помнік архітэктуры 18—19 ст. ў г. Пінск Брэсцкай вобл. Касцёл пабудаваны ў 1765—86 з цэглы ў стылі барока (з 1830-х г. Варварынская царква) на месцы драўлянага касцёла пач. 18 ст. Прамавугольны ў плане аднанефавы храм з паўкруглай алтарнай апсідай. Гал. фасад аздоблены пілястрамі, карнізамі, нішамі і завершаны 3-лопасцевым франтонам. Перспектыву інтэр’ера замыкае размалёўка апсіды ў тэхніцы грызайль. Захаваўся помнік іканапісу 16 ст. — абраз «Маці Божая Адзігітрыя Іерусалімская». У пач. 19 ст. побач узведзены мураваны 2-павярховы корпус кляштара (у 1832 скасаваны; у 1858—75 тут размяшчаўся правасл.Пінскі Варварынскі манастыр, у 1993 адноўлены).
Драўляны касцёл Міхаіла Архангела пабудаваны ў 1712 у прадмесці Пінска Каралін па фундацыі М.Вішнявецкага і яго жонкі Кацярыны з Дольскіх. Аднанефавы прамавугольны ў плане будынак быў накрыты 2-схільным дахам. Гал. фасад з трохвугольным франтонам і арачным парталам увахода фланкіравалі 2 трох’ярусныя вежы (2 ніжнія ярусы чацверыковыя, верхні васьмерыковы, завершаны купалком). Побач стаяў невял. 1-павярховы драўляны будынак кляштара. Касцёл і кляштар адлюстраваны на карце бернардзінскіх кляштараў літ. правінцыі, выгравіраванай Г.Ляйбовічам у 1750—60-я г.
Р.В.Баравы, Ю.А.Якімовіч, А.А.Ярашэвіч.
Пінскі касцёл і кляштар бернардзінцаў. Варварынская царква. Здымак 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСАРО́ (Pissarro) Каміль Жакоб (10.7.1831, в-аў Сент-Томас, ЗША — 13.11.1903),
французскі жывапісец, адзін з заснавальнікаў імпрэсіянізму. Вучыўся ў майстэрні А.Мельбі, Школе прыгожых мастацтваў і акадэміі Сюіса ў Парыжы (1855—61). Зазнаў уплывы Дж.Констэбла, К.Каро, Ж.Ф.Міле, у 2-й пал. 1880-х г. — неаімпрэсіянізму і пуантылізму. Майстар пейзажа, у якім праз сціплыя вясковыя ландшафты выяўляў паэзію і прыгажосць прыроды Францыі: «Дарога ў Раканкур», «Сена ў Марлі» (абодва 1871), «Уезд у вёску Вуазен» (1872), «Дарога з Жызора ў Пантуаз, снягі» (1873), «Узараная зямля», «Пейзаж у Пантуазё» (абодва 1874) і інш. З 1890-х г. звяртаўся і да адлюстравання жыцця гар. вуліц: «Вялікі мост, Руан», «Мост Буальдэ ў Руане, захад сонца» (абодва 1896), «Бульвар Манмартр у Парыжы» (1897), «Оперны праезд, эфект снегу», «Плошча Французскага тэатра, эфект дажджу» (абодва 1898), «Сад Цюільры, туман» (1900), «Царква Сен-Жак у Дзьепе» (1901) і інш. Творы вызначаюцца мяккасцю і багаццем колеравай гамы, тонкай перадачай святлаценю, эфектам празрыстасці і вільготнасці паветра. Працаваў таксама ў тэхніках акварэлі, малюнка, афорта і літаграфіі. Іл.гл. да арт.Імпрэсіянізм.
Літ.:
Юденич И.В. Пейзажи Писсарро в Эрмитаже. Л., 1963;
Герман М. Писсарро: [Альбом]. Л., 1973;
Камиль Писсарро: Письма. Критика. Воспоминания современников: Пер. с фр.М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСТАЛЕ́Т (франц. pistolet, ням. Pistole),
індывідуальная стралк. зброя для паражэння цэляў на адлегласці да 70 м; некат. ўзоры П. (напр., 9-міліметровы П. І.Я.Сцечкіна) даюць магчымасць весці агонь кароткімі чэргамі на адлегласці да 200 м пры стральбе з прымкнутым кабурой-прыкладам. Акрамя баявых П. бываюць сігнальныя і спартыўныя; паводле канструкцыі падзяляюцца на неаўтаматычныя і аўтаматычныя Маса П. 0,7—1 кг, калібр 5,35—11,43 мм, ёмістасць магазіна 8—12 і больш патронаў; існуюць таксама цывільныя П., якія маюць масу — 0,35—0,4 кг і калібр каля 6,5 мм.
Кнотавыя П. з’явіліся ў Еўропе і Азіі ў 16 ст. У 17 ст. распаўсюдзіліся П. з крамянёвым замком, у 19 ст. — капсульным. Да сярэдзіны 19 ст. П. звычайна былі гладкаствольныя і зараджаліся з дульнай часткі ствала. У 1850-х г. прыняты на ўзбраенне наразныя рэвальверы (з’явіліся ў 16 ст.), з канца 19 ст. — самазарадныя аўтам. П. (гл.Аўтаматычная зброя).
У сучасных арміях краін СНД, у т. л. Беларусі, на ўзбраенні знаходзіцца П. канструкцыі М.Ф.Макарава (ПМ), Сцечкіна (АЛС); у інш. краінах распаўсюджаны амер. «Кольт», англ. «Браўнінг», герм. «Вальтэр» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́СТАЎ Аркадзь Аляксандравіч (31.1.1893, с. Прысланіха Ульянаўскай вобл., Расія — 12.5.1972),
расійскі мастак. Нар.маст.СССР (1962). Правадз.чл.АМСССР (1947). Вучыўся ў Строганаўскім цэнтр. мастацка-прамысл. вучылішчы (1912—14), Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і архітэктуры (1914—17). Жыў на радзіме. У 1920 — пач. 1930-х г. працаваў пераважна ў галіне плаката і кніжнай графікі. З 1935 пісаў партрэты і жанравыя карціны, прасякнутыя паэт. успрыняццем рус. прыроды, жыцця вёскі, апяваннем працы і духоўнай прыгажосці сваіх землякоў. У сваёй творчасці П. прадаўжаў і развіваў традыцыі рус. пленэрна-жанравага жывапісу канца 19 — пач. 20 ст. Творам уласцівы разняволеная прастата кампазіцыі з размяшчэннем буйных дакладна перададзеных фігур на першым плане, стрыманая мажорнасць цёплых фарбаў: «Калгасны статак» (1937), «Фашыст праляцеў» (1942), «Сенакос», «Жатва» (абодва 1945), цыкл «Людзі калгаснай вёскі» (1951—65; у т. л. «Віця-падпасак», 1951; «Вясна», 1954; «Дзяўчына з веласіпедам», 1956; «Мама», 1964, і інш.), «Вогнішча ў полі» (1968—69), «З мінулага» (1969). Сярод графічных работ іл. да апавяданняў А.Чэхава (1920—27), аповесці Л.Талстога «Халстамер» (1952—54), да паэмы М.Някрасава «Мароз, Чырвоны нос» (1949). Дзярж. прэмія СССР 1946. Ленінская прэмія 1966. Дзярж. прэмія Расіі імя І.Я.Рэпіна 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЎНЫ ЗБОР ЗАКО́НАЎ РАСІ́СКАЙ ІМПЕ́РЫІ»
(«Полное собрание законов Российской империи»),
найбольш поўны збор заканад. актаў, размешчаных (незалежна ад зместу) паводле храналогіі праўлення рас. цароў і імператараў. Складзены і выдадзены 2-м аддзяленнем уласнай яго імператарскай вялікасці канцылярыі (1826—82), кадыфікацыйным аддзелам Дзярж. Савета (1882—93) і аддзелам Зводу законаў Дзярж. канцылярыі (1898—1917). Складаўся з 3 збораў. 1-ы збор (1830) меў 40 тамоў заканад. актаў, 5 дадаткаў і асобную кнігу малюнкаў, чарцяжоў і гербаў. Уключаў 30 920 актаў з часу Саборнага ўлажэння 1649 да 24.12.1825. 2-і збор (1830—84) складаўся з 55 тамоў (выходзілі штогод у некалькіх кнігах кожны), змяшчаў 61 928 актаў за перыяд з канца 1825 да 12.3.1881. У 1885 да яго выдадзены алфавітна-прадметны паказальнік у 4 кнігах. 3-і збор выходзіў штогод да 1916 (не завершаны). Выйшлі 33 тамы (кожны ў 2 ч.), якія ўтрымлівалі больш за 40 тыс. актаў за перыяд з 13.3.1881 да канца 1913. Не ўключана заканадаўства адносна царквы і прыдворнага ведамства. У 1-м зборы было 1410 актаў, якія датычыліся адносін царызму да ВКЛ, у 2-м — 2710 актаў адносна зах. губерняў імперыі. Выданне служыць асн. крыніцай для вывучэння дарэвалюцыйнага права ў Расіі.
Літ.:
Ерошкин Н.П. История государственных учреждений дореволюционной России. 3 изл. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПО́ЙСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з сак. 1942 да кастр. 1943 на тэр. Прапойскага р-на (цяпер Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл.). Аб’ядноўвала Прапойскую і Улуцка-Харанеўскую арг-цыі, у якіх было 11 груп (бальш за 80 чал.). У Прапойскую (кіраўнікі С.Ф.Саўчанка, М.В.Кліменка, М.П.Хаблоў) уваходзіла 8 груп: камсам.-маладзёжная (А.С.Скальзаеў), на электрастанцыі і маслазаводзе (А.В.Шэдаў), у гар. бальніцы (В.Ф.Самусенка), гарадская (А.А.Лісіцын), у вёсках Бярозаўка і Гіжэнка (В.А.Драздоў), Віравая (І.В.Ганчароў), Крамянка (І.А.Сёмкін), Рудня і Міхайлоў (М.В.Навуменка). Улуцка-Харанеўская (кіраўнікі Дз.Е.Савельеў, Г.А.Каралёў) складалася з 3 груп: у вёсках Доўгі Мох (Чавускі р-н, В.А.Сцяпанаў), Улукі (І.Я.Цімашкоў), Харанеў (І.І.Каваль). Арг-цыі дзейнічалі ва ўзаемасувязі, у кантакце з 42-м партыз. атрадам, партыз. палком «Трынаццаць», Магілёўскім падполлем. Падпольшчыкі збіралі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, дакументы акупац. улад, распаўсюджвалі газ. «Правда» і «Красная звезда», лістоўкі, праводзілі дыверсіі, пашкоджвалі чыг. рэйкі, тэлефонную сувязь, з партызанамі разграмілі камендатуру ў Прапойску, арганізавалі ўцёкі сав. ваеннапалонных і пераправілі іх у партыз. атрад. Захаванне канспірацыі дазволіла падпольшчыкам пазбегнуць правалаў, своечасова перайсці ў партызаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭРАФАЭЛІ́ТЫ (ад лац. prae раней, перад + Рафаэль),
англійскія мастакі і пісьменнікі 2-й пал. 19 ст., якія ставілі за мэту адраджэнне традыцый сярэднявечнага і раннерэнесансавага (да Рафаэля) мастацтва. «Брацтва прэрафаэлітаў» (англ. Pre-Raphaelite Brotherhood) засн. ў 1848 паэтам і жывапісцам Д.Г.Расеці, жывапісцамі Э.Мілесам, У.Х.Хантам (зазналі ўплыў М.Браўна, а праз яго — назарэйцаў), падтрымана Дж. Рэскіным. Выступалі з крытыкай бурж. культуры, супрацьпастаўлялі халоднаму акадэмізму «шчырасць», «свяшчэнны агонь» і «жывую веру» прымітываў (гл.Прымітыў). Маст. творам П. уласціва стылізацыя, перабольшаная графічнасць, дэкаратывізм у спалучэнні з дакладнай дэталізацыяй. Паэзія П. (Расеці, Р.Браўнінг, А.Тэнісан, А.Ч.Суінберн) вызначалася пачуццёвымі адносінамі да прыгажосці, спірытуалістычным культам кахання, заснаваным на традыцыях сярэдневяковай італьян. л-ры. Пасля распаду «Брацтва» ў 1853 новы ўздым руху П. пачаўся з канца 1850-х г., калі вакол Расеці згрупаваліся мастакі У.Морыс, Э.К.Бёрн-Джонс, У.Крэйн, Дж.Ф.Уотс і інш. Жывапіс развіваўся да складанай, стракатай плоскаснай арнаментыкі і містычнай ускладненасці вобразнага ладу. П. паўплывалі на развіццё сімвалізму і эстэтызму «канца стагоддзя» ў л-ры (О.Уайльд, У.Патэр), мадэрну ў выяўл. і дэкар.-прыкладным мастацтве (О.В.Бёрдслі і інш.).
Я.Ф.Шунейка.
Да арт.Прэрафаэліты. У.Х.Хант. Клаўдзіо і Ізабела. 1850.Да арт.Прэрафаэліты. Д.Г.Расеці. La Ghirlandata. 1873.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУРЫ́ЗМ (франц. purisme ад лац. purus чысты),
імкненне ачысціць літаратурную мову ад іншамоўных запазычанняў, неалагізмаў, а таксама ад ненарматыўных лексічных і граматычных элементаў (напр., народна-размоўных, прастамоўных, дыялектычных). У шырокім сэнсе — залішне строгія, непрымірымыя адносіны да любых запазычанняў, навізны і наогул да ўсіх выпадкаў скажэння і вольнага выкарыстання мовы. Характэрны для перыядаў найб. актыўнага фарміравання і станаўлення нац.літ. моў; звязаны з сац.-гіст., паліт. і культ. працэсамі, з бурным фарміраваннем нацый або перыядамі нац. адраджэння. У бел. мове тэндэнцыі П. найб. выразна праявіліся ў 1920-яг., калі адбывалася актыўнае фарміраванне лексічных, арфаграфічных, грамат. норм сучаснай бел.літ. мовы. Яны выражаліся ў выкарыстанні замест іншамоўных запазычанняў і інтэрнацыяналізмаў шырока вядомых агульнаслав., усх.-слав. і рус. лексем дыялектнай і вузкарэгіянальнай лексікі, у стварэнні некат. штучных неалагізмаў на бел. моўным матэрыяле. Значнае выражэнне атрымалі ў тагачаснай распрацоўцы бел.навук. тэрміналогіі: «красленне» (чарчэнне), «кругадрэз» (сегмент), «пэўнік» (аксіёма). Падобныя тэрміны звычайна прапаноўваліся ў якасці варыянтаў і выносіліся на суд грамадскасці і часу. Імкненне найб. поўна выкарыстаць нац. моўныя сродкі не прыводзіла да якіх-н. крайнасцей. Асобныя выпадкі П. ў тэрмінатворчасці, што вялі да абмежаванасці моўных сродкаў, ізаляванасці бел. мовы, перашкаджалі яе ўзбагачэнню сродкамі інш. моў, не зацвердзіліся і не паўплывалі на фарміраванне бел. тэрміналогіі і сучаснай бел. мовы ў цэлым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ ЭКАЛО́ГІЯ, радыеэкалогія,
навука, якая даследуе намнажэнне радыеактыўных рэчываў у арганізмах і іх міграцыю ў біясферы, узаемаадносіны радыеактыўнасці навакольнага асяроддзя з раслінамі і жывёламі, іх згуртаваннямі; раздзел радыебіялогіі і экалогіі. Цесна звязана з біялогіяй, медыцынай, гігіенай і інш. навукамі. Вырашае пытанні аб ролі радыеактыўнасці ў эвалюцыі біясферы, практычным пытанні прагназіравання паслядзеяння антрапагеннага радыеактыўнага забруджвання навакольнага асяроддзя ў сувязі з шырокім выкарыстаннем ядз. энергіі.
Як самастойная навука зарадзілася ў канцы 1940-х г. у сувязі з выпрабаваннем ядз. зброі. Гал. ўвага ўдзялялася вывучэнню і міграцыі ў прыродзе цяжкіх радыеактыўных элементаў, найперш урану.
На Беларусі ўзнікла ў 1950—60-яг. з пачаткам даследаванняў па колькасці і размеркаванні радыенуклідаў у глебе, а таксама па вывучэнні міграцыі хім. элементаў у экасістэмах з выкарыстаннем радыеактыўных ізатопаў у якасці меткі. Даследаванні праводзяцца ў адпаведных ін-тах Нац.АН Беларусі, НДІ і праектна-вышукальных станцыях Акадэміі агр. навук Беларусі, БДУ, Міжнар. экалагічным ун-це імя А.Дз.Сахарава, Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку, Рэсп. цэнтры радыяцыйнага кантролю і маніторынгу і інш. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) гал. задачы Р.э.: вызначэнне межаў і ўзроўню забруджвання тэрыторый, вывучэнне ізатопнага складу радыеактыўных ападкаў, распрацоўка мерапрыемстваў па бяспечным пражыванні насельніцтва на забруджаных тэрыторыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТАРГУЕ́Ў Павел Андрэевіч (30.6.1881, г. Старадуб Бранскай вобл., Расія — 21.3.1959),
расійскі і бел. мовазнавец і педагог. Правадз.чл. Інбелкульта (1924). Д-рфілал.н. (1941), праф. (1923). Скончыў Маскоўскі ун-т (1908), працаваў у ім у 1917—23. У 1918 чытаў курс лекцый па бел. мове ў Бел.нар. ун-це ў Маскве («Беларуская мова ў яе сучасным і мінулым стане» у кн. «Курс беларусазнаўства», 1918—20). У 1938—51 заг. кафедры рус. мовы Навазыбкаўскага пед. ін-та, адначасова ў 1947—48 у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. Склаў праект «Праграмы па вывучэнні беларускіх гаворак і збіранні звестак для складання Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы». Вывучаў бел. гаворкі ў іх гіст. і сучасным стане, гаворкі рус.-бел.-ўкр. памежжа ў іх узаемадзеянні: «Гаворкі ўсходніх паветаў Гомельскай губерні ў іх сучасным стане», «Северска-беларуская гаворка. Даследаванне ў галіне дыялекталогіі і гісторыі беларускіх гаворак» (Залаты медаль Рус.геагр.т-ва; абедзве 1927), «Гаворкі на тэрыторыі Смаленшчыны» (1960), «Слоўнік народных гаворак Заходняй Браншчыны» (1973). Даследаваў праблемы бел.літ. мовы: артыкулы «Беларуская мова ў святле яе навуковага пазнання» (1922), «Да пытання аб ляшскіх рысах у беларускай фанетыцы» (1927), «Беларускае мовазнаўства ў 1917—1927 гг.» (1930).
Літ.:
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Т. 3. Мн., 1978.