КА́ЛЬНІН Пётр Іванавіч (1872, г. Адэса, Украіна — пасля 1917),
бел. архітэктар. Скончыў Пецярбургскі ін-тграмадз. інжынераў (1896). Працаваў Магілёўскім губ. праўленні, з 1906 гарадскі, у 1907—17 Магілёўскі губ. архітэктар. Паводле яго праектаў у Магілёве узведзены будынкі дваранскага банка, крэдытнага т-ва, царква Трох Свяціцеляў; у Шклове — гар. бойня і будынак папярова-кардоннага з-да. Выкананыя ім 2 эскізныя праекты будынка Магілёўскага пазямельна-сял. банка выкарыстаны арх. А.Друкерам; паводле яго эскізаў выкананы інтэр’еры асобных памяшканняў. Распрацаваў (1913) праекты будынкаў земства і рамеснай школы для Быхава, гандл. крам для Оршы, астрога для Рагачова, яўр. гімназіі для Магілёва, рамеснай школы для Клімавіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУ́НА СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЯ,
форма с.-г. вытворчага кааператыва ў першыя гады сав. ўлады. Ствараліся з канца 1917 вясковымі беднякамі, батракамі і рабочымі пераважна на аснове былых панскіх маёнткаў; сав. ўлада аддавала імгасп. пабудовы, інвентар, жывёлу. У К.с. абагульваліся ўсе сродкі вытв-сці; землекарыстанне, размеркаванне было ўраўняльным — па едаках; практыкавалася таксама калект. бытавое абслугоўванне (агульная сталовая, яслі і інш.). У членаў К.с. поўнасцю адсутнічала асабістая гаспадарка, што дазваляла пазбегнуць прыватнаўласніцкіх памкненняў. Нягледзячы на падтрымку дзяржавы і больш эфектыўнае развіццё ў параўнанні з інш. формамі калект. гаспадарак, камуны не сталі асн. формай калектывізацыі. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. ператвораны ў калгасы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАБЕ́ЛЬНЫЯ ЧЭ́РВІ, тэрэда (Teredo),
род марскіх двухстворкавых малюскаў сям. тэрэдынід. Каля 30 відаў. Пашыраны ў морах трапічнага і ўмеранага паясоў Паўн. паўшар’я. Жывуць у драўніне, што трапляе ў марскую ваду, у падводных ч. драўляных суднаў і гідратэхн. збудаванняў, у якіх праточваюць хады і разбураюць драўніну.
Цела даўж. да некалькіх дзесяткаў сантыметраў, чэрвепадобнае. На пярэднім канцы маленькая ракавіна (даўж. каля 10 мм), якая служыць для свідравання. Нага рэдукаваная. Робяць хады даўж. да 2 м, дыяметрам да 5 см. Гермафрадыты. Кормяцца планктонам, фільтруючы ваду, а таксама апілкамі. Некат. віды ядомыя ў краінах Паўд.-Усх. Азіі.
Карабельны чарвяк тэрэда ў кавалку паточанага ім дрэва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПА́Н Аляксандр Фёдаравіч (н. 6.11.1953, г. Стараканстанцінаў Хмяльніцкай вобл., Украіна),
бел. мастак; прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1979), выкладае ў ім (з 1983). Творчасці ўласцівы дакладная распрацоўка кампазіцыі, выразная рытмічнасць, каларыстычная гармонія, вытанчанасць і пластычнасць жывапіснай формы. Працуе ў жанрах нацюрморта («Кветка папараці», 1983; «Нацюрморт з фіялкамі», 1986; «Старыя самавары», нізка «Кветкі», усе 1988; «Нацюрморт з самаварам», 1989; «Шкло і вінаград», 1990; «Вэнджаная рыба», 1993; «Памяці Вівальдзі», 1995; «Нацюрморт з дыняй», 1997), партрэта («Маці», 1981; «Юнацтва», 1987), пейзажа («Сілуэты Нінбурга», 1988; «Пейзаж са старой царквой», 1990; «Элегія», 1992; «Пачатак зімы», 1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЕ́НКА Міхаіл Паліеўктавіч (28.12.1889, г.п. Вейдзелеўка Белгародскай вобл., Расія — 18.12.1976),
савецкі вучоны ў галіне электратэхнікі. Акад.АНСССР (1953, чл.-кар. 1939). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Петраградскі політэхн.ін-т (1918) і выкладаў у ім. З 1939 у Энергет. ін-це АНСССР, з 1950 заг. Ленінградскага аддз. Ін-та аўтаматыкі і тэлемеханікі АНСССР, у 1956—66 дырэктар Ін-та электрамеханікі АНСССР (Ленінград). Навук. працы па тэорыі эл. машын, метадах іх эксперым. даследавання і праектавання, па пытаннях эл. цягі на пераменным току, па пераўтварэнні пераменнага току ў пастаянны, электрадынамічным мадэляванні энергасістэм. Ленінская прэмія 1958, Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАРЫ (ад лац. quantum колькі),
у матэматычнай логіцы, аператары, што выяўляюць пры вылічэннях колькасную характарыстыку аб’ектаў, пра якія гаворыцца ў выказваннях, або іх прэдыкатаў.
Найб. важнае значэнне маюць К. агульнасці (у звычайнай мове ім адпавядаюць словы «ўсе», «усякі», «кожны», «любы», «бясконца многа» і інш.) і К. існавання («некаторы», «некалькі», «існуе», «адзіны» і інш.). У лагічных вылічэннях К. пераўтвараюць свабодныя пераменныя ў звязаныя. Аперацыю выкарыстання К. наз. падвядзеннем пад К. (вывядзеннем з-пад К.) ці квантарыфікацыяй. Над выразамі з К. можна рабіць усе аперацыі злічэння прэдыкатаў, размяркоўваць К. па членах складанага выразу, перастаўляць іх і інш. ў адпаведнасці з законамі матэматычнай логікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАТАРА́НЦТВА,
сумеснае жыццё жывёл розных відаў, заснаванае на прасторавых сувязях. Вылучаюць 3 катэгорыі К.: сінайкія, калі кватарант пасяляецца ў жыллі гаспадара (напр., у норах грызуноў і інш. рыючых жывёл, у гнёздах птушак, мурашніках і вуллях пчол); эпіайкія, калі кватаранты пасяляюцца на целе гаспадара (напр., некаторыя вусаногія, якія кормяцца планктонам, прымацоўваюцца да акул і кітоў і выкарыстоўваюць іх як сродак перамяшчэння); энтайкія, калі арганізм жыве ўнутры цела гаспадара пры адсутнасці кармавых зносін з ім (напр., дробныя рыбкі фіерастары, якія жывуць у клаацы галатурый і перыядычна выходзяць адтуль, каб карміцца рачкамі; нематоды, якія пасяляюцца ў кішэчніку коней і кормяцца інфузорыямі, якія там жывуць). Гл. таксама Каменсалізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЁЛЬНСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адзін з буйнейшых ун-таў Германіі, муніцыпальны ун-тг. Кёльн. Засн. ў 1388 на ўзор Парыжскага ун-та. У 1593 у дадатак да багаслоўскага адкрыты ф-ты: юрыд., мед. і «свабодных мастацтваў». З заснаваннем у 1777 акадэміі, ун-та ў Боне (1786) значэнне К.у. паменшылася і ў 1798 ён зачынены. У 1919 адноўлены, у ім вучылася каля 7,5 тыс. студэнтаў. У 1971 ф-ты: эканам. і сац. навук, юрыд., мед., філас., прыродазнаўча-матэм. У 1991 каля 57 тыс. студэнтаў. У складзе ун-та ін-ты, клінікі, б-ка (з 1920). Яму падпарадкаваны ін-ты эканомікі, энергетыкі, гандлю, эканам. палітыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІЗЕВЕ́ТЭР Аляксандр Аляксандравіч (22.5.1866, Пецярбург — 1933),
расійскі паліт. дзеяч, гісторык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1888), у 1909—11 праф. у ім. З 1904 чл.Саюза вызвалення і чл.ЦК партыі кадэтаў. Дэп. 2-й Дзярж. думы. У 1922 высланы з СССР. У эміграцыі быў праф.рус. гісторыі ў Пражскім ун-це. Аўтар прац па гісторыі Расіі 18—1-й пал. 19 ст.: «Пасадская абшчына ў Расіі XVIII ст.», «Дзевятнаццатае стагоддзе ў гісторыі Расіі» (абедзве 1903), «Гарадавое палажэнне Екацярыны II 1785 г.» (1909), «Гістарычныя нарысы» (1912), «Гістарычныя водгукі» (1915).
Літ.:
Шапиро А.Л. Русская историография с древнейших времен до 1917 г. 2 изд. М., 1993. С. 585—589.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІМ ЕН САМ (н. 20.12.1927, г. Пусан, Карэя),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Рэспублікі Карэя. Скончыў Сеульскі ун-т. З 1954 дэпутат Нац. асамблеі. У 1970-я г. ўзначальваў памяркоўную апазіцыю рэжыму прэзідэнта Пак Чжон Хі (лідэр Новай дэмакр. партыі). Пасля прыходу да ўлады Чон Ду Хвана (1979) пазбаўлены права займацца паліт. дзейнасцю. З 1985 разам з Кім Тэ Чжунам узначальваў рух за дэмакратызацыю ў краіне, пасля разрыву з ім (1987) далучыўся да прэзідэнта Ро Дэ У (з 1990 яго пераемнік на пасадзе лідэра Дэмакр. ліберальнай партыі). У 1993—98 прэзідэнт Рэспублікі Карэя. Праводзіў курс на барацьбу з карупцыяй у дзярж. апараце.