ВІ́ЛЬНЮС

(Vilnius; да кастр. 1939 Вільня),

горад, сталіца Літвы. Размешчаны на р. Нярыс (Вілія). 582 тыс. ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (стэрэамагнітафоны, персанальныя камп’ютэры, металаапр. станкі, паліўная апаратура, радыёвымяральныя прылады, электрарухавікі, гандл. абсталяванне, с.-г. машыны, інструменты і тэхнал. аснастка і інш.), лёгкая (тэкст., абутковая, футравая, трыкат., швейная), хім. (смолы, мыйныя сродкі), хім.-фармацэўтычная, харч. (мясная, малочная, кандытарская і інш.), дрэваапр. (піламатэрыялы, вытв-сць мэблі), шкляная (вітражы, посуд) прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў.

На думку літ. даследчыка К.Бугі, славяне-крывічы з’явіліся тут у 6—7 ст. і жылі цераспалосна з мясц. балцкім насельніцтвам. У 11—12 ст. тут існавала заснаванае крывічамі паселішча гар. тыпу пад назвай Крывы (ці Крывіч-горад), які пазней паводле слав. традыцыі атрымаў назву Вільня (ад р. Вільня). У 2-й пал. 11 ст. горад стаў цэнтрам Віленскага княства — феад. ўдзела Полацкай зямлі. У 1070 тут княжыў полацкі кн. Расціслаў Рагвалодавіч, пасля 1129 — яго сыны. Сярод тагачасных жыхароў Вільнюса пераважала ўсх.-слав. насельніцтва; жылі таксама тубыльцы-аўкштайты. У часы княжання Гедзіміна [1316—41] Вільнюс стаў сталіцай Вялікага княства Літоўскага. Як сталічны горад з замкам і велікакняжацкім палацам Вільнюс упершыню ўпамінаецца ў мірным дагаворы ВКЛ з Лівонскім ордэнам і г. Рыга ад 2.10.1323. У 1387 горад атрымаў права на самакіраванне паводле магдэбургскага права. З 1413 цэнтр Віленскага ваяводства. З 1416 у Вільні знаходзілася рэзідэнцыя правасл. мітрапаліта; існавалі правасл. цэрквы, адна з якіх — Мікалаеўская — пабудавана пры Гедзіміне. У канцы 15 — пач. 16 ст. ў Вільнюсе каля 10 тыс. ж. У 1511 тут дзейнічалі 14 цэркваў і 7 касцёлаў, што сведчыць пра колькасную перавагу праваслаўнага, г.зн. бел., насельніцтва. У пач. 16 ст. ў Вільнюсе (Вільні) бел. першадрукар Ф.Скарына абсталяваў друкарню, у якой выдаў «Малую падарожную кніжку» (1522) і «Апостал» (1525). Паслядоўнік Скарыны бел. друкар П.Мсціславец у 1569 заснаваў у Вільні друкарню з кірылічным шрыфтам. Тут дзейнічала друкарня Мамонічаў, у якой на царк.-слав., старабел., лац. і польск. мовах выдаваліся падручнікі, рэліг. л-ра, законы ВКЛ, у т. л. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, інш. творы бел. пісьменства. У 1579 езуіты заснавалі Віленскую акадэмію (гл. Віленскі універсітэт). У Вільні быў створаны саюз бел. і літ. шляхты супраць палітыкі абсалютызму караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II — Віленская канфедэрацыя 1716. У 1773 тут заснавана Адукацыйная камісія. З 1795 Вільня у складзе Рас. імперыі, цэнтр Літоўскай, пазней Віленскай губерні, Віленскага генерал-губернатарства. Пасля вайны 1812 у Вільні існавалі патрыят. т-вы шубраўцаў, філаматаў, філарэтаў, «прамяністых». З Вільняй звязаны пэўныя перыяды жыцця і дзейнасці А.Міцкевіча, Я.Чачота, Т.Зана, А.Кіркора, С.Манюшкі, Ф.Багушэвіча і інш. З 1855 працавала Віленская археалагічная камісія, з 1864 — Віленская археаграфічная камісія. У час паўстання 1863—64 у Вільні дзейнічаў Выканаўчы аддзел Літвы на чале з К.Каліноўскім. У 1894—95 у горадзе 286 прадпрыемстваў. Паводле перапісу 1897, у Вільні 154 532 ж. У 1902—03 культ.-асв. гурткі бел. вучнёўскай і студэнцкай моладзі Вільні ўдзельнічалі ў стварэнні бел. рэв. грамады (гл. Беларуская сацыялістычная грамада). З 1906 тут выдаваліся першыя бел. легальныя газ. «Наша доля», «Наша ніва», пазней — час. «Саха», дзейнічалі Беларускае выдавецкае таварыства, выдавецкае т-ва «Наша хата», Кухты М. друкарня. У 1906—15 у Вільні жылі бел. пісьменнікі Я.Купала, Я.Колас, Цётка, К.Буйло, З.Бядуля, Ядвігін Ш. і інш. У галіне бел. адраджэння працавалі каардынацыйныя органы бел. паліт. і грамадскіх арг-цый Беларускі народны камітэт, Віленская беларуская рада, Беларускі нацыянальны камітэт, знаходзілася кіраўніцтва Беларускай сацыял-дэмакратычнай работніцкай групы, адбылася Беларуская канферэнцыя 1918, выдаваліся газ. «Гоман» і інш. 1.1.1919 заснавана Віленская беларуская гімназія. З 27.2 да 21.4.1919 Вільня — адм. цэнтр Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. 9.10.1920 войскі пад камандаваннем ген. Л.Жалігоўскага занялі Вільню, што выклікала Віленскі канфлікт 1920—39. З кастр. 1920 Вільня у складзе Сярэдняй Літвы. У выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 Вільня стала паліт. і культ.-інтэлектуальным цэнтрам Заходняй Беларусі. У горадзе ствараліся і дзейнічалі бел. паліт. партыі, гасп.-эканам., асветныя арг-цыі, установы і т-вы. Актыўнасцю вызначаліся Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя, Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, Беларускі пасольскі клуб, Блок нацыянальных меншасцяў і інш. У 1920—30-я г. ў Вільні дзейнічалі Беларускі музей, управа Таварыства беларускай школы, Беларускі студэнцкі саюз, Беларускі сялянскі саюз, Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый. У сярэдзіне 1920-х г. тут знаходзіліся Гал. сакратарыят і ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады, выдавалася больш за 100 беларускамоўных газет і часопісаў. У Вільні жылі і працавалі А.Луцкевіч, М.Гарэцкі, Б.Тарашкевіч, У.Самойла, А.Станкевіч, С.Рак-Міхайлоўскі, І.Дварчанін, Р.Шырма, Г.Цітовіч, М.Танк, П.Сергіевіч, Я.Драздовіч і інш. 19.9.1939 Вільнюс заняты сав. войскамі. 10.10.1939 паводле сав.-літ. дагавора аб узаемадапамозе Вільня і Віленскі край перададзены Літве. У ліст. 1939 літ. адміністрацыя ўзяла Вільнюс пад кантроль. 21.7.1940 абвешчана Літоўская ССР, з 3.8.1940 яна ў складзе СССР. 25.8.1940 Вярх. Савет Літвы абвясціў Вільнюс сталіцай. Адбыўся моцны прыток у Вільнюс літ. насельніцтва. У Вял. Айч. вайну 24.6.1941 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. Аднавілася дзейнасць дасав. літ. адміністрацыі ў асобе т.зв. Літ. самакіравання. У 1941 у Вільнюсе ўзнікла бел. паліт. арг-цыяБел. нац. к-т; выдавалася газ. «Беларускі голас». Дзейнічалі бел. гімназія, настаўніцкая семінарыя, Бел. музей. Акупанты стварылі ў Вільнюсе яўр. гета (каля 42 тыс. чал.), вязні якога былі знішчаны ў 1942. Вызвалены 13.7.1944 у ходзе Вільнюскай аперацыі 1944. Пры адступленні фашысты знішчылі каля 40% жыл. фонду горада, 30% буйных прамысл. прадпрыемстваў. За час акупацыі загінула каля 70 тыс. жыхароў горада. У Вільнюсе быў створаны адзін з трох рэгістрацыйных пунктаў для жыхароў горада, якія жадалі выехаць у Польшчу. Да 10.8.1946 у Польшчу выехалі 86,9 тыс. жыхароў горада і наваколля, пазней — яшчэ каля 24 тыс. Адначасова праводзілася масавае перасяленне ў Вільнюс сялян, пераважна з этнічнай Літвы. Да пач. 1950 у горад прыбыло каля 150 тыс. новых жыхароў. Нац. склад жыхароў мяняўся ў бок паступовага павелічэння колькасці літоўскага насельніцтва. Адначасова праводзілася масавая паланізацыя беларусаў-католікаў. У пасляваен. перыяд бел. культ. і паліт. жыццё ў Вільнюсе было амаль поўнасцю спынена. Практычна ўсе бел. дзеячы і іх сем’і трапілі пад арышты і дэпартацыю.

З канца 1980-х г. Вільнюс — гал. цэнтр руху за незалежнасць Літвы (абвешчана 11.3.1991). У Вільнюсе створаны Т-ва бел. культуры (1987), клуб аматараў бел. нар. творчасці «Сябрына» і інш. З 1989 у Вільнюсе вядуцца беларускамоўныя перадачы на літ. тэлебачанні і радыё, у 1991 адноўлена выданне газ. «Наша ніва», на ф-це славістыкі Віленскага пед. ун-та дзейнічае кафедра бел. мовы, л-ры і этнакультуры. У 1993 адноўлена Т-ва бел. школы, адкрыта бел. сярэдняя школа. Дзейнічае Каардынацыйная рада Бел. згуртавання ў Літве (1992).

Цэнтр горада мае рэгулярную, новыя раёны — радыяльна-змешаную планіроўку. Стары горад (пл. 256,14 га; адзін з самых вялікіх ва Усх. Еўропе) — помнік горадабудаўніцтва і археалогіі, дзе сканцэнтравана большасць помнікаў архітэктуры, 7 плошчаў (гал. — Кафедральная), рэшткі культавага будынка сярэдзіны 13 ст. пад цяперашнім Кафедральным саборам і рэшткі вежы 13 ст. пад званіцай сабора. Арх. помнікі: Пятніцкая царква (13 ст.), Верхні замак (замак Гедзіміна, 2-я пал. 14 — пач. 15 ст.), гатычныя касцёлы св. Мікалая (1387), св. Яна (1387—1429, 16 ст.), св. Ганны (1501—80), бернардзінцаў (канец 15 ст. — 1581) і інш. Помнікі рэнесансу: Вострая Брама (1503—22) з рэшткамі гар. сцяны, Вял. двор ун-та (1570—18 ст.), алюмнат (пансіён; 1582—1622); касцёлы францысканцаў (канец 15 ст. — 1610), св. Міхала (1594—1625); св. Стафана (1600—12); жылыя дамы 16 — пач. 17 ст. на вул. Замкавай (Пілес). Помнікі барока: касцёлы св. Казіміра (1604—18, рэканструяваны 1749—55), Усіх святых (1620—31), св. Тэрэзы (1633—50), святых Пятра і Паўла на Антокалі (1668—75); палацы Слушкаў (1690—1700), Сапегаў (1691—97) і інш. У канцы 17 — сярэдзіне 18 ст. сфарміраваўся стыль т.зв. віленскага барока (арх. І.Глаўбіц, Т.Жаброўскі і інш.), да якога адносяцца касцёлы св. Кацярыны (1619—22, перабудаваны ў 1741—43) і місіянераў (1695—1730), брама Базыльянскіх муроў (1761). Будынкі класіцызму: Кафедральны сабор (перабудаваны ў 1777—1801), ратуша (1781—99, цяпер Маст. музей), палац у Верках (Вяркяй; 1781—1810, усе арх. Л.Гуцэвіч); палацы Тызенгаўзаў, Агінскіх, Тышкевічаў (18 — пач. 19 ст.). Помнікі ў стылях ампір — б. губернатарскі палац (1824—32, арх. В.Стасаў), неаготыкі — палац Радушкевічаў (1896, цяпер Дом архітэктараў), рус.-візант. — Знаменская царква (1899—1903), неабарока — дом Вілейшы (1904—06, цяпер Ін-т літ. мовы і л-ры). У 1920—30-я г. пераважала забудова ў стылях мадэрну, канструктывізму, функцыяналізму: будынак гар. т-ра (1926—29, цяпер Рускі драм. т-р Літвы), мікрараён на Антокалі (1933—35, арх. Л.Вітан-Дубейкаўскі), будынак банка (1938) і інш. Пасля 1950-х г. будынкі ўзводзіліся па тыпавых і індывід. праектах. Індывід. праекты, захоўваючы функцыян. мэтазгоднасць, прапаноўваюць больш свабодную планіроўку, пластычнасць формаў, гарманічную сувязь з наваколлем, арыгінальныя па вырашэнні інтэр’еры (Выставачны палац, арх. В.Чэканаўскас; Т-р оперы і балета Літвы, арх. Э.Бучутэ; Палац спорту і Палац шлюбу, арх. Г.Баравікас; Т-р драмы Літвы і гасцініца «Летува», арх. А. і В.Насвітысы; жылыя раёны Жырмунай, Каралінішкес, Лаздзінай і інш). Стары горад уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

У Вільнюсе знаходзяцца АН Літвы, 5 ВНУ, у т. л. ун-т, кансерваторыя. Б-кі: Літоўская Нацыянальная бібліятэка імя Мажвідаса, Бібліятэка цэнтральная Акадэміі навук Літвы, Вільнюскага універсітэта бібліятэка. 12 музеяў, у т. л. этнагр., архітэктуры, мастацкі з філіяламі — Карціннай галерэяй, Музеем т-ра і музыкі і інш. Філармонія. Т-ры: оперы і балета, драмы, рус. драм., моладзі, лялечны.

З 14 ст. Вільнюсу належыць важная роля ў развіцці бел. мастацтва. Працы бел. мастакоў з Вільні, абразы віленскага паходжання сведчаць пра існаванне ў 15 ст. жывапіснай школы візант. арыентацыі. Закладзеныя Скарынам традыцыі маст. афармлення кнігі прадоўжыла Віленская школа гравюры. З віленскай брацкай Святадухаўскай друкарняй звязана дзейнасць гравёраў П.Камара, Я.Лапацінскага, Я.Перлі. Многія віленскія архітэктары і мастакі працавалі на Беларусі (І.Глаўбіц, Л.Гуцэвіч, П.Перці, І.Шрэтар, М.Шульц і інш.), майстры з бел. зямель — у Вільнюсе (архітэктар і матэматык Т.Жаброўскі, разьбяр Г.Кунтцан, архітэктары Т.Лянкевіч і К.Падчашынскі, мастак Т.Макоўскі). З 16 ст. ў В. існавала першая на Беларусі школа маст. адукацыі ў езуіцкай Віленскай акадэміі, пры ёй М.Радзівілам Сіроткам была створана друкарня. На маст. кафедрах Віленскага ун-та ў канцы 18 — 1-й трэці 19 ст. атрымалі адукацыю многія мастакі, выхадцы з Беларусі (гл. Віленская мастацкая школа). У 1866—1914 існавала Віленская школа малявання. Значны ўклад у маст. жыццё Вільні зрабілі Віленскі мастацкі гурток (1901—08) і Віленскае мастацкае таварыства (1908—15). У гэты час ладзіліся маст. выстаўкі з удзелам многіх мастакоў з Беларусі, найб. значная з іх (1910) паказала творы навучэнцаў школ Полацка, Віцебска, Маладзечна, Гродна, Слоніма і інш. На з’ездзе настаўнікаў графічных мастацтваў і рамёстваў Віленскай навуч. акругі (1912) прыняты зварот-прапанова да навучэнцаў школ Беларусі і Літвы рабіць замалёўкі помнікаў архітэктуры і памятных мясцін. У 1920—39 у Вільні канцэнтравалася маст. жыццё Зах. Беларусі. Тут жылі і працавалі мастакі М.Васілеўскі, Я.Горыд, Я.Драздовіч, Н.Сасноўская, Р.Семашкевіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, В.Сідаровіч, К.Чурыла, П.Южык і інш., у творчасці якіх выявіўся бел. рамантызм, звязаны з ідэямі нац. адраджэння. Выдаваліся шматлікія ілюстраваныя перыяд. выданні і кнігі. Значную ролю адыгрываў сатыр. часопіс «Маланка» (1926—28), дзе змяшчаліся малюнкі бел. мастакоў. Цэнтрам падрыхтоўкі маст. кадраў быў ф-т прыгожых мастацтваў Віленскага ун-та, якім кіраваў праф. Ф.Рушчыц. У фондах Беларускага музея імя І.Луцкевіча ў Вільні была сабрана вял. калекцыя твораў стараж. бел. мастацтва. У 1950—90-я г. ў Літоўскай АМ атрымалі адукацыю педагогі і мастакі А.Аблажэй, І.Васільеў, А.Куцікаў, А.Лось, Д.Раманюк і інш. У Вільнюсе жывуць і працуюць бел. мастакі: А.Аблажэй, А. і К.Балаховічы, С.Зялёнка, У.Кузьменка, У.Падбярэзскі, А. і С.Поклады і інш. З 1991 дзейнічае Аб’яднанне бел. мастакоў краін Балтыі «Маю гонар». Рэгулярна адбываюцца маст. выстаўкі.

Літ.:

Архитектура Вильнюса: [Альбом]. Вильнюс, 1982.

Ю.Шаўцоў (гісторыя пасля 1939), С.В.Харэўскі (архітэктура, бел. мастацкае жыццё ў Вільнюсе).

т. 4, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРАДЖЭ́ННЕ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ,

заканамернасць у гіст. развіцці асобных народаў, якая выяўляецца ў паскораным руху да больш высокага ўзроўню грамадскага быцця, культуры і нац. свядомасці пасля перыяду застою альбо ўпадку. Адраджэнне нацыянальнае неабходна адрозніваць ад Рэнесансу — еўрап. культ.-гіст. эпохі на сумежжы сярэднявечча і Новага часу (гл. Адраджэнне). Феномен гуманіст. Адраджэння характэрны для тых рэгіёнаў, гіст. працэсы ў якіх пазначаны адноснай стабільнасцю і паступальнасцю развіцця. Адраджэнне нацыянальнае, наадварот, выяўляецца пераважна ў тых народаў Усх. Еўропы, у славянскім, азіяцкім і афрыканскім рэгіёнах, гіст. працэсы ў якіх характарызуюцца нераўнамернасцю і катастрафічнасцю. У полі зроку Адраджэння нацыянальнага як заканамернай сусв.-гіст. з’явы, якая паўтараецца ў пэўным «гістарычным рытме», Рэнесанс бачыцца як яго этап, на якім адбываецца станаўленне нац. дзяржаў, нац. культур і моў.

Прыкметы раннехрысц. адраджэння (станаўленне дзяржавы і прававых інстытутаў, высокі ўзровень дойлідства, ужытковага і царк. выяўл. мастацтва, асветніцтва Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага) з’явіліся на Беларусі ў 11—13 ст. у выніку творчага парыву маладога этнасу і ўплыву вытанчанай эліністычнай культуры Візантыі. Бел. грамадска-паліт. і творча-культ. ўзлёт у 16—1-й пал. 17 ст. (кнігадрукаванне і асветніцтва Ф.Скарыны, высокі ўзровень правасвядомасці, зафіксаваны ў Статутах ВКЛ 1529, 1566, 1588, развіццё свецкай л-ры і мастацтва, дзяржаўнасць бел. мовы) абумоўлены бел. дзяржаўнасцю, культ. сувязямі з Зах. Еўропай, уплывам гуманіст. светапогляду. Ва ўмовах упадку (2-я пал. 17—18 ст.) і ліквідацыі (канец 18 — пач. 20 ст.) бел. дзяржаўнасці нац. культура развівалася, набывала новыя, свецкія формы (архітэктура, тэатр, лацінская і польскамоўная л-ра, асв. філасофія), аднак паступова была адсунута афіц. польскай і рус. культурамі на этнагр., часткова царк.-прыходскі ўзровень. Парадокс бел. гісторыі і культуры ў тым, што т.зв. «адсталасць» і «забітасць» карэнных беларусаў, пераважна сялянства, дазволілі захаваць генет. «ядро» самабытнай нар. культуры, якое пазней стала асновай Адраджэння нацыянальнага. Традыц. этн. культура і яе носьбіты былі выключаны са сфер афіц. функцыянавання і праз гэту сваю ізаляванасць пазбеглі дэнацыяналізацыі, растварэння ў афіц. польск. і рус. культурах. Пад прэс паланізацыі і русіфікацыі трапілі толькі «вяршкі» культуры, яе афіцыйная функцыян. частка — школа, друк, некаторыя прафес. віды і жанры мастацтва, сферы дзярж. кіравання — тое, з чаго фактычна была выключана асн. частка бел. народа.

Бел. Адраджэнне нацыянальнае пачалося ў 19 ст. і прайшло некалькі этапаў. Чарговыя хвалі ўздыму ў неспрыяльных умовах змяняліся спадам, што дазваляе гаварыць пра адносную самастойнасць кожнага з гэтых этапаў, бо яны адрозніваліся сваімі мэтамі і вынікамі, грамадскімі сіламі і духоўнымі імпульсамі, якія выклікалі адраджэнцкі рух. Першы этап пачаўся ў рэгіёне ўплыву Віленскага ун-та як літаратурнае асветніцтва ліберальна-рамант. кірунку: яго дзеячы, пісьменнікі і публіцысты на сумежжы польск. і бел. культур (Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, Р.Падбярэскі, В.Дунін-Марцінкевіч і інш.) марылі пра аднаўленне гіст. пройдзенай рэальнасці — Рэчы Паспалітай на канфедэратыўных асновах. Пасля задушэння паўстання 1863—64, паліт. рэакцыі і застою ў апошняй чвэрці 19 ст. пачаўся другі этап Адраджэння нацыянальнага — пераважна мірнага руху, нацэленага на выхаванне самасвядомасці народа, развіццё яго мовы, л-ры, інш. відаў мастацтва, грамадскай думкі, на стварэнне незалежных ад улад сац.-культ. структур — аматарскіх і прафес. суполак, партый, нац. друку, кнігавыдавецтваў, набліжэння школы і царквы да традыцый нац. культуры. Прарокам новай хвалі Адраджэння нацыянальнага быў Ф.Багушэвіч, які вызначыў сутнасць бел. нац. ідэі. За нац. самавызначэнне выступіў падп. час. «Гомон». Пасля рэв. 1905—07 рух набыў масавы характар і даў значныя вынікі — нац. класічную л-ру (творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, А.Гаруна і інш.), развіццё кнігадрукавання і бел. перыяд. друку («Наша ніва», «Наша доля», «Маладая Беларусь» і інш.), станаўленне нац. школы ў тэатр., муз. і інш. відах мастацтва, арг-цыя нац. паліт. партый і рухаў, пачатак бел. асветы. Завяршальным звяном гэтага этапу Адраджэння нацыянальнага была барацьба за паліт. самавызначэнне беларусаў і абвяшчэнне суверэннай Беларускай Народнай Рэспублікі (1918). Ва ўмовах БССР Адраджэнне нацыянальнае выявілася ў практычным ажыццяўленні ў 1920-я г. палітыкі беларусізацыі, у выніку якой створаны нац. школа, навука, масавы друк, тэатральнае, выяўл., муз. і інш. прафес. віды мастацтва, нац. эканоміка і структура дзярж. кіравання. Новы этап Адраджэння нацыянальнага, пераважна на ўзроўні літ.-маст. творчасці грамадскай думкі, пачаўся ў 2-й пал. 1950-х г. ва ўмовах частковага пераадолення вынікаў бальшавіцка-сталінскай палітыкі: бел. культура набыла сусв. вядомасць, адраджаліся яе страчаныя, забароненыя і разбураныя пласты, даследаваліся культ. традыцыі. Аднак у 1970—80-я г. склалася небывала цяжкае становішча ў бел. культуры ў выніку разбурэння крыніц, што жывілі яе (жывое бытаванне нац. мовы ў грамадстве, фальклор і інш. віды аўтэнтычнай культуры). Перспектывы чарговага этапу Адраджэння нацыянальнага залежаць ад рэалізацыі ідэй нац. суверэнітэту, замацаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і інш. заканад. актах краіны.

Літ.:

Богданович М. Белорусское возрождение. М., 1916 (факс. выд. Мн., 1991);

Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. 2 выд. Мн., 1921;

Шантыр Ф. Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусаў і Самаадзначэння народу. Слуцк, 1918 (факс. выд. Мн., 1992).

У.М.Конан.

т. 1, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАТО́МІЯ

(ад грэч. anatomē рассячэнне, расчляненне),

навука пра форму і будову асобных органаў, сістэм і арганізма ў цэлым; раздзел марфалогіі. Адрозніваюць анатомію чалавека (антрапатомію), анатомію жывёл (заатомію) і анатомію раслін (фітатомію). Самастойнай з’яўляецца параўнальная анатомія жывёл. Разам з фізіялогіяй анатомія складае аснову тэарэт. і практычнай медыцыны і ветэрынарыі.

У сваім развіцці анатомія чалавека і жывёл як навука прайшла шэраг этапаў. Першапачатковы, апісальны, этап узнік пры выкарыстанні метаду расчлянення, калі збіраліся і апісваліся факты пра будову цела чалавека і жывёл. Заснавальнік яе — фламандзец А.Везалій (16 ст.). Апісальную анатомію падзяляюць на сістэматычную (вывучае органы па сістэмах), тапаграфічную (разглядае будову і форму органаў і іх узаемаразмяшчэнне) і пластычную (даследуе статыку і дынаміку вонкавых формаў цела). Новы этап у развіцці анатоміі — функцыянальны — тлумачэнне назапашаных фактаў з пункту гледжання антагенезу і філагенезу і функцыянальнага назначэння органаў і сістэм. Сучасны этап — эксперыментальны — аналіз структурна-функцыянальнай арганізацыі органаў і сістэм у сувязі з рознымі фактарамі навакольнага асяроддзя. Вылучаюць таксама анатомію дынамічную, узроставую, мікраскапічную (гісталогія і цыталогія) рэнтгенаанатомію і інш. Заснавальнікі анатоміі: Арыстоцель, К.Гален, Везалій, Леанарда да Вінчы, У.Гарвей і інш. У Расіі найб. значныя даследаванні ў 18—19 ст. па пытаннях будовы і функцыі страўніка (А.П.Пратасаў), будовы нырак (А.М.Шумлянскі), стварэнні тапаграфічнай анатоміі (М.І.Пірагоў), рус. анат. тэрміналогіі (М.І.Шэін). У 19 ст. засн. першая рус. анат. школа (П.А.Загорскі, 1807), складзены анатамічны слоўнік (Н.М.Амбодзік-Максімовіч). Прагрэсу анат. навукі спрыялі таксама працы П.С.Лесгафта, Дз.М.Зёрнава, У.А.Беца, В.П.Вараб’ёва, У.М.Танкова, Дз.А.Жданава, Б.М.Долга-Сабурава і інш.

На Беларусі 1-е анатаміраванне цела праведзена ў 1586 у Гродне для ўдакладнення прычыны смерці караля Стафана Баторыя. Станаўленне сучаснай анат. навукі звязана з арганізацыяй у 1921 кафедры анатоміі на мед. ф-це БДУ. Заснавальнік — С.І.Лябёдкін, які стварыў нац. школу марфолагаў. Н.-д. работа вядзецца на кафедрах анатоміі Віцебскага, Гомельскага, Гродзенскага, Мінскага мед. ін-таў, Бел. акадэміі фізічнай культуры і спорту, у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, БДУ і інш. Значную ролю ў развіцці анатоміі адыгралі працы Д.М.Голуба па праблемах эмбрыягенезу чалавека і жывёл, вывучэнні структурнай арганізацыі вегетатыўнай нерв. сістэмы, нерв. шляхоў і дапаўняльных цэнтраў інервацыі. Высветлена анатомія сімпатычнага ствала, нерваў наднырачнікаў, крывяносных сасудаў і інш. органаў (А.С.Леанцюк, А.П.Амвросьеў, П.І.Лабко і інш.). Даследуюцца будова лімфатычных сасудаў касцей і суставаў (У.І.Ашкадзёраў), касцявы і перапончаты лабірынты чалавека і жывёл (З.І.Ібрагімава), узроставыя асаблівасці галаўнога мозга чалавека і яго артэрыяльных сасудаў (А.М.Габузаў). Існуе навук. т-ва анатамаў, гістолагаў і эмбрыёлагаў.

Літ.:

Анатомия человека. Т. 1—2. 2 изд. М., 1993;

Акаевский А.И. Анатомия домашних животных. 3 изд. М., 1975.

П.І.Лабко.

т. 1, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕРА́ТАРСКАЕ МАСТА́ЦТВА,

від творчасці ў кінематаграфіі і на тэлебачанні, майстэрства сродкамі кіназдымкі рэалізаваць ідэі літаратурнага сцэнарыя і творчай задумы рэжысёра.

Узнікла і развілося са станаўленнем кінамастацтва. Першыя здымкі ажыццявілі ў Францыі ў 1895 браты Люм’ер. З развіццём кінематографа фарміраваліся і выяўл. сродкі аператарскага мастацтва: кампазіцыя кадра, прасторы, асвятленне, ракурс, прыёмы дынамічнай здымкі, аптычны малюнак кадра, святлотанальнае і колеравае вырашэнне эпізодаў. Значныя работы з’явіліся ў Італіі, ЗША, Германіі, Швецыі, Даніі. У 1920-я г. фарміравалася сав. школа аператарскага мастацтва (Э.Цісэ, А.Галаўня, А.Масквін, Д.Дэмуцкі і інш.). У 1920—30-я г. ў стварэнні цэласнага выяўл. вобраза фільма вызначыліся франц. аператары Ж.Перыналь, Р.Матэ, Б.Каўфман, амер. Дж.Арналд, Б.Рэйналдс, Х.Расан; у распрацоўцы і выкарыстанні колеру ў кіно — амер. аператар Р.Рэнахен, сав. аператар Ф.Правораў.

У 1930-я г. са з’яўленнем гуку кінааператары асвойвалі новыя маст.-творчыя тэхналогіі і формы выяўл. арганізацыі матэрыялу. Павялічылася ўвага да псіхал. партрэтных характарыстык персанажаў. У 1940—60-я г. стылістыка майстроў зах. кінематографа выявілася ў творчай практыцы неарэалізму. Аператары франц. «новай хвалі» выкарыстоўвалі здымкі рухомай камерай у натуральным асяроддзі, імправізаваную кампазіцыю кадра. На аснове новай тэхнікі, матэрыялаў і тэхналогій 1960—90-х г. пашырылася фарміраванне індывід. стыляў у аператарскім мастацтве. Сярод найб. вядомых майстроў: Г.Толанд, Х.Уэкслер, Л.Ковач, Дж.Тэйлар (ЗША), Ю.Стрындберг, С.Нюквіст (Швецыя), Э.Рышар, Н.Альмендрас, П.Глен (Францыя), В.Старара, Т.Дэлі Колі, Дж.Ратуна, П. дэ Сантыс, Л.Таволі (Італія), Дж.Олкат, Дж.Ансварт, Д.Слокам (Вялікабрытанія), Л.Ахвледзіяні, А.Булінскі, К.Кыдыраліеў, П.Лебешаў, Р.Масальскі, М.Мусаеў, В.Нікалаеў, Л.Пааташвілі, М.Піліхіна, Г.Рэрберг, Ю.Сіларт, С.Урусеўскі, Х.Файзіеў, В.Юсаў (СССР).

На Беларусі першыя маст. фільмы ў 1920—30-я г. здымалі аператары Д.Шлюглейт («Лясная быль»), М.Казлоўскі («Хвоі гамоняць»), Н.Навумаў-Страж («Жанчына»), А.Кальцаты («Першы ўзвод»), Б.Рабаў («Двойчы народжаны»). Сталым аператарскім мастацтвам вызначаюцца лепшыя фільмы канца 1940—50-х г., якія знялі А.Булінскі («Дзеці партызана»), А.Гінцбург («Канстанцін Заслонаў»), Г.Удавянкоў («Міколка-паравоз»), У.Акуліч («Гадзіннік спыніўся апоўначы»), А.Аўдзееў і І.Пікман («Дзяўчынка шукае бацьку»). Выкарыстанне з сярэдзіны 1950-х г. шырокіх і шырокафарматных экранаў павялічыла выяўл. магчымасці аператарскага мастацтва. У 1960—80-я г. аператарскае мастацтва бел. майстроў вызначалі паэт. светаадчуванне (А.Забалоцкі — «Праз могілкі», «Альпійская балада»), псіхалагізм і выразнасць кампазіцыі (Ю.Марухін — «Магіла льва», «Паводка»), тонкае адчуванне прыроды (Дз.Зайцаў — «Рудабельская рэспубліка», «Людзі на балоце»), дакладнае адчуванне колеру (Э.Садрыеў — «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава», «Хлеб пахне порахам»), дынамізм і лірызм (Т.Логінава — «Вянок санетаў», «Дзікае паляванне караля Стаха»), завершанасць кампазіцыйных рашэнняў (Ю.Ялхоў — «Раскіданае гняздо», «Франка — жонка Хама»).

Г.В.Ратнікаў.

т. 1, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВІЦКІ РАЁН,

на Пн Брэсцкай вобласці Беларусі. Утвораны 15.1.1940 як Навамышскі, з 1957 Баранавіцкі раён. Пл. 2,2 тыс. км². Нас. 52,8 тыс. чал. (1995), гарадскога 5%. Сярэдняя шчыльн. 24 чал./км². Цэнтр — г. Баранавічы; гар. пас. Гарадзішча, 244 сельскія нас. пункты. Падзяляецца на 21 сельсавет: Велікалуцкі, Вольнаўскі, Гірмантаўскі, Жамчужненскі, Карчоўскі, Каўпеніцкі, Крошынскі, Ляснянскі, Малахавецкі, Мілавідскі, Моўчадскі, Мядзеневіцкі, Навамышскі, Падгорнаўскі, Паланэчкаўскі, Палонкаўскі, Пачапаўскі, Петкавіцкі, Сталовіцкі, Уцёскі, Цешаўлянскі.

Тэрыторыя раёна ў межах Навагрудскага ўзвышша і Баранавіцкай раўніны. Паверхня ўзгорыста-раўнінная. Пераважаюць выш. 180—240 м, самы высокі пункт 267 м (каля в. Зялёнае). Карысныя выкапні: торф, буд. пяскі, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-ра студз. -6,1 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 630 мм за год. Вегетац. перыяд 193 дні. Найб. рака — Шчара з прытокамі Мышанка, Лахазва, Іса, на Пнр. Сэрвач, на ПнЗ — Моўчадзь. Вадасховішча Гаць. Азёры Калдычэўскае і Дамашэўскае. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфяна-балотныя глебы. Пад лясамі 33% тэрыторыі, найб. масівы на ПдЗ і З. Пераважаюць хваёвыя, яловыя, бярозавыя лясы. Балотаў 18,7 тыс. га, амаль усе нізінныя, часткова асушаныя. На тэр. раёна біял. заказнік Баранавіцкі.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 94,2 тыс. га, з іх асушана 18,6 тыс. га. На 1. 1.1995 у раёне 19 калгасаў і 11 саўгасаў, 5 птушкафабрык, 1 міжгасп. прадпрыемства. Асн. с.-г. галіны: мяса-малочная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінагадоўля, авечкагадоўля), птушкагадоўля, бульбаводства; вырошчваюць цукр. буракі, збожжавыя, лён, агародніну. Прадпрыемствы паліўнай (брыкет), дрэваапр. (піламатэрыялы, зрубы садовых домікаў), харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Брэст—Мінск, з Баранавіч на Ліду, Слуцк, Лунінец, Слонім; аўтадарогі Брэст—Мінск, Кобрын—Івацэвічы—Стоўбцы, Баранавічы—Слонім—Гродна, з Баранавіч на Навагрудак, Ляхавічы, Нясвіж. У раёне тэхнікумы тэхналагічны і лёгкай прам-сці, вучылішчы медыцынскае, музычнае, педагагічнае; ПТВ, 18 базавых, 26 сярэднеагульнаадук. школ, дзіцячая спарт. школа, 35 дашкольных устаноў, 67 б-к, 5 бальніц. Зоны адпачынку: турбаза «Лясное возера», дзіцячы аздараўленчы цэнтр «Дружба». Помнікі прыроды: Карчоўскія дубы-блізняты, Камень філарэтаў. Помнікі архітэктуры: касцёл Сэрца Ісуса (19—20 ст.), царква Іаана Хрысціцеля (18 ст.) у в. Сталовічы; палац кн. Канстанціна Радзівіла (канец 18 ст.пач. 19 ст.), Юр’еўскі касцёл (19 ст.) у в. Паланэчка; Праабражэнскі касцёл (пач. 19 ст.) і Праабражэнская царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Новая Мыш; Крыжаўзвіжанская царква і касцёл (18 ст.) у г.п. Гарадзішча. Мемарыяльная капліца на месцы Мілавідскай бітвы 1863 каля в. Мілавіды. Баранавіцкі краязнаўчы музей. Выдаецца газета «Наш край».

С.І.Сідор.

т. 2, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСІЯМАТЫ́ЧНЫ МЕ́ТАД,

спосаб пабудовы навук. тэорыі ў выглядзе сістэмы пастулатаў (аксіём) і правіл вываду (аксіяматыкі), што дае магчымасць логікавымі разважаннямі атрымліваць сцвярджэнні (тэарэмы) дадзенай тэорыі.

Узнік у работах стараж.-грэч. матэматыкаў. Напр., у «Асновах» Эўкліда праведзена ідэя атрымання асн. зместу геаметрыі з невялікай колькасці аксіём, праўдзівасць якіх лічыцца відавочнай. Адкрыццё ў 19 ст. неэўклідавых геаметрый стымулявала ўзнікненне праблем больш агульнага характару (напр., несупярэчлівасці, паўнаты і незалежнасці той ці інш. сістэмы аксіём). Гэта адкрыла шлях да фармалізаванага развіцця тэорый: пошуку інш. сістэм паняццяў (тэорый, галін ведаў), якія падпарадкоўваюцца тым жа аксіёмам, выяўлення новых інтэрпрэтацый пэўнай сістэмы аксіём, што дало магчымасць адкрываць новыя навук. факты. Д.Гільберт і яго школа спадзяваліся на аснове аксіяматычнага метаду вырашыць гал. пытанні абгрунтавання матэматыкі. Аднак вынікі аўстр. і амер. матэматыка і логіка К.Гёдэля (1931) выявілі неажыццявімасць гэтай праграмы, напр. тэарэма аб непаўнаце арыфметыкі сведчыць аб абмежаванасці аксіяматычнага метаду. У 20 ст. дзякуючы развіццю матэматычнай логікі стала магчымым аксіяматызаваць тыя сродкі логікі, з дапамогай якіх выводзяцца адны сцвярджэнні аксіяматычнай тэорыі з інш. яе сцвярджэнняў, што мае істотнае значэнне для аўтаматызацыі разумовай працы.

Сучасныя навук. тэорыі, пабудаваныя пры дапамозе аксіяматычнага метаду, наз. дэдуктыўнымі. Усе паняцці такіх тэорый (акрамя фіксаванай колькасці першапачатковых) уводзяцца пры дапамозе вызначэнняў, якія выражаюць іх змест праз першапач. паняцці. У той ці інш. меры дэдуктыўныя доказы, характэрныя для аксіяматычнага метаду, выкарыстоўваюцца ў многіх навуках, найб. у матэматыцы, логіцы, некаторых раздзелах фізікі, біялогіі і інш. Тэорыі, пабудаваныя пры дапамозе аксіяматычнага метаду, нярэдка маюць выгляд фармалізаваных сістэм, якія даюць дакладнае апісанне лагічных сродкаў вываду тэарэм з аксіём. Доказ такой тэорыі ўяўляе сабой паслядоўнасць формул, кожная з якіх з’яўляецца аксіёмай або атрымліваецца з папярэдніх формул па адным з прынятых правіл вываду. У адрозненне ад такіх фармальных доказаў уласцівасці самой фармальнай сістэмы ў цэлым вывучаюцца змястоўнымі сродкамі метатэорыі. Асн. патрабаванні да аксіяматычных фармальных сістэм: несупярэчлівасць, паўната, незалежнасць аксіём. Аксіяматычны метад — адзін з метадаў пабудовы навук. ведаў, які мае абмежаванае выкарыстанне, бо патрабуе высокага ўзроўню развіцця навук. тэорыі. Нават некаторыя дастаткова багатыя навук. тэорыі (напр., арыфметыка натуральных лікаў) не дапускаюць поўнай аксіяматызацыі. Гэта сведчыць аб немагчымасці поўнай фармалізацыі навук. ведаў.

Літ.:

Садовский В.Н. Аксиоматический метод построения научного знания // Философские вопросы современной формальной логики. М., 1962;

Столл Р. Множества. Логика: Аксиоматич. теории.: Пер. с англ. М., 1968;

Новиков П.С. Элементы математической логики. 2 изд. М., 1973.

Р.Т.Вальвачоў, У.К.Лукашэвіч.

т. 1, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІМНА́ЗІЯ,

сярэдняя агульнаадукацыйная навуч. ўстанова (звычайна гуманітарна-філал. кірунку). Тэрмін запазычаны са Стараж. Грэцыі (гл. Гімнасій). Упершыню гімназіяй была названа сярэдняя школа, адчыненая ў 1538 у Страсбуры (Францыя). У 16—18 ст. гімназіі ўзніклі ў многіх гарадах Германіі. У 19 ст. гімназіямі звычайна называлі сярэднія школы з адносна трывалым курсам навучання, дзе гал. ўвага аддавалася вывучэнню помнікаў класічнай л-ры. Назву гімназіі мелі адпаведныя навуч. ўстановы большасці краін Еўропы, у т. л. Расіі. Яны былі найб. пашыраным тыпам сярэдняй школы, арыентаванай гал. чынам на шырокую інтэлектуальную адукацыю. У 2-й пал. 19 — 1-й пал. 20 ст. ўзніклі разнавіднасці гімназіі: рэальныя, новых моў, прыродазнаўча-матэматычныя і інш. У многіх краінах гімназіі захоўваюць значэнне адзінай сярэдняй навуч. ўстановы, якая дае права паступлення ва ун-т.

На Беларусі гімназіі дзейнічаюць з пач. 19 ст. У 1804 у гімназіі пераўтвораны гал. нар. вучылішчы. Паводле «Статута навучальных устаноў Віленскай навучальнай акругі» (1803) гімназіі адкрыты ў Мінску (1803), Свіслачы (1807), Віцебску (1808), Магілёве (1809), Слуцку (1827), Гродне (1834), Жыровічах. Статут 1864 прадугледжваў 3 тыпы гімназій з 8-гадовым курсам навучання: класічныя з грэч. і лац. мовамі, класічныя з лац. мовай (давалі права паступлення ва ун-ты і інш. ВНУ), рэальныя, без стараж. моў (у большым аб’ёме выкладалася прыродазнаўства, што давала права паступлення ў вышэйшыя тэхн. навуч. ўстановы). У 1870 у гімназіі перайменаваны жаночыя вучылішчы Мін-ва нар. асветы з 6-гадовым курсам навучання. З 1872 рэальныя гімназіі пераўтвораны ў рэальныя вучылішчы. На Беларусі да 1913 дзейнічалі жаночыя дзярж. гімназіі ў Гомелі, Мінску, Бабруйску, Брэсце, Віцебску, Ваўкавыску, Пінску, Клімавічах, Мазыры, Полацку, Слуцку і інш. На 1.1.1915 было 14 дзярж. і 5 прыватных мужчынскіх, 17 дзярж. і 23 прыватныя жаночыя гімназіі. У 1918 на сав. тэр. Беларусі гімназіі скасаваны. У Зах. Беларусі ў 1917 — пач. 1920-х г. Адкрыта 6 прыватных бел. гімназій: Будслаўская беларуская гімназія, Віленская беларуская гімназія, Клецкая, Навагрудская, Нясвіжская, Радашковіцкая. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. бел. гімназіі ў Зах. Беларусі закрыты польск. ўладамі. У Гродне, Навагрудку, Брэсце, Баранавічах, Пінску, Ваўкавыску, Пружанах, Маладзечне, Стоўбцах і інш. гарадах Зах. Беларусі дзейнічалі польскія гімназіі. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР (1939) гімназіі як тып навуч. ўстановы былі скасаваны. У 1920—30-я г. ў Латвіі дзейнічалі Дзвінская і Люцынская дзярж. бел. гімназіі. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. на Беларусі зноў пачалі стварацца гімназіі. У 1996/97 навуч. г. ў Рэспубліцы Беларусь працавала 68 гімназій (63,5 тыс. вучняў). Сучасныя гімназіі — сярэднія агульнаадук. ўстановы з павышаным узроўнем навучання.

т. 5, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ РАЁН,

на У Гомельскай вобл. Утвораны 8.12.1926. Пл. 2,1 тыс. км². Нас. 73,6 тыс. чал. (1996), гарадскога 3,9%. Сярэдняя шчыльн. 35 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Гомель, рабочы пас. Бальшавік, 188 сельскіх нас. пунктаў, 25 сельсаветаў: Аздзелінскі, Бабовіцкі, Глыбоцкі, Грабаўскі, Давыдаўскі, Даўгалескі, Дзятлавіцкі, Зябраўскі, Красненскі, Маркавіцкі, Пакалюбіцкі, Прыбарскі, Прыбыткаўскі, Рудня-Марымонаўскі, Старабеліцкі, Улукаўскі, Урыцкі, Целяшоўскі, Цярухскі, Цярэніцкі, Цярэшкавіцкі, Шарпілаўскі, Чарацянскі, Чанкаўскі, Яромінскі. Раён моцна пацярпеў у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986).

Раён размешчаны ў межах Гомельскага Палесся, паўн.-зах. частка — у межах Чачорскай раўніны. Паверхня пераважна нізінная, выш. 120—140 м, найвыш. пункт 160,3 м (каля в. Зябраўка). Карысныя выкапні: торф, гліны для грубай керамікі, пясок. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 590 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Асн. рака Сож з прытокамі Іпуць, Вуць, Церуха, Уза. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярнова і дзярнова-карбанатныя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 34,9% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя, бярозавыя і дубовыя. Пад балотамі 14,1 тыс. га, найб. масівы — Кабылянскае балота, Вадапой, Жарэбна-Конскае балота.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 95 тыс. га, з іх асушаных 33,9 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 14 калгасаў, 19 саўгасаў, 3 птушкафабрыкі, саўгас «Цяплічны», 8 дапаможных гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, агародніцтва, бульбаводства. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, шкляной, харч. і паліўнай прам-сці. Гомель — чыг. вузел, напрамкі на Мазыр, Жлобін, Навазыбкаў (Расія), Бахмач, Чарнігаў (Украіна); аўтадарогі на Магілёў, Бабруйск, Калінкавічы, Чарнігаў, Навазыбкаў. Суднаходства па р. Сож. У раёне (без Гомеля) 2 ПТВ, 24 сярэднія, 13 базавых і 7 пач. школ, 9 муз. школ, школа-інтэрнат, 38 дашкольных устаноў, 43 клубы і дамы культуры, 48 б-к, 7 бальніц, 38 фельч.-ак. пунктаў. Курорт Чонкі, турбаза «Сож». Помнікі архітэктуры: царква (1-й пал. 19 ст.) у в. Гадзічава; царква Раства Багародзіцы (1881) і будынак царк.-прыходскай школы (канца 19 ст.) у в. Глыбоцкае; парк (2-й пал. 19 ст.) у в. Грабаўка; сядзібны дом («паляўнічы домік», 2-й пал. 19 ст.) у в. Каралёўка; паштовая станцыя (2-й пал. 19 ст.) за 3 км на У ад в. Сеўрукі; Мікалаеўская царква (1-й пал. 18 ст.) і сядзіба (канца 18 — пач. 19 ст.) у в. Старая Беліца; Успенская царква (1865—68) у в. Чарацянка. Помнік абаронцам Гомеля ў пачатку Вял. Айч. вайны ў в. Пакалюбічы. Выдаецца газ. «Маяк».

Г.С.Смалякоў.

т. 5, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАШЫНГТО́Н

(Washington),

горад, сталіца Злучаных Штатаў Амерыкі. Размешчаны на Атлантычным узбярэжжы, паміж штатамі Мэрыленд і Віргінія, на ўсх. беразе р. Патомак, пры ўпадзенні ў яе р. Анакостыя. Вылучаны ў асобную федэральную акругу Калумбія (пл. 178 км²). Нас. ў межах акругі 585,2 тыс. ж., з прыгарадамі ў суседніх штатах 3,92 млн. ж. (1992). Буйны трансп. вузел: 5 магістральных чыгунак, аўтадарогі, 2 аэрапорты (Вашынгтонскі нац. і Міжнар. імя Дж.Ф.Далеса). Рачны порт. У Вашынгтоне знаходзіцца рэзідэнцыя прэзідэнта ЗША (Белы дом), кангрэс (Капітолій), вярх. суд, дзярж. дэпартамент, ваеннае мін-ва (Пентагон) і інш. дзярж. ўстановы. Асн. частка насельніцтва на дзярж. службе, у сферы паслуг, гандлі і фінансах. Буйны цэнтр паліграф. і харч. прам-сці. Машынабуд. (пераважна ў прыгарадах), у т. л. радыёэлектронная (вытв-сць ЭВМ, сродкаў сувязі), ракетна-касм., прыладабуд., ваенная прам-сць. Вытв-сць медыкаментаў. Дзярж. друкарні. Манетны двор.

Засн. ў 1791. Названы ў гонар 1-га прэзідэнта ЗША Дж.Вашынгтона. З 1800 сталіца ЗША (перанесена з Філадэльфіі). У 1802 атрымаў гар. правы. У англа-амер. вайну 1812—14 часова акупіраваны і спалены англічанамі (1814). У Вашынгтоне адбылася Вашынгтонская канферэнцыя 1921—22, тут размешчаны кіраўнічыя органы Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў.

План забудовы горада складзены ў 1790—93 франц. інж. П.Ш.Ланфанам пры ўдзеле асветніка і дзярж. дзеяча ЗША Т.Джэферсана: прамавугольная сетка вуліц дапаўняецца дыяганальнымі праспектамі (авеню), у т. л. прамянямі, якія сыходзяцца да будынка кангрэса — Капітолія (1793—1865, арх. У.Торнтан і інш.; статуя Свабоды — скульпт. Т.Кроўфард). Да паркавай магістралі Мол, якая вядзе ад Капітолія да р. Патомак, прылягае парк, дзе размешчаны Белы дом (1792—1829, арх. Дж.Хобан, Б.Латраб). У архітэктуры ўрадавых і адм. будынкаў пераважаюць формы класіцызму. Вашынгтон — адна з самых зялёных сталіц свету. У 1960—70-я г. пабудаваны новыя жылыя раёны, урадавыя і дзелавыя будынкі, сярод якіх Падатковы суд ЗША (1967, арх. В.Ландзі), Нац. Культ. цэнтр імя Дж.Кенэдзі (1971, арх. Э.Д.Стоўн). Каля Вашынгтона (Шантыйі, штат Віргінія) — міжнар. аэрапорт імя Далеса (1958—62, арх. Эка Саарынен) і горад-спадарожнік Рэстан (1963—65).

У Вашынгтоне асн. навук. арг-цыі ЗША: Нац. АН, Бат. сад, навук. т-вы (Амер. хім., Нац. геагр.), Нац. архіў, Амер. асацыяцыя садзеяння развіццю навукі, навук. ін-ты Карнегі і Брукінгса, Смітсанаўскі ін-т. У прыгарадзе Вашынгтона даследчы цэнтр мін-ва сельскай гаспадаркі, 5 ун-таў (у т. л. Говардскі і Дж.Вашынгтона), Вышэйшая с.-г. школа, Ваен. акадэмія і інш. У Вашынгтоне знаходзіцца Бібліятэка кангрэса ЗША, Нац. музей ЗША, Нац. галерэя выяўл. мастацтваў, маст. галерэі Коркаран, Фрыр, Філіпс. Нац. калекцыя прыгожых мастацтваў, Нац. партрэтная галерэя, музей паветраплавання і касманаўтыкі і інш. Нац. Культ. цэнтр імя Дж.Кенэдзі. Арлінгтанскія нац. могілкі (магілы Невядомага салдата, прэзідэнта Дж.Кенэдзі, сенатара Р.Кенэдзі).

І.В.Загарэц (гаспадарка).

т. 4, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ РАЁН,

на ПдЗ Брэсцкай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1950). Пл. 1,6 тыс. км². Нас. 41,5 тыс. чал. (1996), гарадскога 31,1%. Сярэдняя шчыльн. 26 чал/км². Цэнтр — г. Брэст; г.п. Дамачава, 148 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 11 сельсаветаў: Гершонскі, Знаменскі, Клейнікаўскі, Лышчыцкі, Матыкальскі, Мухавецкі, Радваніцкі, Тамашоўскі, Тэльмінскі, Чарнаўчыцкі, Чэрнінскі.

Большая частка тэр. раёна ў межах Брэсцкага Палесся, невял. паўн. частка — на Прыбугскай раўніне. Пераважаюць выш. 130—150 м, найвыш. пункт 186,1 м (каля в. Заполле). Карысныя выкапні: торф, гліна, буд. пяскі, мел. Сярэдняя т-ра студз. -4,4 °C, ліп. 18,8 °C. Ападкаў 548 мм за год. Вегетац. перыяд 208 сут. Найб. рака — Зах. Буг з прытокамі Лясная, Мухавец, Спанаўка, Серадовая Рэчка, Капаёўка. Мухавец уваходзіць у сістэму Дняпроўка-Бугскага воднага шляху. Значныя азёры: Селяхоўскае, Рагазнянскае, Белае, Мяднянскае, Сажалка Таварная. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, поймавыя (алювіяльныя), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя глебы. Пад лясамі 36,5% тэр. раёна, у асн. лясы хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя (буйныя масівы — Тэльмінскі, Мухавецкі, Белаазерскі і інш.); пад балотамі 3,1% пл. раёна. Біялагічны заказнік Селяхі. Помнікі прыроды — Мяднянскія ельнікі, Лютаўскія букі.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 73,5 тыс. га, з іх асушана 23,9 тыс. га. На 1.1.1995 у раёне 12 калгасаў, 8 саўгасаў, птушкафабрыка. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінагадоўля, авечкагадоўля, конегадоўля), буракаводства. Вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы харч. і буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі на Беласток (Польшча), Ковель (Украіна), а таксама на Баранавічы, Лунінец і Тамашоўку, аўтамаб. дарогі на Баранавічы, Пінск, Камянец, Маларыту. На 1995 у раёне 15 сярэдніх, 14 базавых і 3 пач. школы, школа-інтэрнат, 18 дашкольных устаноў, 3 школы-сады, 30 клубаў, 42 б-кі, 6 бальніц, 6 амбулаторый, 22 фельч.-ак. пункты. Помнікі архітэктуры: царква Ушэсця (1899) у в. Велямовічы, Крыжаўзвіжанская царква 19 ст. ў в. Вістычы, крапасны форт № 5 (1878—88) у в. Гершоны, Ільінская царква канца 18 — пач. 19 ст. ў в. Дубок, царква Параскевы Пятніцы і званіца (1610) у в. Збірагі, сядзіба (1875) у в. Малыя Зводы, Пакроўская царква (1742) у в. Шчытнікі Малыя, Пакроўская царква (1739) у в. Покры, сядзіба Нямцэвічаў 2-й пал. 18 ст. ў в. Скокі, сядзібны дом канца 19 — пач. 20 ст. і царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Сычы, Троіцкі касцёл (1583) і царква Параскевы Пятніцы (1733) у в. Церабунь, Міхайлаўская царква і званіца (1701) у в. Чэрск, Праабражэнская царква (1609) у в. Шумакі, Прачысценская царква (1793) у в. Шэбрын. Музей касманаўтыкі (з раздзеламі пра ўраджэнца раёна лётчыка-касманаўта П.І.Клімука) у в. Тамашоўка. Выдаецца газ. «Заря над Бугом».

т. 3, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)