ВЫСОКАЧАСТО́ТНАЯ ЗВА́РКА,

зварка з награваннем металаў або пластмас токамі высокай частаты. Адрозніваюць высокачастотную зварку металаў ціскам і плаўленнем, бесперапынна паслядоўную (зварным швом) і адначасовую, з індукцыйным або кантактным (найб. пашырана) падводам току.

Пры зварцы швом створанае токам высокачастотнае магнітнае поле пранікае ў прамежак паміж краямі вырабаў, якія аплаўляюцца і сціскаюцца. Скорасць зваркі да 1 м/с і болей, рабочыя частоты 0,01, 0,44 і 1,76 МГц. Гэтым спосабам зварваюць сплавы жалеза, алюмінію, медзі і інш. (пры вытв-сці труб, кабеляў, бэлек, злучэнні лістоў, стужак і г.д.). Індукцыйная высокачастотная зварка заключаецца ў глыбінным індукцыйным нагрэве тарцоў вырабаў і іх сцісканні. Выкарыстоўваецца для злучэння малавугляродзістых і нізкалегіраваных сталей (пры стыкоўцы труб, дзе захоўваецца ўнутр. сячэнне). Пры высокачастотнай зварцы плаўленнем тарцы загатовак сумесна аплаўляюць спец. індуктарам. Такім спосабам робяць карпусы метал. вырабаў, злучаюць трубы з лістамі. Пры высокачастотнай зварцы пластмас іх награюць у пераменным эл. полі рабочага кандэнсатара (гл. Дыэлектрычны нагрэў), які служыць і зварачным прэсам. Так атрымліваюць вырабы з ліставых і плёначных тэрмапластыкаў.

Высокачастотная зварка трубы з індукцыйным (а) і кантактным (б) падводам току: 1 — магнітаправод; 2 — загатоўка; 3 — індуктар; 4 — валок зварачнай клеці; 5 — месца зваркі; 6 — разец для зняцця выцесненага металу; 7 — зварачны кантакт.

т. 4, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЗ, лём (Ulmus),

род кветкавых раслін сям. вязавых. Каля 45 відаў. Многія віды вяза вядомы пад назвамі бераст, карагач, лём і інш. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 4 віды: вяз гладкі, або звычайны (Ulmus laevis); голы, або горны (Ulmus glabra); малы, або грабалісты, бераст, карагач (Ulmus minor); шурпаты (Ulmus scabra). Растуць як дамешак у падросце і другім ярусе пераважна ў шыракалістых лясах на глебах з праслойкамі карбанатаў, асабліва ў далінах рэк. У паўд. раёнах трапляецца разнавіднасць вяза малога з коркавымі нарасцямі на ствалах і галінках, якую іншы раз разглядаюць як асобны від — вяз коркавы (Ulmus suberosa). У Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны 10 відаў, з іх у зялёным будаўніцтве выкарыстоўваюцца вяз амерыканскі (Ulmus americana), прысадзісты (Ulmus pumila) і чырвоны (Ulmus rubra).

Лістападныя, рэдка шматгадовазялёныя аднадомныя ветраапыляльныя дрэвы і кусты з шырокацыліндрычнай густой кронай. Лісце суцэльнае, чаргаванае, двухзубчастае з ланцэтнымі прылісткамі. Кветкі двухполыя, дробныя, непрыкметныя, у пучках або галоўках. Цвітуць ранняй вясной да распускання лісця. Плод — сухі сціснуты крылападобны арэшак (крылатка). Выкарыстоўваюцца для азелянення і ў дэкар. садоўніцтве, добра пераносяць падстрыганне, перасадку, маюць шмат садовых формаў. Драўніна ідзе на сталярныя вырабы, вытв-сць мэблі і інш. Добрыя дубільнікі, меданосы і перганосы.

т. 4, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУДА́,

народны духавы язычковы муз. інструмент. Са старажытнасці вядома пад рознымі назвамі ў многіх народаў свету; у Беларусі, Латвіі, Літве і на Украіне, радзей у Расіі пад назвай «Д.». Уяўляе сабой скураны мех з маленькай трубачкай-«соскай» для напаўнення яго паветрам і некалькімі ігравымі трубкамі («перабор» з 7 адтулінамі для выканання мелодыі і 1—2 бурдонныя трубкі«гукі»), якія маюць пішчык з адзінарным язычком з трысцінкі ці гусінага (індычага) пяра. У час ігры дудар націскае левым локцем на мех, паветра паступае ў трубкі і прымушае вібрыраваць язычкі. Гучанне моцнае і рэзкае. На Беларусі Д. была пашырана з 16 ст. на тэр. Віцебскай, частцы Віленскай і некат. паўн.-зах. і ўсх. паветаў Мінскай губерняў. Меладычная трубка найб. пашыранай двухгукавой Д. мае дыятанічны гукарад мажорнага нахілення; адзін гук строіўся ў актаву да меладычнай трубкі, другі — у квінту да першага. Д.«весялуха» была вельмі папулярным муз. інструментам, выкарыстоўвалася для суправаджэння танцаў, песень і прыпевак на сямейных і каляндарных святах, ігрышчах, кірмашах, у ансамблі са скрыпкай ці са скрыпкай, цымбаламі і бубнам. Апошняе публічнае выкананне на Д. адбылося ў 1951 г. ў Полацку.

Літ.:

Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Самозвучащие, ударные, духовые. Мн., 1979.

І.​Дз.​Назіна.

Дуда.

т. 6, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФУ́ЗІЯ (ад лац. diffusio распаўсюджванне, расцяканне, рассейванне),

перанос рэчыва за кошт цеплавога руху часціц (малекул, атамаў і інш.) у адна- ці шматкампанентным газавым або кандэнсаваным асяроддзі; узаемнае пранікненне рэчываў, якія мяжуюць адно з адным. Адбываецца пры наяўнасці градыента канцэнтрацыі і вядзе да раўнамернага размеркавання рэчыва па ўсім аб’ёме сістэмы.

Д. ўласціва газам, вадкасцям і цвёрдым целам. Працякае з рознай скорасцю (найб. хутка ў газах), што абумоўлена характарам цеплавога руху. Дыфундзіраваць могуць завіслыя часцінкі прымесей (з прычыны броўнаўскага руху) і часціцы самога асяроддзя (самадыфузія), хім. састаў якога застаецца нязменны. Узнікае і пры адсутнасці градыента канцэнтрацыі: пад уплывам градыента т-ры (тэрмадыфузія), пры ўздзеянні знешняга эл. поля (электрадыфузія) ці градыента ціску (барадыфузія). Вызначае механізм і кінетыку хім. рэакцый, шматлікіх фіз.-хім. працэсаў і з’яў (мембранных, выпарэння, гарэння, крышталізацыі і інш); з’яўляецца асновай многіх працэсаў жыццядзейнасці жывёл і раслін (Д. кіслароду з лёгкіх у кроў, паглынанне пажыўных рэчываў, усмоктванне прадуктаў стрававання з кішэчніка і інш.), тэхнал. аперацый (гомагенізацыі сплаваў, зваркі металаў, дублення скуры і футра, афарбоўкі валокнаў і інш).

Літ.:

Овчинников А.А., Тимашев С.Ф., Белый А.А. Кинетика диффузионно-контролируемых химических процессов. М., 1986;

Чалых А.Е. Диффузия в полимерных системах. М., 1987.

У.​С.​Камароў.

т. 6, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НДЗІ (Індзіра Прыядаршыні) (19.11.1917, г. Алахабад, Індыя — 31.10.1984),

палітычны і дзярж. дзеяч Індыі. Дачка Дж.Нэру. Вучылася ў Швейцарыі, Вялікабрытаніі, Індыі. З 1938 чл. партыі Інд. нац. кангрэс (ІНК), у 1959—60 яе старшыня. У 1946—64 паліт. кансультант Нэру. Міністр інфармацыі і радыё (1964—66). Дэп. Нар. палаты парламента (1967—77, 1978, 1980—84). У 1966—77 і 1980—84 прэм’ер-міністр Індыі, адначасова міністр па справах атамнай энергіі (1967—77), замежных спраў (1967—69), фінансаў (1969—70), унутр. спраў (1970—73). Урад Гандзі нацыяналізаваў 14 буйнейшых банкаў (1969—70), заключыў дагавор аб дружбе з СССР (1971), пасля інд.-пакістанскага канфлікту 1971 палепшыў адносіны з Пакістанам (сустрэча Г. і З.А.Бхута ў г. Шымла ў 1972, абмен пасламі ў 1976) і інш. З 1978 кіраўнік заснаванай прыхільнікамі Гандзі партыі Інд. нац. кангрэс (Індзіра). У 1983—84 старшыня Руху недалучэння. Забіта сваімі целаахоўнікамі, якія належалі да адной з сікхскіх арг-цый. Аўтар твораў «Мая праўда» (1981), «Народы і праблемы» (1982) і інш.

Літ.:

Горев А.В. Роса на лотосе: Индира Ганди: мечты и свершения. М., 1987;

Ульяновский Р.А. Три лидера великого индийского народа. М., 1986.

І.Гандзі.

т. 5, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДСКІ́Я ПАДПО́ЛЬНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ КП(б)Б у Вялікую Айчынную вайну,

органы парт. кіраўніцтва барацьбой супраць ням.-фаш. захопнікаў у акупіраваных гарадах Беларусі ў 1941—44. Стваралі і ўзначальвалі патрыят. падполле і партыз. рух, вялі арганізатарскую і паліт. работу сярод насельніцтва. Іх дзейнасцю кіравалі ЦК КП(б)Б, абласныя падпольныя камітэты КП(б)Б і міжраённыя падпольныя камітэты КП(б)Б. Дзейнічалі Гомельскі, Мінскі (з 1941), Баранавіцкі, Віцебскі, Калінкавіцкі, Пінскі (з 1943), Брэсцкі, Вілейскі (з 1944) гаркомы, Барысаўскі (у 1941—42 спачатку як райком), Лідскі (з 1943) гаркомы-райкомы. Вопыт 1941—42 паказаў, што базіраванне гаркомаў у гарадах звязана з вял. цяжкасцямі і ахвярамі: былі арыштаваны і пакараны смерцю амаль усе члены Мінскага гаркома, загінулі кіраўнікі Барысаўскага гаркома-райкома, Брэсцкага і Аршанскага парт. цэнтра. Таму створаныя ў 1943—44 гаркомы базіраваліся пры партыз. брыгадах і атрадах. Па сваёй структуры яны не адрозніваліся ад раённых падп. к-таў КП(б)Б. Баранавіцкі і Мінскі гаркомы, Барысаўскі і Лідскі гаркомы-райкомы мелі друк. выданні — газеты.

Літ.:

Подпольные партийные органы Компартии Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941—1944). Мн., 1975.

А.​А.​Тозік.

т. 5, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯДЗЮ́ШКА (Уладзімір Іосіфавіч) (14.2.1905, Мінск — 30.3.1973),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1949), нар. арт. СССР (1971). Сцэн. дзейнасць пачаў як акцёр-аматар. У 1923—37 акцёр у т-ры У.​Галубка (БДТ-3). З 1937 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Характарны, самабытны акцёр з яркім нац. каларытам; адзін з найб. буйных дзеячаў бел. т-ра. Яго творчасць вызначалася глыбінёй спасціжэння нар. характару, уменнем псіхалагічна абгрунтаваць учынкі герояў, надаць ролі выразную сцэн. форму. Асаблівы поспех меў у нац. рэпертуары: Сцяпан Крыніцкі («Паўлінка» Я.​Купалы), Мірон Бокуць («Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка), Ксаверый («Кацярына Жарнасек» М.​Клімковіча), Пытляваны («Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы; Дзярж. прэмія СССР 1952), Язэп («Салавей» З.​Бядулі), Моцкін («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), Крушына («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона; і ў кіно). З інш. яркіх вобразаў: Іларыён («Я, бабуля, Іліко і Іларыён» Н.​Думбадзе і Р.​Лордкіпанідзе), Месны, Вакуленка («Фронт», «Калінавы гай» А.​Карнейчука), Пімен («Барыс Гадуноў» А.​Пушкіна), Дон Джэром («Дзень цудоўных падманаў» Р.​Шэрыдана). Здымаўся ў кіно («Несцерка», «Паўлінка», «Запомнім гэты дзень») і тэлевізійных пастаноўках («Людзі на балоце» паводле І.​Мележа, «Прымакі» Я.​Купалы) і інш.

У.І.Дзядзюшка.
У.Дзядзюшка ў ролі Крушыны (злева).

т. 6, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ КАМЕРНЫ АРКЕ́СТР РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ Створаны ў 1968 як Мінскі камерны аркестр Бел. філармоніі, з 1989 Дзярж. камерны аркестр БССР, з 1992 сучасная назва. Арганізатар і першы дырыжор А.Янчанка. У рэпертуары арыгінальныя творы і пералажэнні п’ес бел. кампазітараў Л.​Абеліёвіча, П.​Альхімовіча, А.​Багатырова, Г.​Вагнера, В.​Войціка, Я.​Глебава, Э.​Зарыцкага, С.​Картэса, І.​Лучанка, Дз.​Смольскага, Р.​Суруса і інш., музыка барока, венскіх і інш. класікаў, сучасных замежных кампазітараў. Дзейнасць аркестра спрыяла ўзбагачэнню бел. музыкі камернымі разнавіднасцямі сімфоніі, сюіты, канцэрта і інш. Аркестр часта выступае ў сумесных канцэртах з Дзяржаўным камерным хорам Рэспублікі Беларусь, стварае сумесныя праекты («Моцарт і...» і інш. тэматычныя праграмы); удзельнічаў у шматлікіх міжнар. фестывалях у краінах Зах. Еўропы; з ім выступалі сусветна вядомыя музыканты (піяніст Ю.​Франс, спявачка К.​Рычарэлі і інш.). Маст. кіраўнік і гал. дырыжор аркестра І.​Э.​Райль (з 1993), дырыжор Т.Праватораў, канцэртмайстар М.​Штэйн. У розны час у аркестры працавалі дырыжоры Ю.​Цырук, І.​Галаўчын, А.​Палянічка, В.​Собалеў, канцэртмайстар А.​Крамароў.

Літ.:

Агаркава А. Шлях да майстэрства // Мастацтва Беларусі. 1983. № 8.

Г.​М.​Загародні.

Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДМАХО́ЎСКІ Генрык Міхайлавіч [26.10.1810, Вільня (паводле інш. звестак маёнтак Забалацце Міёрскага р-на Віцебскай вобл.) — 26.5.1863], бел. скульптар, удзельнік рэв. руху на Беларусі, у Літве і Польшчы ў 1830—60-я г. Скончыў Віленскі ун-т (1828). Удзельнік паўстання 1830—31 (у атрадзе В.​Пяткевіча). Пасля яго разгрому эмігрыраваў у Францыю, дзе ў 1832—33 з рэв. эміграцыяй рыхтаваў новае паўстанне (т.зв. экспедыцыя Ю.​Заліўскага). За рэв. дзейнасць у Галіцыі засуджаны аўстр. ўладамі (1834—41). У 1841—51 вывучаў скульптуру і працаваў як скульптар у Парыжы, з 1851 у ЗША, з 1861 на радзіме. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1863—64 (паўстанскі камісар Дзісенскага пав. і нач. атрада). Загінуў у баі ў в. Парэчча Барысаўскага пав. Стварыў помнікі В.​Пяткевічу (1848), героям паўстання 1848 у Познані (1849), жонцы ў Філадэльфіі, Б.​Радзівіл, рэльеф Ю.​Заліўскага, бюсты Т.​Касцюшкі, К.​Пуласкага, Т.​Джэферсана (для кангрэса ЗША), Т.​Дзялынскага (Познань), У.​Сыракомлі (Вільня), гісторыка М.​Балінскага, статую св. Уладзіслава, скульпт. групу «Гарыбальдзі з воінамі», медаль «Апафеоз Т.​Касцюшкі», медальён з сілуэтамі павешаных дзекабрыстаў і інш.

Літ.:

Кісялёў Г Адысея паўстанца-скульптара // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.

Г.​В.​Кісялёў.

Г.М.Дмахоўскі.

т. 6, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУГІ́ УСЕБЕЛАРУ́СКІ КАНГРЭ́С 1944,

кангрэс Беларускай цэнтральнай рады (БЦР). Адбыўся 27.6.1944 у Мінску. Быў скліканы па прапанове прэзідэнта БЦР Р.​Астроўскага з дазволу в.а. ген. камісара Беларусі К. фон Готберга. Прысутнічала 1039 дэлегатаў. Парадак дня: справаздача прэзідэнта БЦР праф. Астроўскага аб дзейнасці рады; выбары мандатнай камісіі і камісіі для апрацоўкі рэзалюцый; заслухванне рэферата М.​Шкялёнка «Аб прызнанні за няважныя пастановы ўрада СССР і былое Польшчы, якія датычаць Беларусі, яе тэрыторыі і народу»; справаздача мандатнай камісіі (праф. Жарскі); заслухванне рэферата А.​Калубовіча «Аб канчальным разрыве Беларусі з Масквою і аб Уневажанні маскоўскага голасу ў беларускіх справах»; прыняцце рэзалюцый і заключная прамова. Кангрэс прызнаў правільным рашэнне Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ад 25.3.1918 аб канчатковым разрыве з бальшавіцкай Масквой і Рас. дзяржавай ва ўсіх яго формах, пацвердзіў, што голас Масквы і СССР у бел. справах не мае ніякай законнай сілы, прызнаў БЦР на чале з Астроўскім «адзіным праўным прадстаўніком Беларускага народа і ягонага краю». У сувязі з набліжэннем Чырв. Арміі кангрэс праходзіў у вял. спешцы. Значэнне кангрэса было важкім у асн. для амбіцый Астроўскага, які атрымаў ад дэлегатаў паўнамоцтвы на прэзідэнцтва БЦР, чым і карыстаўся да сваёй смерці.

А.​М.​Літвін.

т. 6, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)