атрад насякомых. 2 падатр.: яйцакладныя (Terebrantina) і трубкахвостыя (Tubulifera). Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Жывуць на травяністых і дрэвавых раслінах, імхах, лішайніках, у глебе. Большасць П. шкодзяць с.-г., дэкар. і лясным раслінам, пераносяць узбуджальнікаў вірусных хвароб раслін. На Беларусі найб. трапляюцца трыпсы: аржаны (Limothrips denticornis), бабовы (Odonthothrips intermedius), люцэрнавы (0. phaleratus), канюшынны (Haplothrips niger), лісцевы (H. subtilissimus), пшанічны (H. tritici), ільняны (Thrips linarins), тытунёвы (T. tabaci).
Даўж. да 5 мм (у тропіках да 14 мм). Афарбоўка дарослых разнастайная, лічынак — ярка-чырв. або ружаватая. Цела ўкрыта дробнымі шчацінкамі. Вусікі 6—10-членікавыя. Ротавы апарат асім., колюча-сысучы. Ногі з 1—2-членікавымі лапкамі, паміж кіпцюркамі лапак пузырападобныя прысоскі (адсюль назва). Большасць П. маюць 2 пары крылаў з махрамі па краі з доўгіх раснічак (адсюль другая назва). Пярэднягрудзі рухома злучаны з галавой і сярэднегрудзямі. Брушка з 11 сегментаў. Кормяцца сокамі раслін, ёсць драпежнікі. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Лічынкі маюць 4—5 узростаў, не кормяцца, мала- або нерухомыя. За год да 10 пакаленняў.
С.Л.Максімава, М.М.Трухан.
Да арт.Пузыраногія. Трыпсы: 1 — тытунёвы; 2 — пшанічны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКАВІ́К (назва ад слова сок; пачынаецца рух сокаў у дрэвах),
бел.назва 3-га месяца каляндарнага года (31 дзень), пачатак вясны. 15 С. працягласць дня ў Мінску 11 гадз 46 мін, выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 33,9°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 291 МДж/м², радыяцыйны баланс 60 МДж/м². На тэр. Беларусі сярэднямесячная т-ра паветра -1,6 °C (-0,3 °C на Пд, -3,4 °C на ПнУ). Адносная вільготнасць 76—82%, колькасць вільготных дзён 8—13. Ападкаў 33—42 мм. У 2-й пал. С. адбываецца пераход сярэднясутачнай т-ры паветра праз 0 °C у бок павышэння, пачынаецца раставанне снегу і адтаванне глебы. Расталыя воды выклікаюць разводдзі на рэках. У сярэдзіне С. на Пд пачынаецца рух соку ў клёна вастралістага, у канцы месяца — у бярозы павіслай. Зацвітаюць падбел звычайны, вольха шэрая, ляшчына, ваўчаягада. Вяртаюцца з выраю шпакі, жаваранкі. У канцы С. пачынаецца ток глушцоў, цецерукоў. Паяўляецца прыплод у вавёрак, зайчых. Прачынаюцца ад зімовай спячкі мядзведзі, барсукі Пачынаецца веснавая лінька звяроў. На палях вядуцца падкормка азімых і веснавое ворыва. У садах фарміруюць кроны дрэў, вядуць барацьбу са шкоднымі насякомымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЦЫЯ́ТЫ (Archaeocyatha),
тып вымерлых прымітыўных беспазваночных жывёл. Больш за 1 тыс. відаў. Жылі ва ўсіх морах ранняга кембрыю на глыб. да 100 м.
Даўж. 1—10 см (рэдка 40—150 см), дыям. 1—10 см (рэдка 40—80 см). Вапнавы порысты шкілет меў форму кубка або рога (грэч. kýathos кубак, адсюль назва). Адзіночныя, радзей каланіяльныя формы. Вялі прымацаваны спосаб жыцця, зрэдку стваралі першыя стараж. рыфы. Рэшткі археацытаў з’яўляюцца вызначальнымі выкапнямі для кембрыйскіх адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭАПА́Г (грэчаскае Areios pagos літаральна ўзгорак Арэса),
1) орган улады ў Старажытных Афінах (назва ад месца яго пасяджэнняў на ўзгорку Арэса каля Акропаля). Узнік у эпоху родаплемяннога ладу як савет старэйшын. Складаўся з пажыццёвых членаў, з 8 стагоддзя да нашай эры папаўняўся з ліку былых архонтаў. Валодаў шырокай палітычнай, судовай і рэлігійнай уладай. Рэформа Эфіяльта (462 да нашай эры) ліквідавала палітычную ўладу і ўплыў арэапага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРЭАПАГІ́ТЫКІ»,
рэлігійна-філасофскія творы, якія ўзніклі не пазней як у 2-й палове 5 стагоддзя і падпісаны імем першага афінскага епіскапа Дыянісія Арэапагіта (1 стагоддзе, адсюль назва). У «Арэапагітыках» прасочваецца ўплыў неаплатанізму, асабліва вучэння Прокла. Вучэнне «Арэапагітыкаў» пра Бога як звышразумную тоеснасць быцця і небыцця, трыадзіную будову свету і царквы зрабіла вялікі ўплыў на рэлігійна-філасофскую думку Візантыі і Заходняй Еўропы (Іаан Скот Эрыўгена, Мікалай Кузанскі). Неаплатанічныя ідэі «Арэапагітыкаў» паслужылі крыніцай некаторых сярэдневяковых ерасяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БА́ЕР»
(Bayer A.G.),
хімічны канцэрн у Германіі. Засн. ў 1863, наз. «Фрыдрых Баер энд компані», з 1972 — сучасная назва. Адыграў значную ролю ў стварэнні лекавых прэпаратаў (аспірын, люмінал і інш.) і вытв-сці сінт. каўчуку. Мае каля 120 прадпрыемстваў у 40 краінах (ЗША, Нідэрланды, Італія, Іспанія, Японія і інш.), яму належаць найб.хім. комплексы Германіі і Бельгіі. Асн. прадукцыя: хімікаты, сінт. каўчук, штучныя матэрыялы, поліурэтан, фарбы, хім. валакно, лекавыя прэпараты і сродкі аховы раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАРАНО́ВЫ ЛБЫ»,
скалістыя выступы карэнных горных пародаў, згладжаныя і адпаліраваныя ледавіком. Даўж. да некалькіх соцень метраў, выш. да 50 м. Назва паходзіць ад іх формы (нагадвае лбы бараноў). Звычайна схіл, накіраваны ў бок, адкуль рухаўся ледавік, пакаты, гладка адпаліраваны, з ледавіковымі драпінамі на паверхні, супрацьлеглы — больш стромкі і няроўны. Групы дробных «Барановых лбоў» наз. кучаравымі скаламі. Пашыраны ў абласцях мінулых і сучасных абледзяненняў, найб. шматлікія ў Скандынавіі, Карэліі, на Кольскім п-ве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСПАРАГІ́Н,
H2NOCOOH2CHNH2COOH, монаамід аспарагінавай кіслаты; заменная амінакіслата. Мал. м. 132,12. Бясколерныя крышталі, раствараюцца ў вадзе. Упершыню атрыманы са спаржы (Asparagus), адсюль назва. Уваходзіць у састаў бялкоў (багатыя аспарагінам бялкі ў вял. колькасці ўтвараюцца пры прарошчванні насення бабовых) і знаходзіцца ў свабодным стане ў вадкасцях і тканках раслін і жывёл. Разам з глутамінам аспарагін — растваральнае аміназмяшчальнае рэзервовае злучэнне для біясінтэзу бялкоў у многіх раслін. Пры ўтварэнні аспарагіну з аспарагінавай к-ты ў арганізме звязваецца таксічны аміяк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХЕМЕНІ́ДЫ,
дынастыя правадыроў стараж.-перс. плямёнаў (каля 700—550 да нашай эры) і цароў у Ахеменідаў дзяржаве (550—330 да нашай эры). Назва ад яе родапачынальніка Ахемена, які жыў у 8—7 ст. да н.э. Даследчыкі адрозніваюць 2 іх лініі: старэйшую [Ахемен, Тэісп, Кір I, Камбіс I (2-я пал. 6 ст.), Кір II (558—530), Камбіс II (530—522)] і малодшую [Дарый I (522—486), Ксеркс I (486—465), Артаксеркс I (465—424), Ксеркс II (424), Сагдыян (424—423), Дарый II (423—404), Артаксеркс II (404—358), Артаксеркс III (358—338), Арсес (338—336), Дарый III (336—330)]. Дынастыя Ахеменідаў спыніла сваё існаванне ў выніку заваявання перс. дзяржавы Аляксандрам Македонскім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХМУ́ЦІНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура 5—8 ст. у міжрэччы Уфы, Камы і Белай. Назва ад могільніка каля в. Бахмуціна Благавешчанскага р-на (Башкортастан). Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, жыло на селішчах і гарадзішчах у паўзямлянкавых жытлах. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў грунтавых магілах. У пахаваннях шмат упрыгожанняў (падвескі, накладкі, паясы, фібулы), зброя (мячы, стрэлы, сякеры), прылады працы (сярпы, долаты, скоблі) і інш. Большасць керамікі — кругладонныя пасудзіны, арнаментаваныя па ўсёй паверхні дробнымі ямкамі. Носьбітамі Бахмуцінскай культуры былі угры.