фіксуе залежнасць паміж аб’ёмам і зместам паняццяў: чым шырэйшы аб’ём паняцця, тым вузейшы яго змест, і наадварот. Калі аб’ём аднаго паняцця складае частку аб’ёму другога, то для іх зместу ўласцівыя адваротныя адносіны. Прынята лічыць, што першае вызначэнне гэтага закону належыць логікам Пор-Раяля (1660-я г.), але найб. вядомая фармулёўка дадзена І.Кантам. Адваротных адносін закон дае магчымасць тлумачыць лагічныя аперацыі абагульнення і абмежавання паняццяў. Калі ідуць ад паняццяў меншага аб’ёму да паняццяў большага аб’ёму, то за кошт звужэння зместу адбываецца іх абагульненне, калі ж ад паняццяў большага да меншага, то з-за пашырэння зместу адбываецца абмежаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАШЫ́ДЗЕ (Іраклій Вісарыёнавіч) (23.11.1909, г. Хоні, Грузія — 13.1. 1992),
грузінскі паэт.Акад.АН Грузіі (1960). Герой Сац. Працы (1979). Скончыў Тбіліскі ун-т (1931). У 1966—92 гал. рэдактар Груз. Энцыклапедыі. Асн. тэмы творчасці — Грузія ў мінулым і сучасным, лёс мастацтва, грамадзянскі абавязак паэта. Аўтар зб-каў паэзіі «Набліжэнне» (1966), «І гэтыя песні — маёй Грузіі» (1971), «Радзіма» (1973), «Вятры ў даліне Рыёні» (1979), цыклаў вершаў «Па слядах Руставелі» (1959), «Палесціна, Палесціна» (прэмія імя Ш.Руставелі 1966), літ.-крыт. артыкулаў (зб. «За высокае майстэрства», 1959). За цыкл «У палымянай Індыі» і кн. «Па дарогах Індыі» Міжнар. прэмія імя Дж.Нэру 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЕРТО́Н (ням. Oberton),
1) у фізіцы, простая (сінусаідальная) састаўная складанага вагання (мех., эл.) з частатой, вышэйшай за асноўную. Любое перыяд. ваганне выяўляецца як сума асн. тону і абертону. Амплітуда і частата абертону вызначаюцца ўласцівасцямі вагальнай сістэмы і спосабам яе ўзбуджэння. Абертоны з частотамі, кратнымі частаце асн. вагання, наз. гарманічнымі, інш. — негарманічнымі (уласцівыя гукам сірэн, шумам). Ад сукупнасці частот асн. вагання і абертону залежыць тэмбр гуку.
2) У муз. акустыцы гарманічныя абертоны, размешчаныя ва ўзыходным парадку, утвараюць натуральны гукарад. У комплексе з асн. тонам яны складаюць муз. гук і, хоць гучаць слабей заасн. тон і на слых не распазнаюцца, надаюць яму пэўную афарбоўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛАСНЫ́Я ПАДПО́ЛЬНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ КП(б)Бу Вялікую Айчынную вайну,
кіруючыя парт. органы на тэр. Беларусі, акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі. Дзейнічала 10 абласных падпольных камітэтаў: Гомельскі, Мінскі (з 1941), Віцебскі, Пінскі (з 1942), Баранавіцкі, Беластоцкі, Брэсцкі, Вілейскі, Магілёўскі і Палескі (з 1943). Узначальвалі дзейнасць падп. 11 міжрайкомаў, 6 міжрайпартцэнтраў, 8 гаркомаў, 2 гаркомаў-райкомаў, 166 райкомаў КП(б)Б (у т. л. 5 райкомаў г. Мінска), якія аб’ядноўвалі больш за 1200 пярвічных парт. арг-цый у партыз. фарміраваннях і 184 тэр.падп.парт. арг-цыі, больш за 35 тыс. камуністаў. Дыслацыраваліся ў зонах буйных партыз. фарміраванняў. Мелі друкаваныя органы (гл. ў арт.Друк падпольны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБНАЎЛЕ́НЦЫ,
апазіцыйны рух у рус.правасл. царкве ў 1920—40-я г. Узніклі пасля Кастр. рэвалюцыі. Выступалі за «абнаўленне царквы», за яе лаяльныя адносіны да Сав. дзяржавы; мелі на мэце змяніць традыц. формы рэліг. дзейнасці, не закранаючы асновы веравучэння і культу. Змагаліся супраць кіраўніцтва афіц.рус. царквы, якое ў пач. 1920-х г. займала антысав. пазіцыі.
Асн. групы абнаўленцаў: «Жывая царква», «Царкоўнае адраджэнне», «Саюз абшчын старажытнаапостальскай царквы». З пераходам кіраўніцтва патрыяршай царквы на шлях лаяльнасці рух абнаўленцаў пачаў затухаць. Многія з іх парвалі з рэлігіяй, некаторыя вярнуліся ў старую царкву. Пасля смерці аднаго з лідэраў абнаўленства А.І.Увядзенскага (1946) рух спыніўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСА́ДКА,
1) у металаапрацоўцы працэс апрацоўкі ціскам, у выніку якога змяншаецца вышыня і павялічваюцца папярочныя памеры загатовак ці дэталяў. Праводзіцца на прэсах і молатах.
2) У металургіі — скачкападобнае зрушэнне ўніз (абвальванне) шыхтавых матэрыялаў, пераважна ў металург. печах, пры няроўным цячэнні плавільнага працэсу.
3) У будаўніцтве — вертыкальнае зрушэнне масы грунту (асновы збудавання), выкліканае павялічанай нагрузкай. Залежыць ад канструкцыйных асаблівасцяў збудавання і ўмоў яго эксплуатацыі, адбываецца нераўнамерна і павінна быць меншая за гранічна дапушчальную.
4) Асадка судна — адлегласць ад ватэрлініі да ніжняга пункта корпуса судна ў сярэдняй яго частцы; лінейная велічыня, якая характарызуе апусканне судна ніжэй за ўзровень вады пры рознай яго загрузцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКА́НІЯ-НО́ВА,
запаведнік на Украіне, у Херсонскай вобласці. Засн. ў 1921 на базе прыватнага запаведніка «Чаплі» (з 1874). Пл. больш за 11 тыс.га. Ахоўваецца прыродны комплекс унікальнага цаліннага ціпчакова-палыновага і кавыльнага стэпу (адзіны масіў у Еўропе). У дэндрапарку (пл. каля 200 га) больш за 150 дзікіх і культ. відаў дрэў і кустоў — акацыя белая, вяз, дуб, туя, ясень і інш. Акліматызаваны рэдкія віды жывёл: антылопы, байбак, бізон, зебра, конь Пржавальскага. З экзатычных птушак — афрыканскі страус, нанду, эму; некалькі відаў паўлінаў і фазанаў; вадаплаўныя птушкі — гусь, качка, лебедзь. На базе запаведніка з 1932 існуе Украінскі НДІ жывёлаводства стэпавых раёнаў імя М.Ф.Іванова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСО́ЧНІКІ,
сяляне-слугі ў ВКЛ 14—18 ст., гал. абавязкам якіх была ахова пушчаў вял. князя ці буйных феадалаў, падрыхтоўка палявання і ўдзел у ім. Жылі ў асобных вёсках ці на хутарах каля пушчаў, вызваляліся ад паншчыны і грашовых падаткаў, удзельнічалі ў ваен. паходах. Паводле «Уставы на валокі» 1557за службу атрымлівалі 2 валокі зямлі, якія не абкладаліся падаткамі. З развіццём фальваркаў эканам. становішча асочнікаў пагоршала, іх зямельныя надзелы паменшалі да 1—0,5 валокі. У 18 ст. асочнікаў пераводзілі на чынш, а за зямельны надзел яны павінны былі выплачваць дзякло, ахоўваць лясы, рамантаваць дарогі і масты ў пушчах, перавозіць пошту і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСФАЛЬТАБЕТО́Н, асфальтавы бетон,
будаўнічы матэрыял, які атрымліваюць ушчыльненнем спецыяльна прыгатаванай у нагрэтым стане сумесі друзу, пяску, мінер. парашку і бітуму. Для надання асфальтабетону аднароднасці і паляпшэння яго якасці ў сумесь дабаўляюць таксама паверхнева-актыўныя рэчывы.
Адрозніваюць асфальтабетон гарачы — мае ў сабе вязкі бітум і ўкладваецца пры т-ры не ніжэй за 120 °C; цёплы — малавязкі, з т-рай укладкі 40—85 °C, халодны — з вадкім бітумам, які ўкладваецца пры т-ры навакольнага асяроддзя, але не ніжэй за 10 °C. Асфальтабетон бывае буйна-, дробназярністы і пясчаны (памеры зерня 40, 20 і 5 мм адпаведна). Выкарыстоўваецца для буд-ва пакрыццяў і асновы аўтамабільных дарог, аэрадромаў, гарадскіх вуліц і плошчаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФА́Р, Данакіль,
тэктанічная ўпадзіна ў Афрыцы, у Эфіопіі, Эрытрэі і Джыбуці. На Пн апушчана да 116 м ніжэй узр. м., на У, у катлавіне воз. Асаль, да 153 м ніжэй узр. м. (самае нізкае месца ў Афрыцы). Паверхня раўнінная, укрытая пясчанымі дзюнамі. У паўд. частцы пераважаюць лававыя і пясчанікавыя плато выш. да 500 м. Па краях узвышаюцца вулканы (Алу, Габулі, Умуна і інш.). Адно з самых гарачых месцаў на Зямлі: сярэдняя мінім.т-ра 25 °C, сярэдняя макс. 35 °C, ападкаў менш за 200 мза год. Рэкі Афара (Аваш і інш.) перасыхаюць, некаторыя заканчваюцца салёнымі азёрамі (воз. Абе). Пераважаюць глініста-саланчаковыя і пясчаныя пустыні.