РУХО́МЫ ТРАТУА́Р, пасажырскі канвеер,

дапаможны від гар. транспарту для пазавулічнага перамяшчэння пешаходаў. Уяўляе сабой канвеер у выглядзе гібкай стужкі ці пласцін (звёнаў). Прымацоўваецца да цягавага ланцуга, які рухаецца на роліках са скорасцю да 6 м/с (даўж. да 100 м, шыр. стужкі да 2,6 м). Выкарыстоўваецца ў метро, грамадскіх будынках, вакзалах, аэрапортах, магазінах, стадыёнах і інш.

т. 13, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫНАСПАРЫДЫЁЗ,

хранічны мікоз жывёл і чалавека, які выклікае грыб рынаспарыдыум. У жывёл праяўляецца паліпознымі разрастаннямі на слізістай абалонцы поласці носа. На Р. хварэюць буйныя рагатыя жывёлы, коні, сабакі. Заражэнне аэрагеннае, пылавымі часцінкамі глебы і інш. У чалавека Р. бывае на слізістай абалонцы носа, гартані, вачэй, магчыма пашкоджанне ўнутр, органаў. Узбуджальнік трапляе ў арганізм праз пашкоджаныя слізістыя абалонкі. Лячэнне хірургічнае.

т. 13, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЛАКСІ́Н,

рэгулятарны бялок, які ўдзельнічае ў падрыхтоўцы арганізма цяжарнай жанчыны і самак пазваночных жывёл да родаў. Утвараецца ў жоўтым целе яечнікаў і матцы, плацэнце і мозгу. Стымулюе ўтварэнне жан. палавых гармонаў, памяншае мех. трываласць плодных абалонак, садзейнічае размякчэнню і расцяжэнню звязак паміж касцямі таза, расшырэнню канала шыйкі маткі, што аблягчае роды. Р. мозга рэгулюе працягласць цяжарнасці.

т. 13, с. 574

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕТ, Сетх,

у старажытнаегіпецкай рэлігіі і міфалогіі адзін з гал. багоў. Бог «чужых краін» (пустынь), цемры і зла, брат і забойца «добрага бога» Асірыса. У перыяд Стараж. царства (28—23 ст. да н.э.) лічыўся таксама апекуном царскай улады. Паводле міфаў, С. быў пераможаны сынам Асірыса богам Горам, які адпомсціў за бацьку і сам стаў уладаром Сусвету.

т. 14, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЦЫ́ТЫЙ (да грэч. syn разам + kytos клетка),

тып жывёльнай і расліннай тканкі з няпоўным размежаваннем адросткавых клетак. Клеткі С. размешчаны ў прасторы ў выглядзе трохмернай сеткі. У арганізме чалавека існуе адзіны «сапраўдны» С. — ч. сперматагенных элементаў у семянных семенных* канальцах яечка. У раслін С. наз. сімпласт — шмат’ядзерны пратапласт арганізма, які не мае клетачнай будовы.

А.​С.​Леанцюк.

т. 14, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДА́,

1) у цюркскіх і мангольскіх народаў першапачатковая ваенна-адм. арг-цыя або аб’яднанне некалькіх плямёнаў, лагер качэўнікаў; у сярэдневяковых цюрка-манг. феад. дзяржавах сталіца, стаўка хана. Адсюль назва дзяржаў, а таксама саюзаў качавых плямёнаў (напр., Залатая Арда, Крымская Арда).

2) Устарэлы тэрмін, які абазначае першапачатковую форму грамадскай арганізацыі чалавецтва — першабытны статак.

3) У пераносным сэнсе арда — шматлікае неарганізаванае зборышча людзей, натоўп.

т. 1, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАША́Т,

горад, у 2 ст. да н.э. — сярэдзіне 5 ст. н.э. сталіца стараж. Арменіі Вялікай. Заснаваны каля 176 да н.э. Арташэсам I, які сталіцу дзяржавы з Армавіра перанёс у пабудаваны ім Арташат. У 58 і 163 н.э. разбураны рымлянамі, у 364—68 — іранцамі. Прыйшоў у заняпад у сувязі з пераносам сталіцы Арменіі ў Дзвін. Знаходзіўся паблізу сучаснага арм. г. Арташат.

т. 1, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЗУА (Basua),

пячора ў Лігурыі (вобласць у Паўн. Італіі), дзе знойдзены сляды дзейнасці паляўнічых эпохі мусцье. У 1950 адкрыта паўн. галерэя пячоры даўж. 400 м, якая завяршалася залай. Дзякуючы яе выключнай захаванасці (уваход перагароджвала сталагмітавая пробка) выяўлены 25 адбіткаў ног неандэртальцаў, фігурны сталагміт, які завяршаўся галавой забітага пячорнага мядзведзя і служыў мішэнню для сімвалічнага рытуальнага палявання — кідання злепленых з гліны «шароў».

т. 2, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТО́Л (англ. Atoll ад мальдыўскага),

каралавы востраў, які мае форму суцэльнага або разарванага кальца, што акружае лагуну невял. глыбіні (да 100 м). Утвараюцца ў выніку росту каралавых рыфаў па перыферыі а-воў пераважна вулканічнага паходжання, якія павольна апускаюцца. Звычайна невял., іншы раз дасягаюць 50 км і больш у дыяметры. Пашыраны паасобку і архіпелагамі ў трапічных шыротах Ціхага і Індыйскага акіянаў.

Атол.

т. 2, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎРЭ́УС (ад лац. aureus залаты),

залатая старажытнарымская манета, якую пачаў выпускаць Юлій Цэзар пасля Гальскіх паходаў (58—51 да нашай эры). Сістэматычна чаканілася з часу праўлення Аўгуста (30 да нашай эры — 14 нашай эры) да праўлення Канстанціна I (306—337), які замяніў аўрэус солідам. За гэты час маса манеты зменшылася з 8,18—8,19 да 5,45—5,46 г.

Аўрэус імператара Адрыяна [117—138].

т. 2, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)