СЯРБУ́ЛАЎ Міхаіл Васілевіч, рускі скрыпач, педагог, кампазітар 2-йпал. 19 — пач. 20 ст. Скончыў Льежскую кансерваторыю (1890, Францыя). У 1882—85 іграў у квартэце Кіеўскага аддзялення Рус.муз.т-ва. У 1890—94 вёў муз. дзейнасць у Мінску: выступаў з канцэртамі, на вечарах мясц. аматараў музыкі, выконваў сусв. творы скрыпічнай класікі. З сярэдзіны 1890-х г. працаваў у Пражскай кансерваторыі, Тбілісі, Кішынёве. Аўтар стр. трыо, квартэтаў, мініяцюр для скрыпкі і фп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАЎНГО́ФЕРА ДЫФРА́КЦЫЯ,
дыфракцыя плоскай светлавой хвалі на неаднароднасці, напр., вузкай шчыліне ці адтуліне ў экране. Назіраецца, калі характэрныя памеры неаднароднасці значна меншыя за дыяметр 1-й зоны Фрэнеля (гл.Фрэнеля дыфракцыя); выконваюцца суадносіны
, дзе b — шырыня шчыліны, z — адлегласць ад экрана да пункта назірання, λ — даўжыня хвалі. Пры гэтым паралельны пучок прамянёў пераўтвараецца ў разбежны з вуглом разбежнасці прыкладна роўным λ/b. Такі спосаб назірання дыфракцыі святла прапанаваў І.Фраўнгофер (адсюль назва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛАМЕ́Р’Е,
вёска ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Езярышча—Обаль. Цэнтр сельсавета і камунальнага унітарнага с.-г. прадпрыемства. За 62 км на ПнЗ ад г. Гарадок, 101 км ад Віцебска, 23 км ад чыг. ст. Езярышча. 315 ж., 146 двароў (2003). Лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнікі ў гонар 4-йБел.партыз. брыгады і землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІРАХІ́ТА (дэвіз праўлення Сёва; 29.4.1901, Токіо — 7.1.1989),
імператар Японіі ў 1926—89. З 1921 у сувязі з хваробай бацькі (імператара Іасіхіта) з’яўляўся прынцам-рэгентам; у 1926 заняў трон (каранаваны ў 1928). Пасля паражэння Японіі ў 2-йсусв. вайне застаўся на троне, але паводле канстытуцыі 1947 яго ўлада абмежавана парламентам і кабінетам міністраў; афіцыйна Х. прыняў тытул — «сімвал дзяржавы і адзінства народа».
Літ.:
Бикс Г. Хирохито и создание современной Японии: Пер. с англ.М., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІТО́Ў Васіль Палікарпавіч (каля 1650—1710?),
рускі кампазітар. Гасудараў пеўчы дзяк. Майстар рус.хар. музыкі, сцвердзіў у ёй шматгалосы стыль партэсных спеваў, замацаваў у практыцы тэарэт. палажэнні М.Дылецкага. Напісаў каля 30 хар. духоўных канцэртаў (8—12-галосых), музыку да «Псалтыра рыфматворнага» (1680) з выкарыстаннем мелодыкі бел.знаменнага спеву і «Месяцаслова» Сімяона Полацкага. Гэтыя творы Сімяона Полацкага — Ц., пашыраныя ў побыце да 1-йпал. 19 ст., адыгралі прыкметную ролю ў станаўленні рус. кантавай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫМЕРВА́ЛЬДСКАЯ ЛЕ́ВАЯ,
міжнародная група рэв. сацыялістаў — праціўнікаў удзелу пралетарыяту і пралет. партый у 1-йсусв. вайне; дзейнічала ў складзе т.зв. Цымервальдскага аб’яднання 1915—19. Створана па ініцыятыве У.А.Леніна напярэдадні Цымервальдскай канферэнцыі 1915, у час і пасля якой супрацьстаяла цэнтрыстам і блізкім да іх групам. Ідэі Ц.л. прапагандаваў Ленін, яе Бюро выпусціла 2 нумары час. «Vorbote» («Прадвеснік»). Ц.л. ўдзельнічала ў Кінтальскай канферэнцыі 1916. Спыніла існаванне з утварэннем Камуністычнага Інтэрнацыянала ў сак. 1919.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭФЕ́Й (лац. Cepheus),
каляпалярнае сузор’е Паўн. паўшар’я зорнага неба. Часткова размешчана ў Млечным Шляху. Найб. яркая зорка — Альдэрамін 2,4 візуальнай зорнай велічыні; 60 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні, δ Ц. — першая зорка, аднесеная да тыпу пераменных зорак — цэфеід; μ Ц. — «гранатавая» зорка — адна з самых халодных зорак (яе т-ра не перавышае 2000 К). У Ц. знаходзіцца крыніца рэнтгенаўскага выпрамянення Сер. Х-І — рэштка звышновай зоркі. З тэр. Беларусі відаць круглы год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЧЫРВО́НАЯ КАПЭ́ЛА»,
нелегальная антыфаш. сетка ў Германіі і шэрагу акупіраваных ёю зах.-еўрап. краін у гады 2-йсусв. вайны, якая ўключала рэзідэнтуры НКУССССР, Разведкіраўніцтва Чырв. Арміі і ням. падпольныя групы (у т. л.Шульцэ-Бойзеня — Харнака арганізацыю). Назву «Ч.к.» ёй дало гестапа (на яго жаргоне радыст — «піяніст», а некалькі іх — «капэла»), якое разграміла яе ў канцы 1941—1943.
Літ.:
Пещерский В.Л. «Красная капелла»: Сов. разведка против абвера и гестапо. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ШАСЦЁРКА»,
творчая садружнасць франц. кампазітараў-наватараў, якая склалася пасля 1-йсусв. вайны і існавала ў 1920-я г. ў складзе: ідэолагі Ж.Както, Э.Саці, члены А.Анегер, Ж.Арык, Л.Дзюрэй, Д.Міё, Ф.Пуленк, Ж.Тайфер. Розных па творчых устаноўках кампазітараў аб’ядноўвала імкненне да навізны і адначасова да прастаты, канструктыўнай яснасці муз. мовы, непрыяцце непрыманне* музыкі імпрэсіянізму.
Літ.:
Дюмениль Р. Современные французские композиторы группы «Шести»: Пер. с фр.Л., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАСЕ́З (франц. écossaise, danse écossais шатландскі танец),
старажытны шатландскі народны танец. Выконваўся пад акампанемент валынкі. Муз. памер 3/4, пазней 2/4. Асн. рухі — слізгаючы крок, галоп і інш. У канцы 17 ст. з’явіўся ў Францыі, пашырыўся як вясёлы парна-групавы танец у хуткім тэмпе. У 1-й трэці 19 ст. набыў папулярнасць у Еўропе як разнавіднасць кантрданса. Муз. форму Э. выкарыстоўвалі кампазітары Л.Бетховен, Ф.Шапэн, Ф.Шуберт і інш.