ЭКАНАМА́ЙЗЕР (англ. economizer),

1) прыстасаванне ў карбюратары, якое служыць для абагачэння гаручай сумесі пры поўным ці блізкім да поўнага адкрыцці дросельнай засаўкі. Павышае эканамічнасць рухавіка.

2) Вадзяны Э. — элемент катла (цеплаабменнік), у якім сілкавальная вада перад падачай у кацёл падаграецца дымавымі газамі. Робіцца з гладкіх або рабрыстых чыгунных і стальных труб.

Рабрысты эканамайзер.

т. 18, кн. 1, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКІБАСТУ́ЗСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН У Паўладарскай вобл. Казахстана, у бас. р. Шыдэрты. Адкрыты ў 1876. Шырокае асваенне з 1948. Пл. 155 км². Запасы да глыб. 730 м — 8,8 млрд. т. Вугляносныя адклады ніжняга і сярэдняга карбону (магутнасць 1690 м). Вуглі каменныя. Здабыча адкрытым спосабам. Цэнтр — г. Экібастуз. База фарміравання Паўладар-Экібастузскага тэр. прамысл. комплексу.

т. 18, кн. 1, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКС-АН-ПРАВА́НС (Aix-en-Provence),

горад на ПдУ Францыі, адзін з гал. гарадоў гіст. вобл. Праванс. Засн. ў 2 ст. да н.э. рымлянамі. У 12—15 ст. сталіца графства Праванс. 127 тыс. ж. (1990). Прам-сць: харч., лёгкая, эл.-тэхнічная. Бальнеалагічны курорт. Ун-т. Музеі. Арх. помнікі 12—18 ст.

т. 18, кн. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСЕ́КІЙ (Exēkias),

старажытнагрэчаскі ганчар і вазапісец 2-й пал. 6 ст. да н.э. Працаваў у Атыцы. Найбуйнейшы майстар вазапісу чорнафігурнага стылю. Ствараў кампазіцыі як эпічна спакойныя, так і напоўненыя дынамікай, арганічна падпарадкаваныя форме пасудзіны: «Геракл у барацьбе з ільвом», «Аякс з целам Ахіла», «Караблі», «Дыяніс у ладдзі» і інш.

Эксекій. Дыяніс у ладдзі.

т. 18, кн. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСТЫРПА́ЦЫЯ (ад лац. extirpatio выдаленне з коранем),

хірургічная аперацыя з поўным выдаленнем органа.

Паказанні да Э.: пухліны, працэсы, звязаныя з цяжкім крывацёкам, хранічным запаленнем ці стратай функцыі органа. Орган найчасцей выдаляюць разам з клятчаткай, што яго акружае, і рэгіянарнымі лімфатычнымі вузламі. Для ўзнаўлення праходнасці перасечаных полых органаў накладваюцца анастамозы.

А.​С.​Леанцюк.

т. 18, кн. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАГРА́ФІЯ (ад электра... + ...графія) у паліграфіі, сукупнасць эл. і магн. спосабаў узнаўлення відарысаў на друкарскай форме з наступным пераносам іх на паперу ці іншы матэрыял. Да Э. адносяць электрафатаграфію, ферамагнітаграфію (працэс аналагічны магнітнаму запісу), электрастатычны друк (перанос фарбавага відарыса на паперу з рэльефных, плоскіх ці паглыбленых форм пад уздзеяннем эл. поля) і інш.

т. 18, кн. 1, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАМАГНІ́ТНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,

форма фізічнага забруджвання навакольнага асяроддзя, пры якой значна павышаецца ўзровень эл.-магн. палёў, створаных тэхнагеннай дзейнасцю чалавека. Асн. яго крыніцы — лініі электраперадач, радыё і тэлебачанне, электрыфікаваныя трансп. лініі, электрабыт. прыборы, асобныя прамысл. прадпрыемствы. Выяўляецца мясц. і генералізаванымі геафіз. анамаліямі, парушэннямі біял. структур. Найб. адчувальныя да Э.з. нерв. і эндакрынная сістэмы арганізмаў.

т. 18, кн. 1, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭРУПТЫ́ЎНЫЯ ЗО́РКІ,

клас фізічна пераменных зорак з няправільнымі і часта вял. зменамі бляску з прычыны выбуховых працэсаў, што адбываюцца на іх. Да Э.з. адносяцца звышновыя зоркі, новыя зоркі, новападобныя зоркі, успыхваючыя зоркі і інш. У многіх Э.з. успышкі суправаджаюцца скідваннем вонкавых слаёў і ўтварэннем газавай абалонкі, якая потым рассейваецца ў прасторы.

т. 18, кн. 1, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭСКАДРЫ́ЛЛЯ (франц. escadrille),

1) асноўнае тактычнае і агнявое падраздзяленне авіяц. і верталётных часцей ВПС і інш. відаў узбр. сіл. Складаецца з некалькіх звёнаў (атрадаў), на ўзбраенні якіх, як правіла, аднатыпныя самалёты або верталёты (ад 10 да 24 і больш адзінак).

2) Ракетнае (зенітна-ракетнае) падраздзяленне ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў (ЗША, Італія, ФРГ).

т. 18, кн. 1, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭТЫЛБЕНЗО́Л,

сыравіна для атрымання стыролу, C6H5CH2CH3. Утрымліваецца ў нафце і прадуктах каксавання вуглёў.

Бясколерная вадкасць. tкіп 136,2 °C, змешваецца з большасцю арган. растваральнікаў. У прам-сці атрымліваюць пераважна алкіліраваннем бензолу этыленам. Дабаўка да маторнага паліва для павышэння актанавага ліку, растваральнік. Раздражняе скуру, выклікае сутаргі, ГДК у атм. паветры 0,002 мг/м³.

т. 18, кн. 1, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)