ст. Югорская і Пермская землі далучаны да Наўгародскай феадальнай рэспублікі. Да 16 ст. яны, а таксама Верхняе Прыкам’е і частка удм. зямель адышлі да Рус. дзяржавы. У сярэдзіне 16 ст. да Расіі далучаны б.ч. Башкірыі і астатняе Прыкам’е. У 17 ст. рускія засялілі Перадуралле, Паўд. і Сярэдні У. З 1630-х г. на У. пачалі ўзнікаць першыя металургічныя прадпрыемствы. Іх інтэнсіўнае буд-ва ў 18 ст., калі былі засн. гарады Екацярынбург, Чэлябінск, Ніжні Тагіл і інш., паступова ператварыла У. у гал. металургічную базу Расіі. Рус. заводскія рабочыя і карэнныя народы У. ўдзельнічалі ў сялянскай вайне 1773—75 пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова. У канцы 19 ст. У. саступіў сваё значэнне гал. металургічнай базы Поўдню Рас. імперыі (цяпер тэр.паўд. Украіны і Данбаса). Рабочыя У. ўдзельнічалі ў рэвалюцыі 1905—07. У канцы 1917 — пач. 1918 на У. ўстаноўлена Сав. ўлада. У маі 1918 ч. У. ахоплена чэхаславацкага корпуса мяцяжом 1918, у ліст. 1918 устаноўлена ўлада адм. А.В.Калчака. Сав. ўлада адноўлена да восені 1919. У выніку індустрыялізацыі У. стаў найб. прамыслова развітым раёнам РСФСР. Народы У. атрымалі розныя формы нац.-дзярж. і нац.-адм. аўтаноміі. У Вял.Айч. вайну У. быў асн. пастаўшчыком зброі для фронту, сюды былі эвакуіраваны многія прамысл. прадпрыемствы зах. абласцей СССР, у т. л. з Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІКА ЯДЗЕРНЫХ РЭАКТАРАЎ
Даследаванні па фізіцы ядз. рэактараў пачаліся ў 1960, калі ў Ін-це энергетыкі АН Беларусі было створана Аддзяленне атамнай энергетыкі (узначаліў А.К.Красін). Тэарэт. работы выконваліся ў лабараторыях атамнай энергетыкі (Красін) і фіз. разлікаў (В.А.Навумаў), эксперым. — на доследным рэактары ІРТ-1000 (здадзены ў эксплуатацыю ў 1962). У 1965 створаны Ін-тядз. энергетыкі АН Беларусі (ІЯЭ), дзе былі сканцэнтраваны работы па фізіцы ядз. рэактараў. У ім вяліся доследныя работы па стварэнні новых тыпаў ядз. рэактараў: уран-гідрыдцырконіевага для перасоўнай АЭС «Памір-630 Д», хуткіх газаахаладжальных (N2O4) тыпу БРІГ і БРГ, спецыялізаваных ядз.-хім. рэактараў.
Першы рэактар фіз. магутнасці (крытычны стэнд) «Ружа» створаны ў 1965. На ім праведзены даследаванні аднародных уран-водных сістэм з палівам 10%, 36% і 75% абагачэння па 235U у шырокім дыяпазоне змяненняў адносін канцэнтрацыі ядзер вадароду і урану-235 (В.А.Лявадны, Ю.І.Чуркін, А.І.Ярашэвіч). Для эксперым. абгрунтавання фізікі рэактара «Памір» на ўсіх стадыях яго праектавання былі створаны рэактары фіз. магутнасці «Эдэльвейс», «Крышталь», на якіх выкананы комплекс даследаванняў «халодных» і «гарачых» UO2—ZrHn — крытычных сістэм з палівам 21%, 36% і 45% абагачэння па 235U (І.А.Едчык, А.П.Малыхін, У.У.Сапожнікаў, С.М.Сікорын, А.І.Ярашэвіч). Распрацаваны ці ўдасканалены розныя метады вымярэнняў асн. нейтронна-фіз. параметраў рэактарных сістэм: метад цвёрдых трэкавых дэтэктараў ядзер (І.У.Жук, Малыхін), метады аналізу шумоў рэактара (Лявадны, Сапожнікаў), метады неразбуральнага кантролю наяўнасці нейтронна-паглынальных і падзельных матэрыялаў у асн. элементах актыўных зон (Сапожнікаў, Сікорын). Створаны вымяральныя ўстаноўкі для спектраметрыі гама-выпрамянення, размеркавання шчыльнасці дзяленняў у актыўных зонах рэактараў і параметраў кінетыкі рэактараў.
У 1970—80-я г. ў ІЯЭ створаны розныя мадыфікацыі рэактараў фіз. магутнасці БТС-1 — БТС-5 з хуткацеплавымі крытычнымі зборкамі для даследаванняў па фізіцы энергет. хуткіх рэактараў, што ахалоджваюцца дысацыіруючым газам і паравадзяной сумессю (М.М.Груша, І.Р.Серафімовіч, Чуркін, Ярашэвіч) і крытычны стэнд «Астра» для даследаванняў віхравых рэактараў з мікрацвэламі (Лявадны, С.У.Макін). Распрацаваны метады рашэння кінетычнага ўраўнення пераносу нейтронаў і ўліку тэрмалізацыі нейтронаў у Pn-набліжэнні канечна-рознасным метадам (А.П.Сямашка, Ю.К.Шчокін), удасканалены метады альбеда (В.П.Слізоў), імавернасці першых сутыкненняў (А.І.Додзь), Монтэ-Карла (С.Р.Розін). Праведзены тэарэт. даследаванні па ацэнцы сячэнняў узаемадзеяння нейтронаў з ядрамі падзельных, сыравінных і канстр. матэрыялаў ва ўсім дыяпазоне энергій нейтронаў рэактарнага спектра (В.А.Коньшын, У.М.Маслаў, Ю.У.Парадзінскі, Я.Ш.Сухавіцкі), створаны новыя матэм. мадэлі і праграмы разліку ядз.-фіз. канстантаў. Для дыфузійнага разліку цеплавых ядз. рэактараў з улікам выгарання паліва і ўтварэння прадуктаў дзялення распрацаваны інжынерны разліковы комплекс «Гера» (В.А.Навумаў), які пераўтвораны ў комплекс «Кратэр» (Я.М.Дунец, Б.А.Літвіненка, В.А.Навумаў, І.Я.Рубін). Для апісання гетэрагенных эфектаў у ячэйках ядз. рэактараў ва ўсёй вобласці энергіі нейтронаў створана 95-групавая дыфузійная праграма «Рытм» (Навумаў, Рубін). Праведзены разліковыя даследаванні фізікі ядз.-хім. рэактараў і шматмэтавых рэактараў для адначасовай выпрацоўкі электраэнергіі, цяпла і радыяцыйна-хім. прадукцыі (Красін, Літвіненка, І.А.Савушкін).
У ІЯЭ была створана база для разліковых і эксперым. даследаванняў па фізіцы ядз. рэактараў розных тыпаў, ін-т стаў адным з буйнейшых цэнтраў па гэтай галіне ў СССР. Пасля Чарнобыльскай катастрофы 1986 і наступнага распаду СССР даследаванні па фізіцы ядз. рэактараў на Беларусі былі істотна згорнуты. Спынены ўсе эксперым. даследаванні на рэактарах фіз. магутнасці, з якіх выгружаны падзельныя матэрыялы; менш інтэнсіўна вяліся работы па стварэнні новых метадаў фіз. разліку ядз. рэактараў. У наш час, дзякуючы міжнар. грантам, у Аб’яднаным ін-це энергет. і ядз. даследаванняў «Сосны» паводле праграмы эксперым. даследаванняў па трансмутацыі доўгажывучых прадуктаў дзялення і малодшых актынідаў вядуцца тэарэт. работы па ўдасканаленні ядз.-фіз. канстантаў у пашыраным дыяпазоне энергій нейтронаў (да 200 МэВ) і разлікова-эксперым. работы па фізіцы падкрытычных сістэм, што кіруюцца паскаральнікамі часціц высокіх энергій. Створана і даследуецца з 1999 цеплавая падкрытычная зборка «Яліна»; ствараецца бустэрная (каскадная), якія кіруюцца генератарам нейтронаў (В.В.Бурнос, А.І.Кіявіцкая, І.Р.Серафімовіч, Ю.Г.Фокаў, С.Я.Чыгрынаў), што дазволіць праводзіць эксперым. даследаванні ў шырокім дыяпазоне спектра нейтронаў. З 1998 пачаты работы па рэканструкцыі аднаго з рэактараў фіз. магутнасці (С.І.Гульнік, С.Г.Мандзік, Сікорын), па завяршэнні якіх значна пашырыцца аб’ём эксперым. даследаванняў па фізіцы ядз. рэактараў.
Літ.:
Определение критических загрузок однородных систем UO2 — ZrH1,89 и UO2 — H2O с топливом 21 % и 36% обогащения по 235U // Вопр. атомной науки и техники. Сер. Физика ядерных реакторов. 1991. Вып. 1;
Экспериментальные исследования по физике передвижной АЭС «Памир» // Проблемы использования атомной энергии: Сб. докл. науч. семинара, посвящ. 85-летию акад. А.К.Красина. Мн., 1996;
Расчетные возможности программного комплекса КРАТЕР для определения нейтронно-физических характеристик тепловых ядерных реакций // Весці АН Беларусі. Сер. фіз.-тэхн. навук. 1996. №1.
А.І.Ярашэвіч.
Рэактар фізічнай магутнасці «Крышталь» — поўнамаштабная мадэль рэактара перасоўнай АЭС «Памір-630Д».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ААМЫ́НЬ (партуг. Макао),
тэрыторыя ва Усх. Азіі, на ўзбярэжжы Паўд.-Кітайскага м., у дэльце р. Сіцзян. Належыць Партугаліі. Уключае п-аў Аамынь і а-вы Тайпа і Калаане. Пл. 16 км². Адм. ц. — г. Аамынь. Нас. 497 тыс.чал. (1991); кітайцы (больш за 95%), партугальцы і інш.Афіц. мова партугальская. Вернікі пераважна католікі. Большая частка насельніцтва жыве ў г. Аамынь. Рэльеф узгорысты. Клімат мусонны; ападкаў 1800 мм за год, бываюць тайфуны.
Тэр. Аамыня са стараж. часоў належала Кітаю, мела розныя назвы. Тут знаходзіўся палац кіт. імператрыцы — Магэ (Палата Матухны, адсюль назва Макао). У 14—17 ст. Аамынь — гандл. гавань у пав. Сяншань (цяпер Чжуншань), прав. Гуандун. У 1553 у Аамыні з’явіліся партугальцы, з 1555 яны арандавалі Аамынь, у 1557 стварылі адміністрацыю пры захаванні суверэнных правоў Кітая. У 1849 партуг. ўрад абвясціў Аамынь незалежным ад Кітая. Паводле навязанага Кітаю ў 1887 Дагавора аб дружбе і гандлі Партугалія атрымала права на «вечнае кіраванне» Аамынем. У 1940 захоплены Японіяй. Пасля паражэння Японіі ў 2-й сусв. вайне — пад кантролем Партугаліі, якая ў 1951 абвясціла Аамынь сваёй «заморскай правінцыяй» на чале з губернатарам. Урад КНР неаднаразова заяўляў, што Аамынь — тэр. Кітая, і настойваў на вяртанні яго праз мірныя перагаворы. У 1987 прынята сумесная кіт.-партуг. заява, якой прадугледжана з 20.12.1999 аднаўленне суверэнных правоў КНР на Аамынь, а таксама дазволена стварыць асобны адм. раён у адпаведнасці з абвешчаным Пекінам прынцыпам «адна дзяржава — два лады». Паліт. партыі: Дэмакратычны цэнтр Аамыня, Асацыяцыя абароны Аамыня.
Аснова эканомікі — турызм і галіны, якія яго абслугоўваюць. Развіта вытв-сцьтэкст., электронных вырабаў, феерверкаў, вырабаў са скуры, він, камфары. Аамынь — буйны пасрэдніцкі цэнтр міжнар.гандл. і валютна-фін. аперацый. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 2% тэрыторыі. Вырошчваюць агародніну, развіты птушкагадоўля і рыбалоўства. Асн.гандл. партнёры — Кітай, Сянган, ЗША і Канада. Экспартуе адзенне, тэкстыль, шоўк, прадукцыю саматужных промыслаў, тытунёвыя вырабы, чай, рыбу. Вял. ролю адыгрывае рээкспарт тавараў з Кітая. Імпартуе сыравіну, харч. прадукты, пітную ваду. Аамынь вядомы як перавалачны пункт кантрабанднага гандлю золатам і опіумам. Ігральны бізнес. Марскі курорт. Паромная сувязь Аамыня — Сянган. Штогод Аамынь наведваюць 5 млн. турыстаў. Грашовая адзінка — патака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКІЯ АДНО́СІНЫ,
сістэма сувязей, што забяспечвае функцыянаванне розных сфер грамадскага жыцця (эканам., сац., паліт., прававой, культ. і інш.), а таксама ўсяго грамадства. Удзельнікамі (суб’ектамі) грамадскіх адносін выступаюць: само грамадства, яго ін-ты (дзяржава, сям’я, грамадскія арг-цыі, паліт. партыі і інш.), сац. (класы, слаі) і дэмаграфічныя групы, нац. і этн. супольнасці (нацыя, народнасць, нац. меншасць, этнас), аб’яднанні людзей па рэліг. і інш. прыкметах, а таксама індывідуумы. Асновай узнікнення, існавання і спынення грамадскіх адносін у канкрэтных выпадках з’яўляюцца агульныя (грамадскія) і спецыфічныя (прыватныя) патрэбы, інтарэсы і воля ўдзельнікаў. Падзяляюцца на віды па розных крытэрыях: у залежнасці ад сферы грамадства (гасп., паліт., сямейныя і інш.), па суб’ектах (дзярж.-паліт., класавыя, нац. і інш.), па спосабе рэгулявання грамадскага жыцця (прававыя, маральныя), па метадзе ўздзеяння на паводзіны людзей (уладарныя і заснаваныя на перакананні), па характары (стыхійныя і мэтанакіраваныя). Могуць набываць розныя формы выяўлення, адрознівацца працягласцю, ахопам грамадскіх з’яў і інш. прыкметах. Характэрная рыса грамадскіх адносін — іх супярэчлівасць, якая можа праяўляцца і ўнутры кожнага канкрэтнага віду грамадскіх адносін, і паміж іх рознымі відамі. Характар супярэчнасцей (наяўнасць або адсутнасць антаганізму) абумоўлівае спосаб іх вырашэння, і, адпаведна, шлях далейшых змен і развіцця сістэмы грамадскіх адносін ці яе асобных элементаў (эвалюцыйны ці рэвалюцыйны). Прыхільнікі матэрыялізму падзяляюць усе грамадскія адносіны на матэрыяльныя (іх лічаць вызначальнымі, першаснымі) і ідэалагічныя (іх лічаць вытворнымі, другаснымі). Такі падзел узыходзіць да вучэння К.Маркса і Ф.Энгельса пра базіс і надбудову, у адпаведнасці з якімі матэрыяльныя і ідэалаг. грамадскія адносіны выступаюць таксама як базісныя (вытворчыя адносіны) і надбудовачныя (паліт., прававыя, маральныя і інш.); кожнаму гістарычнаму тыпу грамадства ўласціва спецыфічная сістэма базісных і надбудовачных грамадскіх адносін. Альтэрнатыўнае матэрыялістычнаму разуменне іерархіі грамадскіх адносін кладзе ў яе аснову іх сувязь з праяўленнем разумнага пачатку ў развіцці чалавечага грамадства і, па сутнасці, здымае пытанне пра прыярытэтнае значэнне якога-н. канкрэтнага віду грамадскіх адносін.
Літ.:
Барулин В.С. Социальная жизнь общества: Вопр. методологии. М., 1987;
Попов С.К. Общественные законы: Сущность и классификация. М., 1990;
Матусевич А.В. Политическая система: Состояние и развитие. Кн. 1. Мн., 1992;
Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2 изд. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЮГО́ (Hugo) Віктор Мары (26.2.1802, г. Безансон, Францыя — 22.5.1885),
французскі пісьменнік. Чл.Франц. акадэміі (з 1841). У ранні перыяд творчасці (паэт.зб. «Оды і розныя вершы», 1822; «Оды і балады», 1826; раманы «Ган Ісландзец», 1823; «Бюг Жаргаль», 1826) эвалюцыяніраваў ад падтрымкі манархіі да ліберальна-дэмакр. поглядаў, ад класіцызму да рамантызму. У зб. «Усходнія матывы» (1829) пра нац.-вызв. барацьбу грэкаў заявіў аб сабе як рэфарматар паэзіі — стваральнік разнастайных рыфмаў і гнуткіх рытмаў, арыгінальнай строфікі. У «Прадмове» да драмы «Кромвель» (1827), прызнанай эстэт. маніфестам франц. рамантызму, вылучыў і абгрунтаваў тэорыю кантрастаў і гратэску, якую рэалізаваў у рамант. драмах «Марыён Дэлорм» (нап. 1829), «Эрнані» (1830), «Кароль забаўляецца» (1832), «Руі Блаз» (1838) і інш. Антыманархічны, вольналюбівы настрой драм, напісаных на гіст. сюжэты, адпавядаў рэв. зрухам у Францыі напярэдадні і пасля Ліпеньскай рэвалюцыі 1830. У атмасферы бурлівых паліт. падзей напісаў гіст. раман з жыцця Францыі 15 ст. «Сабор Парыжскай Божай маці» (1831). Тэматычнай і стылістычнай разнастайнасцю вызначаліся лірычныя зб-кі «Лісце восені» (1831), «Песні змроку», «Унутраныя галасы» (1837), «Промні і цені» (1840). Пасля дзярж. перавароту 1851 эмігрыраваў з Францыі. У перыяд выгнання, які працягваўся 19 гадоў, у Гюго праявіўся талент публіцыста і сатырыка (паліт. памфлет «Маленькі Напалеон», 1852; паэт.зб. «Адплата», 1853). У раманах «Адвержаныя» (1862), «Працаўнікі мора» (1866), «Чалавек, які смяецца» (1869) паказаў кантрасты галечы і багацця, улады і бяспраўя, жорсткасці і велікадушнасці. Асэнсоўваючы сац. канфлікты ў маральным аспекце, аўтар зыходзіў з ідэаліст. разумення гісторыі як спрадвечнай барацьбы двух пачаткаў — цёмнага дэманічнага і светлага боскага. Вяршыня паэзіі Гюго — зб. «Сузіранні» (т. 1—2, 1856), своеасаблівы лірычны дзённік паэта. Аўтар паэт.зб. «Грозны год» (1872) пра падзеі франка-прускай вайны і Камуны, гіст. рамана «Дзевяноста трэці год» (1874) пра франц. рэвалюцыю канца 18 ст. У 1883 завяршыў 3-ю серыю ліра-эпічнага цыкла «Паданне стагоддзяў» (1-я серыя — 1859, 2-я — 1877). На бел. мову перакладзены раманы «Адвержаныя» (1938) і «Дзевяноста трэці год» (пер. Я.Маўра, 1937). Творы Гюго перакладалі таксама Э.Агняцвет, А.Астрэйка, Ю.Гаўрук, С.Ліхадзіеўскі і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч. В 7 т.Т. 1—3. М., 1994.
Літ.:
Моруа А. Олимпио, или Жизнь Виктора Гюго: Пер. с фр.М., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКЕ́СТР (ад грэч. orchēstra пляцоўка перад сцэнай у стараж.-грэч. тэатры),
калектыў інструменталістаў для сумеснага выканання створанай для яго музыкі. Аркестры бываюць мяшаныя, якія ўключаюць інструменты розных груп (сімфанічны, эстрадны) і аднародныя (струнны, духавы, ударных інструментаў). Паводле функцыі вылучаюць аркестры оперныя, ваенныя, эстрадныя і інш. Вышэйшы тып — сімфанічны аркестр — малы і вялікі. Рухомасцю складу адрозніваецца камерны аркестр, які не заўсёды можна дакладна адмежаваць ад камернага ансамбля. Асаблівы тып — аркестр народных інструментаў.
Вял.інстр. ансамблі вядомы ў антычнасці, сярэднявеччы, у эпоху Адраджэння (літ. крыніцы 16 ст. сведчаць, што падобныя ансамблі існавалі і на Беларусі), аднак іх вызначалі спарадычнасць дзеяння і нестабільнасць складу. Рэгулярныя аркестры паявіліся на мяжы 16—17 ст. з узнікненнем оперы, араторыі, кантаты, у якіх на аркестры ўскладалася функцыя суправаджэння вак. партый. Тыпы аркестраў, іх прызначэнне гістарычна мяняліся ў залежнасці ад развіцця муз. інструментаў і выканальніцтва, эвалюцыі арк. мыслення кампазітараў, ідэйна-стыліст. тэндэнцый.
Звесткі пра аркестры на Беларусі сягаюць у 16 ст. («літоўская капэла»), У 18 ст. вядомы розныя тыпы аркестраў: т.зв. «янычарская музыка» (Шклоў, Нясвіж, Гродна), рагавая музыка (Нясвіж, Шклоў), «хатняя музыка» (Горы-Горкі, Гродна, Нясвіж), духавыя, а таксама малыя сімф. аркестры раннекласічнага складу — капэлы (гл.Прыгонныя аркестры і капэлы). Вядома пра існаванне «касцельнай музыкі» ў 18 — 1-й пал. 19 ст. ў Гродне, Слоніме, Мінску, Пінску, Нясвіжы, Будславе і інш. У канцы 19 — пач. 20 ст. прыкметную ролю ў грамадска-культ. жыцці адыгрывалі сімф. і духавыя аркестры, у т. л. ў Мінску (гл.Мінскі гарадскі аркестр), Віцебску, Слуцку, Гродне. У 1919—21 створаны сімф. аркестры ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Магілёве на базе нар. кансерваторый, муз. школ, пазней муз. тэхнікумаў і драм. т-раў. Прафесійныя аркестры ў Беларусі (1995): Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, Сімфанічны аркестр Беларускага тэлебачання і радыё, сімфанічныя аркестры Дзярж.т-ра оперы і балета Дзярж.т-рамуз. камедыі, Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь, Ваенны аркестр Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, мінскі духавы аркестр «Няміга» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРНА́МЕНТ (ад лац. ornamentum упрыгожанне),
узор з рытмічна ўпарадкаваных элементаў для аздаблення твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва, прадметаў побыту, арх. збудаванняў і інш. У залежнасці ад твора, яго формы, матэрыялаў, спосабу выканання можа быць маляваны, разьбяны, вышываны, тканы, плецены, інкруставаны, набіваны, гравіраваны і інш. Паводле характару бывае геаметрычны, раслінны (пальмета, акант), тэраталагічны (стылізаваныя малюнкі звяроў, птушак), камбінацыі геам. і раслінных матываў (арабескі). У якасці матываў арнаменту выкарыстоўваюць розныя знакі і эмблемы (гербы). Вядомы ўсім народам свету, вобразна адлюстроўвае іх нац. асаблівасці, характар пануючага маст. стылю. На Беларусі арнамент вядомы з часоў палеаліту, асабліва разнастайны ў эпоху неаліту. Тагачаснаму арнаменту на вырабах з косці, дрэва, гліны надавалася сэнсавае і магічнае значэнне. Спецыфічныя рысы набыў у працэсе фарміравання бел. народнасці ў 13—16 ст., развіваўся ва ўзаемадзеянні з культурай інш. народаў. Адметнасцю вызначаюцца разьбяныя па ляўкасе арнаментальныя фоны бел. абразоў 16—18 ст. Шырокую вядомасць набыла беларуская рэзь, арнамент на слуцкіх паясах, кафлі, вырабах урэцка-налібоцкага шкла і інш.Нац. рысы арнаменту найб. ярка ўвасобіліся ў нар.дэкар.-прыкладным мастацтве. У вышыўцы і ткацтве пераважае геам. (пераважна рамбічны) чырвона-чорны арнамент на белым фоне палатна; у разьбяным дэкоры на прадметах побыту — зубчыкі, крыжыкі, шматпраменныя разеткі; у аздабленні нар. жылля — геам. салярны, стылізаваны раслінны і зааморфны. У цяперашні час арнамент. страціў сваё сімвалічнае значэнне і выконвае чыста дэкар. ролю. Лепшыя ўзоры бел. арнаменту, узбагачаныя сучаснай рэчаіснасцю, выкарыстоўваюцца ў лёгкай і маст. прам-сці, архітэктуры, дэкар.-прыкладным мастацтве, маст. творчасці.
Літ.:
Соколова Т. Орнамент — почерк эпохи: [Альбом]. Л., (1972);
Беларускі народны арнамент: [Альбом]. Мн., 1955;
Peesch R. Ornamentik der Volkskunst in Europa. Leipzig, 1981.
Я.М.Сахута.
Ручнік з арнаментам. Мінская фабрыка мастацкіх вырабаў «Мастра». 1990-я г.Да арт.Арнамент. 1. Вязанне. 1920. Магілёўская вобл. 2. Вышыўка. 18 ст. 3. Тканіна. 1920. Гродзенская вобл. 4, Тканіна. 1950. Гомельская вобл. 5. Тканіна. Канец 19 ст. Мінская вобл. 6. Посцілка. 1900. Піншчына. 7. Фрагмент ручніка. 1934. Талачынскі р-н, Віцебская вобл. 8. Вышыўка. 1920. Брэсцкая вобл.Да арт.Арнамент. Франтыспіс Карана Аргун-шаха. Егіпет. 1368—88.Да арт.Арнамент. Ворсавы дыван «Мараза». Шырванская група. Пач. 19 ст.Да арт.Арнамент. Маёлікавая абліцоўка сцен у палацы Таш-Хаўлі ў Хіве. 1830-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТАНІ́ЧНЫ САД,
навукова-даследчая, навуч.-дапаможная і культ.-асветная ўстанова, у якой культывуюцца і вывучаюцца расліны мясц. і іншаземнай флоры, прапагандуюцца бат. веды. Уключаюць калекцыі раслін адкрытага грунту (дэндрарыі, альпінарыі, участкі сістэматыкі, экспазіцыі лек., харч., дэкар. і інш. раслін) і аранжарэі. Размяшчэнне раслін пераважна па геагр. і сістэматычным прынцыпе, радзей па экалагічным і інш.Асн. даследчая задача — пошук новых карысных раслін, іх выпрабаванне і ўвядзенне у культуру. Адначасова батанічныя сады з’яўляюцца аб’ектамі рэкрэацыі.
Папярэднікі батанічных садоў — манастырскія сады (у Зах. Еўропе з 4 ст.), аптэкарскія агароды. Першыя батанічныя сады заснаваны ў Італіі (Салерна, 1309; Венецыя, 1333), потым у Германіі (Берлін, 1647), Францыі (Парыж, 1635), Швецыі (Упсала, 1655), Вялікабрытаніі (Эдынбург) пераважна для развядзення лек. раслін. У эпоху вял.геагр. адкрыццяў батанічныя сады пачалі актыўна займацца выпрабаваннямі прывезеных раслін: праз батанічныя сады ў К’ю (Вялікабрытанія) ішло размеркаванне па трапічных раёнах кавы, гевеі, хіннага дрэва; праз батанічны сад Францыі распаўсюджваліся віды айланту, сафоры, туі, гінкга. У 18—19 ст. батанічныя сады ў Калькуце (Індыя), Богары (Інданезія) адыгралі значную ролю ў інтрадукцыі трапічных раслін у розныя раёны. У Расіі папярэднікамі батанічных садоў былі «аптэкарскія агароды» ў Маскве (1706, цяпер філіял батанічнага саду Маскоўскага ун-та), Пецярбургу (1714, цяпер батанічны сад Бат. ін-та Рас.АН). У 19 ст. батанічныя сады існавалі пераважна пры ун-тах (Вільня і Тарту, 1803; Харкаў, 1804, Масква і Казань, 1806; Кіеў, 1835; Адэса, 1865; Томск, 1880, і інш.), лясных і с.-г. ін-тах. Нікіцкі батанічны сад (Крым, 1812), Сухумскі (1840) і Батумскі (1912) батанічныя сады сталі цэнтрамі інтрадукцыі субтрапічных раслін.
На Беларусі аднымі з першых былі Гродзенскі батанічны сад (18 ст.) і дыдактычны батанічны сад пры Шчучынскім кляштары (засн. садаводам С.Юндзілам). Працуюць Вялікалятчанскі батанічны сад, батанічныя сады пры ВНУ і АН Беларусі: гл.Батанічны сад Віцебскага педагагічнага універсітэта, Цэнтральны батанічны сад АН Беларусі, Батанічны сад БДУ, Батанічны сад Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта, Батанічны сад Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.
Літ.:
Антипов В.Г. Об истории создания ботанических коллекций в Белоруссии // Ботаника. 1964. Вып. 6;
Цицин Н.В. Ботанические сады СССР. М., 1974;
Федорук А.Т. Древесные растения садов и парков Белоруссии. Мн., 1980;
Головкин Б.Н. История интродукции растений в ботанических садах. М., 1981;
Лапин П.И. Ботанические сады СССР: [Фотаальбом]. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́БЛАКІ,
сістэмы завіслых у атмасферы прадуктаў кандэнсацыі вадзяной пары — кропелек вады, крышталікаў лёду або іх сумесей. Сукупнасць воблакаў называецца воблачнасцю. Утвараюцца воблакі пры кандэнсацыі вадзяной пары ў стане насычэння на ядрах кандэнсацыі. Дыяметр кропель — каля некалькіх мікронаў, маса вады ў 1 м³ паветра воблакаў — ад долі грама да некалькіх грамаў. Каля зямной паверхні яны ўтвараюць туман. Узбуйненне прадуктаў кандэнсацыі выклікае ападкі атмасферныя (дождж, снег, град).
Узнікненне воблакаў — вынік адыябатычнага ахалоджвання паветра пры яго пад’ёме, радзей — вынік ахалоджвання ад подсцільнай зямной паверхні і турбулентнага перамешвання паветра. Пад’ём паветра, неабходны для ўтварэння воблакаў, адбываецца пры канвекцыі ў атмасферы (канвекцыйныя воблакі), пры ўзыходзячым слізгальным пад’ёме паветра на франтах атмасферных (франтальныя воблакі), пры хвалевых рухах у атмасферы і інш. Большая ч. воблакаў засяроджана ў трапасферы, але зрэдку назіраюцца ў стратасферы (пераважна перламутравыя воблакі) і ў мезасферы (серабрыстыя воблакі). Па міжнар. класіфікацыі воблакі ў залежнасці ад іх ніжняй мяжы адносяцца да аднаго з трох ярусаў — верхняга, сярэдняга або ніжняга. Паводле знешняй будовы і размяшчэння на ярусах воблакі маюць 10 асн. формаў: у верхнім ярусе перыстыя воблакі, перыста-слаістыя воблакі і перыста-кучавыя воблакі (на выш. больш за 6 км), у сярэднім — высокакучавыя воблакі і высокаслаістыя воблакі (на выш. 2—6 км), у ніжнім — слаіста-кучавыя воблакі, слаістыя воблакі і слаіста-дажджавыя воблакі (выш. іх ніжняй мяжы менш за 2 км). Вылучаюць таксама воблакі вертыкальнага развіцця — кучавыя воблакі і кучава-дажджавыя воблакі з вертыкальнымі памерамі аднаго парадку з гарызантальнымі, іх асновы звычайна знаходзяцца ў ніжнім ярусе, а верхнія ч. могуць дасягаць сярэдняга ці верхняга яруса. Воблакі ўкрываюць каля паловы нябеснай сферы на Зямлі і змяшчаюць каля 109т вады. На працягу года розныя тыпы воблакаў маюць розную паўтаральнасць. Воблакі ўплываюць на фарміраванне надвор’я і ападкаў, на цеплавы рэжым паветра, сушы і мора, з’яўляюцца звяном кругавароту вады на Зямлі. Яны могуць перамяшчацца на тысячы кіламетраў, пераносіць і пераразмяркоўваць вялізныя масы вады. На Беларусі зімой пераважае нізкая воблачнасць слаістых формаў, у цёплае паўгоддзе — воблачнасць вертыкальнага развіцця.
І.Я.Афнагель.
Высокаслаістыя воблакі над воз. Шо ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобл.Слаіста-кучавыя і кучавыя воблакі.Высока-кучавыя воблакі пад крылом самалёта.Кучава-дажджавыя воблакі.Кучавыя воблакі добрага надвор’я.