АБДУ́ЛАЎ (Восіп Навумавіч) (16.11.1900—14.6.1953),

рус. акцёр. Нар. арт. Расіі (1944). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1918. З 1943 у Маскоўскім т-ры імя Массавета. Яркі характарны акцёр. Яго мастацтву ўласцівы віртуозная тэхніка, камедыйнасць і тонкі гумар. Сярод лепшых роляў: Лыняеў («Ваўкі і авечкі» А.​Астроўскага), Дзядзька Васа («Пані міністэрша» Б.​Нушыча) і інш. Здымаўся ў кіно: Джон Сільвер («Востраў скарбаў»), Грэк Дымба («Вяселле» паводле А.​Чэхава). Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБДУРАХМА́НАВА (Дзільбар Гулямаўна) (н. 1.5.1936, Масква),

узбекскі дырыжор. Нар. артыстка СССР (1977). Скончыла Ташкенцкую кансерваторыю (1960). Дырыжор, з 1976 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Узб. т-ра оперы і балета. Пад яе кіраўніцтвам паст. оперныя («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага, «Атэла» Дж.​Вердзі, «Вогненны анёл» С.​Пракоф’ева, «Пётр Першы» А.​Пятрова) і балетныя («Лебядзінае возера» Чайкоўскага, «Жызэль» А.​Адана, «Спартак» А.​Хачатурана, «Ганна Карэніна» Р.​Шчадрына) спектаклі. Дзярж. прэмія Узбекістана 1973.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРКО́ВІЧ (Веньямін Антонавіч) (29.7.1937, с. Усць-Коін Усць-Вымскага р-на, Рэспубліка Комі — 28.12.1983),

бел. цымбаліст. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў Бел. кансерваторыю (1962). З 1952 артыст, саліст, канцэртмайстар Дзярж. нар. аркестра БССР, з 1974 саліст Бел. філармоніі. У рэпертуары былі арыг. творы бел. кампазітараў, пералажэнні п’ес кампазітараў-класікаў. Яго выкананне адметнае віртуознасцю, тэмпераментам, багатай нюансіроўкай, артыстызмам. Лаўрэат конкурсаў Усесаюзнага і VI Сусв. фестываляў моладзі і студэнтаў (1957, Масква).

В.А.Бурковіч.

т. 3, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЯ́ЦКІ (Мікалай Пятровіч) (н. 27.9.1950, в. 1-я Слабодка Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1990), праф. (1993). Скончыў Мінскі радыётэхн. Ін-т (1972). Працаваў у ВА «Інтэграл», з 1980 — у Мінскім радыётэхн. ін-це, з 1993 — у Бел. дзярж. эканам. ун-це. Асн. кірунак навук. дзейнасці — кадравы менеджмент, прадпрымальніцкі стыль кіравання, дзелавое замежнае партнёрства, ацэнка персаналу кіравання.

Тв.:

Кадровый потенциал организаторов производства. Мн., 1990.

т. 3, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРДЗЯ́ЕЎ ((Bierdiajew) Валерыян) (7.3.1885, г. Гродна — 28.11.1956),

польскі дырыжор, педагог. Вучыўся ў Лейпцыгскай кансерваторыі ў М.Рэгера (кампазіцыя), К.Нікіша (дырыжыраванне), Х.​Зіта (скрыпка). Інтэрпрэтатар рус. музыкі, твораў Л.​Бетховена. З 1908 дырыжор Марыінскага т-ра ў Пецярбургу. У 1921—30 працаваў у Польшчы, Расіі, на Украіне. З 1930 выкладаў у Варшаўскай кансерваторыі (з 1945 праф.), Вышэйшых муз. школах у Кракаве, Познані. З 1947 дырэктар і дырыжор Кракаўскай філармоніі. Дзярж. прэмія Польшчы 1951.

т. 3, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАГАБЗАДЭ́ (Бахтыяр Махмуд аглы) (н. 16.8.1925, г. Шэкі, Азербайджан),

азербайджанскі паэт. Нар. паэт Азербайджана (1984). Друкуецца з 1944. У ранняй, публіцыстычнай лірыцы (зб-кі «Мае сябры», 1949; «Вясна», 1950) услаўляе подзвіг народа ў Вял. Айч. вайне. Зб-кі вершаў і паэм «Песня дружбы» (1953), «Роздумы» (1959), «Не хачу спакою» (1970), «Мы на адным караблі» (1983, Дзярж. прэмія СССР 1984) і інш. прысвечаны актуальным праблемам сучаснасці. Аўтар драм. паэмы «Ноч разлукі» (1959).

т. 3, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНЕ́ЦКІ (Аляксандр Арсенавіч) (н. 12.5.1951, г. Маладзечна),

акцёр цырка, клоун. Засл. арт. Беларусі (1979). Скончыў студыю пры Мінскім дзярж. цырку (1969). Артыст Рас. дзяржцырка. Выступае ў дуэце з Ф.Гулевічам як дывановы клоун (маску прастадушнага, вясёлага хлопца стварыў на аснове бел. фальклору). Артыст яркай індывідуальнасці, пластычна выразны. У нумарах выкарыстоўвае акрабатыку і жангліраванне. Аўтар (з Гулевічам) многіх клаунад і рэпрыз. Зняўся ў тэлефільмах «Дзяніскавы апавяданні», «Навагодні атракцыён», «А таксама цырк».

т. 4, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́Ў (Дзмітрый Мікалаевіч) (20.5.1892, г. Спаск-Разанскі, Расія — 19.12.1955),

рускі акцёр. Нар. арт. Расіі (1943). Скончыў тэатр. школу П.​І.​Ільіна (1918, Харкаў). У 1922—44 у Маскоўскім т-ры Рэвалюцыі, з 1944 у МХАТ. Вострахарактарны акцёр. Яго мастацтва адметнае шчырасцю, мяккім гумарам і гратэскавай сатырычнасцю. Сярод роляў: Юсаў («Даходнае месца» А.​Астроўскага), Глоба («Рускія людзі» К.​Сіманава), Трыстан («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі). Дзярж. прэмія СССР 1947.

т. 1, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́Ў (Рыгор Рыгоравіч) (17.10.1734 — 24.4.1783),

расійскі дзярж. і ваен. дзеяч. Граф (1762). Брат А.Р.Арлова. Удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63, дварцовага перавароту 1762, у выніку якога прастол заняла Кацярына II. У 1763—75 ген.-фельдцэйхмайстар рус. арміі. У 1771 кіраваў задушэннем «чумнага бунту» ў Маскве. У 1772 узначальваў рус. дэлегацыю на перагаворах з Турцыяй. Ініцыятар заснавання Вольнага эканам. т-ва (1765) і яго першы прэзідэнт. З 1775 у адстаўцы.

т. 1, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРШАКІ́ДЫ (Аршакуні) армянскія, царская дынастыя ў Арменіі ў 62—428. Роднасная Аршакідам парфянскім. Заснавальнік Тырыдат I (з 62, афіцыйна ў 66—80). Пры Хасрове I Вялікім [217—238] улада Аршакідаў стала спадчынная. З часу царавання Тырыдата III Вялікага [287—332] хрысціянства стала (каля 301) дзярж. рэлігіяй Арменіі. Аршакіды змагаліся за незалежнасць дзяржавы, але беспаспяхова. Пасля падзелу Арменіі Вялікай у 387 паміж Іранам і Рымам Аршакіды трапілі да іх у залежнасць. У 428 дынастыя Аршакідаў спынілася.

т. 1, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)