ВУ́СЦЕ ракі,

месца ўпадзення ракі ў мора, возера, інш. раку, а таксама месца, да якога даходзіць вадацёк. Адрозніваюць вусці: простыя, калі рэчышча не падзяляецца на рукавы і захоўваецца яго шырыня (р. Тыбр); дэльты (р. Ніл); эстуарыі (р. Тэмза); ліманныя (р. Паўд. Буг); вісячыя (у гарах); сляпыя, калі рака не даходзіць да вадаёма ці інш. ракі.

На тэр. Беларусі пераважаюць простыя вусці рэк.

т. 4, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСОКАТРЫВА́ЛЫ ЧЫГУ́Н,

чыгун высокай (400—1500 МПа) трываласці і пластычнасці. Атрымліваецца пераважна мадыфікаваннем вадкага чыгуну прысадкамі магнію, кальцыю, цэрыю, ітрыю і інш. элементаў. Мае значную зносаўстойлівасць, высокія ліцейныя якасці, добра паддаецца мех. апрацоўцы. Выкарыстоўваецца замест сталі для вырабу каленчатых валоў, зубчастых колаў, шатуноў, муфтаў і інш. важных дэталей, а таксама замест коўкага чыгуну пры вырабе задніх мастоў аўтамабіляў, калодак, картэраў, фітынгаў.

т. 4, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДИФФЕРЕНЦИА́ЛЬНЫЕ УРАВНЕ́НИЯ»,

штомесячны матэм. навук. часопіс. Засн. ў 1965 у Мінску як усесаюзны, з 1992 часопіс Расійскай АН, які выдаецца пры садзеянні Ін-та матэматыкі АН Беларусі. Асн. навук. кірункі: звычайныя дыферэнцыяльныя ўраўненні, ураўненні ў частковых вытворных, спектральная тэорыя дыферэнцыяльных аператараў, інтэгральныя і інтэградыферэнцыяльныя ўраўненні, ураўненні ў канечных рознасцях, а таксама іх дастасаванні ў аўтам. кіраванні, інфарматыцы і матэм. мадэляванні.

т. 6, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́У (Dawe) Джордж (8.2.1781, Лондан — 15.10.1829),

англійскі жывапісец. У 1819—29 працаваў у Пецярбургу, дзе напісаў (з дапамогай рус. жывапісцаў) 329 партрэтаў генералаў — удзельнікаў Айч. вайны 1812 і паходаў 1813—14, у т. л. М.​І.​Кутузава і М.​Б.​Барклая дэ Толі, выконваў таксама прыватныя заказы. Партрэтам Д. ўласцівы рамант. прыўзнятасць, жывасць характарыстык, віртуознасць жывапісу.

Дж.Доу. Партрэт А.​С.​Шышкова. Каля 1825.

т. 6, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫВІЗІЁН (франц. division ад лац. divisio дзяленне, раздзяленне),

асноўнае тактычнае і агнявое падраздзяленне ў ракетных войсках і артылерыі сучасных армій, а таксама ў ВМФ. Уваходзіць у склад часці (злучэння), можа быць асобным. Звычайны склад Д. ракетных войск і артылерыі — 2—4 агнявыя батарэі і падраздзяленні кіравання і забеспячэння. У ВМФ — злучэнне аднатыпных караблёў ніжэйшых рангаў (мінаносцаў, тарпедных катэраў і да т.п.).

т. 6, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭГЕ́ЙТЭР, Дэжэйтэр (Degeyter) П’ер (8.10.1848, г. Гент, Бельгія — 27.9.1932), французскі кампазітар. Рабочы, удзельнік рэв. руху. Захапляўся музыкай, спяваў у хоры, кіраваў хар. гурткамі. Аўтар музыкі міжнар. пралетарскага гімна «Інтэрнацыянал» на вершы Э.​Пацье (1888; напісаны для пеўчага т-ва «Рабочая ліра» ў г. Ліль), а таксама рэв. песень «Камунар» (словы Пацье), «Наперад, рабочы клас», «Серп і молат» (словы Д.) і інш.

т. 6, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЛЛЁВА-ЭКСПЛУАТАЦЫ́ЙНАЯ СЛУ́ЖБА (ЖЭС), жыллёва-эксплуатацыйны ўчастак (ЖЭУ),

пярвічнае звяно жыллёвай гаспадаркі, якое ажыццяўляе эксплуатацыю жыллёвага фонду. ЖЭС уваходзяць у склад жыллёвых рамонтна-эксплуатацыйных аб’яднанняў (ЖРЭА) або вытв. аб’яднанняў жыллёва-камунальнай гаспадаркі (ВАЖКГ) раённых (гарадскіх) выканкомаў і ажыццяўляюць сваю дзейнасць на прынцыпах гасп. разліку. Эксплуатацыяй ведамаснага жыллёвага фонду займаюцца жыллёва-камунальныя канторы, якія таксама ўваходзяць у сістэму жыллёвай гаспадаркі.

А.​Дз.​Сідарэнка.

т. 6, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУСТРЫЯ́ЛЬНАЕ МА́СЛА,

дыстылятнае нафтавае масла малой і сярэдняй вязкасці. Выкарыстоўваюць як змазачны матэрыял пераважна ў вузлах трэння станкоў, кавальска-прэсавага абсталявання, тэкст. машын, вентылятараў, помпаў і інш. механізмаў, а таксама як аснову пры прыгатаванні гідраўл. вадкасцей, пластычных і тэхнал. змазак. Вырабляюць І.м. з комплексам прысадак (антыакісляльнай, антыкаразійнай і інш.), якія захоўваюць дэталі ад іржаўлення, зніжаюць іх знос, павялічваюць даўгавечнасць вузлоў трэння.

т. 7, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІТАЛЬЯ́НСКІЯ ГУ́СІ,

парода гусей. Выведзена ў Італіі скрыжаваннем мясц. гусей з кітайскімі. Пашыраны ўсюды. Выкарыстоўваюцца ў скрыжаваннях для атрымання мясных гусянят, а таксама для вытв-сці гусінай печані.

Апярэнне белае, дзюба і ногі аранжавыя. Галава і шыя сярэдніх памераў, грудзі шырокія і глыбокія. Маса дарослых гусакоў 6,5, гусак 5,5 кг. Яйцаноскасць да 80 яец за год.

М.​Ц.​Гарачка.

Італьянскія гусі.

т. 7, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

К,

дванаццатая літара беларускага алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай К («кака»), утворанай на аснове грэка-візант. устаўнай Κ («капа»). У старабел. пісьменстве абазначала гукі «к», «к’» («камень», «кислый»). Мела таксама лічбавае значэнне «дваццаць». У пач. 16 ст., акрамя рукапіснай, набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумныя глухія выбухныя заднеязычныя зычныя гукі «к», «к’» («клопат», «крохкі» — «крохк’і», «ракіта» — «рак’іта»).

А.​М.​Булыка.

т. 7, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)